Тэлефонная размова з Першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Нурсултана Назарбаева з днём нараджэння. Напярэдадні Першаму Прэзідэнту Казахстана Кіраўнік беларускай дзяржавы накіраваў тэлеграму, а сёння адбылася тэлефонная размова.

    Акрамя віншавальнай тэматыкі Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў абмеркавалі абстаноўку на бягучы момант - сітуацыю вакол Беларусі і Казахстана і ў краінах постсавецкай прасторы. Нурсултан Назарбаеў падрабязна цікавіўся абстаноўкай у нашым рэгіёне.

    Беларускаму народу Першы Прэзідэнт Казахстана адрасаваў самыя цёплыя пажаданні.

    У адпраўленай у адрас Нурсултана Назарбаева віншавальнай тэлеграме змешчаны пажаданні добрага здароўя, дабрабыту, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.

    "З вашым імем непарыўна звязаны маштабныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні незалежнага Казахстана, яго станаўленне ў якасці сучаснай дзяржавы, якая дабілася значных поспехаў на міжнароднай арэне", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што складана пераацаніць уклад Нурсултана Назарбаева ў наладжванне дружалюбных і даверных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. "Узаемная падтрымка і плённае двухбаковае супрацоўніцтва на працягу многіх гадоў сталі асновай для стварэння інтэграцыйных аб'яднанняў на еўразійскай прасторы, садзейнічалі ўстойліваму развіццю Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан", - падкрэсліў Прэзідэнт.