Удзел у рэспубліканскім суботніку
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім суботніку 12 красавіка наведаў пляцоўку будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску. Кіраўнік дзяржавы разам з брыгадамі студэнцкай моладзі высадзіць алею з 80 дрэў, якія сімвалізуюць 80 юбілейных гадоў, што мінулі з Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб праведзенай рабоце па праектаванні і пачатку будаўніцтва парку і музея. Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры ўзвядзенні аб'ектаў і здачы іх у эксплуатацыю падыходы былі комплекснымі, а матэрыялы выкарыстоўваліся айчынныя. На гэта старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адказаў, што перавагу, безумоўна, аддаюць беларускаму, а імпартнае практычна не выкарыстоўваецца. Прычым айчынныя не толькі матэрыялы, але і тэхналогіі. Так, плануецца будаўніцтва падземнага перахода цераз вуліцу Арлоўскую ад парку і музея да плошчы Дзяржаўнага сцяга без перакрыцця ажыўленай гарадской дарогі, а па тыпе метро. Такую перадавую тэхналогію беларускія спецыялісты асвоілі, калі будаваўся пераход каля гандлёвага цэнтра "Першы нацыянальны гандлёвы дом". І Кіраўнік дзяржавы даручаў распаўсюдзіць яе па ўсёй краіне.
На месцы будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу з пасланнем будучым пакаленням.
"Дарагія нашчадкі! Пачынаючы ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, мы завяшчаем вам свята захоўваць памяць аб нашых вытоках, пройдзеным шляху да дзяржаўнасці і вялікай цане свабоды. Мы ўпэўнены, музей будзе сапраўднай скарбніцай бязмежнага багацця беларускай зямлі, - гаворыцца ў пасланні. - На працягу стагоддзяў папярэднiя пакаленні цаглінка за цаглінкай будавалі наш агульны дом - бяспечную і незалежную краіну, супрацьстаялі цяжкім выпрабаванням, спробам знішчыць нас як народ і як нацыю. Нам ёсць чым ганарыцца. Гісторыя Беларусі ведае нямала слаўных імёнаў святых, творцаў, асветнікаў, дзяржаўных дзеячаў і палкаводцаў. Іх перамогі натхняюць нас на новыя дасягненні".
У пасланні Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на геапалітычную трагедыю - распад вялікай савецкай дзяржавы, - беларусы змаглі выстаяць і здзейсніць сапраўдны подзвіг: стварыць суверэнную і міралюбівую Беларусь.
"Тры дзесяцігоддзі самастойнага шляху сталі часам сапраўднай барацьбы за праўду і адзінства. Пераадолеўшы ўсе нягоды, мы вынеслі найважнейшыя ўрокі і лічым сваім абавязкам падзяліцца гэтым вопытам з вамі - беларусамі будычыні. Сёння кожны разумее, што незалежнасць даражэйшая за ўсё. Каб стаць на ногі і прымаць вывераныя палітычныя рашэнні, трэба многа і сумленна працаваць, разлічваць толькі на сябе. Мы ўсвядомілі, павага да гісторыі і дасягненняў мінулага робіць нас куды больш моцнымі, паспяховымі, усяляе веру ва ўласныя сілы", - падкрэсліваецца ў дакуменце.
"Будзьце, як і мы, адданымі Радзіме, шануйце нацыянальныя духоўна-культурныя каштоўнасці і традыцыі, памнажайце поспехі суайчыннікаў! Беражыце нашу Беларусь! Беражыце мір і народнае адзінства! Будзьце годныя сваіх папярэднікаў", - такім заклікам завяршаецца пасланне Кіраўніка дзяржавы.
Прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі перадалі Аляксандру Лукашэнку капсулу з пасланнем. Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік дзяржавы заклаў яе ў камень.
Пасля чаго Прэзідэнт разам з брыгадамі студэнцкай моладзі высадзіў алею з 80 дрэў, якія сімвалізуюць 80 юбілейных гадоў, што мінулі з Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Былі высаджаны саджанцы чырваналістага дуба, якім каля 12 гадоў.
Першае дрэва на месцы парку Народнага адзінства пасадзіў асабіста Прэзідэнт. А заадно правёў майстар-клас па пасадцы дрэў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што людзі, якія працуюць разам з ім, умеюць рабіць усё: саджаць дрэвы, касіць траву, сячы дровы.
