Удзел у пленарным пасяджэнні II Еўразійскага эканамічнага форуму ў Маскве
- 17
- 23:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 мая прыняў удзел у пленарным пасяджэнні II Еўразійскага эканамічнага форуму, які праходзіць у Маскве.
Кіраўнік дзяржавы прадставіў пазіцыю і прыярытэты Беларусі па ключавых пытаннях супрацоўніцтва.
Перад выступленнем Кіраўніка беларускай дзяржавы мадэратар пленарнага пасяджэння Аляксандр Шохін адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца патрыярхам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы ў няменшай ступені, чым Першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Прэзідэнт Беларусі стаяў ля вытокаў многіх інтэграцыйных працэсаў, выступаў за захаванне эканамічных сувязей паміж краінамі.
"Калі ўжо гаварыць шчыра, я, як чалавек бывалы, прысутнічаў ля вытокаў многіх працэсаў. Павінен вам падказаць, што наша еўразійства, ЕАЭС цяперашні пачынаўся на кухні ў Прэзідэнта Пуціна. Гэта сапраўды было так. Ён тут прысутнічае, пацвердзіць. І тады задума была добрая. Я помню, калі ён запрасіў нас дадому. Асаблівасць гэтага моманту была ў тым, што з намі тады была Украіна - Леанід Данілавіч Кучма (экс-прэзідэнт Украіны. - Заўвага)", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Хоць я свайму калегу гаварыў, што з гэтага наўрад ці што атрымаецца з-за той сітуацыі, якая ўжо тады пачала складвацца ў нас на постсавецкай прасторы і тут, у нашым рэгіёне. Але тым не менш аж 28, па-мойму, дакументаў мы распрацавалі разам з Украінай. Але потым Украіна ад гэтага працэсу, як я і меркаваў, адышла", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт бачыць заслугу Нурсултана Назарбаева ў тым, што як бы бакі ні спрабавалі часам, асабліва Расія ў той час, надаць саюзу нейкі палітычны характар або нават крыху ваенна-палітычны, ён заўсёды трымаў калег у рамках эканамічнага саюза. "Ну а паколькі рашэнні прымаліся заўсёды кансэнсусам, мы прыйшлі да таго, што маем на сённяшні дзень", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што правядзенне Еўразійскага эканамічнага форуму, прымеркаванага да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, ужо становіцца новай добрай традыцыяй.
"Апошнім часам свет жыве ў абстаноўцы пастаяннай напружанасці і нявызначанасці. Гэта таксама натуральна ў пераходны перыяд ад старай эры да новай, да якой мы імкнёмся і імя якой - шматпалярнасць. Крызісы - фінансавы, пандэмійны, геапалітычны - змяняюць адзін аднаго так хутка, што людзі проста не паспяваюць перавесці дух і страчваюць, на жаль, упэўненасць у заўтрашнім дні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні на пасяджэнні.
Ён падкрэсліў, што ў экстраардынарных умовах моцным якарам заўсёды з'яўляецца стабільная эканоміка. Але эканамічныя межы любой дзяржавы сёння настолькі празрыстыя, а гандлёвыя сувязі да такой ступені пераплецены, што дабіцца эканамічнай устойлівасці паасобку - практычна невыканальная задача ні для адной з дзяржаў.
Таму любая краіна зацікаўлена ва ўдзеле ў магутных рэгіянальных і міжнародных аб'яднаннях, такіх як ЕАЭС, ШАС, БРІКС, АСЕАН.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся па шэрагу актуальных тэм, звязаных з інтэграцыйным парадкам дня.
Аб міжнародным пазіцыянаванні ЕАЭС
Прэзідэнт падкрэсліў, што з моманту здабыцця незалежнасці Беларусь заўсёды была ў авангардзе інтэграцыйных працэсаў. Адзін з прыярытэтаў для краіны і ўсяго ЕАЭС - умацаванне рэгіянальных і транскантынентальных альянсаў.
