Віншаванне Прэзідэнту Рэспублікі Уганда Ёверы Мусевені

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Уганда Ёверы Мусевені і жыхароў гэтай краіны з Днём Незалежнасці.

    "Ваша краіна мае аўтарытэт і адыгрывае значную ролю ў Афрыцы, што пацвярджае яе выбранне старшынёй Руху Недалучэння, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Беларусь высока цэніць заснаваныя на дружбе і даверы добрыя дыпламатычныя адносіны з Угандай, якім сёлета спаўняецца 25 гадоў. Нас аб'ядноўвае аднолькавы погляд на надзённыя пытанні міжнароднага парадку дня, у тым ліку на неабходнасць пабудовы больш збалансаванага і справядлівага шматпалярнага свету".

    "Гатовы да пашырэння ўзаемадзеяння. Адзначаем інтэнсіфікацыю кантактаў і спадзяёмся на іх далейшае павелічэнне, вітаем удзел дзелавых колаў у двухбаковым дыялогу. Бачым перспектыву для сумеснай работы па такіх напрамках, як сельская гаспадарка, харчовая бяспека, прамысловасць, інфармацыйныя тэхналогіі, ахова здароўя, энергетыка, адукацыя", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Прэзідэнту Рэспублікі Уганда моцнага здароўя і поспехаў, а народу гэтай краіны - дабрабыту і працвітання.