Нарада з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі
- 23
- 1:03:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня правёў нараду з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі.
"Гэты і наступныя гады будуць вельмі складанымі і напружанымі. Таму папярэджваю ўсіх прысутных, перш за ўсё службовых асоб, якія займаюцца эканомікай. Не крыўдуйце, але націск і патрабаванні ў сувязі з гэтым будуць толькі павышацца. Не толькі ў час вайны і ў час ваенных дзеянняў даводзіцца мабілізоўвацца, але і ў мірны час. Лічыце, што мы жывём у вельмі складаны мірны час, калі патрэбна ваенная мабілізацыя. Хачу, каб усе гэта засвоілі. Патрэбны жорсткія, часам нетрадыцыйныя метады работы. Але эканоміку краіны трэба ўтрымаць. Гэта няпроста пры той ліхаманцы, якая прысутнічае на міжнародных рынках, у глабальнай эканоміцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, і больш як палавіну вырабленай прадукцыі трэба прадаць за мяжой і атрымаць адпаведныя даходы.
"Таму толькі наперад, ніякіх тлумачэнняў. Няма рэзультату, - выбачайце, вас там няма", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб сітуацыі ў свеце, якая моцна змянілася за апошнія некалькі гадоў, і фарміраванні новай міжнароднай сістэмы. "Сёння ідзе фарміраванне новай міжнароднай сістэмы і контуры шматпалярнасці бачны ўсё больш выразна", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым растлумачыў сутнасць беларускай шматпалярнасці і выказаўся пра адносіны з асноўнымі партнёрамі, і перш за ўсё з Расіяй. Ён адзначыў, што апошнім часам вельмі шмат размоў пра палітыку шматпалярнасці. Некаторыя выказваюць у сувязі з гэтым занепакоенасць, каб не сапсаваць тым самым адносіны з асноўнымі партнёрамі Беларусі - Расіяй і Кітаем. "Нічога падобнага. Вы павінны, прынамсі, пакуль я Прэзідэнт, запомніць аксіёму: бліжэй, чым Расія, расійскага народа для нас няма і быць не можа", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён звязвае такую пазіцыю не толькі з устаноўкамі з савецкіх часоў, але і з эканомікай, цяперашнім высокім узроўнем супрацоўніцтва дзяржаў. "Мы эканамічна, як вы бачыце, адзіныя як ніколі. І апошнія гады нас як ніколі раней у гэтым пераканалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Самыя танныя энерганосьбіты, калі пра эканоміку гаварыць, у Расійскай Федэрацыі. Наша асноўная прастора, дзе мы можам прадаць сваю прадукцыю нават у складаных умовах, - гэта Расійская Федэрацыя. Ваявалі і перамагалі мы разам з Расійскай Федэрацыяй. І праблем паралельна было нямала, чаго там утойваць..."
"Я не гавару ўжо аб ваенна-палітычным супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй. Асабліва ў ваеннай галіне. Калі б у 2020 годзе мы не выстаялі, мы ведаем, што было б. Калі б Расія ў гэты складаны час не падставіла нам плячо, пачынаючы ад звычайных узбраенняў і ядзернага ўзбраення, вельмі цяжка ўявіць, што было б сёння. Напэўна, мы ўжо лоб у лоб стаялі б на захадзе з блокам НАТА", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму для нас Расія - гэта гарант нашай бяспекі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут няма нічога агульнага з папрокамі адносна нібыта страты суверэнітэту краіны. Прэзідэнт згадаў пра нядаўняе інтэрв'ю з замежным журналістам, які расказаў, што на граніцы з Беларуссю напісана "Вы заязджаеце ў акупіраваную Крамлём Беларусь".
"Нічога падобнага няма і быць не можа. Мы суверэнная, незалежная дзяржава. І апошнія дзесяцігоддзі, колькі мы з вамі працуем, мы даказалі ўсяму свету, што мы суверэнныя і незалежныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"А калі ўжо так разважаць, то паўстае пытанне: "А прыхвасні (Захаду. - Заўвага) ва Украіне, яны што, суверэнныя і незалежныя?" - спытаў ён рытарычна. Рэзюмуючы сказанае, кіраўнік дзяржавы заклікаў паслоў, калі ў іх у галаве ёсць нешта "шальное", выкінуць гэта. "Час ідзе. Не заўважыце, як пастарэеце, і задасце сабе пытанне: а супраць каго і за што вы змагаліся? Таму давайце будзем рабіць усё для таго, каб мы былі суверэннымі і незалежнымі, хоць гэта вельмі дорага каштуе".
"Наша палітыка ідзе ад зямлі. Усё зямное. Хто б мне што ні гаварыў. І ў Расіі, і ў іншых месцах я гавару: суседзі ёсць суседзі, іх не выбіраюць, яны ад Бога. А калі гэта сусед, з ім трэба выбудоўваць адносіны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Напэўна, не час мне ламаць тую палітыку, якую мы выбудоўвалі разам з вамі за гэтыя 30 гадоў".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на сутнасці шматпалярнасці: "Мы разумеем шматпалярнасць не як адыход ад нашых традыцыйных саюзнікаў - Расіі, Кітая і іншых. Не, мы разумеем, што ў нас адкрытая эканоміка. Яна перш за ўсё дыктуе ўмовы. Нашы міжнароднае і геапалітычнае становішчы прымушаюць нас думаць не толькі аб тым, што ў нас на поўначы, поўдні і ўсходзе, але і на захадзе. Еўрасаюз таксама наш сусед".