Дрэва высаджваецца ў лунку і замацоўваецца калкамі. Кіраўнік дзяржавы з дапамогай кувалды забіў калкі ў зямлю, пасля чаго дрэва прысыпалі зямлёй і палілі.
"Гэта тэхналогія пасадкі дрэў! Ідэальная тэхналогія!" - звярнуўся Прэзідэнт да моладзі. Разам з Кіраўніком дзяржавы дрэвы высаджваў і яго малодшы сын Мікалай.
"Сказалі ў дзень касманаўтыкі пасадзіць 12 дрэў - я пасадзіў 12", - пажартаваў Прэзідэнт.
На завяршэнне ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.
Адно з пытанняў Аляксандру Лукашэнку было звязана з гісторыяй. У Прэзідэнта спыталі і аб тым, ці хапае ў беларусаў пачуцця нацыянальнага гонару.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што добра ведае гісторыю нашай краіны, але моладзі часам не хапае ведаў аб гістарычным мінулым Беларусі. "Яны сядзяць у гэтых гаджэтах. Іх што цікавіць сёння? Кароткія загалоўкі з трох слоў, яшчэ што-небудзь... Чым больш мата, тым смяшней і зручней, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - А гісторыя - гэта рэч сур'ёзная: вывучаць трэба, глядзець. Новае пакаленне ўсё менш і менш у гэта акунаецца".
Прэзідэнт упэўнены: людзям трэба паказваць, што беларусы - гэта не іваны без роду і племені, а людзі з тысячагадовай гісторыяй. Асабліва важна даносіць гэта да моладзі. І Нацыянальны гістарычны музей дазволіць у цікавай і даступнай форме раскрыць усё багацце беларускай гісторыі.
Адказваючы на пытанне пра пачуццё нацыянальнага гонару, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты гонар не павінен перарасці ў нацыяналізм. "Мы па вялікім рахунку нацыяналістычныя ў плане любові да сваёй краіны. Нічога тут страшнага няма. Мы не нацыяналісты, мы не фашысты. Мы нацыяналістычныя людзі ў плане любові да сваёй Радзімы. Але мы інтэрнацыяналісты. Мы вельмі паважаем нашых братоў: расіян, украінцаў, палякаў, іншых", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, два пытанні, якія могуць прывесці да вайны, - гэта эканоміка і нацыяналізм. Калі тут дапусціць перагібы, можна прыйсці да вайны. "Я часта задумваюся пра нашу брацкую Украіну. Што было ў аснове гэтага канфлікту? Пры чым тут Расія, Пуцін і іншае? У аснове было разбурэнне эканомікі. Успомніце, што было напярэдадні вайны ва Украіне - збяднелыя людзі і супербагатыя алігархі, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Ім падкінулі нацыяналізм і крайнюю форму - фашызм. Калі спальвалі, напрыклад, у Адэсе людзей не іх, як яны лічылі, нацыянальнасці".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларусы - людзі асаблівыя: "У нашай крыві ўсё перамяшана: і руская кроў, і ўкраінцы, і палякі, і яўрэі. У гэтым наша беларускасць. У гэтым асаблівасць нашага народа. І мы павінны гэта разумець".
Такім чынам, рэзюмаваў Прэзідэнт, з нацыяналізмам трэба быць вельмі асцярожнымі, але і нацыянальны гонар у беларусаў павінен быць: "Мы павінны бачыць, каб мы, не дай бог, куды-небудзь не адхіліліся. Каб у нас было мірнае жыццё, мы высаджвалі дрэвы і будавалі музеі, куды прыйдуць нашы дзеці і ўнукі".
Закранаючы тэму ўступлення Украіны ў ЕС, Прэзідэнт Беларусі сказаў, што Украіне ў Еўрасаюзе рабіць няма чаго, яе шчасце ў нашай прасторы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў перагаворах па ўступленні Украіны ў ЕС задзейнічана вялікая колькасць чыноўнікаў. На гэту работу выдзяляюцца немалыя сродкі - мільёны долараў, таму многія зацікаўлены ўвайсці ў склад гэтай "творчай групы".
