Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
- 12
- 11:06
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 мая прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС), якое праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза (у склад гэтага інтэграцыйнага аб'яднання ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія). Акрамя таго, у ліку ўдзельнікаў сустрэчы - Ганаровы Старшыня ВЕЭС, першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнты краін - наглядальнікаў пры ЕАЭС - Кубы і Узбекістана.
Усяго разгледзелі паўтара дзясятка пытанняў. У прыватнасці, абмяркоўваўся ход узгаднення падыходаў да цэна- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу саюза і ўстанаўленні тарыфу на транспарціроўку газу з трэціх краін.
Прынята распараджэнне па пытанні "Аб мерах эканамічнага націску, што аказваецца трэцімі краінамі на дзяржавы - члены Еўразійскага эканамічнага саюза".
Размова ішла таксама аб узаемадзеянні ў выпуску лекавых прэпаратаў і фармацэўтычных субстанцый для медыцынскай сферы.
Акрамя таго, былі прадстаўлены даклады аб выніках работы па ліквідацыі перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС, аб выніках маніторынгу выканання ў 2019-2020 гадах палажэнняў, прадугледжаных Правіламі рэгулявання гандлю паслугамі, заснавання і дзейнасці, рэалізацыі Асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС у мінулым годзе і іншых тэмах.
У цэнтры ўвагі былі таксама асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў на 2021-2022 гады, меры, накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства дзяржаў ЕАЭС у галіне выпрабавання сартоў і насенняводстве сельскагаспадарчых раслін, змяненні ў план лібералізацыі па сектары паслуг па ацэнцы маёмасці, пагадненне аб правядзенні сумесных кантрольных мерапрыемстваў па выкананні парадку залічэння і размеркавання сум увазных мытных пошлін, іх пералічэння ў даход бюджэтаў дзяржаў - членаў ЕАЭС.
Выступаючы на пасяджэнні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з пандэміяй і абвастрэннем сацыяльна-эканамічных пытанняў з-за яе наступстваў сутыкнуўся ўвесь свет. "Але мы ў дадатак да гэтай напасці аказаліся ўцягнуты ў працэсы палітычнай турбулентнасці", - сказаў ён.
"Вы бачыце той каласальны націск, які зведвае не толькі Беларусь. Таксама цяпер мы з'яўляемся сведкамі планамернага, прадуманага зацяжнога санкцыйнага прэсінгу на нашы дзяржавы і перш за ўсё на Расію. З улікам таго, як разгортваюцца падзеі, зразумела, што ў той ці іншай ступені сітуацыя закране кожнага з нас. Тут толькі пытанне часу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пералічыў, што пад ударам могуць апынуцца гандлёвыя адносіны, банкаўска-фінансавая сфера, вытворчая кааперацыя і выбудаваныя лагістычныя ланцужкі.
"Відавочна, што так званы калектыўны Захад не зацікаўлены ва ўмацаванні нашага саюза і ўзмацненні новага канкурэнта на сусветным рынку. Таму трэба разважна ацэньваць негатыўны ўплыў такога націску звонку і ўжо цяпер прадумаць меры рэагавання - ад мэтавага нарошчвання імпартазамяшчэння і ўзаемнага гандлю да, калі спатрэбіцца, увядзення ў рамках кампетэнцыі саюза прамых абмежавальных мер. Гэтыя меры мы можам выкарыстоўваць, як гэта робяць нашы канкурэнты на Захадзе. У выпадку абвастрэння эканамічнай сітуацыі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што яму спадабалася заява Ганаровага Старшыні ВЕЭС Нурсултана Назарбаева, які сказаў, што ў краін саюза ёсць усё, каб процістаяць сучасным выклікам - ад прадуктаў харчавання да самых сучасных тэхналогій.
Прэзідэнт Беларусі таксама выказаў перакананне, што бакі здольныя прадэманстраваць адзінства, забяспечыць самадастатковасць эканомікі ЕАЭС і яе ўстойлівы рост.
"Папярэдні няпросты год паказаў, што рэалізацыя менавіта наднацыянальных, сумесных мер падтрымкі эканамічнай актыўнасці дае магчымасць не толькі згладзіць наступствы крызісаў, але і закласці асновы структурных змяненняў для эканамічнага росту ў будучым", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным актыўна садзейнічаць выкананню стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Паводле ацэнкі Еўразійскай эканамічнай камісіі, іх паслядоўная і добрасумленная рэалізацыя дасць магчымасць не толькі выйсці на траекторыю росту з тэмпамі 5% у год, але і ў цэлым забяспечыць паступовае збліжэнне дзяржаў - членаў ЕАЭС па ўзроўні эканамічнага развіцця.