Прэзідэнт адзначыў, што з высокатэхналагічным Еўрасаюзам імкнуцца супрацоўнічаць і многія партнёры Беларусі, уключаючы Кітай. У аснове гэтай палітыкі знаходзяцца канкрэтныя інтарэсы.
"Зыходзячы з нашага становішча мы і выбудоўваем нашу палітыку, называючы яе шматвектарнай. Гэта не значыць, што мы адвярнуліся. І шматвектарнасць не азначае, што мы памянялі курс развіцця і рвёмся за акіян або ж у Еўрапейскі саюз. У нас там ёсць інтарэс, як і ва ўсіх. Гэта нашы суседзі. З імі трэба выбудоўваць адносіны. Таму што быць бядзе. А бяды мы не хочам, мы ўжо наеліся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у аснове фарміравання новай міжнароднай сістэмы - не дыктат "выбраных" краін, а прынцыпы ўзаемнай павагі і раўнапраўя, якія адкрываюць магчымасці для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва. Але дзень, калі новая сістэма канчаткова ўступіць у свае правы, прыйдзе не сёння, а, магчыма, і не заўтра, лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Заходнецэнтрычная мадэль не здаецца без бою, прычым у прамым сэнсе. Маскі скінуты канчаткова, - канстатаваў беларускі лідар. - Усе іх пастулаты аб "свеце, заснаваным на правілах", сёння абвергнуты на вачах гэтага ж свету".
Аляксандр Лукашэнка прывёў у пацвярджэнне некалькі прыкладаў аб тым, як на Захадзе рэальна ставяцца да правоў чалавека: "Паглядзіце на дзясяткі трупаў, якія нам падкідваюць праз граніцу тыя, хто пазваў іх у свой "райскі сад".
"Яны іх туды паклікалі. Мы аб гэтым не адзін раз гаварылі. Мы з імі (заходнімі партнёрамі. - Заўвага) дамовіліся шмат аб чым у свой час. І ва ўрон па некаторых напрамках пачалі рэалізоўваць гэту міграцыйную палітыку. Мы фактычна сваёй палітыкай па міграцыі абаранялі іх ад гэтых набегаў, канцэнтруючы ў сябе гэтых мігрантаў. А потым, дамовіўшыся з Расіяй, дагаворы аб рэадмісіі заключылі, адпраўлялі іх туды, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны (Еўрасаюз. - Заўвага) увялі супраць нас абсалютна неабгрунтаваныя незаконныя санкцыі. І я сумленна сказаў: з "пятлёй на шыі" я вас абараняць больш не буду. Тым больш вы разарвалі ўсе адносіны з намі па міграцыйнай палітыцы".
"Мы, тым не менш, адкрыты да любых перагавораў і размоў, у тым ліку і па міграцыйнай палітыцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар яшчэ раз растлумачыў палітыку дзяржавы ў адносінах да мігрантаў, якія хочуць працаваць у Беларусі. "Гэта не значыць, што любы да нас прыедзе і будзе рабіць усё тое, што яму захочацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гатовы тут прыняць усіх тых, хто хоча працаваць, хто паважае нашу дзяржаву і народ. Хто хоча паводзіць сябе дастойна і працаваць. І апошняе слова ў гэтым павінны сказаць паслы ў тых дзяржавах, адкуль яны сюды прыедуць".
Што датычыцца мігрантаў, якія ўжо ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны ўсе на кантролі, іх бачаць. "Павінен сказаць, што на сённяшні дзень - я асабіста гэтым цікаўлюся - мы не маем ніякіх прэтэнзій да іх", - сказаў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што ёсць і іншая альтэрнатыва - трэба сіламі саміх беларускіх грамадзян у тры разы павысіць прадукцыйнасць працы, каб паспяхова канкурыраваць на суседніх рынках. "У любым працоўным калектыве трэба спытаць: "Гатовы да гэтага?" Калі гатовы, не бярыце ніякіх мігрантаў. Калі вам трэба - запрашайце. Гарантуйце ім бяспеку, аднолькавыя правы, але патрабаванне адно: працаваць, даваць рэзультат".
Вяртаючыся да тэмы прыкладаў рэальнай палітыкі Захаду, Аляксандр Лукашэнка заклікаў паглядзець на сектар Газа, дзе пакуты дзяцей пераносяць адразу некуды ў Сярэдневякоўе. "Што з правамі паралімпійскіх спартсменаў, якіх не пускаюць на спаборніцтвы? І што гэтыя бедалагі дрэннага зрабілі для тых, хто наратывы штурхае пра правы чалавека наперадзе калёс?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Аналагічна парушаюцца і заходнія пастулаты аб недатыкальнасці прыватнай уласнасці. "У адкрытую замарожваюць і крадуць актывы незалежных дзяржаў. Уводзяць без усялякіх абгрунтаванняў санкцыі, выкарыстоўваючы долар як зброю. Паверце, нічым добрым для долара гэта не скончыцца, - адзначыў Прэзідэнт. - Але гістарычны працэс няўмольны, і мы бачым, як выраз "сусветная большасць" становіцца сістэмаўтваральным паняццем. Як БРІКС ператвараецца ў структуру, якую Захад адкрыта баіцца. Як цэлыя інтэграцыйныя аб'яднанні, уключаючы наш Еўразійскі эканамічны саюз, усё больш адыходзяць у разліках ад долара ў нацыянальныя валюты. І гэты працэс няўмольна будзе рухацца наперад".
