Урачысты сход у гонар Дня Незалежнасці

  • 11
  • 25:49

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці

Дарагія суайчыннікі!

Паважаныя ветэраны, сябры!

Віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, вялікім святам нашай краіны, сугучным з Днём Перамогі.

У Год міру і стварэння гэты дзень набывае асаблівы сэнс. Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі праз войны, самаадданыя подзвігі і велізарную працу. 

Пакаленне, якое падарыла Вялікую Перамогу, падарыла нам свабоду і мір цаной сваіх жыццяў. Мільёнаў жыццяў.

Мы будзем гаварыць і памятаць аб гэтым заўсёды і перадаваць гэта веданне новаму народжанаму на нашай зямлі грамадзяніну. Таму што 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, змучаныя няволяй, дзікімі катаваннямі, стратамі родных і блізкіх беларусы вярнуліся да жыцця. 

Няма і не можа быць іншага сэнсу ў гэтага свята. Няма і не можа быць іншай даты, як бы ні марылі нашчадкі нацыстаў там і іх памагатыя тут. 

Для нас, сапраўдных беларусаў, Дзень Незалежнасці - гэта дзень, які набліжае Перамогу савецкага народа над фашысцкай Германіяй.

Дарагія ветэраны вайны і працы!

Мы, усе, хто нарадзіўся ў гады вайны і пасля, у неаплатным даўгу перад вамі. Нам пашанцавала быць дзецьмі і ўнукамі такіх мужных і валявых людзей, як вы, - сапраўдных патрыётаў. 

Нам пашанцавала расці і выхоўвацца на прыкладзе ваенных і працоўных подзвігаў вашага гераічнага пакалення. Пакалення, якое навучыла нас трымаць удар, жыць сумленна і справядліва.

Дай Бог вам здароўя і бадзёрасці. Дай Бог нам як мага даўжэй мець магчымасць гаварыць вам словы бясконцай удзячнасці, віншаваць вас з гэтым вялікім святам, якое вы нам падарылі.

(Апладысменты) 

Вы біліся на палях ваенных бітваў. Ваша Перамога на многія дзесяцігоддзі наперад забяспечыла мір краінам і кантынентам. Але гэты мір вычарпаў свой запас трываласці. Сёння наш час выканаць сваю гістарычную місію. Цяпер мы б'ёмся за гэты мір. Як бачыце, б'ёмся на інфармацыйным, эканамічным, палітычным франтах.

Так, гэту вайну не ўсе бачаць і не ўсе ўсведамляюць. Так, на ёй не рвуцца снарады, не свішчуць кулі. Але ўсё гэтак жа нас хочуць паставіць на калені і знішчыць.

Чаму ж Захад зноў лепіць з нас ворага?

Нас баяцца. Не ў тым сэнсе, што тут "агрэсары" і збіраемся на некага нападаць, прыгнятаць. Мы для іх небяспечныя аўтарытэтам, самастойнасцю і сілай беларускай дзяржавы. У рэшце рэшт, і гэта самае галоўнае, - сваім прыкладам. 

Прыкладам адсутнасці прорвы паміж багатымі і беднымі, прыкладам сацыяльнай абароненасці ўсіх грамадзян, прыкладам здаровага грамадства і традыцыйных каштоўнасцей. І многімі іншымі дасягненнямі беларускага народа, якія імпануюць простым еўрапейцам і амерыканцам.

Заходнім элітам страшна, што заўтра іх народы выйдуць на вуліцу і скажуць канчатковае не неаліберальным каштоўнасцям. Яны ўжо там. Толькі нам праз іх СМІ не гавораць, супраць чаго ў Францыі, Бельгіі, іншых краінах змагаюцца звычайныя людзі. Яны змагаюцца, каб сказаць не. Яны хочуць нармальна жыць... (Сказаць не. - Заўвага) каштоўнасцям, якія дзеляць грамадства на касты, даюць прывілеі выбраным, кідаюць народы ў амаральную і бездухоўную прорву ў пагоні за нажывай. Гэта ўсё іх. 

Мацнейшая за гэты страх - англасаксонская хцівасць і прага да заваёўванняў, вядомая са старажытных часоў.  Прыродныя багацці і прасторы ўсходнеславянскіх зямель да гэтага часу не даюць ім заснуць.