"Гэта мільёны долараў. І вось яны займаюцца тым, чаго, магчыма, ніколі не будзе. Украіна наўрад ці некалі будзе ў Еўрапейскім саюзе. І вось яны пілуюць, пілуюць гэтыя гранты, якія падзялілі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Еўрапейскі саюз - гэта адзіная палітычная і эканамічная платформа. "Чаму Славакія, Венгрыя абурыліся? Таму што яны зразумелі, што страчваюць сваю ідэнтычнасць. Яны страчваюць аблічча, а потым страчваюць эканоміку. Яны не могуць вырабляць больш, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - І куды Украіна лезе? Гэта скарацечнае захапленне нявопытнага чалавека. Добры чалавек Валодзя Зяленскі, але нявопытны. Ён гэта павінен прызнаць. І калі ты нечага не разумееш, дык ты слухай старэйшых, слухай іншых людзей, рабі адпаведныя высновы".
Кіраўнік дзяржавы спытаў, калі Украіна ўступіць у Еўрапейскі саюз, то куды яна будзе прадаваць сваю прадукцыю? Яе дастаткова і ў іншых краінах ЕС. Гэта пытанне ляжыць на паверхні.
"Глядзіце. Усе дапамагалі, штурхалі Украіну ў вайну супраць Расіі. А калі Украіна проста хацела правезці праз Еўрапейскі саюз сваё збожжа, загрузіць у Польшчы збожжавозы і паставіць беднай Афрыцы, дзе гэтага не хапала, - "не, мы вас туды не пусцім", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму перш чым туды лезці, трэба падумаць: табе гэта патрэбна? Гэта будзе садзейнічаць развіццю тваёй эканомікі і жыццю тваіх людзей? Яны аб гэтым не думаюць. "Вось Расія сякая-такая, яна ў аснове ЕАЭС, значыць, мы ў іншы бок! Не важна куды. У гнаявую яму, у жыжу ці куды - не важна. Галоўнае, каб адтуль". Але гэта не палітыка. Палітыку трэба будаваць, зыходзячы з патрабаванняў уласнага народа".
"Таму Украіне ў Еўрасаюзе рабіць няма чаго. Рынкі даўно-даўно падзялілі. І іх шчасце - у нашай прасторы", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ў свой час Украіна разам з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам пачала распрацоўваць канцэпцыю еўразійскага супрацоўніцтва. Аднак потым, паводле слоў Лукашэнкі, яе кіраўніцтву "падсунулі нацыяналістычную ідэалогію", што ў выніку і прывяло да вайны.
"Вайну спынім. Загінула шмат людзей, тысячы. Гэта дрэнна, гэта цяжка. Але мы не такую вайну перажылі. Але калі ты яшчэ ў гэты момант абваліш эканоміку - усё, Украіны не будзе. Таму перш чым туды бегчы, падумай: ты там патрэбны ці не. А калі патрэбны, які ты там будзеш патрэбны? Гэта будзе краіна без прамысловасці, без сельскай гаспадаркі, без таго, чым Украіна заўсёды ганарылася", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Я маладым чалавекам пару разоў бываў на Украіне, праязджаў па трасе Ленінград - Адэса за рулём на аўтамабілі. Я здзіўляўся той прыгажосці і тым людзям украінскай зямлі. А потым на Захадзе служыў і бачыў. Гэта жамчужына ў Савецкім Саюзе была. Усё разбамбілі, знішчылі. І народ жа працавіты. Які Еўрасаюз? Гэта вялізная краіна, па памерах падобная да Францыі. Багацейшая. Таму трэба было развівацца на ўласнай аснове, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Няўжо гэта развіццё, калі табе пальцам указваюць, што ты павінен развіваць, а што не? Усё ж будзеш узгадняць".
Яшчэ адно пытанне Кіраўніку дзяржавы датычылася гандлёвай вайны, развязанай ЗША, і яе ўплыву на цэны тавараў для канечных спажыўцоў, у прыватнасці, ці ўдасца Беларусі прытрымлівацца сваёй формулы справядлівага цэнаўтварэння.