"Знаходзячыся на адным з самых небяспечных разломаў глабальнага процістаяння, Беларусь змагла захаваць галоўнае - мірнае неба над галавой. Нягледзячы на жорсткі эканамічны націск, удалося забяспечыць людзей работай, даць рост даходаў і надзею на заўтрашні дзень", - падкрэсліў беларускі лідар.
У рамках гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт нядаўняга памілавання шэрага асуджаных пасля перагавораў з прадстаўнікамі ЗША.
"Некаторыя ў нашым грамадстве пачалі не тое што асуджаць мяне. Але і крыкі там дзікія падняліся. І што дзіўна, больш за ўсё ў збеглых. Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што, калі мы некага вызваляем, умова адна, хто б мяне аб гэтым ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце - калі ласка, забірайце, вывозьце. Нашым збеглым гэта трэба?"
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаноўваў, калі захоча той бок, перадаць і некалькі тысяч іншых чалавек, якія асуджаны за розныя злачынствы: "Я ім апошні раз сказаў: "Хочаце - мы вам і гэтых дабавім". - "Не, не, не, гэтых не хочам, хочам вось гэтых".
"Вазьміце, апошняга сядзельца - вызвалілі. Ну вы ж яго прасілі. І я сваёй рукой памілаваў яго. І адзін гэты ўзбударажыў усю там гэту "маліну". Ну вы ж прасілі яго. Ну дык бярыце. "Вось, ён прарасійскі…" А вы што, не ведалі, што ён прарасійскі? Вы ведалі яго біяграфію. Вы на яго рабілі стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх (у 2020-м. - Заўвага), каб толькі захапіць уладу, а потым, маўляў, разбяромся. Так не бывае ў палітыцы. Уладу могуць захапіць, як яны стаўку рабілі на ідыётаў і падонкаў, і яны могуць заставацца ва ўладзе. Але яны думалі інакш", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут няма ніякага "гандлю людзьмі": "Я катэгарычна быў супраць, як яны гавораць - абмен. Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перагаворах яны прама аб гэтым гаварылі. Я кажу: "Гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Хочаце - забірайце. Што ўзамен?" - "Мы падумаем". - "Ідзіце думайце".
"Дык што, мы іх будзем?.. Гэта я адказваю тым, хто сёння такія патрыёты вялікія. Мы іх (асуджаных. - Заўвага) што, будзем тут карміць бясплатна, адзяваць і іншае? Я глядзеў толькі частку інтэрв'ю гэтага збеглага. Ён так і не сказаў, што з яго тут здзекаваліся, правы чалавека парушалі. Ён хацеў гэта з сябе выціснуць, але гэтага няма. Але гэта (утрыманне асуджаных. - Заўвага) нятанна каштуе", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што, быўшы аб'ектам бруднай інфармацыйнай вайны, Беларусі ўдалося пашырыць кола сяброў на ўсіх кантынентах. Гэта вынік паслядоўнай рэалізацыі стратэгічнага выбару, падтрыманага грамадзянамі: абарона суверэнітэту, кіруемасць эканомікі, цесныя саюзніцкія адносіны з братэрскай Расіяй і вялікім Кітаем, адкрытае і сумленнае супрацоўніцтва з усімі краінамі - без папярэдніх умоў, забароненых тэм і аднабаковай выгады.
"Свой уклад у гэту работу ўнеслі ўсе беларусы. Але гэта не значыць, што мы ўхапілі ўдачу за хвост і можам больш не напружвацца. Наадварот!" - падкрэсліў беларускі лідар.
"Стратэгія, якой бы дакладнай і гістарычна выверанай яна ні была, патрабуе пастаяннай карэкціроўкі на тактычным узроўні. Менавіта здольнасць своечасова адаптаваць свае дзеянні ў рамках агульнай мэты робіць уладу жыццяздольнай і дыпламатычна эфектыўнай. Вось аб гэтай тонкай настройцы нашай работы на знешнім контуры прымяняльна да канкрэтных рэгіёнаў і скразных тэм мы і пагаворым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у цэлым для Беларусі, як і раней, краевугольным каменем застаецца эканоміка. "Гэта фундамент. Будзе эканоміка дынамічна развівацца - будзем жыць добра і вырашаць усе пытанні - сацыяльныя, культурныя, абаронныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь - гэта сярэдняя па еўрапейскіх мерках краіна з адкрытай эканомікай, арыентаванай на экспарт. Таму нарошчванне і эфектыўнасць знешняга гандлю - безумоўныя прыярытэты, без чаго ніяк не выжыць.
"Гэту нашу слабаабароненасць спрабуюць выкарыстоўваць супраць нас і эканамічныя канкурэнты, і палітычныя апаненты, збеглыя. Еўрасаюз з 2020 года наштампаваў ажно 18 пакетаў санкцый. Праўда, чым далей, тым марудней. У 2022 годзе прыняў пяць, потым чатыры, потым тры. У бягучым годзе пакуль адзін пакет. Няма чаго больш забараняць? Або адчулі, што страляюць сабе ў нагу? Напэўна, і тое і другое", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што па лініі МЗС дакладваюць аб прыкметах расколу еўрапейскага так званага адзінства, асабліва па тэме міграцыі. "Добра, калі так. Добра, калі ў выніку немцы паставяць на месца палякаў і прыбалтаў, назавуць сапраўдных віноўнікаў і заблакіруюць схемы ўвозу мігрантаў. Разумееце, што тоіцца за гэтай фармулёўкай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам важна, каб гэты праславуты раскол унутры Еўрасаюза перакінуўся і на нашу тэму - на антыбеларускую палітыку ЕС, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - З якімі краінамі можна аб гэтым гаварыць у першую чаргу, МЗС мне дакладвала. Канкрэтныя меры павінны быць ужо ў рабоце. У цэлым нашым дыпламатам на Захадзе ні ў якім разе нельга адседжвацца".