"Гэта новыя цэнтры сілы шматпалярнага свету, які фарміруецца, гатовыя адстойваць свае інтарэсы і ўласныя шляхі развіцця, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Цэнтр сусветнай эканомікі неабарачальна зрушваецца ў бок краін, што сталі на шлях развіцця. Гэта зразумела. Там перш за ўсё будзе развіццё. Гэта краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу. Гэтыя дзяржавы больш не жадаюць быць сыравіннымі прыдаткамі, крыніцамі таннай рабочай сілы. Яны хочуць, і цалкам заслужана, паўнацэнна ўдзельнічаць у міжнародным падзеле працы. І дабіваюцца дастойнай аплаты за сваю працу. Гэта ўсе разумеюць. Расія, напэўна, раней за ўсіх гэта зразумела. Пачала актыўныя кантакты з афрыканскімі дзяржавамі, мы таксама спрабуем супрацоўнічаць з імі. Усе рвануліся ў Афрыку".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, як Захад і ЗША адрэагавалі на рух Расіі. "МЗС Расіі і іншыя, хто мае дачыненне да палітыкі, ведаюць, як амерыканцы спрабуюць затармазіць гэты працэс, не пусціць Расію ў Афрыку. Але і вы добра разумееце і ведаеце, што Кітай ужо там. Ідзе барацьба за гэтыя краіны. Таму адтуль, там будучы полюс нашага развіцця, вельмі актыўны. Але гэта не значыць, што мы развівацца не будзем", - заўважыў ён.
"На наш погляд, сумяшчэнне інтэграцыйных намаганняў у фармаце нашага Еўразійскага саюза, ШАС і БРІКС будзе садзейнічаць стварэнню буйнейшай кааліцыі дзяржаў, калі мы, як у народзе кажуць, не прашлёпаем, калі мы не праспім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў БРІКС паступіла шмат заяў ад краін, якія жадаюць уступіць у гэта аб'яднанне. Тое ж самае адбываецца ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэба актыўней дзейнічаць у развіцці інтэграцыйных працэсаў, не дапускаць тармажэння ў апаратах гэтых структур: "Сёння момант такі, што трэба не ісці, а бегчы. Хутчэй трэба жадаючых, шчыра скажу, падбіраць пад сябе. І тады, калі б БРІКС разгарнулася, ШАС разгарнулася..."
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на вялікі ўжо накоплены як эканамічны патэнцыял, так і ў плане насельніцтва ў краінах, якія ўваходзяць у названыя аб'яднанні. "Калі б гэтыя арганізацыі дзейнічалі хутчэй, зусім іншая палітыка была б у ААН. Мы яе ўсё часцей крытыкуем. Але, на жаль, замясціць ААН сёння няма чым. Можна крытыкаваць, але ўзамен нічога няма. Дык не дзеля замены, а дзеля таго, каб паглядзець, што будзе далей, нам трэба хутчэй ісці ў гэтым плане. Не столькі нам - Беларусі, а ім - вялікім дзяржавам БРІКС і ШАС. Упусцім час - мы яго ніколі не нагонім. Той, хто цяпер хутчэй бяжыць, той будзе ў авангардзе на працягу пары дзясяткаў гадоў. Таму трэба сумясціць інтэграцыйныя намаганні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт асабліва адзначыў ролю Расіі ў гэтых працэсах: "Не трэба Расіі апускаць нізка галаву ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася. Якраз Расія можа стаць вельмі моцным лакаматывам і ў ШАС, і ў БРІКС у наданні дынамікі ў развіцці гэтых арганізацый. І, магчыма, аб чым марыць прагрэсіўнае чалавецтва, у будучым і іх аб'яднанні".
"Расія павінна быць вельмі актыўнай. Аўтарытэт яе, нягледзячы на тое, што тут Захад крычыць ва ўсіх сродках масавай інфармацыі супраць Расіі, велізарны. Расія кінула выклік аднапалярнаму свету, ідзе ў авангардзе гэтых працэсаў. Ну і мы побач", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтай сітуацыі Прэзідэнт яшчэ раз заклікаў актыўна дзейнічаць у самым мірным і канструктыўным сэнсе.
Вяртаючыся да прапанаванага тэзіса аб неабходнасці сумяшчэння інтэграцыйных намаганняў у фармаце ЕАЭС - ШАС - БРІКС, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта будзе саюз краін, аб'яднаных імкненнем да эканамічнай і палітычнай стабільнасці і забеспячэння новай архітэктуры міжнароднай бяспекі. "Тым больш што шэраг дзяржаў СНД, ЕАЭС уваходзяць адначасова і ў ШАС, і ў БРІКС, што закладвае трывалы падмурак для паспяховага руху да гэтай мэты, якую мы хацелі б бачыць", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для развіцця поўнафарматных адносін ЕАЭС з прыярытэтнымі рэгіянальнымі аб'яднаннямі і дружалюбнымі трэцімі краінамі неабходна зрабіць некалькі важных крокаў насустрач адзін аднаму: "Пераадолець, нарэшце, як мы часта гаворым, нацыянальны эгаізм. Трэба навучыцца ісці на кампраміс. Выйсці на дамоўленасці аб пакрокавай лібералізацыі ўмоў узаемнага гандлю, ліквідаваць бар'еры, перайсці на разлікі ў нацыянальных валютах, пашырыць зоны свабоднага гандлю".
