Нарада па пытаннях ваеннай бяспекі
- 17
- 14:03
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 29 лістапада Міністэрства абароны, дзе ў цэнтры стратэгічнага кіравання правёў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі.
"Сабраліся мы сёння, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, звязаныя з нацыянальнай бяспекай нашай краіны. Паглядзіце на карту, ды і любы з вас уяўляе, што адбываецца вакол нашай Беларусі. Я хачу, каб прысутныя тут засвоілі адну рэч: аўтаномна, незалежна ад таго, што разгортваецца ў чарнаморскім басейне, ад пытанняў, звязаных з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі, разглядаць сітуацыю вакол Беларусі нельга. Мы звяно ў гэтым агульным ланцугу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што задума праціўнікаў, а дакладней, калі гаварыць адкрыта, ворагаў Беларусі да канца яшчэ не вядома. Але ўявіць яе ўжо можна. "Аблёты вакол Калінінградскай вобласці самалётаў-разведчыкаў учасціліся. На сумежных для Беларусі дзяржавах праводзяцца ваенныя мерапрыемствы - мы ўжо гэта бачым. Калі, як заяўляе Міністр абароны Расіі, дзясяткамі самалётаў яны робяць аблёт расійскіх граніц і трэніруюць бамбакіданне (было заяўлена аб тым, што адпрацоўваюць ядзерны ўдар па Расіі), калі на сумежных тэрыторыях будуюцца ракадныя дарогі (аб чым ваенныя добра ведаюць) і масава праводзяцца вучэнні з перакідкай дадатковых войскаў да нашай граніцы (а іх ужо дзясяткі тысяч), значыць, гэта не дарэмна, за гэтым нешта стаіць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Захад прыдумаў фэйк аб планах Расіі напасці на Украіну. "Чарговы раз нашы "партнёры", як іх у Расіі называюць, нашы сапернікі, як я сказаў, ворагі спрабуюць "адстроіць" Расію. Таму і прыдумалі тэзіс, што Расія збіраецца нападаць на Украіну. Калі збіраецца - пакладзіце факты на стол і пацвердзіце гэты тэзіс", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аднак прыводзіць пераканаўчыя довады ў падтрымку сваіх заяў, упэўнены Прэзідэнт, Захад не будзе. Гэта, паводле яго слоў, бачна ў адносінах да Беларусі, якую абвінавацілі ў стварэнні міграцыйнага крызісу. "Мы бачым па Беларусі: "Беларусь прывезла з Самалі мігрантаў і перакідвае цераз граніцу", як яны заяўляюць. Я ўжо нядаўна гаварыў: тых самалійцаў усяго "паўтара чалавека" было выяўлена на тэрыторыі Беларусі. Але гэта не чуюць, ды ім і не трэба чуць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму пачынаюцца актыўныя рухі вакол Расійскай Федэрацыі пад прыкрыццём таго, што яна "збіраецца напасці на Украіну". У мяне такіх звестак аб плануемым нападзенні Расіі на Украіну няма. Але калі б такія задумы былі, то беларускія ваенныя, у тым ліку я, аб гэтым ведалі б. Нас праінфармавалі б. Але я яшчэ раз гавару: факты на стол. Яны цудоўна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе або недзе на граніцы з Расіяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь. Яны гэта разумеюць, таму пачалі ўзмацняць сваю паўночную, беларуска-ўкраінскую граніцу. Хоць для гэтага ніякіх фактаў, прычын сёння няма. Там абсалютная цішыня і нават спакайней, чым было раней, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тым не менш яны выводзяць туды воінскі кантынгент і заяўляюць аб гэтым адкрыта. Гэта каля 8 тысяч на гэтым этапе. Што робіцца на заходняй граніцы з Польшчай і Прыбалтыкай, вы добра ведаеце".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Захад выкарыстоўвае мігрантаў як спосаб стрымлівання беларускай арміі ў выпадку канфлікту з Расіяй. "Яны, напэўна, перажываюць, што ў нас стаў меншы паток мігрантаў, таму што выкарыстоўвалі гэтых людзей (мы гэта ўжо бачым) для таго, каб вырашыць свае ўнутраныя праблемы і трымаць нас у напружанні. Яны выдатна разумеюць: калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускую армію трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах (Латвія, Літва, Польшча) і на поўдні - узмацненнем украінскай граніцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што ў бліжэйшы час яго словы пацвердзяць дзеянні заходняга боку.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ раней даручаў Міністру абароны і Старшыні Дзяржпагранкамітэта ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі і не правакаваць канфлікты і сутыкненні. У той жа час Міністру абароны і начальніку Генеральнага штаба Узброеных Сіл было даручана падрыхтаваць план адказу на магчымыя агрэсію і проціпраўныя дзеянні ў адносінах да Беларусі.