Калі не прымаюць палітыкі, трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з бізнес-коламі, бо многія з іх ужо ініцыятыўна шукаюць магчымасці супрацоўніцтва з Беларуссю для ўласнага выжывання, арыентуе дыпламатаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, трэба таксама ўсюды пашыраць кантакты з рэгіянальнымі ўладамі, не ўключанымі ў агульную вакханалію сваіх сталіц.
"Будзе ў ЕС правы ці левы паварот - нам не важна. Важна, што народ усё больш стамляецца ад эліт, якія яго не чуюць і ігнаруюць яго волю на выбарах. Вечна так прадаўжацца не можа. А ў наступнай хвалі палітыкаў павінны быць тыя, каго вы ведаеце і хто ведае Беларусь. Беларусь сапраўдную", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заклікаў выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб данесці праўду пра Беларусь да заходніх экспертных і аналітычных цэнтраў, сродкаў масавай інфармацыі. "Стратэгія "дэмакратызацыі санкцыямі" правалілася. Убачыце, што ў хуткім часе пачнецца канкурэнцыя сярод новых канцэпцый. Там павінны загучаць разважныя галасы тых, з кім вы папрацуеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сыходзіць з еўрапейскага рынку і проста адвярнуцца ад ЕС нам ні ў якім разе нельга. Гэта суседзі, іх не выбіраюць. Магчымасці адкрываюцца. Нейкія ў Еўропе, а нейкія і за акіянам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы ведаеце прынцып таго ж Трампа: Амерыка перш за ўсё. Але, можа, лепш так, чым "ліберальны светапарадак", які існаваў пры Байдэне, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Апошнія сустрэчы з амерыканцамі паказалі, што яны гатовы слухаць. Без усялякага паддобрывання з нашага боку. Вяртанне Трампа адкрыла акно магчымасцей для паляпшэння адносін. Можа, і для разбору нейкіх завалаў, якія нагарадзілі амерыканцы і якія перашкаджаюць нашай рабоце на сусветных рынках".
"Наша задача - скарыстацца гэтым шанцам, але цвёрда стаяць на абароне інтарэсаў Беларусі, не згаджаючыся на ўступкі на шкоду сабе", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Што датычыцца паслоў у незаходніх краінах, а таксама Урада і рэальнага сектара эканомікі. Я не раз гаварыў і зноў паўтараю: забудзьце пра санкцыі і іншыя заходнія страшылкі - іх у нас няма. Гэта не падстава для апраўдання правалаў і адсутнасці рэзультату. Увёў ЕС чарговую безразважную забарону - вось вам дадатковыя аб'ёмы прадукцыі для рэалізацыі на іншых рынках!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што гэта ўдалося зрабіць па вельмі шырокай наменклатуры тавараў. Пастаўленая задача пераарыентаваць у дружалюбныя дзяржавы экспартныя патокі на суму $14 млрд, якія выпалі з заходняга і ўкраінскага напрамкаў, у цэлым выконваецца. Па выніках 2024 года ўдалося нарасціць аб'ём экспарту айчынных тавараў і паслуг амаль да $50 млрд.
"Праўда ў тым, што мы вырабляем патрэбную людзям прадукцыю дастатковай якасці па справядлівай цане, а таму попыт на яе будзе заўсёды. Але ад нас патрабуецца тактычная гібкасць, пастаянная актуалізацыя нашай знешнегандлёвай палітыкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў шэраг лічбаў і фактаў. У самы складаны перыяд - з 2020 па 2023 год - былі максімальныя паказчыкі якасці знешняга гандлю. У 2022 годзе рэкорднае дадатнае сальда - $4,3 млрд, амаль 6% ВУП.
"А далей "паплылі"... У мінулым годзе ўжо мінус больш як мільярд долараў, за пяць месяцаў бягучага - амаль $800 млн у мінусе. Я хачу, каб наш новы і часткова стары Урад аб гэтым не забываў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Пры гэтым імпарт прадаўжае расці. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне перад Урадам: "Атрымліваецца, у нашых прадпрыемстваў цяжкасці з разгрузкай складоў, разлікамі і лагістыкай толькі пры экспарце, а пры ўвозе замежнай прадукцыі іх няма? Або імпартуе прыватнік, а экспартуе дзяржкампанія без асаблівага жадання напружвацца?"
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што замежныя контрагенты выкарыстоўваюць усе магчымасці зарабіць - і на пастаўках у Беларусь, і на закупках беларускай прадукцыі.
Ёсць у Аляксандра Лукашэнкі пытанні не толькі да экспарту тавараў, але і паслуг: "Чаму ў нас тэмп экспарту тавараў у 2024 годзе адносна 2020 года быў амаль 140%, а паслуг - толькі 112%? Не трэба ўсё зводзіць да айцішнікаў, тым больш што па камп'ютарных паслугах у гэтым годзе рост аднавіўся (плюс $71 млн)".
