Сустрэча з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане

  • 17

Спартыўныя дасягненні з'яўляюцца галоўнай ідэалогіяй у дзяржаве. Падтрымка развіццю гэтай сферы будзе аказвацца і ў далейшым, але за канкрэтныя вынікі. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 сакавіка ў час уручэння дзяржузнагарод пераможцам і прызёрам Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.

"У гэтай зале сабраліся сапраўдныя, мужныя людзі. На зімовых Гульнях мы былі сведкамі бязлітаснай барацьбы не толькі на стадыёнах, але і ў судзейскіх кулуарах. Нават у міждзяржаўных адносінах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што алімпійскае золата ў жаночай эстафеце стала для некага нечаканасцю, але не для беларускіх балельшчыкаў. "Нашы дзяўчаты малайцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў і перамогі біятланісткі Дар'і Домрачавай на далейшых пасля Алімпіяды этапах Кубка свету: "Павінен сказаць табе як чалавек неабыякавы да ўсіх нашых спартсменаў, што гэта былі перамогі асаблівыя. Мне здалося, што такіх у цябе наогул не было ў кар'еры. Яны адрозніваліся ад усіх папярэдніх. У адной гонцы ты наогул паказала, як кажуць у народзе, зверскі характар, калі ў такую гару... ззаду толькі пыл слупам снежны стаяў. А апошняя гонка - мас-старт - гэта наогул была гросмайстарская гонка".

"Я гэта кажу як прыклад таго, як трэба змагацца, але для трэнераў гэта ўрок. Уявіце, калі б Домрачава ў такой форме падышла да Алімпіяды. Там бы, напэўна, золата засталося толькі ў беларускай каманды. Гэта той прыклад, якога мы павінны прытрымлівацца, вучыцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Прэзідэнт рэзка выказаўся адносна выступлення на Алімпіядзе мужчынскай каманды па біятлоне. "Такой ганьбы, як у біятлоне ў мужыкоў, у краіне быць не павінна. Тым больш, што насцярожвае, мы ж зверху падаем уніз. Мяне наогул здзіўляе, калі мужык не можа на ўзроўні іншых прабегчы 10 км. А яшчэ горш - страляць не ўмее, горш за дзяўчат. Гэта што за мужыкі, што гэта наогул за падрыхтоўка і што гэта за трэнер?" - абурыўся Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў паралімпійцам. "Вы проста малайцы! Я, напрыклад, не мог адарвацца ад экрана, гледзячы на ўсе вашы гонкі. Я балеў за вас не менш, чым за нашых алімпійцаў, - сказаў ён. - Вы настолькі моцна выступалі, што цяжка ўявіць, што чалавек, які мае ўсе магчымасці, так выступіў бы".

"Я чакаў вас тут для таго, каб павіншаваць і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Вельмі вам удзячны за той уклад, які вы ўнеслі ў развіццё спорту і праслаўленне нашай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ордэны і медалі ўручаны за высокае прафесійнае майстэрства, выдатныя спартыўныя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у паспяховае выступленне нацыянальных каманд.

Ордэна Айчыны ІІІ ступені з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" удастоена трохразовая паралімпійская чэмпіёнка і бронзавы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Святлана Саханенка.

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, Герой Беларусі Дар'я Домрачава ўзнагароджана ордэнам "За асабістую мужнасць".

Аналагічнай узнагародай і ганаровымі званнямі "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" адзначаны заслугі алімпійскіх чэмпіёнак па біятлоне Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко і Надзеі Скардзіна.

Ордэнам Пашаны з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" узнагароджаны паралімпійскі чэмпіён і трохразовы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Юрый Голуб.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны двухразовы бронзавы прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Лідзія Графеева і генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Мікалай Шудзейка.

Ганаровае званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" прысвоена трэнеру-выкладчыку па лыжных гонках сярод інвалідаў Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву Мікалаю Шаблоўскаму.

Двухразовы сярэбраны прызёр зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 года Дзмітрый Лобан удастоены ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь".

Акрамя таго, за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і значны асабісты ўклад у забеспячэнне выдатных спартыўных вынікаў нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта шэрагу прадстаўнікоў спартыўнай сферы. У іх ліку старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель, спартсмены - лідары паралімпійцаў, якія заваявалі ўзнагароды, Дзмітрый Будзіловіч і Раман Яшчанка, трэнеры-выкладчыкі Юрый Буранаў, Васіль Гаўруковіч, Інеса Казлова, Міхаіл Лебедзеў і трэнер-урач Ірына Кузьміна.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбылася працяглая і грунтоўная размова Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі Гульняў. Абмеркаваны розныя аспекты - работа трэнерскага складу, пытанні забяспечанасці спартыўным інвентаром, якасці яго падрыхтоўкі да міжнародных стартаў, падбору перспектыўных кадраў, спартыўнага харчавання. Фактычна, гэта мерапрыемства стала пралогам маючай адбыцца вялікай нарады па зімовых відах спорту.