Прэзідэнт таксама нагадаў, што першапачаткова, ствараючы Еўразійскі эканамічны саюз, ставіліся мэты паглыбляць партнёрскія сувязі паміж дзяржавамі - членамі аб'яднання і пашыраць узаемавыгадны гандаль на знешнім контуры. "Мы па-ранейшаму адкрыты да развіцця адносін як з цэнтрамі сілы, так і з тымі, хто яшчэ толькі жадае ўступіць у наш саюз", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выступіў за прыняцце алгарытмаў па аднаўленні свабоднага перамяшчэння грамадзян у ЕАЭС. "Упэўнены, настаў час нашым Урадам узгадніць канкрэтныя алгарытмы сумесных дзеянняў па аднаўленні свабоднага перамяшчэння грамадзян на прасторы ЕАЭС", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Безумоўна, прымаючы меры для абмежавання новых успышак каранавіруса і іншых захворванняў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Тым не менш Прэзідэнт упэўнены, што краінам трэба больш актыўна адкрываць свае граніцы: "Вы памятаеце, што мы заўсёды, і гэтым грашыў наш цяперашні старшыня (у ЕАЭС у 2021 годзе старшынствуе Казахстан. - Заўвага), які заўсёды правільна нас арыентаваў: паглядзіце на Еўрасаюз, паглядзіце, як ён робіць, давайце і мы будзем больш інтэнсіўна, прытрымліваючыся прыкладу Еўрасаюза, дзейнічаць. Дык вось чаму мы цяпер не дзейнічаем, як Еўрасаюз? Як бы там ні было, Еўрасаюз практычна адкрыўся для краін, якія ў ім удзельнічаюць. А мы чаго баімся? Мы ўжо заканапацілі нашых людзей у нацыянальных граніцах, што далей няма куды".
"Смею нагадаць вам, што ўжо на працягу амаль двух гадоў, колькі існуе гэта пандэмія, невялікая Беларусь ніколі не закрывала для вас сваіх граніц - і для вашых грамадзян, і для суб'ектаў гаспадарання. Давайце тут больш актыўна дзейнічаць", - заклікаў беларускі лідар.
Ён таксама прапанаваў дэдаларызаваць унутраны гандаль вуглевадародамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "Упэўнены, надышоў час для прыняцця ў ЕАЭС сур'ёзнага палітычнага рашэння па дэдаларызацыі ўнутранага гандлю вуглевадародамі", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, адна з першарадных задач у ЕАЭС - прапрацоўка пытання скаардынаваных мер па падтрыманні курсаў валют і забеспячэнні бяспекі разлікаў. "У сувязі з гэтым мы вітаем развіццё агульнай плацежнай прасторы саюза, у тым ліку ў мэтах стымулявання пераходу да разлікаў у нацыянальных валютах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама лічыць важным прадаўжаць работу па спрашчэнні ўзаемнага доступу на фінансавыя рынкі дзяржаў - членаў ЕАЭС і далейшай пабудове агульнага фінансавага рынку.
Паводле слоў Прэзідэнта, трэба пашыраць практыку сумеснага выкарыстання навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу саюза. Добры прыклад такога супрацоўніцтва - праект інтэграванай сістэмы ЕАЭС па вытворчасці і прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных прадуктаў і паслуг.
"Лічу неабходным сфарміраваць пералік сумесных маштабных і іміджавых высокатэхналагічных праектаў, якія могуць стаць сімваламі еўразійскай інтэграцыі. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выбудоўванню эфектыўнай сістэмы адбору і кіравання сумеснымі праектамі, а таксама іх навукова-даследчаму забеспячэнню", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што для вырашэння гэтай задачы неабходна ў кароткія тэрміны прапрацаваць механізмы крэдытавання кааперацыйных вытворчасцей.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што яшчэ прыкладна 10 гадоў таму, да падпісання Дагавора аб стварэнні ЕАЭС, у тым ліку першым Прэзідэнтам Казахстана прапаноўваліся такія іміджавыя праекты. "Мы згаджаліся з гэтым. Але да цяперашняга часу так і не вырашылі гэту праблему", - заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць важным актывізаваць у Еўразійскім эканамічным саюзе працэс фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў.