"У Генштабе кожны раз павінны памятаць, па якіх напрамках гэтыя нягоднікі будуць дзейнічаць супраць нас і як мы на гэта будзем рэагаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы прасілі падтрымаць вас у стварэнні сіл хуткага рэагавання, якія будуць задзейнічаны мінімум на працягу дзвюх-трох гадзін. У нас ёсць пэўная колькасць падраздзяленняў (іх нямала), вельмі абучаныя, аснашчаныя, якія на працягу трох гадзін могуць быць накіраваны ў любую кропку Беларусі. Усё, на што мы былі здольныя ў фінансавых адносінах, - і нават не здольныя - мы для арміі стараліся зрабіць".
Таму, паводле слоў Прэзідэнта, мэта нарады ў Міністэрстве абароны - абмеркаванне планаў рэагавання Узброеных Сіл на магчымыя недружалюбныя і агрэсіўныя крокі ў напрамку Беларусі.
"Менавіта Узброеных Сіл. Не толькі арміі, але і МУС, пагранічных войскаў, Камітэта дзяржбяспекі, - адзначыў ён. - Гэта значыць, мы бачым, што адбываецца. Мы не разгортваем свае воінскія падраздзяленні. Такіх загадаў я не аддаваў. Але планы на любое іх дзеянне, планы нашага процідзеяння, павінны быць. У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб трымаць нос па ветры, як у народзе кажуць, і рэагаваць на кожны іх рух са зброяй. І нават не са зброяй, а на іх задумы - гэтых узброеных сіл. Вось мэта нашага сённяшняга мерапрыемства", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ва ўмовах міграцыйнага крызісу нягоднікі дайшлі да забойства людзей. "Учора ноччу падкінулі труп на нашу граніцу, сёння ноччу яшчэ адзін труп знайшлі. Той жа почырк. У спальны мяшок зашпільваюць мёртвага ці, можа, паўмёртвага чалавека, выкідваюць на граніцу. Пагранічнікі знаходзяць - ужо нежывы. Учора знайшлі траіх чалавек, наколькі я інфармаваны, на хутары пагранічнікі. Калі знайшлі труп, убачылі тры мяшкі яшчэ спальныя. Пачалі пошук", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што аб гэтым факце яму далажыў Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. Бежанцаў знайшлі ў закінутым доме, і яны ўжо не маглі ісці. "Паўзлі. Некалькі соцень метраў прапаўзлі, знайшлі хату. Напэўна, ужо і мясцовыя жыхары дапамаглі - печку распаліць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Яшчэ адна ноч, і трэба было б ампутаваць ногі, калі б жывых знайшлі. Гэта на літоўскай граніцы".
"Гэта ж уявіце - "дэмакраты". Да якой агіднасці трэба дайсці, каб забіваць людзей і выкідваць на сумежную тэрыторыю. Гэта ўжо акцыя. Навошта? Што за гэтым стаіць? Я думаю, следчыя разбяруцца", - заўважыў беларускі лідар.
"Тое, што сёння ідзе гібрыдная вайна, мы не раз гаварылі. Я яшчэ ў канцы мінулага года папярэджваў вас, што супраць нас разгорнута гібрыдная вайна практычна па ўсіх напрамках. Дайшлі да гарачага процістаяння", - заявіў Прэзідэнт.