Вірус нянавісці да ўсяго славянскага перадаецца з пакалення ў пакаленне. Разам са словамі "раб" і "славянін", якія ў мовах ад англійскай і нямецкай да шведскай і французскай гучаць практычна ідэнтычна, аднолькава.

Нецярпімасць заходніх палітыкаў да нашых каштоўнасцей, іх разлікі на нашы рэсурсы матэрыяльныя і чалавечыя - гэта выклікі. Выклікі нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту. Думаю, вы гэта разумееце.

Мы сабраліся з нагоды Дня Незалежнасці напярэдадні ўсіх святочных мерапрыемстваў. Гэта дазваляе нам узняць  у тым ліку несвяточныя тэмы і звярнуцца не толькі да нашых людзей.

Сітуацыю вы ведаеце. Мы знаходзімся ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ў гісторыі чалавецтва ваенна-палітычнага крызісу сусветнага маштабу. Дыялог па яго ўрэгуляванні Захаду не патрэбны. Ім не патрэбны дыялог. Пакуль.

Ва Украіне і так усё развіваецца па іх сцэнарыі. Дзяржпераварот у 2014 годзе адбыўся, укладзеныя ў падрыхтоўку грошы адбіты. Рускіх у Данбасе пачалі забіваць - таксама згодна з планам у свой час. А тое, што адбываецца сёння, - проста падарунак усяму заходнееўрапейскаму істэблішменту.

Цяпер краіны Еўрасаюза, Злучаныя Штаты Амерыкі паскоранымі тэмпамі ўзбройваюць нашу суседку Польшчу. Такім чынам ствараецца яшчэ адзін ачаг напружанасці, ствараецца яшчэ адзін апорны пункт для агрэсіі самай агрэсіўнай краіны ў свеце і, на жаль, самай магутнай - Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта значыць, робяць з яе (Польшчы. - Заўвага) наступны пасля Украіны проксі-палігон у процістаянні з намі, з Расіяй.

Польскаму ўраду варта падумаць сваёй галавой. І перш за ўсё пра свой народ. Для Захаду палякі былі і застаюцца славянамі. А гэта - расходны матэрыял. Вучыце гісторыю, суседзі.

Бліжэйшыя да нас краіны Балтыі проста ўражваюць сваёй самагубнай упартасцю ў імкненні стаць ударным атрадам НАТА. Але ростам, відаць, не выйшлі. Пакуль ім адведзена роля падпявал і правакатараў.

Так, паважаныя сябры, гэта рэаліі. Але рэальнасць і ў тым, што яны нашы суседзі. Там жывуць людзі, падобныя да нас. Таму, нягледзячы на вар'яцтва палітыкаў суседніх краін, мы абавязаны з імі жыць хаця б у "благім міры".

Нашаму ўраду, Міністэрству замежных спраў трэба прапанаваць ім план добрасуседства і міру. 

Мы чарговы раз працягваем вам руку міралюбнасці не таму, што спалохаліся вашых "палкоў" і "харугваў". Мэты іх нікчэмныя, і планы вар'яцкія!

Як і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у здраднікаў і калабарацыяністаў не знайшлося такой колькасці душ, каб сфарміраваць з іх "вызваленчае войска". 

У Вялікую Айчынную такія зборышчы выдаваліся за беларускіх партызан, якія ваююць з камуністычным рэжымам. Для іх гэта ўсё скончылася трагічна - трыбуналам і эшафотам. Для тых, хто схаваўся і каго схавалі за акіянам, - забыццём і ганьбай. 

Калі нехта хоча паўтарыць - гэта іх выбар. Не самы разумны, улічваючы зменены расклад сіл.

Інтрыга ва ўсёй гэтай гісторыі толькі адна: ці ўсведамляюць заходнія палітыкі, што яны ўласнымі рукамі кладуць галаву Еўропы на ядзерную гільяціну? Яны ўсур'ёз думаюць, што абыдуцца малой ахвярай? Не дай бог успыхне самая страшная ў гісторыі вайна, - не проста будзе горача ў Варшаве, Кіеве або Вільнюсе. Знікнем мы, Еўропа як цывілізацыя. Ну, ім жа гэта не трэба. Нам таксама. 

Беларусь, Расія ў такім зыходзе катэгарычна не зацікаўлены.