Асобныя даручэнні дадзены па рабоце транспартнай галіны. "Закрылі рынак ЕС для нашых транспартнікаў? Дык у нас цяпер гэты ж тавар трэба дастаўляць у разы далей - у тую ж Расію, Кітай, Афрыку! - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ураду неабходна нарэшце разабрацца, у чым праблема: нашы лагістычныя кампаніі не могуць сфарміраваць канкурэнтныя тарыфы або нашы дырэктары прадаўжаюць прадаваць "ад агароджы" і грузіць на замежны транспарт?"
"Мы павінны максімальна пакінуць сабе валютную выручку па ўсім ланцужку - ад транспартных і страхавых паслуг да фасоўкі і дробнааптовых продажаў. Выпрацуйце дзейсныя меры пераходу на сістэму экспарту на больш далёкіх базісных умовах паставак з максімальным задзейнічаннем нашых лагістычных кампаній і перавозчыкаў там, дзе гэта выгадна. Цяпер кожная капейка лічыцца", - даручыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама канстатаваў, што ў галіновым і геаграфічным разрэзе вынікі дыверсіфікацыі экспарту далёкія ад аптымальных. Па асобных сектарах станоўчыя зрухі відавочны: за тры апошнія гады нарасцілі экспарт у сферы машынабудавання на $3 млрд, прадуктаў харчавання - амаль на $2 млрд, лёгкай прамысловасці - прыкладна на $300 млн. Але ў іншых ключавых галінах сур'ёзныя страты. Мінус па паліўна-энергетычных таварах - амаль $2 млрд, па хімічнай прадукцыі - $1 млрд, па дрэваапрацоўцы - амаль $1 млрд, па металапрадукцыі - $250 млн.
"Тлумачэнні мы чулі. Але чаму Урадам да гэтага часу не прыняты дзейсныя меры па пераарыентацыі таварных патокаў? Не можам - значыць, трэба мяняць наменклатуру, перабудоўваць вытворчасць. Прымяняць новыя фінансавыя інструменты (грошы на гэта ў нас ёсць). Аператыўна ўнясіце канкрэтныя прапановы!" - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў перад Урадам прыярытэтныя задачы па рабоце на расійскім рынку, а таксама запатрабаваў нарошчваць намаганні па дыверсіфікацыі паставак у іншыя краіны і рэгіёны.
"Нашы адносіны з Расіяй цяпер на вельмі высокім уздыме. Мінск і Масква разам прайшлі сур'ёзную праверку на трываласць. І вытрымалі гэта выпрабаванне. Вытрымалі таму, што той саюз, які мы выбудавалі з Расіяй, - гэта не проста прыгожы фасад, а рэальна працуючы механізм. Пры ўсіх выдатках", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у 2022-2024 гадах Беларусь пераарыентавала на расійскі рынак істотныя аб'ёмы паставак, нарасціла вытворчасць і продажы там, дзе гэта было трэба расіянам. "У Расію пайшоў асноўны прырост экспарту за тры гады - плюс $10 млрд. Расіяне гатовы фінансаваць многія праекты, гатовы плаціць, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Няма чаго дзівіцца. Яны перш за ўсё гатовы прафінансаваць тыя праекты, якія патрэбны Расіі. Гэта зразумела. А ў нас ёсць для гэтага вытворчасці, школы. Толькі трэба разгарнуцца, узяць гэтыя грошы. Некаторыя нашы прадпрыемствы паспяхова гэта робяць. Але некаторыя ўсё чагосьці чакаюць. І ўсё плачуцца".
Але пры гэтым доля Расійскай Федэрацыі ў беларускім экспарце дасягнула ўжо 65%. У пастаўках Мінпрама і "Беллегпрама" - амаль 90%, Мінбудархітэктуры - 80%, Мінсельгасхарча - больш як 70%, "Беллеспаперапрама" - палавіна. "Усе топчуцца на адным рынку, сітуацыя на якім змянілася. Сёння не 2022 год, калі адтуль беглі заходнікі. Сёння расійскі рынак перанасычаны, канкурэнцыя ўзмацняецца. І ці тое яшчэ будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, са студзеня па май бягучага года экспарт тавараў у Расію прасеў на $320 млн па прадукцыі машынабудавання (легкавыя машыны, трактары, камбайны).
"Пад выглядам імпартазамяшчэння туды пранікаюць тавары з трэціх краін без усялякай лакалізацыі, выцясняючы нашу прадукцыю. Так быць не павінна, мы не для гэтага ствараем Саюзную дзяржаву", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым у ліку прыярытэтных задач - абарона саюзнага рынку ад тавараў з трэціх краін; развіццё новых для Беларусі сегментаў эканомікі, уключаючы авія- і суднабудаванне, атамную энергетыку і касмічную прамысловасць; развіццё мультыбрэндавых і сэрвісных цэнтраў, беларускіх гандлёвых дамоў у рэгіёнах Расіі.
Кіраўнік дзяржавы ў якасці важнай задачы таксама назваў запуск адзінай прамысловай палітыкі, якая "пакуль толькі на паперы", з допускам да конкурсаў па продажы тэхнікі і каардынацыяй па дубліруючых вытворчасцях.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь сваю долю на расійскім рынку не аддае і жорстка абараняе, імкнецца павялічваць продажы і замацоўвацца за кошт кааперацыі і высокага сэрвісу. "Але калі рынак "схлопваецца", калі ўжо расійскія вытворцы ідуць у прастой і скарачаюць штаты (напрыклад, "Растсельмаш", маторны завод у Яраслаўлі), мы не вырашым нашы праблемы з экспартам у Расію за кошт адной дзяржпадтрымкі. І не дадзім ні аднаму з нашых прадпрыемстваў "чакаць", пакуль попыт зноў не ажывіцца. Трэба аператыўна дыверсіфікавацца. Добра, што ёсць куды", - заявіў Прэзідэнт.
