Нарада аб рабоце эканомікі ў 2020 годзе і праектах прагнозу развіцця краіны на 2021-ы
- 11
- 11:58
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 7 снежня нараду аб рабоце эканомікі ў бягучым годзе і праектах прагнозных дакументаў на 2021 год.
Урад і Нацыянальны банк унеслі на разгляд Прэзідэнту пакет прагнозных дакументаў. Каб атрымаць па іх усебаковыя меркаванні і зверыць прапанаваныя падыходы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады, на нараду да Кіраўніка дзяржавы быў запрошаны шырокі склад удзельнікаў, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, віцэ-прэм'еры, міністры, губернатары.
"Я пастаянна падкрэсліваў і хачу яшчэ раз падкрэсліць: калі Урад і парламент прымуць рашэнне, што гэтыя дакументы, якія будуць фармалізаваны ў законах і ўказах Прэзідэнта, спрыяльныя для развіцця нашай краіны, і гэта будзе задавальняць запатрабаванні мясцовых органаў улады ў асобе губернатараў, значыць, так таму і быць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён папярэдзіў: "Мы вельмі бойка, вельмі хутка ажыццяўляем розныя прагнозы, прымаем рашэнні. Па ўстаноўленай практыцы апошнія гады гэта не выконваем. Таму не будзем доўга размаўляць. Рашэнні будуць прыняты, фармалізаваны ў законах і ўказах Прэзідэнта. Адсечкі на паўгода, дзевяць месяцаў - па выніках года хто не выканаў, ідзе на адпачынак. Каб не было нікому крыўдна, давайце аб гэтым дамовімся раз і назаўсёды".
"Усе настойваюць на тым, што трэба пераразмеркаванне паўнамоцтваў. Я заўсёды дадаваў: паўнамоцтвы мы пераразмяркуем, дабавім каму мала, але і адказнасць пяройдзе на тых, хто атрымае гэтыя дадатковыя паўнамоцтвы. У дадзеным выпадку вось самая дэмакратычная схема, ва ўсіх дэмакратычных дзяржавах менавіта так: Урад унёс, парламент узгадніў - калі гэта закон, Кіраўнік дзяржавы яго падпісвае або адхіляе, калі парушаюцца прынцыпы, якія ўстаноўлены Усебеларускім народным сходам. На чарговыя пяць гадоў асноўныя прынцыпы функцыянавання нашай дзяржавы будуць устаноўлены гэтым з'ездам народа. Абсалютна празрыстая, прыгожая, дэмакратычная схема", - заявіў Прэзідэнт.
"Асаблівасць гэтай нарады ў тым, што мы не толькі падвядзём папярэднія вынікі года, але і разгледзім прагноз на год. Пра пяцігодку размовы сёння не будзе. Зразумела, гэта стартавы год, ён вельмі важны для пяцігодкі, таму мы будзем яго скрупулёзна разглядаць. А на пяцігодку, магчыма, будуць якія-небудзь карэкціроўкі па выніках года. У пачатку студзеня яшчэ раз вернемся да пяцігадовага плана, тым больш што мы яго будзем разглядаць на Усебеларускім народным сходзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што можна па-рознаму глядзець на вынікі работы эканомікі ў гэтым годзе. Недацягнула да ўзроўню мінулага года прамысловасць, знізіліся інвестыцыі, на 15% прасеў экспарт. "Але сёння трэба паглядзець шырэй і разумець, якія надзвычайныя выклікі стаяць і чаго нам удалося пазбегнуць. Гэта вельмі важна для планавання на будучыню. На долю дзеючага Урада выпаў адзін з самых складаных перыядаў за апошнія дзесяцігоддзі. Часам сітуацыя мянялася не па месяцах і не па тыднях, а па днях", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што ключавая задача дасягнута - захавана фінансавая стабільнасць у банкаўскай сферы, на валютным рынку. "Без пратэрміновак разлічыліся па ўсіх даўгах. І гэта ўдалося забяспечыць на фоне жорсткіх бюджэтных рамак і галоўнага шоку года - каравіруса. І для гэтага было зроблена ўсё магчымае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў падрыхтаваных прагнозных дакументах Урад прапануе сканцэнтравацца на сацыяльнай стабільнасці і задачах, якія яе забяспечваюць, а менавіта: рост даходаў, стрымліванне цэн на сацыяльна значныя тавары, будаўніцтва жылля, кантроль узроўню беспрацоўя. "Нармальна, канцэптуальна падыход правільны", - пракаменціраваў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што задача па стрымліванні росту цэн павінна датычыцца не толькі харчовых тавараў: "А хто сказаў, што халадзільнік і пральная машына не з'яўляюцца значнымі для насельніцтва таварамі? Яны таксама значныя. Таму трэба раз і назаўсёды выпрацаваць механізм стрымлівання цэн па ўсіх напрамках і параметрах. А то атрымліваецца, што сялян мы стрымліваем (у асноўным жа гэта пытанне прадуктаў харчавання і адзення), а ўсім астатнім - вольніца. Але гэта ўсё роўна так ці інакш уплывае на цэнаўтварэнне ў той жа сельскай гаспадарцы, на прадукты харчавання. Мы аб гэтым нямала гаварылі, і ўжо на вопыце выпрацавалі практыку кантролю за цэнаўтварэннем, стрымліваннем інфляцыі". Да гэтага працэсу падключаны і прафсаюзы, дэпутаты мясцовых саветаў, парламентарыі.