"Выкарыстанне пераваг узаемнай дапаўняльнасці нашых эканомік дасць магчымасць забяспечыць хуткі і якасны эканамічны прагрэс у саюзе. Для дасягнення мэт, вызначаных прынятай раней стратэгіяй, вельмі важна актывізаваць працэс фарміравання агульных рынкаў энергарэсурсаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён таксама заявіў аб усямернай падтрымцы работы, накіраванай на зняцце бар'ераў, скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў, а таксама недапушчэнне ўзнікнення новых перашкод на ўнутраным рынку саюза. "У мінулым годзе дасягнуты пэўны тэмп устаранення парушэнняў права саюза, яго трэба захоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў самым пачатку пандэміі Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) прагназавала дэфіцыт прадуктаў харчавання, нават голад у асобных рэгіёнах планеты. "Гэтыя прагнозы ўжо здзяйсняюцца. З розных крыніц мы чуем, што сёння ўжо галадаюць і недаатрымліваюць прадукты харчавання ў патрэбным аб'ёме амаль паўмільярда чалавек на нашай планеце", - адзначыў беларускі лідар.
"У рамках саюза мы павінны прыняць усе меры для забеспячэння ўласнай харчовай бяспекі. Пры гэтым важна не ўпусціць сваю выгаду ў міжнародным гандлі і пазбегнуць залішніх перашкод на шляху руху тавараў як унутры нашага саюза, так і ў гандлі з іншымі краінамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён заклікаў Еўразійскую эканамічную камісію ў бліжэйшы час завяршыць работу над унясеннем змяненняў у тэхнічны рэгламент "Аб бяспецы харчовай прадукцыі". "Неабходна зняць спрэчныя моманты і розначытанні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Слухайце, усе гаворым аб тым, што прадукты харчавання, прадукты харчавання..., трэба забяспечыць людзей, і вельмі небяспечныя тэндэнцыі ў гэтым плане. А самі возімся з гэтым няшчасным дакументам ужо больш як год", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Пры ўсёй складанасці міжнароднай палітычнай абстаноўкі неабходна прадоўжыць работу па пазіцыянаванні саюза як аднаго з цэнтраў фарміравання інтэграцыйнага контура вялікага еўразійскага партнёрства, у тым ліку шляхам спалучэння з кітайскай ініцыятывай "Адзін пояс, адзін шлях", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Заклікаю актывізаваць работу ў гэтым напрамку, пераводзіць яе ў практычную плоскасць. Мы вельмі марудна рухаемся. Трэба вызначыць канкрэтныя праекты".
Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што на цяперашнім этапе ў дыялогу з кітайскімі партнёрамі мэтазгодна сканцэнтравацца на пытаннях фарміравання лічбавых транспартных калідораў. "Трэба таксама садзейнічаць экспарту нашай прадукцыі ў КНР. Адносна прадуктаў харчавання неабходна аптымізаваць ветэрынарны, санітарны і фітасанітарны кантроль", - адзначыў Прэзідэнт.
"Вы ведаеце, што КНР заўсёды праяўляла і будзе праяўляць інтарэс да нашага саюза. Але і ў нас да гэтага велізарнага рынку значны інтарэс. І трэба сказаць, што ў адрозненне ад іншых саюзаў і краін Кітай адкрыты для нас. Мы гэта адчуваем, знаходзячыся значна далей, чым, дапусцім, Казахстан і Кыргызстан ад Кітая. Ён адкрываецца. Таму трэба больш інтэнсіўна завязвацца з Кітаем, асабліва ў сферы гандлю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, таксама трэба актывізаваць перагаворныя працэсы па заключэнні пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю. Асабліва гэта датычыцца Егіпта, які можа стаць для краін ЕАЭС плацдармам для пашырэння гандлёва-эканамічных інтарэсаў у Афрыцы.
Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, не трэба забываць аб бліжэйшых краінах: "Улічваючы інтарэс суседзяў да нашага інтэграцыйнага праекта, трэба больш уважліва паглядзець на краіны СНД з пункту гледжання павелічэння колькасці наглядальнікаў і плануемых будучых членаў ЕАЭС. З кожнай з дзяржаў-наглядальнікаў неабходна скласці канкрэтныя планы па пашырэнні эканамічнага ўзаемадзеяння. Вядома ж, з пэўнымі жорсткімі нашымі патрабаваннямі да тых, хто хацеў бы ўступіць у наш саюз".
Прэзідэнт Беларусі ў цэлым выказаў перакананасць, што пры наяўнасці добрай волі сумеснымі намаганнямі бакі ў поўнай меры рэалізуюць велізарны патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза як унутры аб'яднання, так і на знешнім контуры.