У гэтым плане ён адзначыў станоўчыя вынікі супрацоўніцтва з Азербайджанам, Грузіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам і Узбекістанам. За 4 гады экспарт у гэтыя краіны падвоіўся, а дадатнае сальда дасягнула $2 млрд. "Але гэта пакуль. Расслабіцеся - атрымаеце мінус", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб інтэграцыі ў рамках ЕАЭС, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Еўразійскі эканамічны саюз ужо сёння дэманструе дастойныя вынікі. Санкцыйны ўдар па Расіі стаў выпрабаваннем для ўсёй інтэграцыйнай сістэмы. У цэлым яна яго прайшла паспяхова. З улікам нашага старшынства ў бягучым годзе беларускі парадак дня на інтэграцыйным контуры павінен быць рэалізаваны ў поўным аб'ёме, а нашы прыярытэты знойдуць адлюстраванне ў Стратэгіі развіцця ЕАЭС на наступнае дзесяцігоддзе".
Ён адзначыў, што, хаця шэраг партнёраў па саюзе не заўсёды на адной хвалі з Мінскам, неабходна не дапускаць тармажэння з іх боку пры вырашэнні агульных задач аб'яднання. "Кожны крок у інтэграцыі павінен прыносіць Беларусі адчуваючую выгаду. Калі мы адкрываем свой рынак, то ўзамен разлічваем на сувымерныя прэферэнцыі, а не на туманныя абяцанні", - падкрэсліў беларускі лідар.
У якасці прыкладу ён прывёў падпісаныя нядаўна ў Мінску гандлёвыя пагадненні з Манголіяй і ААЭ, назваўшы іх вельмі выгаднымі - абедзве дзяржавы пагадзіліся прадаставіць ільготны рэжым для больш як 90% беларускага экспарту.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, да канца года плануецца падпісаць пагадненне з Інданезіяй - вялізным і перспектыўным для Беларусі рынкам. "Яе кіраўніцтва шчыра зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што галінам ужо сёння разам з пасольствамі трэба пачаць прапрацоўку паставак тавараў у абазначаныя краіны па новых выгадных умовах.
Магутнымі інструментамі для работы на далёкай дузе Прэзідэнт назваў удзел Беларусі ў ШАС і БРІКС: "Гэта сур'ёзныя вынікі сістэмных знешнепалітычных намаганняў апошніх гадоў. Па саміх гэтых структурах стратэгіі зацверджаны. Зыходжу з таго, што яны будуць безумоўна рэалізаваны і МЗС, і іншымі дзяржорганамі пад кантролем Урада".
Ён адзначыў, што з пункту гледжання эканомікі ШАС і БРІКС прадастаўляюць унікальны фармат адносін з дзяржавамі, якія вызначаюць і будуць вызначаць будучы светапарадак: Расія, Кітай, Індыя, Пакістан, Бразілія, ПАР, Эміраты, Эфіопія, Егіпет.
"У нас цяпер ёсць агульная пляцоўка для работы з Нігерыяй, Малайзіяй, Тайландам, іншымі ўдзельнікамі БРІКС. У палітыцы іх дзверы для нас адкрыты. Гэтым трэба карыстацца і прабівацца на іх рынкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Кітай па-ранейшаму застаецца ключавым партнёрам Беларусі на далёкай дузе. Ужо сёння тавараабарот з КНР складае амаль $8,5 млрд і на мільярд перавышае гандаль з усім Еўрасаюзам. "Але і тут за агульнай лічбай трэба бачыць больш шырокую карціну супрацоўніцтва і ролю Кітая для будучыні нашай эканомікі", - упэўнены Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі на вышэйшым узроўні пастаўлена задача стымуляваць сумеснае тэхналагічнае развіццё і забяспечыць прыход самых сучасных кітайскіх тэхналогій. Сферы таксама дакладна вызначаны: станкабудаванне, мікраэлектроніка, нафтахімія, фармацэўтыка і гэтак далей. "Разгортвайце практычную работу на ўзроўні галін і рэгіёнаў", - заклікаў беларускі лідар.
Ён запатрабаваў ад Урада і пасольства ў Кітаі ўсёабдымнае садзейнічанне на ўсіх этапах распрацоўкі канкрэтных сумесных праектаў - ад аналізу рынку і работы з інвестарамі да каардынацыі і суправаджэння.
Прэзідэнт адзначыў, што канкурыраваць на міжнародным рынку трэба ў тых галінах, якія не патрабуе такіх рэсурсаў, як нафта, газ і рэдказямельныя металы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў інвесціраваць у дрэваапрацоўку. Але і тут узнікае праблема, калі павалены ўраганам лес часам не перапрацоўваюць, а проста захоўваюць, што прыводзіць да пашкоджання драўніны.