Прэзідэнт упэўнены, што ўсё пералічанае без стварэння больш магутных БРІКС і ШАС, развіцця ЕАЭС і, магчыма, іх аб'яднання ў тым ці іншым выглядзе, - гэта будуць толькі паўмеры.
Аб прамысловай і тэхналагічнай бяспецы
Аляксандр Лукашэнка заклікае ўмацоўваць у Еўразійскім эканамічным саюзе тэхналагічны суверэнітэт незалежна ад дынамікі адносін з Захадам. Паводле слоў беларускага лідара, прамысловая кааперацыя дасць магчымасць ствараць прадукцыю пад еўразійскім брэндам з максімальнай ступенню лакалізацыі, а таксама фарміраваць новыя імпартазамяшчальныя праекты.
"Больш за чвэрць увозімых у саюз прамысловых тавараў прыкладна на $70 млрд у год можа быць замешчана прадукцыяй нацыянальных вытворцаў. Велізарны кусок. Дай бог асвоіць. Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя дае шанц для эфектыўнай рэалізацыі імпартазамяшчальных ініцыятыў у рэальным сектары эканомікі на рэгіянальным узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Незалежна ад далейшай дынамікі нашых адносін з так званымі заходнімі партнёрамі тэхналагічны суверэнітэт і замяшчэнне крытычнага імпарту застануцца асновай для далейшага развіцця нашага саюза", - заявіў Прэзідэнт.
Ён таксама пералічыў напрамкі, якія будуць прыярытэтнымі для Беларусі. Гэта развіццё вытворчасці высокадакладнага абсталявання, аснашчанага сучаснай электроннай мікрапрацэсарнай кампанентнай базай і праграмным забеспячэннем, рэалізацыя сумесных праектаў па вытворчасці электроннай і аптычнай прадукцыі, павышэнне ўвагі да тэхналогій стварэння чыпаў, інтэгральных схем, тэхналогій беспілотнага кіравання, аўтаматызацыі і рабатызацыі апрацоўчай прамысловасці.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь над гэтым працуе разам з Расійскай Федэрацыяй і нямала зроблена ў гэтым напрамку. Напрыклад, у сферы мікраэлектронікі. "Трэці год, як нас спрабуюць нахіліць (санкцыямі. - Заўвага). Нічога, - адзначыў ён. - Значыць, мы нешта можам рабіць. І мы гэта робім ужо".
Яшчэ сярод прыярытэтных для Беларусі напрамкаў - выраб электрамеханічных сістэм, уключаючы развіццё тэхналогій вытворчасці сучасных мехатронных і электрамеханічных кампанентаў робататэхнічных сістэм, сістэмы ЧПК, а таксама літыйіонных батарэй.
Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што ў невялікай Беларусі ўсё гэта магчыма перш за ўсё таму, што "мы стаім на плячах таго, што было створана ў Савецкім Саюзе". Беларусь развівалася менавіта як высокатэхналагічная рэспубліка. І гэта ўдалося захаваць, нягледзячы на ўсе складанасці.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па шэрагу напрамкаў у тэхналагічным развіцці ёсць адставанне ад перадавога сусветнага ўзроўню, але ў цэлым у краіне ёсць усё неабходнае. "Таму не трэба паміраць, што мы недзе адсталі. Трэба бегчы. Трэба даганяць і трэба ствараць. Вось мы з Прэзідэнтам Расіі і намецілі такі курс на прыкладзе мікраэлектронікі і таго, што я пералічыў у нашай прамысловасці. Але для гэтага трэба давяраць адзін аднаму. Трэба быць разам, трэба быць бліжэй. Для гэтага і створаны Еўразійскі эканамічны саюз", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аб энергетычнай бяспецы
Прэзідэнт упэўнены, што на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза неабходна забяспечыць недыскрымінацыйныя падыходы ў цэнаўтварэнні на паслугі натуральных манаполій.