"Мы вельмі падрабязна, дэталёва разбяром тыя недахопы, памылкі і хібы, якія ў нас ёсць у зімовых відах спорту, зробім адпаведныя высновы. Ужо нямала зроблена. Ужо выбудоўваецца сістэма. Ніякіх шалёных грошай не будзе. За вынік будзем плаціць. І для падрыхтоўкі мы таксама грошай не пашкадуем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт, выслухаўшы прапановы, адзначыў, што ў канчатковым выніку крытэрыем усяго з'яўляецца вынік і практыка. Менавіта на гэтым ён акцэнтаваў увагу ў ходзе ўсёй размовы. "Няма нідзе ў свеце іншай сістэмы, чым тая, якую я прапаную. Я гатовы ў вас укладваць грошы, але вы дайце вынік. Калі выніку няма, у мяне ж людзі спытаюць... І яны недзе намякаюць. Гэта ж датычыцца вашых трэнераў. Вазьміце ў хакеі... У нас былі ўсяго тры каткі - мы чацвёртымі на Алімпіядзе станавіліся. Цяпер - 33. А вынік падае. Што я магу ім сказаць?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што, напрыклад, хакею ўдзяляецца шмат увагі зусім не таму, што і сам Прэзідэнт захапляецца гэтым відам спорту: "Я раблю для краіны, для людзей".

Гаворачы аб трэнерах у розных відах спорту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і сам з'яўляецца прыхільнікам стабільнага трэнерскага складу. "Каб яны выбіралі лепшых, падцягвалі іх. Але галоўнае - вынік. Гэта народныя грошы. Трэнер можа або загубіць, або падняць. Таму, калі вы (спартсмены) даяце вынік, значыць, трэнер працуе. Калі выніку няма - не будзе гэтага трэнера", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, ёсць над чым працаваць і ў сферы інваспорту, нягледзячы на тое, што на Паралімпіядзе быў паказаны добры вынік. "Патрэбны добры падбор спартсменаў. І гэта справа трэнераў. Мы дамовіліся, што створым адпаведныя фонды, выдзелім сродкі. Мы таксама спартсменаў забяспечым, якіх вы адбераце для выніку, - сказаў Прэзідэнт. - Але за вынік запатрабуем. Інакш быць не можа. Бо будзе так, як у лыжнікаў - казкі мне расказвалі на працягу пяці гадоў. Дараслі да таго, што на адной пятлі ў здаровых мужыкоў яны прайгравалі ўжо 45 секунд. Гэта што за гонка?"

"Лыжы і інвентар - гэта самае простае. Справа ў людзях. Павінен быць трэнер і спартсмен", - падкрэсліў беларускі лідар.

Са свайго боку дзяржава пастараецца зрабіць усё магчымае для развіцця ў краіне зімовых відаў спорту. Так, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што раней даручаў наладзіць вытворчасць лыжаролераў, лыжных чаравікаў і ратракаў (гусенічны транспарт для падрыхтоўкі лыжных трас). Плануецца таксама на працягу лета паставіць у спецыялізаваныя трэніровачныя цэнтры снегавыя пушкі, ратракі і неабходны інвентар. Створаць неабходныя ўмовы для трэніровак і ў рэгіёнах. У прыватнасці, прадумаюць арганізацыю там лыжаролерных трас.

Акрамя таго, на "Целяханах" збіраюцца наладзіць выпуск больш сучасных і якасных лыж. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, і сам наведае завод, каб больш падрабязна азнаёміцца з яго прадукцыяй і асаблівасцямі вытворчасці. Вядуцца перагаворы аб магчымасці адкрыцця ў Беларусі аўстрыйскай кампаніяй Fischer вытворчасці лыжнага інвентару.

На сустрэчы размова ішла і аб інвентары для інваспорту, у прыватнасці, спецыяльных санях у лыжных дысцыплінах. "Калі трэба хлопцам і дзяўчатам - у рэшце рэшт трэба купіць і прывезці сюды самыя сучасныя. Іх жа няшмат трэба", - заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што, магчыма, у Беларусі змогуць у гэтым напрамку сканструяваць нават лепшыя мадэлі, чым ёсць у свеце.

"Паглядзіце, усё, што лепшае ў свеце ёсць, нам трэба купіць. Прывязіце сюды гэтыя ўзоры. Калі мы не зможам гэта зрабіць у сябе, мы закупім. Але вы павінны выступаць на самым лепшым абсталяванні, якое ёсць у свеце. Каб вы маглі ў роўных умовах спаборнічаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама паабяцаў, што на працягу года-двух у Беларусі зробяць рашучы крок у напрамку паляпшэння ўмоў для падрыхтоўкі лыжнікаў. "Мы абавязкова пабудуем так званую трубу ў Беларусі. Я хацеў бы, каб гэта было на працягу года зроблена. Ужо цяпер праводзяцца вышукальныя работы. Мы знойдзем сродкі для таго, каб узвесці гэта збудаванне, каб нашы лыжнікі - і спартсмены, і аматары - маглі круглы год займацца на снезе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў, што ў Мінску ўжо вызначана месца і ёсць інвестары для ўзвядзення яшчэ аднаго будынка для падрыхтоўкі лыжнікаў з трасай на 1,2 км. "Будзе зроблена ўсё для таго, каб вы маглі рыхтавацца і дастойна выступаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па традыцыі неад'емнай часткай урачыстага мерапрыемства стала экскурсія па Палацы Незалежнасці. Ганаровыя госці з цікавасцю аглядалі залы, у сценах якіх праходзілі знакавыя міжнародныя мерапрыемствы і прымаюцца найбольш важныя дзяржаўныя рашэнні. У сувязі з гэтым уручэнне высокіх дзяржузнагарод сімвалічна падкрэсліла і іх асабісты ўклад ва ўмацаванне краіны.