"У нас - што не ўраган, то праблема. Пад націскам Прэзідэнта лес паламаны-пераламаны апрацавалі, вывезлі, склалі на ўзлеску - і цішыня. Усё гніе. Паўстае пытанне, навошта мы вывозілі тады гэты лес і ратавалі ад буралому", - задаў заканамернае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта можна перапрацаваць на маржынальны прадукт - напрыклад, пелеты. "Смецце ўсё перапрацавалі, вырабілі пелеты - няма куды дзяваць. Паехаў на прадпрыемства, паглядзеў, пытаюся: пелеты патрэбны ў свеце? Патрэбны! Прадаяце? Прадаём! І не на страту. Так, маржынальнасць нізкая цяпер у сувязі з тым, што адышоў Еўрасаюз. Але ён прыйдзе", - упэўнены беларускі лідар. А пакуль, дадаў ён, пелеты можна прадаваць на іншых рынках, няхай і з меншым прыбыткам.
Прэзідэнт папярэдзіў аб недапушчальнасці сітуацый, калі леснікі з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў вывозяць павалены лес і проста складаюць яго ў полі. "Двайная шкода. Вывезлі - згніе. І занялі гектары ўрадлівай зямлі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў вырабляць тое, што патрэбна свету, і кааперавацца з зацікаўленымі краінамі. "Давайце будзем дамаўляцца з іншымі краінамі. Няхай прыязджаюць, разам з намі ствараюць сумесныя прадпрыемствы і перапрацоўваюць гэту драўніну, - сказаў Прэзідэнт. - Дамовіліся з Аманам - ім гэта вельмі патрэбна. Яны гатовы тут будаваць. Паўгода ўжо цялёпкаемся пасля майго візіту туды".
"У цэлым азіяцкаму вектару мы ўдзяляем даволі шмат увагі. На вышэйшым узроўні адпрацоўваюцца В'етнам, Інданезія, Іран, Манголія, М'янма, Пакістан. МЗС дакладвае аб перспектывах па Тайландзе і Лаосе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, канстатаваў ён, тэмп росту экспарту ў Азію пакуль ніжэйшы (127,3%), чым у цэлым па краіне ў перыяд з 2020 года: "Таму трэба дзейнічаць значна актыўней, асабліва з улікам сітуацыі на расійскім рынку".
Як адзначыў беларускі лідар, з вядучымі краінамі Персідскага заліва - Эміратамі, Аманам, Саудаўскай Аравіяй і Катарам - наладжаны ўстойлівы дыялог на вышэйшым узроўні. "Але я хачу бачыць канкрэтную манетызацыю нашых адносін - выгадныя гандлёвыя і інвестыцыйныя праекты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт закрануў тэму хабаў у ААЭ або Амане для магчымай вытворчасці і распаўсюджвання прадукцыі ў іншыя краіны Блізкага Усходу і Афрыкі. Паводле яго слоў, гэтыя праекты пакуль так і не рэалізаваны.
"Тут мы бога за бараду не ўзялі яшчэ. Ніякіх хабаў там мы яшчэ не стварылі. Мы толькі марым, што яны там павінны быць. Давайце дзейнічаць", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на развіццё супрацоўніцтва з іншымі краінамі Блізкага Усходу. "У Лівіі складанасці ёсць, але мы супрацоўнічаем. Яны плацяць наперад. Лівія, Сірыя - з задавальненнем", - падкрэсліў ён. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларускія тавары гатовы купляць і ў Афганістане.
У сувязі з гэтым беларускі лідар расказаў, якой ён бачыць ролю паслоў у нарошчванні экспарту. "Яшчэ раз гавару: для мяне пасол і пасольства - гэта не пра палітыку. Гэта экспарт, перш за ўсё, прадукцыі (гандаль) і новыя інвестпраекты (тэхналогіі і рабочыя месцы). Толькі так мы будзем вас ацэньваць. Пастаянна вам гавару: у свеце шмат свабодных грошай і капіталаў, але іх трэба ўмець узяць. Прыводзьце іх у Беларусь. Стварыце зразумелы пералік і ўмовы інвестыцый да нас", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён заклікаў ліквідаваць махровую бюракратыю і прымусіць працаваць на вынік так званыя інстытуты развіцця - Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях, Цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн, БелГПП і гэтак далей.
"Часам думаю: навошта мы іх утрымліваем, ды яшчэ за дзяржаўны кошт? Ураду трэба даць прынцыповую ацэнку іх дзейнасці, прапановы па прамым узаемадзеянні з пасламі і адказнасці за канкрэтныя даручэнні", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў БелГПП былі выкрыты факты карупцыі. "Дзіўна, нават там зараза закралася. Гэта іх выбар", - падкрэсліў ён і запэўніў, што падобныя злачынствы ў любым выпадку будуць выкрыты, а даравання не будзе нікому.
Яшчэ адным вельмі перспектыўным рэгіёнам Прэзідэнт назваў Афрыку. Ён нагадаў, што беларускіх міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў першыя часы даводзілася літаральна штурхаць у гэты рэгіён. Многія лічылі, што працаваць на афрыканскім кантыненце проста бесперспектыўна. "А цяпер глядзіце на вынікі нават па Зімбабвэ, якая пад санкцыямі, Нігерыі. Аказваецца, усё рэалізуема", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў нарасціць пастаўкі беларускай тэхнікі ў Афрыканскі рэгіён, у прыватнасці ў Нігерыю. Да таго ж аснова для гэтага ёсць. Акрамя таго, у афрыканскага насельніцтва ёсць неабходнасць у якасных прадуктах харчавання і медыцынскім абслугоўванні.
