Нарада па пытаннях абароны Беларусі
- 10
- 3:59
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 1 снежня правёў планавую нараду па пытаннях абароны Беларусі.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, на нарадзе будуць абмеркаваны пытанні ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі і меры далейшага рэагавання на яе.
Паводле слоў Прэзідэнта, усе сілавыя ведамствы адзначаюць рост колькасці правакацый каля дзяржаўнай граніцы. "Украіна пад любым выглядам спрабуе ўцягнуць войскі дзяржаў - членаў НАТА ў канфлікт. Усё гэта пацвярджаецца нядаўнімі падзеннямі ракет на тэрыторыю Польшчы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Адначасова з боку збеглай апазіцыі, бандытаў нашых, усё часцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і ўчынення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі. Асобныя з гэтых збеглых не проста здраднікі, але экстрэмісты ў квадраце. Па-іншаму назваць іх не магу. Ужо адкрыта, не саромячыся заклікаюць да нанясення ўдараў па аб'ектах на тэрыторыі нашай краіны. Забылі нават пра тое, што на тэрыторыі Беларусі пражываюць іх сваякі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На гэтым фоне заходнія дзяржавы прадаўжаюць нарошчваць ваенны патэнцыял сваіх узброеных сіл, мадэрнізуюць інфраструктуру на тэрыторыі суседніх краін, павялічваюць інтэнсіўнасць правядзення мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Усё гэта вядзе да абвастрэння і так складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны і ў рэгіёне ў цэлым", - заявіў ён.
"Пакуль нам удаецца стрымліваць верагоднага праціўніка ад прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі. Але тым не менш мы павінны пастаянна кантраляваць, бачыць і не прапусціць - ні ў якім разе не прапусціць - прыкметы, якія пакажуць на непасрэдную падрыхтоўку да агрэсіі супраць нашай краіны. Сёння неабходна зрабіць зрэз таго, што ўжо выканана для абароны дзяржавы, і намеціць, у якім напрамку трэба рухацца далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я заўсёды паўтараў і яшчэ раз хачу сказаць: урокі, урокі, урокі. З таго, што адбываецца, па перыметры нашай Беларусі, атрымліваць урокі - важнейшая наша задача".
Удзельнікі нарады таксама маюць намер ацаніць эфектыўнасць прынятых ужо мер па павышэнні абараназдольнасці дзяржавы і вызначыць патрэбнасці ў прыняцці дадатковых рашэнняў на ўзроўні Прэзідэнта.