Размова з прадстаўнікамі беларускіх СМІ
- 3
- 6
Пасля цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод 7 мая журналісты скарысталіся выпадкам і папрасілі Кіраўніка дзяржавы адказаць на шэраг актуальных пытанняў. Прэзідэнт не адмовіў і падрабязна пракаменціраваў усе тэмы.
Напярэдадні на некаторых медыярэсурсах стала тыражавацца інфармацыя з гучнымі загалоўкамі аб тым, што дзяржава адмовілася ад выплат ветэранам да Дня Перамогі. Журналісты папрасілі Аляксандра Лукашэнку пракаменціраваць гэтыя звесткі. Прэзідэнт падкрэсліў: дзяржава як падтрымлівала ветэранаў, так і будзе іх падтрымліваць і ў далейшым. "Іх жа засталося зусім нічога. І гэта нашы скрэпы, як модна цяпер гаварыць. Гэта наша аснова. Пакуль жывыя яны, у нас ёсць хаця б вось такая адна цвёрдая кропка апоры для таго, каб захавацца і захаваць нашу дзяржаву", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы штомесяц ім даплачваем і падтрымліваем. І гэта няпраўда, што мы іх разава не падтрымаем: у нас тры выплаты штомесяц і разавыя ёсць выплаты. І мы выдзелілі немалыя сродкі, каб падтрымаць удзельнікаў вайны, блакаднікаў Ленінграда, працаўнікоў тылу і іншых - каля 65 мільёнаў рублёў выдзелена. І гэтыя разавыя выплаты ўдзельнікі вайны абавязкова атрымаюць да Дня Перамогі. Калі нехта да 9 мая не паспее атрымаць, я ім кампенсую на працягу 9-га, 10-га, 11-га чысла", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, такія навіны пачынаюць актыўна распаўсюджвацца з-за таго, што апазіцыя не можа сфармуляваць свой парадак дня і спрабуе зачапіцца за любую магчымасць дыскрэдытаваць уладу, часам за самую дробязь. Пасля гэтага нават пачалі гучаць заклікі збіраць грошы на выплаты ветэранам. "Гэта ўжо якое абяцанне пасля канца мінулага года? Яны ўсё абяцаюць і абяцаюць: пратэстунам, забастоўшчыкам, пацярпелым. Каму далі? Дакладна гэтак "дадуць" і цяпер", - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама заўважыў, што прадстаўнікі апазіцыі паехалі за мяжу толькі з адной мэтай: перахапіць там фінансавыя патокі, якія ідуць у Беларусь для падтрымкі пратэстаў. Утрымліваецца ж беларуская апазіцыя за мяжой за кошт падаткаплацельшчыкаў заходніх краін і фондаў, створаных там для знішчэння канкурэнтаў.
"Не трэба збіраць грошы нашым ветэранам. Ад іх яны грошы не возьмуць: гэта крывавыя грошы. Гэтыя людзі, якія ходзяць з палотнішчамі, здраднікі і калабарацыяністы, для іх не сябры і не памочнікі. Гэта ўжо ад вар'яцтва і неразумнасці яны пачынаюць такімі справамі займацца. Трэба было, перш чым нешта зрабіць у гэтым плане ("Будзем збіраць грошы"), падумаць, а ці возьмуць ветэраны гэтыя грошы. У іх яны не возьмуць, нават калі будуць паміраць з голаду. Ніколі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Журналісты таксама папрасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць вынікі праведзенага напярэдадні ў Лондане пасяджэння міністраў замежных спраў G7, на якім у тым ліку абмяркоўвалася беларуская тэматыка і быў агучаны заклік да ўладаў Беларусі правесці "новыя свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным наглядам". "Я за. Публічна аб гэтым гавару. Я за выбары, якіх яны патрабуюць. Я перажыву ўсё, пераступлю цераз тое, што мы незалежныя, суверэнныя. Я гатовы. Паралельна з амерыканцамі. Амерыканцы няхай назначаюць датэрміновыя выбары, і мы ў гэты ж дзень назначым у Беларусі выбары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у ЗША ішла выбарчая кампанія: людзі галасавалі па пошце, бюлетэні з подпісамі за Дональда Трампа выкідваліся ва урны. Гэтыя факты былі паказаны на ўвесь свет. "Яны выцерлі ногі аб дзеючага Прэзідэнта. Яны дагэтуль яму ў гэтым Твітары не даюць слова сказаць. Яны тады яго заблакіравалі. Які ж доступ да сродкаў масавай інфармацыі?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Краіны ЕС папракаюць беларускія ўлады ў празмерным прымяненні сілы ў час пратэстаў. У той жа час, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у ЗША ў прамым эфіры былі паказаны кадры забойства адной з пратэстуючых. "Навошта застрэлілі жанчыну? А колькі загінула?" - запытаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама нагадаў пра мінулагодняе затрыманне ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда: паліцэйскі наступіў яму на горла, пераціснуў пазванкі і задушыў. "Мы ўсе гэта бачылі", - дадаў Прэзідэнт.