Бо, па сутнасці, нават адрозніваючыся нацыянальнымі інтарэсамі, каштоўнасцямі, мы, краіны Усходняй і Заходняй Еўропы - нашага агульнага дому, маглі б і павінны развівацца разам. Мы можам быць цікавыя і карысныя адзін аднаму ва ўсіх сферах - эканамічнай, навуковай, адукацыйнай, культурнай.

У нас і праблем хапае. Але таксама агульных. Клімат мяняецца, мы ледзь ці не кожны год змагаемся за ўраджай. Шмат энергетычных пытанняў, доступ да рэсурсаў, у тым ліку і працоўных. Дэмаграфічная сітуацыя. Рост экстрэмізму, кіберзлачыннасці. Заходнюю Еўропу накрывае хваляй міграцыйнага крызісу. Рана ці позна яна захопіць і ўсходнюю частку.

Нам трэба супрацоўнічаць і памятаць: якія б мускулы, які б ваенны патэнцыял мы ні нарошчвалі, якія б тэхналогіі ні развівалі - мы не мацнейшыя за прыроду. Пандэмія паставіла ўжо ўсіх на месца. А што будзе далей? Што яшчэ можа выйсці з біялабараторый, раскіданых па ўсёй еўразійскай прасторы? 

Мы зноў нібыта забылі, што не ўсё залежыць ад нас. Што мы пясчынкі ў Сусвеце, а нашы геапалітычныя гульні - пыл. Трэба спыніцца, пакуль не позна. 

Мы па-ранейшаму заклікаем да міру. У глабальным сэнсе.

Але калі дзяржаўнасць, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека нашых народаў апынуцца пад рэальнай пагрозай, мы, нават не раздумваючы, адкажам адэкватна. Не выпрабоўвайце нашу славянскую цярплівасць і свой лёс.

Цяпер стала модна гаварыць пра цэнтры прыняцця рашэнняў. Дык вось, каардынаты гэтых цэнтраў нам да міліметра вядомы. І пазаўчора яны выразна і дакладна вызначаны і зацверджаны мною на ваенных картах. 

Трэба садзіцца за стол перагавораў і пачынаць выбудоўваць новую сістэму бяспекі ў рэгіёне. Я даўно да гэтага заклікаю. І давайце мірна ствараць на карысць нашых народаў.

Дарагія беларусы!

Мы знаходзімся ў самым цэнтры Еўропы. І ў цэнтры старажытнай гісторыі. Тысячу гадоў таму тут кіпела жыццё. 

Ужо тады нашы далёкія продкі, славяне, на гэтым кавалку зямлі стваралі асновы нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Стваралі ў бітвах за сваю зямлю, за свабоду, за свае народ і жыццё. І мы праігнараваць гэта не зможам. 

Як бы ні было сёння цяжка, якімі ні былі б сучасныя рызыкі і пагрозы, нам з вамі ўсё ж выпала шчасце будаваць сваю будучыню выключна ў інтэлектуальных і працоўных бітвах. І мы цэнім гэты шанц. Мы ствараем.

Я дзякую ўсім вам, беларусам, за вашу працу. 

У першую чаргу вяскоўцам. Вас амаль у тры разы менш, чым было напярэдадні набыцця намі незалежнасці і распаду вялікай краіны. У тры разы менш. Але атрымліваеце ў паўтара раза больш збожжа, значна прыбавілі ў вытворчасці прадуктаў харчавання. 

Мы поўнасцю забяспечваем сябе неабходнай для палёў і ферм тэхнікай. 

Дзякуй усім, хто працуе ў прамысловасці, сферах інавацыйных і тэхналагічных распрацовак. 

У тым ліку дзякуючы вам Беларусь сярод лідараў па вытворчасці сельгастэхнікі, грузавых аўтамабіляў і кар'ерных самазвалаў.

На кожным з нашых гігантаў сёння выпускаюцца топавыя машыны, такія як беспілотны трактар і самы вялікі ў свеце грузавік, высокадакладнае абсталяванне, станкі і шмат іншага. 

Беларуская навука ў многіх галінах знаходзіцца на вядучых, перадавых пазіцыях. 