"Развіццё і паглыбленне інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў энергетыцы, умацаванне пазіцый ЕАЭС у кантэксце глабальнай бяспекі застаецца важнейшым прыярытэтам. Перакананы, што эфектыўная работа эканомік нашых краін немагчыма без раўнапраўнага доступу суб'ектаў гаспадарання да энергарэсурсаў і інфраструктуры для іх транспарціроўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы павінны што б там ні было забяспечыць рэалізацыю недыскрымінацыйных падыходаў у галіне цэнаўтварэння на паслугі натуральных манаполій на ўсёй прасторы ЕАЭС", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аб інфармацыйнай бяспецы
У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць актуалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза: "Лічбавы парадак дня саюза патрабуе істотнай актуалізацыі. У першую чаргу гэта датычыцца Інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС, якая забяспечвае сумесную работу дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і сістэм дзяржаў нашага саюза. Гэта павінны ствараць і кантраляваць мы, не аддаючы на водкуп амерыканцам або заходнееўрапейцам, як было раней. Падрыхтаваныя кадры і матэрыяльна-тэхнічная база ў нас ёсць".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна пачаць распрацоўку еўразійскага парадку дня ў галіне інфармацыйнай бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пытанні інфармацыйнай палітыкі пакуль не рэгулююцца Дагаворам аб ЕАЭС, і гэты недахоп трэба ўстараніць.
Аб харчовай бяспецы
Беларускі лідар пералічыў задачы ў сферы харчовай бяспекі, якія трэба вырашыць у ЕАЭС. Ён назваў гэта пытанне асновай асноў.
"Еўразійскі рэгіён мае ўнікальныя магчымасці па нарошчванні вытворчасці і экспарту прадуктаў харчавання. Нам удаецца захоўваць свабоднае абарачэнне прадукцыі і пазбягаць увядзення абмежаванняў на ўзаемныя пастаўкі сацыяльна значных тавараў. Узровень самазабеспячэння па большасці прадуктаў ужо сёння складае (па саюзе) 80-95%. Па збожжы - 132%, па алейных культурах - 151%. Лішкі з задавальненнем купляюць на сусветных рынках. Попыт на прадукты харчавання каласальны. І ён расце", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Разам з тым у гэтай сферы патрабуецца вырашэнне шэрага задач. Неабходна вызначыць пералік тавараў крытычнага імпарту для харчовага рынку дзяржаў - членаў ЕАЭС за кошт магчымасцей уласных дзеючых вытворчасцей, іх пашырэння і стварэння новых.
Яшчэ адна задача - забяспечыць збліжэнне мер дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі і прававых асноў яе аказання з улікам нацыянальных інтарэсаў краін-удзельніц.
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў выйсці на хуткае правядзенне лічбавізацыі вытворчых працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
Аб экалагічнай бяспецы
Гаворачы аб экалагічнай бяспецы, Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў: "Так званы зялёны парадак дня актыўна выкарыстоўваецца контрпартнёрамі на Захадзе ў якасці аднаго з інструментаў націску і стрымлівання эканамічнага развіцця нашых краін. Дзеючыя экалагічныя нормы Еўра-5, 6 і ўсе наступныя не маюць нічога агульнага з аховай навакольнага асяроддзя".
Паводле слоў Прэзідэнта, у адрозненне ад Еўрасаюза, прынятыя ва ўсіх краінах ЕАЭС нацыянальныя стратэгіі ўстойлівага ("зялёнага") развіцця нікога не абмяжоўваюць. Яны маюць на ўвазе перш за ўсё мадэрнізацыю эканомік, стварэнне высокатэхналагічных сумесных вытворчасцей, беражлівыя адносіны да рэсурсаў, правільнае абыходжанне з адходамі, павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва і адказнасці бізнесу. "Вось менавіта ў такім напрамку, мы лічым, трэба рухацца", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне яшчэ раз падкрэсліў, што сёння самае галоўнае - гэта час. "Час гэты адыходзіць. Жорстка адыходзіць. Мы не можам адстаць, і мы не павінны адстаць. І ў гэтым вялікую ролю можа адыграць наш Еўразійскі эканамічны саюз, паколькі ён мае каласальныя перспектывы. Я нават сказаў бы, перспектывы не меншыя, чым ШАС і БРІКС асобна ўзятыя. Таму нямала трэба зрабіць, мы рухаемся ў правільным напрамку. Цярпенне і час. І хуткасць".
"Мы развіваем інтэграцыю не ў мэтах нейкай канфрантацыі. Прэзідэнт Пуцін часта аб гэтым гаворыць. Мы хочам стварыць шматпалярную раўнапраўную бяспечную прастору для жыццядзейнасці. Калі мы гэтага не зробім - будзем плесціся ў хвасце. І аб нас будуць пастаянна выціраць ногі, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта наша агульная мэта, і мы гатовы шмат працаваць для яе хутчэйшага ўвасаблення ў жыццё".