Прэзідэнт адзначыў, што эканоміка ЗША, вядома, займае значную долю ў сусветным ВУП (ацэначна, каля чвэрці), але гэта ўсё ж не 75% і яе ўплыў не настолькі ўсёабдымны. "Амерыканцы паднялі пошліны на тавары, якія па імпарце ўвозяць. А ўвозяць шмат. Іх ВУП прыкладна 25%, з улікам долара і іншага. Вядома, яны малайцы, але гэта чвэрць, а не 75%. І ты з усім светам уступіў у вайну!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы аб рашэнні Дональда Трампа павысіць пошліны для шэрага краін свету.
Пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, выказванні Трампа былі эмацыянальнымі, нават зневажальнымі, а рашэнні - непаслядоўнымі. Ён спачатку аб'явіў аб увядзенні пошлін, а праз некаторы час адступіў.
"Гэта фантом. Вось ён ляпнуў языком, а потым падумалі, падумалі: не, нешта небяспечнае. Дык, перш чым ляпаць языком, ты ж падумай. Там шмат разумных, талковых людзей, якія палічаць і скажуць: гэта можна рабіць, гэта нельга, а калі павышаць, то трэба спачатку перагаварыць. А калі з Кітаем эканамічна ваяваць, то дакладна трэба сесці за стол перагавораў і перагаварыць", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўспрымае тое, што адбываецца, спакойна. "Мы не спяшаючыся будзем займацца тым, чым займаемся. Мы перажылі і перажываем з Расіяй разам такія бар'еры і пошліны, санкцыі, што далей ужо няма куды. Таму асабліва перажываць наконт гэтага не трэба. А прывядзе гэта да росту цэн ці не прывядзе - паглядзім", - сказаў ён.
"Шаленства ў ЗША і па ўсім свеце, гандлёвыя войны... Я неяк сябе спакойна адчуваю. Мы з-за гэтага не загінем, гэта дакладна. У нас хапае ведаў, уменняў, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы зробім усё, каб нашы людзі нармальна жылі".
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі мудра зрабілі, калі ўзяліся за цэнаўтварэнне з мэтай выпрацаваць формулу справядлівай цаны. "Да чаго гэта прывяло? Перш за ўсё нашы вытворцы, асабліва вельмі разумныя бізнесмены, зразумелі, што працэс пад кантролем, сваволіць нельга - спагоняць, а то і пасадзяць, шчыра кажучы. Таму давайце ў гэтай сітуацыі спакойна разам выпрацуем справядлівыя паводзіны на рынку", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такі падыход зусім не нацэлены супраць якіх-небудзь відаў бізнесу і задача іх "загубіць" не ставілася. Прыватны сектар жа фарміруе значную долю бюджэту. У Мінску, напрыклад, гэта каля палавіны бюджэту сталіцы, а па краіне - каля 40%. "Я не хачу, каб мы загубілі бізнесменаў, - сказаў Прэзідэнт. - Навошта забіваць курыцу, якая нясе залатыя яйкі? Я ж гэта добра разумею. Таму я хачу, каб людзі займаліся прадпрымальніцтвам, нешта стваралі, рабілі і іншае, але не перашкаджайце іншаму. Не выцягвайце апошняе з тых, хто стварыў нам гэту краіну, таго пакалення, якое сёння на пенсіі, настаўнікаў, урачоў…" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што, калі дзяржава стала кантраляваць працэс цэнаўтварэння і патрабаваць забяспечыць справядлівы падыход, некаторыя ў гандлі паспрабавалі "хімічыць". У прыватнасці, размова аб заснавальніках буйных гандлёвых сетак, якія рознымі шляхамі выплачвалі сабе вялікія грашовыя ўзнагароджанні.
"Трэба сумленна, справядліва і падаткі плаціць, і людзям сваім плаціць, якія на цябе працуюць... Я хачу, каб была справядлівасць. Гэта крыху разыходзіцца з тым, як развіваюцца асобныя і вядучыя краіны свету. Гэта іх справа. Але ў нашага народа ў свядомасці справядлівасць. Гэта сутнасць славянства", - заявіў Прэзідэнт.
У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што за прэзідэнцкай гонкай, якая цяпер разгортваецца ў Польшчы, ён не сочыць. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён ставіцца да гэтага абыякава.