"Мы не ведаем, што яны нам падкінуць. Хіба мы маглі думаць, што ў нас узнікне нейкі міграцыйны крызіс. Аднак узнік. І ён падаграваецца пастаянна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ЗША і Вялікабрытанія пры ўдзеле Польшчы выношваюць планы разваліць Еўрапейскі саюз. "Абстаноўка на заходняй граніцы няпростая. Вы бачыце, што гэтыя польскія нягоднікі паехалі па краінах ужо. І ўчора звярнулі ўвагу, куды Маравецкі паехаў (Прэм'ер-міністр Польшчы. - Заўвага) - у Вялікабрытанію. Я ўпэўнены, вось пагледзіце, на працягу года-двух яны хочуць з падачы Амерыкі разваліць Еўрапейскі саюз", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Амерыканцам не патрэбны партнёры, якія могуць стаць упоравень з імі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як толькі ў ЕС увялі сваю валюту - еўра, гэта стварыла пагрозу долару, і пачаліся праблемы ў еўраатлантычным блоку. "Мы ж разумеем. Нам усё роўна цяпер - еўра ці долар", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Таму я ўпэўнены, што невыпадкова выйшла Вялікабрытанія з Еўрасаюза, бо яна нічога не знайшла ў гэтым. І цяпер стаўка робіцца на Польшчу. Яны ўжо, сёй-той, пачынаюць адкрыта заяўляць: скончацца датацыі з Еўрасаюза (мільярды долараў, еўра) - нам ЕС не патрэбны. Таму ўсё робіцца для развалу Еўрапейскага саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам трэба абараніць сваю краіну. Я не драматызую падзеі, але ваенных папярэджваю: на любы магчымы іх рух (тых, хто стварае пагрозу для бяспекі Беларусі. - Заўвага) у нас павінен быць адэкватны адказ. Вось ваша задача. І папярэджваю вас: не дай бог у вас будзе нейкі фармалізм, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны дакладна разумець, як мы будзем дзейнічаць".
Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, Прэзідэнт даручыў: "Любую магчымасць, Раман Аляксандравіч, трэба выкарыстоўваць для таго, каб падтрымаць цяпер армію".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на нарадзе прысутнічаюць таксама кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых сілавых структур. Перад імі беларускі лідар паставіў задачу падтрымліваць гатоўнасць у любы момант зрэагаваць на пагрозу бяспецы краіны. "Вы павінны добра разумець: мы - людзі ваенныя. Не дай бог што здарыцца, мы бяром зброю ў рукі, - адзначыў беларускі лідар. - У сістэме Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтаваных людзей не менш, чым у арміі. Таму мы павінны трэніравацца, вучыцца, рыхтавацца. Не забывайце і пра тэрытарыяльную абарону - гэта нашы добрыя рэзервы".
Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі бачаць, як ва Украіне праводзяцца вучэнні пад кодавай назвай "Палессе", і ў сувязі з гэтым рыхтуюцца зрэагаваць у выпадку неабходнасці.
"Але яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы не бразгаем зброяй. Мы хоць і не ўдзельнікі апошняй страшнай вайны (размова аб сучасным пакаленні беларусаў, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў Вялікай Айчыннай вайне. - Заўвага), але мы разумеем, што такое вайна. Многія перажылі нягоды пасляваеннага часу, калі голыя, раздзетыя з зямлянак не маглі вылезці. Цяпер больш-менш жывём прымальна, мы не хочам ніякіх войнаў", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, хоць і не вельмі багатая краіна, але ніколі не прэтэндавала на чужыя багацці і тэрыторыі: "Дай бог асвоіць як трэба гэту зямлю".
"Калі нехта хоча з намі размаўляць як з мірнымі людзьмі, - калі ласка, з сённяшняга дня. Мы гатовы размаўляць. Але калі нехта да нас з мячом прыйдзе ці са стрэльбай, у нас ёсць чым адказаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
На нарадзе Міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў, што краіны - члены НАТА нарошчваюць наступальны патэнцыял узброеных сіл паблізу граніц Беларусі.
Міністэрства абароны пастаянна праводзіць ацэнку ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі і пошук аптымальных варыянтаў умацавання ваеннай бяспекі краіны. "Вынікі ацэнкі паказваюць, што прымаемыя краінамі Захаду меры па мілітарызацыі рэгіёна вядуць да істотнага змянення балансу сіл. Паблізу граніц нашай краіны нарошчваецца наступальны патэнцыял узброеных сіл краін - членаў блока НАТА", - сказаў Віктар Хрэнін.
Міністр звярнуў увагу, што ў суседніх з Беларуссю краінах разгортваюцца новыя воінскія фарміраванні, закупляюцца сучасныя ўзоры ўзбраення. У Польшчы, напрыклад, фарміруецца 18-я механізаваная дывізія і брыгада тэрытарыяльнай абароны. "Частка з іх - у непасрэднай блізкасці ад нашай дзяржаўнай граніцы, - падкрэсліў кіраўнік Мінабароны. - Асаблівую заклапочанасць выклікаюць закупкі танкаў "Абрамс", зенітна-ракетных комплексаў Patriot, рэактыўных сістэм залпавага агню Himars, баявых самалётаў F-35, аснашчаных крылатымі ракетамі".