"І я не хачу сказаць, што паліцэйскія ў Амерыцы няправільна дзейнічалі, абараняючы парламент - святыню амерыканскай дэмакратыі. Дык чаму мы тады няправільна дзейнічалі, абараняючы сваю краіну? І яны нам прапануюць датэрміновыя выбары. Паўтараю: я - за. Разам з амерыканцамі: яны накасячылі больш. І мы ж да гэтага часу ад Еўрапейскага саюза чакаем заключэння па дзеяннях у Амерыцы. Чаму ж еўрапейцы - такія дэмакраты - маўчаць? Таму што ў саміх рыльца ў пуху: "У нас - іншае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прычым такім чынам - "У нас - іншае, у нас жа - дэмакратыя" - неяк выказаўся сам Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, параўноўваючы дзеянні праваахоўнікаў у яго краіне пры падаўленні пратэстаў з падзеямі ў Беларусі. "Уяўляеце, на такім узроўні", - дадаў беларускі лідар.
"Таму выбары мы правядзём. Яны ў Амерыцы ніколі не пойдуць на перавыбары. А мы пойдзем - у любы дзень, як толькі яны абвесцяць аб датэрміновых выбарах. Каб было сумленна, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я без вялікіх намаганняў не магу ўявіць, каб мы па пошце галасавалі. Нас бы спаласавалі, мы нават не паспелі б прагаласаваць. Аб нас не проста ногі выцерлі б, нас проста парэзалі б і парвалі. А ў іх гэта можна. Гэта не двайныя стандарты, гэта вайна - на задушэнне, на тое, каб задушыць, забіць і каб мы ніколі не паднялі галавы. Таму што мы ім не падначаліліся, не скарыліся. Не таму, што мы такія героі, а таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам: мы не хочам больш хадзіць пад чыімсьці бізуном. Я і праводжу гэту палітыку. Я гэта абяцаў і буду рабіць".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што па справе аб спробе мяцяжу ў Беларусі будуць апублікаваны новыя, яшчэ больш гучныя факты. "Тое, што вы, журналісты з чэкістамі, правялі гэтыя аперацыі і людзям паказалі - кветачкі. Ягадка яшчэ не паказана. Але мы пакажам яе, і вы жахняцеся таму, што вы ўбачыце", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што людзі, якія не паглыблены ў сітуацыю і не разбіраюцца ў гэтых працэсах, не ўспрымаюць затрыманых сур'ёзна: "Нейкія філосафы, старыя - як яны маглі нешта ўчыніць?"