"Улічваючы палітру падзей, у якую мы паглыблены як звонку, так і знутры, будаваць вельмі строгія планы на наступны год было б неразважліва. З другога боку, зніжэнне ўжо дасягнутага ўзроўню непрымальна ні сацыяльна, ні эканамічна, ні палітычна, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Пры гэтым хачу перасцерагчы Урад, губернатараў і ўсіх астатніх, хто будзе выконваць прынятыя рашэнні па сацыяльна-эканамічным развіцці: спасылацца на тое, што ў нас пандэмія і ўся эканоміка ў свеце спынена і нам няма з кім працаваць і гандляваць - не прымаецца. Забудзьце аб гэтым. Так, гэта фон, фон непрыемны. Але мы павінны паставіць перад сабой мэты і, чаго б гэта ні каштавала, іх дасягнуць. Я патрабую толькі адно: у будучым годзе павінна быць дадатная дынаміка па ўсіх напрамках. Пры гэтым кожны крок абавязкова павінен адпавядаць двум патрабаванням: эканамічная эфектыўнасць і беражлівае, уважлівае стаўленне да запатрабаванняў людзей".
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць максімальнага працаўладкавання непрацуючых грамадзян. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць на злобу дня: неадкладна на мясцовым узроўні (старшыням аблвыканкамаў перш за ўсё і Мінскаму гарвыканкаму) заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, тых, хто сноўдаецца, і прымусіць іх працаваць. Паўтараю, як бы непапулярна гэта ні гучала: сёння чалавек, які не працуе, бадзяецца - гэта не проста пратэстун на вуліцы, гэта будучы злачынец, які падкідвае нам кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц злачынствы, і мы трацім вялікія грошы для раскрыцця гэтых злачынстваў, а потым некаторых яшчэ маем на ўтрыманні ў месцах не такіх аддаленых".
Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у краіне неабходныя рэсурсы, каб забяспечыць сацыяльны акцэнт у прагнозных дакументах. "Тым больш што і ў пытанні эканамічнага росту значная роля адводзіцца павелічэнню ўнутранага попыту. Гэта правільна. Вядома, унутраны попыт трэба закрыць самім. Хто і як будзе яго фінансаваць? Ці не парушым мы ўстойлівасць і баланс у эканоміцы? Трэба быць акуратнымі. Скажу шчыра: калі мы ўзровень сацыяльнай абароненасці ў будучым годзе захаваем на ўзроўні бягучага, гэта будзе нядрэнна. Крыху дабавім - будзеце малайцы, - акрэсліў задачы для ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка. - Наколькі "жывыя" тыя інвестыцыйныя праекты, якія запланаваны на будучы год, і як яны ўвязаны з развіццём тэрыторый і гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 80 тыс. чалавек?"
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго некалькі насцярожвае працэс фарміравання бюджэту. "Другі год запар прапануецца планаваць яго з дэфіцытам. З аднаго боку, назапашаны пэўныя астаткі прафіцыту бюджэту мінулых гадоў. З другога - жыць на запасах доўга проста не атрымаецца. Што плануецца зрабіць, каб быў парадак у гэтым пытанні?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
У якасці аднаго з важных пытанняў нарады Прэзідэнт абазначыў таксама планаванне на сярэднетэрміновую перспектыву: з якімі вынікамі краіна падышла і з чым уступае ў новую пяцігодку. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што напярэдадні Усебеларускага народнага сходу неабходна не толькі адкрыта назваць дасягненні, але і прааналізаваць недапрацоўкі. "Лічу, што ў нашых сілах не пераносіць праблемы для іх вырашэння на далёкую будучыню", - падкрэсліў беларускі лідар.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Урадам з прыцягненнем шырокага кола дзяржорганаў і экспертаў выпрацаваны пяць прыярытэтаў: павышэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу, лічбавая трансфармацыя, рэгіёны і фарміраванне інстытутаў развіцця. "Ці ахопліваюць яны ўсе актуальныя праблемы і, галоўнае, перспектыўныя задачы? Ці дазволяць яны аб'яднаць грамадства, каб кожны (у тым ліку і з альтэрнатыўнымі поглядамі) убачыў сябе ў гэтым маштабным працэсе абнаўлення Беларусі (ну калі ён, вядома, не сляпы, то пастараецца, прынамсі, убачыць)?" - абазначыў актуальныя пытанні Кіраўнік дзяржавы.
Па выніках нарады дакументы былі ў цэлым адобраны Прэзідэнтам. Адзначалася, што раней праект бюджэту і прагноз развіцця краіны на 2021 год абмяркоўваліся ў парламенце, у тым ліку на ўзроўні профільных камісій. Пасля сённяшняга абмеркавання дакументы будуць яшчэ раз разгледжаны на экспертным узроўні з удзелам памочніка Прэзідэнта Валерыя Бельскага і прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнай акадэміі навук, пры неабходнасці - Урада і Нацбанка. Пасля гэтага дапрацаваны пакет дакументаў будзе ўнесены на зацвярджэнне Кіраўніку дзяржавы.