Распрацоўваем і вырабляем унікальныя прыборы, прамысловае і медыцынскае абсталяванне, электратранспарт. Павышаем сваю тэхналагічную незалежнасць. 

На арбіце Зямлі працуюць нашы спадарожнікі. Сумесна з Расіяй ствараем новыя.

Вядома, гісторыя ствараецца не толькі прарыўнымі распрацоўкамі і ўдарнай працай на вытворчасці. 

Я дзякую ўсім, хто выхоўвае і вучыць нашых дзяцей, лечыць і ратуе жыцці. Без гэтага не можа быць прарыўных тэхналогій. 

Усім, хто забяспечвае ўтульнасць і прыгажосць роднай Беларусі, развівае сферу паслуг, узбагачае нашу культуру, дапамагае старым і людзям, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. 

Усім, хто ахоўвае наш мірны сон і абараняе асновы беларускай дзяржаўнасці, адстойвае інтарэсы краіны за мяжой. 

Наша з вамі штодзённая праца і тыя намаганні, якімі мы ствараем дабрабыт Беларусі, - і ёсць цана незалежнасці. Цана, аб якой я пастаянна гавару. Больш пакуль не трэба. 

Ствараючы, мы становімся мацней. Становімся мацней - гарантуем незалежнасць і мір на роднай зямлі. Вось і ўся філасофія жыцця. Вось і ўвесь сэнс Года міру і стварэння.

Мы шмат зрабілі, планаў у нас яшчэ больш. 

І я жадаю ўсім вам новых прафесійных дасягненняў, шчасця, моцнага здароўя. 

Беражыце родную зямлю, мір, традыцыі. Беражыце сябе і сваіх дзяцей. 

І не хвалюйцеся. Я ведаю, вы крыху хвалюецеся, перажываеце. 

Усё будзе нармальна, часам нават добра.

(Апладысменты)

Таму што ў вас ёсць мы, наша пакаленне, здольнае вас абараніць! І ніякая зброя нам не страшная. Ні ядзерная. І ніякія "харугвы" і "палкі" нам не страшныя. І не толькі таму, што ў нас няма ПВК "Вагнер".

(Апладысменты)

Не тэма сённяшняга дня. Калі-небудзь мы на гэту тэму пагаворым. Скажу толькі адно. Некалі я вам на вялікім форуме гаварыў: калі вы не ведаеце, што рабіць у той ці іншай сітуацыі, а вашы ворагі гвалтам крычаць, рабіце ўсё наадварот. Калі яны крычаць, што ядзерная зброя - гэта дрэнна, рабіце наадварот. 

(Апладысменты) 

Прывяду вам прыклад. Цяпер збеглыя, а ўчора тыя, хто рваўся да ўлады, памятаеце, крычалі: "Прыйдзем да ўлады, Беларускую АЭС знішчым, яна нам не патрэбна". Чаму так гаварылі? Таму што ім падказвалі адтуль, і перш за ўсё ад нашых суседзяў - Польшчы, Літвы. 

А што яны сёння гавораць? Літва запланавала будаўніцтва сабе новай атамнай станцыі. Замест той, якую знішчылі. Польшча ажно дзве ці тры плануе пабудаваць. А чаму нашым дурням гаварылі: "Не трэба будаваць, трэба знішчыць"? А канкурэнты нікому не патрэбны. Той, хто сёння не жыве прарыўнымі, сучаснымі, суперсучаснымі тэхналогіямі - дзяржава загніваючая, паміраючая. 

Ядзерная энергетыка - гэта суперсучасныя тэхналогіі. Калі прыродны газ падскочыў да $2 тыс. за кубаметр, а мы з вамі спажывалі па $120. У іх $2 тыс., а ў нас $120 было.

(Апладысменты) 

Дык вось калі, прабачце мне, скажу ненарматыўнай лексікай, "дурніца" для іх скончылася расійская - танныя газ і нафта, - яны пачалі гаварыць, што ядзерная энергетыка - гэта зялёная энергетыка, яна самая бяспечная і яе трэба развіваць. 