"Яны і не рабілі б гэта. А вось хто гэта планаваў рабіць (гэта мы ведаем), а хто выканаўца, мы вам пакажам. І яшчэ раз падкрэсліваю: вы проста жахняцеся ад гэтага", - дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, замежныя спецслужбы былі здзіўлены таму, якую сур'ёзную аперацыю змаглі правесці іх беларускія калегі. "Расіяне сказалі, што гэта бывае раз у жыцці спецслужбаў, каб далёка на подступах раскрыць такую змову, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ніхто ж фэйкамі не займаўся: мы паказваем канкрэтныя факты. Але самае галоўнае - яны ж прызнаюцца".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт адзначыў, што лічыць неразумным крокам і скарацечнай палітыкай зварот у пракуратуру Германіі наконт яго, у якім гаворыцца аб нібыта ўчыненых злачынствах супраць чалавечнасці. "Няхай бы Вялікабрытанія ўжо так выступіла, Амерыка, Францыя, у кааліцыі ж былі. Але не наследнікі фашызму. Яны мяне будуць судзіць... Хто вы такія, каб мяне судзіць? За тое, што я абараняю вас і сваю краіну?!" - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размова не ідзе аб тым, што нехта цяпер прытрымліваецца ідэалогіі нацызму. "Я іх не папракаю. Але яны наследнікі пакаленняў, якія развязалі тую вайну", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"У нас кожны трэці загінуў. А колькі яшчэ памерла ў першыя гады ад наступстваў гэтай вайны... Гэта нацызм, які разгарнуў тут генацыд беларускага, савецкага народа", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядзецца работа, каб падняць гэты пласт аб ваенных злачынствах тых гадоў на тэрыторыі Беларусі: "Як толькі наш Генеральны пракурор заняўся гэтым - лавіна пісем, пасведчанняў, просьбаў: дапамажыце, абараніце праўду аб той вайне, аб дзядулі, бабулі. І мы пакажам гэта ўсяму свету".
Прэзідэнт нагадаў: часам за тое, што недзе ў вёсках хавалі ад фашыстаў яўрэяў, уключаючы дзяцей, знішчалі цэлыя населеныя пункты. "Не здавалі нашы людзі іх. Знайшлі - усю вёску, жыўцом - траншэю вырылі, закапалі. Як адзін з пісьменнікаў пісаў, што раніцай яшчэ прыходзілі і зямля дыхала. Жыўцом людзей закопвалі. Гэта яны. І яны мяне хочуць судзіць там у гэтым судзе..." - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што калі ўжо яго судзіць, то трэба тады там жа аддаць на суд і некаторых іншых еўрапейскіх лідараў. У прыватнасці, ён нагадаў аб разгонах акцый "жоўтых камізэлек" у Францыі, падзеях вакол Капітолія ў ЗША і падобных падзеях у іншых дзяржавах, вынікам якіх у тым ліку стала гібель людзей, цяжкія траўмы ад гумавых куль і вадамётаў. "Што яны, абдымалі, цалавалі гэтых людзей - бунтаўшчыкоў? Не, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Вось давайце па чарзе. І няхай гэты дэмакратычны суд усіх асудзіць. Дык у сябе яны бервяна ў воку не бачаць, а ў нас нешта знайшлі. Гэтага не будзе. Гэта недарэчная, скарацечная палітыка. Дзе-небудзь, але толькі не немцам нас судзіць. Яны яшчэ не адмазаліся перад беларусамі, намі, наследнікамі гэтай Перамогі, за тое, што яны нарабілі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідэі і прапановы, уключаючы ўвядзенне санкцый і іншае ў адносінах да Беларусі, падкідваюць збеглыя беларускія апазіцыянеры: "Яны там сядзяць: давайце санкцыі, давайце!"
"Слухайце, еўрапейцы ўжо, якія супраць нас, яны жахнуліся ад таго, што гэтыя ад іх патрабуюць", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле яго слоў, там не разумеюць, як можна прапаноўваць увесці жорсткія сектаральныя санкцыі ў адносінах да сваёй жа краіны. "Вам гэта навошта? Вы ж хочаце яе ўзначаліць і нашаму народу аддзякаваць, благаславіць і падняць краіну, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны ашалелі ад такіх патрабаванняў. Ужо здзівілі (збеглыя апазіцыянеры. - Заўвага) увесь свет".
Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на заклікі ў Дзень Перамогі, 9 мая, выходзіць на вуліцы прыхільнікам апазіцыі: "Я адразу падумаў: а пад якімі сцягамі? Слухайце, сёння яны ўжо заявілі: пад чырвона-зялёнымі выходзьце. Дык а дзе тады ідэі, дзе тады сутнасць гэтай барацьбы?"
"Ці вы што, бел-чырвона-белыя сцягі разгорнеце і пойдзеце да ветэранаў, помнікаў і гэтак далей? Таксама не ідэя. Яны ж разумеюць, што мы не зможам дапусціць, каб яны спаганілі гэту Перамогу сцягамі здраднікаў. Цугцванг поўны. Куды вы людзей клічаце?" - прадоўжыў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу на тое, што апошнім часам спрабуюць актывізаваць пратэсныя настроі і зноў так ці інакш хістаць сітуацыю па адной простай прычыне - фінансаванне: "Ім апошнім часам не проста намякнулі, а пачалі ўразаць фінансаванне і гавораць: будуць акцыі (накшталт таго, забіць Прэзідэнта і іншае) - атрымаеце грошы. І называюць цану".
"Бабло. І ўцягваюць у гэта беларусаў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ужо беларусы іншыя. Яны ўбачылі, для чаго гэта робіцца. Так, можа, нядобры Лукашэнка, улада не тая, яшчэ нешта, але яны ўжо ведаюць, што будзе без гэтага Лукашэнкі. Яны ўжо ведаюць і могуць параўнаць. Асаблівасць беларусаў: мы практычныя людзі. Мы заўсёды ўзважваем", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падзеі мінулага года не штосьці новае. У тым ці іншым выглядзе перыядычна спрабавалі хістаць сітуацыю на працягу ўсяго прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. "І рабілі ўсё тыя ж людзі. Помніце, я гаварыў: няма ў нас новай апазіцыі. Гэта проста заплацілі, нанялі. Там 5 тыс. у Бабарыкі было ў ініцыятыўнай групе, якія подпісы збіралі. Яны былі праплачаны. Дабаўце 2-3 сваякі - пяць тысяч на тры - 15 тыс. Вось і ўсё, - заўважыў беларускі лідар. - Але яны сёння зразумелі, што за гэту капейку могуць страціць краіну і быць бядзе. Яны больш не палезуць і разумеюць, што мы адкажам і вельмі моцна адкажам. Я гаварыў: вось чырвоная лінія, перайшлі - мы вымушаны будзем рэагаваць".
Гаворачы пра нядаўнія выкрыцці, Прэзідэнт расказаў, што ўсе планы змоўшчыкаў удалося выявіць не толькі дзякуючы рабоце спецслужбаў, але і дапамозе звычайных грамадзян: "Гэта не дзве-тры шашкі тратылавыя. Гэта пластыт, эластыт. Гэта страшэнная зброя. Дзякуючы звычайным людзям мы пакрыху пачалі гэта раскручваць".
"Тое ж самае, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, было і ў выпадку, калі ў Гомельскай вобласці шукалі склеп, куды змоўшчыкі планавалі схаваць яго сыноў. "Нягоднікі поўныя. І людзі нас насцярожвалі - прыйдуць, скажуць, праз сваякоў і іншых сігнал дадуць. І мы пачалі раскручваць. Гэта значыць, нашы людзі малайцы. А, кажуць, іх няма (прыхільнікаў улады. - Заўвага). Ды не, нас шмат! Але нашы людзі не прывыклі крычаць. Можа, вельмі супакоіліся. І пераважная большасць проста маўчалі. Яны робяць сваю справу. Ну і няхай робяць. Трэба - мы іх паклічам, як гэта было заўсёды", - сказаў Прэзідэнт.
