Удзел у адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны
- 29
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 ліпеня прыняў удзел у адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея, сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў, грамадскасці і моладзі Магілёва і Магілёўскага раёна.
"Роўна трыццаць гадоў мінула з таго часу, як мы з вамі тут, на Буйніцкім полі, адкрывалі мемарыяльны комплекс, створаны ў памяць аб гераічным подзвігу абаронцаў Магілёва. Менавіта на гэтым месцы пісалася адна з самых гераічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут, на Дняпроўскім рубяжы, пачаўся адваротны адлік да краху Трэцяга рэйха. Значнасць тых падзей, якія шмат у чым паўплывалі на зыход бітвы пад Масквой і далейшы ход вайны, ставіць гэта беларускае поле ў адзін рад з Куліковым, Барадзінскім і Прохараўскім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут баі ішлі каля месяца. Да Масквы заставалася два крокі - Магілёў і Смаленск. Адным з самых яркіх эпізодаў бязлітаснай магілёўскай бітвы стала абарона гэтай тэрыторыі воінамі 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка Куцепава. Гэта быў адзін з найважнейшых эпізодаў для далейшай абароны сталіцы Савецкага Саюза. "Наша камандаванне разумела і кіраўніцтва краіны: трэба што б там ні было не перамагчы нават, а як мага даўжэй затрымаць тут праціўніка, каб там (пад Масквой. - Заўвага) арганізавацца. Вось каштоўнасць гэтых бітваў пад Магілёвам і Смаленскам", - адзначыў беларускі лідар.
Падрабязнасці пра бітву пад Магілёвам вядомы дзякуючы пісьменніку і ваенкору Канстанціну Сіманаву. Убачыўшы на Буйніцкім полі сапраўдныя могілкі спаленых у першым жа баі нямецкіх танкаў і іншай бранятэхнікі, ён назваў яго "трыумфам салдацкай мужнасці". Такога супраціўлення немцы да таго часу нідзе не сустракалі.
"Байцы Чырвонай Арміі "станавіліся пераможцамі там, дзе гэта, здавалася, было немагчыма па ўсіх законах логікі". Гэта цытата з дзённіка Сіманава. Пасля вайны ён пісаў, што менавіта тут, пад Магілёвам, убачыў "людзей, якія спыняць ворага". Убачыў заранак Вялікай Перамогі", - працытаваў пісьменніка Аляксандр Лукашэнка.
Буйніцкае поле, поле доблесці і стойкасці савецкіх воінаў, пакінула ў душы пісьменніка-франтавіка глыбокі след. Ён завяшчаў пасля смерці развеяць тут свой прах. Воля Канстанціна Міхайлавіча Сіманава была выканана.
"А сёння мы выконваем волю нашых ветэранаў і жыхароў вобласці - адкрываем музей Славы Магілёўшчыны", - сказаў Прэзідэнт.
"У залах гэтага музея ажывае і гаворыць галасамі герояў сама тысячагадовая гісторыя краю. Прыадкрываецца таямніца жыцця летапісных радзімічаў, ад роду і племені якіх пачалася гісторыя рэгіёна. І не толькі рэгіёна, - сказаў Прэзідэнт. - Магілёў заўсёды быў мостам паміж Захадам і Усходам у мірны час і станавіўся крэпасцю ў гады ліхалецця. На гэтых землях не адзін раз сходзіліся ў бітвах войскі вялікіх князёў літоўскіх, каралёў польскіх, самадзержцаў рускіх".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у мінулым рэгіёна, як у люстэрку, адлюстроўваецца гісторыя ўсёй краіны, а экспазіцыя музея паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці, уласнай дзяржаўнасці, звязвае разам гераічнае мінулае і мірнае сучаснае.
Аляксандр Лукашэнка шчыра прызнаўся, што калі яму прапанавалі разгледзець пытанне дапамогі ў будаўніцтве з бюджэту Саюзнай дзяржавы, ён доўга вагаўся: "Мяне насцярожвала тое, што ў нас столькі помнікаў у краіне! Думаю, ну нам бы ўтрымліваць іх, у парадку каб былі. Але дзякуючы вам, калі губернатар Ісачанка мне далажыў, што народ падняўся для таго, каб пабудаваць гэты музей і прывесці ў парадак гэты комплекс, думаю, добра - калі народ ініцыюе гэта, значыць, і ў парадку будзеце ўтрымліваць. Я на гэта вельмі спадзяюся".