Немцы ціхенька тое, што планавалі закрыць, адтэрмінавалі закрыццё. Французы (яны ўмеюць будаваць атамныя станцыі, усяго 5-6 краін у свеце) - яны пачалі будаваць новыя станцыі. Па ўсім свеце, дарэчы. Гэтак жа, як амерыканцы, японцы, карэйцы і іншыя. Гэта я проста вяртаю вас у недалёкае мінулае, сведкамі якога вы былі. І калі б мы адступілі ад гэтага, мы сёння закуплялі б на 5-6 млрд больш кубоў газу прыроднага. Няхай ён сёння танны, але некалі ён быў дарагі і падаражэе. А гэта самая танная, самая бяспечная энергетыка. Але галоўнае - яна нам патрэбна. 

Гэтак жа яны сёння гавораць пра ядзерную зброю, якая завезена ў Рэспубліку Беларусь. Калі вы будзеце выступаць супраць гэтага, не трэба нікога крытыкаваць. Я ўжо аб гэтым гаварыў. Гэта была мая жорсткая ініцыятыва. І чым больш мы жывём, тым больш пераконваемся, што яна павінна ляжаць у нас, у Беларусі, у надзейным месцы. І я ўпэўнены, што нам ніколі не давядзецца яе прымяняць, пакуль яна ў нас, і ніколі на нашу зямлю не ступіць нага ворага. 

(Апладысменты) 

Тое ж самае цяпер (не з Беларусі) раздулі і раздуваюць гэту праблему ПВК "Вагнер" - прыватнай ваенізаванай кампаніі "Вагнер". Ды супакойцеся. Калі б можна было іх запрасіць сюды (за іх кошт), гэта для нашай арміі добра. Гэта самыя падрыхтаваныя людзі. Гавораць: "Там зэкі". Паслухайце, усе ваеннаслужачыя, якія там былі, асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль. І яшчэ адзін нюанс, які яны (апаненты на Захадзе. - Заўвага) не хочуць тлумачыць: асуджаныя вызваляліся з месцаў пазбаўлення волі ў Расіі толькі для расійскага фронту. Ні адзін чалавек за мяжу не выязджае. 

Дык хто ж яны, гэтыя вагнераўцы? Я іх ведаю даўно. З таго часу, памятаеце, як мы "33 волаты", па-мойму, у 2020 годзе затрымлівалі тут пад Мінскам. І яны з таго часу, мы іх з богам адпусцілі, удзячныя нам. І за Бацьку заўсёды ставяць свечку ў царкве. Яны нам не страшныя. 

(Апладысменты) 

Гэта людзі, якія прайшлі армію, якія прайшлі войны. Гэта людзі, якія ваявалі па ўсім свеце за нармальную цывілізацыю. Захад іх ненавідзіць на дух. І як толькі пайшоў шумок, што вось яны тут, у Беларусі, слухайце, - шквал званкоў - ад тых, хто нас не прызнае. Дыктатару пачалі тэлефанаваць у Беларусь: "Гэта дрэнная рэч, гэта дрэнны сігнал!" А чаму дрэнны? Чаму для французаў дрэнны? Таму што гэтыя вагнераўцы ў Афрыцы (ведаеце, у якіх краінах) калашмацілі гэтых французаў, што толькі пыл ляцеў. Вядома, ім гэта не падабаецца. 

На жаль, у нас іх няма. А калі іх хлопцы-інструктары, як я гаварыў ужо ім, прыедуць і перададуць баявы вопыт нам, мы прымем гэты вопыт. Некаторыя камандзіры ўжо гавораць аб тым: "Прышліце нам пару інструктараў. Няхай дапамогуць, няхай падкажуць". 

І скажу вам абсалютна непапулярную рэч: армія толькі тады армія, калі яна ваюе. Чаму такія паспяховыя амерыканцы, як бы мы іх ні крытыкавалі? Таму што яны пастаянна ваююць. І яны ведаюць, якую зброю вырабляць і закупляць. Гэта не наш шлях. Ваяваць - гэта не маё і, тым больш, не ваша. Я не збіраюся ваяваць. Але я 30 гадоў амаль рыхтуюся да гэтай вайны. Таму мы жывём у мірны час. 

(Апладысменты) 

Вось такі вось несвяточны мэсэдж. На ўсякі выпадак. Каб вы не перажывалі і не хваляваліся. А сёння мы жывём пад мірным небам. І я чарговы раз хачу павіншаваць вас са святам. 

З Днём Незалежнасці! Жывіце доўга і будзьце здаровыя! 

(Апладысменты).