Ён растлумачыў, што ўсе паказаныя нядаўна і раней фільмы-выкрыцці былі своеасаблівым папярэджаннем з боку ўлады: "Мы ўсё бачым, мы не хочам вайны, перастаньце! І не толькі мы - людзі бачаць. Яны ўжо адчуваюць, што можа быць, і яны нам сігналяць".
Аляксандр Лукашэнка звязаў нападкі апанентаў і замежны націск на яго, у тым ліку абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавецтва, са спробамі расхістаць сітуацыю і падрыхтаваць глебу для нечага больш сур'ёзнага. Ён нагадаў пра падзеі мінулых гадоў у шэрагу краін, у тым ліку Сербіі, Лівіі, Іраку, і лёс іх лідараў: "Выразалі іх. Але спачатку трэба падрыхтаваць грамадскае меркаванне. Вось у нас яны пачалі рыхтаваць. Першы быў захад, другі, трэці..."
"У іх нічога не атрымаецца! Яны яшчэ мяне хочуць запалохаць спачатку. Я не з тых людзей. Гэта дарэмна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанні на тэму пандэміі і вакцынацыі ў Беларусі. Ён заклікаў людзей пажылога ўзросту зрабіць прышчэпку ад COVID-19. "Трэба старых засцерагчы ад небяспекі. Я хачу, каб яны гэта зразумелі. Яны заўсёды мяне чулі, малайцы. Я проста прашу: трэба гэта зрабіць. Гэта значна меншая небяспека (пры вакцынацыі. - Заўвага), у сто разоў меншая, чым захварэць", - сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што расійская вакцына паказала ўжо добрую эфектыўнасць па вопыце прымянення ў самой Расіі. "Для бяспекі старым людзям трэба наведаць паліклініку або выклікаць урача. Правакцынуем, паседзіце дома, другі ўкол зробім, і вы будзеце ў бяспецы. Прынамсі, вы супакоіце сваю галаву, вы не будзеце перажываць і шарахацца ад людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама чарговы раз нагадаў аб неабходнасці весці здаровы лад жыцця і сачыць за сабой, каб знізіць магчымыя цяжкія наступствы пры заражэнні, а таксама ні ў якім разе не панікаваць. "Усё залежыць ад нашага жыцця, як мы будзем жыць", - упэўнены ён.
Паводле яго слоў, у краіне планамерна вядзецца вакцынацыя насельніцтва: "Хочаце - калі ласка". У першую чаргу ў Беларусі вакцынаваліся тыя, хто па сваёй рабоце сутыкаецца з вялікай колькасцю людзей.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі на фоне пандэміі не паднялі на дыбкі грамадства і яны не рынуліся на вуліцы з антыкавіднымі пратэстамі. "Спакойна мы лечым людзей", - сказаў ён.
На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што Беларусь атрымала ўласную вакцыну ад COVID-19. Прэзідэнт нагадаў: калі ён заяўляў аб намеры Беларусі вырабіць сваю вакцыну, то былі чуваць галасы крытыкаў, што гэта вельмі складана або нават немагчыма. "У прабірцы мы ўчора атрымалі сваю вакцыну - беларускую. Іншую, якая адрозніваецца ад таго, што мы сёння купляем. Як урачы называюць, жывую вакцыну", - расказаў беларускі лідар.
"Мы не спяшаемся. Мы паглядзім, што будзе паслязаўтра, калі зменіцца хвароба. Таму што штам будзе зусім іншы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на адсутнасць гарантыі, што цяперашнія вакцыны будуць у далейшым дапамагаць ад новых мутацый віруса. "У нас сёння ёсць вакцыны, якія працуюць. Па расійскіх тэхналогіях, кітайскія купілі. А заўтра мы сваю вакцыну, якая ў прабірцы ўжо, прыстасуем да таго штама, які мы будзем мець. Хто яго ведае, як жыццё складзецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.