Вялікая ўвага ў музеі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. "І гэта правільна. Асабліва цяпер, калі супраць праўды аб той вайне азвярэла ваююць у Еўропе: маршыруюць нацысты, зносяцца мемарыялы і помнікі, крывадушна пачалі перапісваць гісторыю. Менавіта таму мы свята шануем памяць аб подзвігу ветэранаў, аб людзях, якія аднаўлялі гарады і вёскі Магілёўшчыны пасля вызвалення і кавалі працоўную славу ўсе гэтыя гады", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што музей Славы стане сапраўды народным, будзе беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб Вялікай Перамозе нашага народа, выхоўваць сапраўдных патрыётаў.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Вялікую Айчынную Савецкі Саюз страціў амаль 30 млн чалавек. І каб гэтага не здарылася зноў, важна памятаць урокі гісторыі. У тым ліку і таму ўзводзяцца такія аб'екты. "Гэта не таму, што рабіць нам няма чаго і няма чаго больш будаваць. Мы хочам, каб вы прыходзілі сюды. Яшчэ ёсць пакаленне савецкіх людзей, якія шануюць гэту памяць аб Вялікай Айчыннай. І гэтыя людзі могуць моладзі перадаць гэты вопыт. Каб яны разумелі, навошта мы гэта робім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі шмат у чым перанялі формы і метады гэтай работы яшчэ з савецкіх часоў. "Па сутнасці ўсё правільна мы робім. Гэта трэба захаваць. Але па форме мы падумаем, як гэта разнастаіць. Але нельга страчваць. Мы, страціўшы свае традыцыі, прынцыпы, норавы, развалілі вялікую краіну, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - І сёння кожны паасобку куляемся туды-сюды. Акрамя Беларусі і Расіі, якія ўсё ж такі ступілі да гэтага адзінства. Але не думайце, што па нашым шляху гараць жаданнем бегчы нават былыя савецкія рэспублікі. Вельмі вялікая адлегласць пасля распаду Саюза паміж намі і імі. Але мы змагаемся. Мы паказваем прыкладам. Эканамічна спрабуем прыцягнуць, наблізіць гэтыя народы да нас. Таму што гэта нашы народы, савецкія народы. Яны таксама ўдзельнічалі ў гэтай вайне і разам з намі перамагалі".
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання гістарычнай праўды: "Цяпер ідзе барацьба за галовы, за розумы нашых людзей. Прайграем гэту барацьбу - час наш будзе злічаны. Таму мы ўчапіліся ў гэту гістарычную памяць. І наогул, подзвіг нашага савецкага народа, у тым ліку на беларускай зямлі, - гэта гонар для любога народа. Ні адзін народ ад гэтага не адмовіўся б".
"Лепш пад мірным светлым небам змагацца за наша мінулае. Для чаго? У імя будучыні. Лепш пад мірным небам жыць, чым ваяваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра гістарычную праўду, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба памятаць і аб праліках, дапушчаных у пачатку вайны: "Я вельмі прасіў бы ўсіх вас, асабліва супрацоўнікаў музея: нам патрэбна праўда, нам патрэбна цяпер справядлівасць! Не трэба нічога ўтойваць. Не трэба ўтойваць, як мы "прашлёпалі" пачатак вайны. Як Беларусь проста на працягу пары месяцаў апынулася пад акупацыяй".
Паводле слоў Прэзідэнта, тады гэта здарылася не таму, што савецкія воіны былі горшыя за нямецкіх. "Мы аказаліся ў нейкай ступені не гатовыя да гэтай вайны. Мы разлічвалі на мір з боку фашыстаў: "Вось, не нападуць, дагавор аб ненападзенні і іншае...", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з гэтых урокаў мінулага трэба рабіць высновы і заўсёды быць гатовымі абараніць краіну. "Так, мы ні на каго не нападаем. Будзем супакойваць любога. Будзем перасцерагаць ад вайны. Але кожны дзень мы павінны рыхтавацца да гэтай вайны, каб яна не здарылася зноў на нашай зямлі. І каб нечакана ноччу або ў 4 раніцы на нас не напалі і мы не аказаліся негатовымі да абароны, - заявіў ён. - Я гэта гавару для таго, каб і гэту праўду мы гаварылі. Яна была".