"Палякі загуляліся. Хто-хто, але палякі нашы ж людзі, славяне. Маглі б жыць нармальна, гандляваць, развівацца. Мы ж ніводнага паляка, калі яны санкцыі ўвялі, адсюль не выгналі. І многія тут працуюць. І няхай працуюць. Нармальна працуюць і лічаць беларусаў нармальнымі людзьмі. Але выбудавалі такую палітыку. Гэта кан'юнктуршчына. Гэта кан'юнктуршчыкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Такім чынам Польшча выбудоўвае палітыку і ўнутры Еўрапейскага саюза. Гэта асабліва было відаць некалькі гадоў таму, калі польскія ўлады, каб дагадзіць амерыканцам, пачыналі спрэчкі з ЕС.
"Прыйшоў Трамп, і яму пофіг на гэты Еўрапейскі саюз. Гэта самы вялікі вораг для Трампа - Еўрапейскі саюз. Лідары Еўрапейскага саюза, кіраўнікі дзяржаў супраць Трампа ваявалі на выбарах, вось ім Трамп доўг аддае. Цяпер палякі прыціхлі крыху, ужо не з амерыканцамі. Яны ўжо не ведаюць, куды. Яны пасварыліся з Еўрапейскім саюзам. Амерыканцы цяпер на іх пільна паглядаюць. Зразумела - плацдарм для таго, каб супраць нас, супраць Расіі і іншых краін. Польшча - гэта зручны плацдарм. Але Трамп праводзіць сваю палітыку. Палякі прыціхлі. Дык навошта сварыліся з еўрапейцамі, якія вас утрымлівалі? Што цяпер, куды цяпер? Там цяпер кожны за сябе. Таму ў іх такая палітыка - імгненная, сітуатыўная. Няма цэльнай канцэпцыі. Гэта вельмі небяспечна", - заявіў беларускі лідар.
"Яны быццам бы з кітайцамі. Але калі з кітайцамі, тады з беларусамі трэба ў абдымку хадзіць. Кітацы ж з вамі будуць гандляваць перш за ўсё (гэта іх інтарэс) праз Беларусь. Украіна закрыта, праз Стамбул - больш складана, а Беларусь - калі ласка. Расія, Беларусь. Таму не трэба з намі сабачыцца. Трэба жыць па-добраму, па-сапраўднаму. Такая павінна быць палітыка. Польшча да гэтага не гатова", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што пасада Прэзідэнта ў Польшчы - гэта толькі "лялька, цацка, каб па калідоры ў Вашынгтоне хадзіць туды-сюды і чакаць, калі адкрыюць дзверы". "Улада ў Польшчы - гэта знявага польскага народа, іх гордасці і годнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама закрануў гісторыю з Анжалікай Мельнікавай, якая знікла ў Польшчы.
"Яны (Польшча. - Заўвага) ж там згубілі спікерку гэту. Знайсці не могуць! Знайсці не могуць. Дык знайдзіце хоць, - сказаў Прэзідэнт. - У іх адно цяпер. Зразумела, Пачобут гэты - вечная праблема. І нейкая яшчэ тэма. "Для таго каб размаўляць з намі, беларусы павінны зрабіць гэта". Я гавару: "Мы нікому нічога не абавязаны. Хочаце - садзімся размаўляем".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь у свой час хацела выдаць Польшчы асуджанага Анджэя Пачобута, аднак польскі бок адмовіўся. "А Пачобут сказаў: "Я туды не паеду. У нас гэта ўсё запісана. І ўсе нас папракаюць, што мы прыгнятаем кагосьці. Нікога мы не прыгнятаем. Месца ўсім хапае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што калі кіраўнік афіцыйна незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс выступіла за наладжванне дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай, яе адразу ж пачыналі дзяўбці. "Вось іх палітыка - палітыка эскалацыі і абвастрэння", - звярнуў увагу беларускі лідар.
На думку Кіраўніка дзяржавы, чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, хто б ні быў выбраны на гэту пасаду, ніяк не памяняюць палітыку польскіх улад. "Прэзідэнт нічога змяніць не можа. Ён не валодае там нейкімі паўнамоцтвамі. Будзе штосьці бразгаць у сродках масавай інфармацыі, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Але хацелася б, каб быў разважлівы нармальны чалавек. Не трэба прарасійскі, прабеларускі. Прапольскі няхай будзе. Які будзе рабіць у інтарэсах палякаў. Мы гэтага хочам. Калі хочуць, будзем з імі працаваць".
Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці будзе ён мяняць задачы для аграрыяў з-за маразоў, якія прыйшлі ў Беларусь у пачатку красавіка, і ці будуць нейкія паслабленні для аграпрамысловага комплексу.
Прэзідэнт заўважыў, што на тэрыторыі Мінскай вобласці і ў Мінскім раёне вельмі складаная глеба. Гэта звязана ў тым ліку з вышынёй над узроўнем мора. І бачачы, як развіваюцца расліны тут, можна меркаваць аб тым, што адбываецца ў іншых частках Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пяць ці шэсць градусаў марозу, якія былі тут, - гэта не катастрофа, а днём тэмпература наогул была плюсавой.
Разам з тым, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, некаторую насцярожанасць выклікаюць рапс і азімы ячмень. "Спецыялісты (на наступным тыдні пацяпленне) дадуць аналіз, - сказаў Прэзідэнт. - Вядома, надвор'е было не лепшае, але я пакуль катастрофы не бачу".
Наконт якіх-небудзь паслабленняў для аграрыяў Прэзідэнт падкрэсліў, што патрабаванні да аграрыяў не звязаны з тым, што адбываецца на палях, а датычацца, хутчэй, дысцыпліны.
"Адна з набалелых тэм - падзеж жывёлы, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Прабачце, як у вёсцы кажуць: калі ў цябе падохнуць цяляты і парасяты, то не будзе ні ялавічыны, ні свініны, не будзе і малака. Таму я пачаў гаварыць аб выканальніцкай дысцыпліне, дэкрэт адпаведны падпісаны. А цяпер пачнецца "жым" вельмі сур'ёзны на справе, на практыцы". Прэзідэнт заўважыў, што выпрацоўка на аднаго чалавека ў Беларусі ў два ці тры разы ніжэйшая, чым у суседзяў.
"І тэхналагічная, і выканальніцкая дысцыпліна павінна быць іншай. Вось гэты крадзеж па дробязях на сельгаспрадпрыемствах... Гэта ўжо зашкальвае, гэта нецярпіма. Абуральнае стаўленне да жывёлы, у раслінаводстве - да раслін, п'янкі. Дысцыпліны не хапае", - канстатаваў Прэзідэнт і дадаў, што патрабаванні ў тым ліку да тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны будуць толькі ўзмацняцца.
Кожны павінен якасна выконваць работу на сваім рабочым месцы, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль гэтага няма ў поўным аб'ёме. Прэзідэнт зноў звярнуў увагу, што лепш адказна працаваць на сваіх рабочых месцах, чым ваяваць, як гэта адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў.
Кіраўнік дзяржавы згадаў пра дамоўленасці з Пакістанам аб прыцягненні працоўных мігрантаў з гэтай краіны ў Беларусь. Напярэдадні ў час афіцыйных перагавораў лідараў дзвюх краін у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці прыняць да 150 тыс. спецыялістаў з Пакістана.
Як растлумачыў Прэзідэнт, падыход будзе дыферэнцыраваным. "Беларусь зацікаўлена перш за ўсё ў прыцягненні спецыялістаў, а не проста моладзі. І лепш - сем'ямі. Калі сям'я прыехала, яны працаваць будуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"На гэтым дамовіліся: што мы ў гэтым напрамку будзем працаваць. Гэта значыць мы цяпер выпрацуем падыходы адпаведныя. Я кажу (пакістанскаму боку. - Заўвага): мы гатовы ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях прыняць вашу рабочую сілу. Але мы павінны бачыць кожнага", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў асаблівую зацікаўленасць у прыцягненні пакістанскіх спецыялістаў да работы на Баранавіцкім ВБА. Цяпер беларускі бок прапрацоўвае пытанне колькасці і прафесійнай прыналежнасці тых, хто неабходны для работы на прадпрыемстве. "Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Тым, хто будзе гатовы прыехаць з Пакістана для работы ў айчынным АПК, беларускі бок акажа садзейнічанне з жыллём.