"Яны разумеюць, што мы дыктаваць ім парадак дня ўнутраны не будзем. І яны імкнуцца да такіх краін. Я на перагаворах гэту іх пазіцыю падтрымліваю. Таму ў Афрыку, Азію і Лацінскую Амерыку (якую мы страцілі фактычна) трэба ісці. Нам жа няшмат трэба, - падкрэсліў Прэзідэнт. - З Афрыкай трэба супрацоўнічаць. Гэта будучыня. Калі мы там пакажам сваю зацікаўленасць, яны будуць супрацоўнічаць з намі заўсёды. Таму што мы гэта робім прыстойна".
Гаворачы аб перспектывах супрацоўніцтва з Афрыкай, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як некалькі дзесяцігоддзяў таму ў гэтым жа ключы ставіў пытанне аб рабоце на кітайскім вектары: "Успомніце, як у канцы 90-х - пачатку 2000-х мы заходзілі ў Кітай. Цяпер тое ж самае з Афрыкай. "Праспім" Афрыку - страцім прырост сваёй эканомікі ў будучым. Самі прадпрыемствы павінны нарошчваць кампетэнцыі, мэтанакіравана вучыцца працаваць на афрыканскім кантыненце".
Ён таксама абазначыў важнасць больш актыўнай работы беларускага бізнесу на афрыканскім напрамку.
Прэзідэнт таксама прывёў канкрэтныя лічбы, якія пацвярджаюць, што Афрыка стала даволі значным гандлёвым партнёрам Беларусі. За адзін 2024 год экспарт у Афрыку павялічыўся амаль у 3,5 раза да рэкорднага паказчыка амаль $650 млн. У гэтым годзе за пяць месяцаў прыбавілі яшчэ амаль $150 млн, а доля Афрыкі ў беларускім экспарце ўзрасла з 1,5% да больш як 3%.
"Там 54 краіны - усім месца хопіць. Гэта будучы макрарэгіён № 1 па тэмпах росту", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым размова ідзе не толькі аб тым, каб утрымаць дадатную дынаміку, але і трывала замацавацца на афрыканскім рынку. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі пад сілу выйсці на ўстойлівы $1 млрд, а лепш - $1,5 млрд экспарту ў год да канца пяцігодкі. "Кантроль і запатрабаванне з нашых дыпламатаў у Афрыцы павінны стаць беспрэцэдэнтнымі. А за вынік... Уносьце прапановы - будзем дадаткова заахвочваць", - паабяцаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар звярнуў увагу і на рэгіён Лацінскай Амерыкі, з якім аб'ёмы супрацоўніцтва цяпер прасядаюць. Экспарт у гэтым напрамку ў асноўным складаецца з паставак калійных угнаенняў, нягледзячы на тое, што Беларусь умацавала дыялог з шэрагам асноўных партнёраў у гэтым рэгіёне - Венесуэлай і Кубай. Акрамя таго, у Аргенціне, Бразіліі і Калумбіі працуюць беларускія пасольствы.
"Бачу, што ў мінулым годзе Урад займаўся толькі Нікарагуа, падключыўшы рэсурсы Банка развіцця. Спадзяюся, гэты крок дасць эфект", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней ім былі ўзгоднены прапанаваныя Урадам механізмы падтрымкі экспарту ў мэтах асваення новых перспектыўных рынкаў. "Фінансавыя рэсурсы павінны выдзяляцца не толькі пад доўгатэрміновыя экспартныя кантракты, але і пад кропкавае развіццё ўласнай тавараправоднай і лагістычнай інфраструктуры за мяжой", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама даручыў уважліва прааналізаваць работу інстытута па замацаванні службовых асоб і кіраўнікоў за канкрэтнымі краінамі. "Гэта не ганаровае званне і не грамадская нагрузка", - падкрэсліў ён.
Размова на нарадзе зайшла і пра эфектыўнасць замежных камандзіровак, якія не павінны ператварацца ў турыстычныя. Паводле слоў беларускага лідара, любая камандзіроўка павінна быць абгрунтаваная і даваць практычны вынік.
"Мы вярнуліся да таго, што было ў дзевяностыя гады. Па ўсім свеце раз'язджалі як турысты. Мне давялося вярнуцца да гэтай праблемы тады і спыніць усялякія непатрэбныя камандзіроўкі. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана капітальна ўзяцца за гэту праблему", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што з камандзіроўкі трэба прывезці канкрэтныя прапановы, як мінімум па адным або двух эканамічных пытаннях. Тым больш, па кожнай краіне ёсць пералік канкрэтных эканамічных задач і інвестпраектаў. "Гэта база павінна быць у МЗС. Яе трэба перагледзець, актуалізаваць. Таму што яе часам пісалі абы напісаць", - сказаў ён.
"Паважаныя сябры, час ваенны. Турыстычных паездак быць не можа. Таму канкрэтна трэба прапісаць ва Урадзе, па якіх крытэрыях мы ацэнім эфект ад такіх мерапрыемстваў", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў да канца жніўня ўзаконіць сістэму ацэнкі эфектыўнасці замежных камандзіровак і давесці да ўсіх зацікаўленых.
Яшчэ адно пытанне, якому Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў асаблівую ўвагу, - кадравая палітыка Міністэрства замежных спраў. Менавіта ад яе, на думку Прэзідэнта, залежыць паспяховасць выканання тых маштабных задач, якія стаяць перад ведамствам.
"Міністэрства замежных спраў і нашы паслы ў прамым сэнсе знаходзяцца на перадавой, абараняючы нацыянальныя інтарэсы. Калі назначалі цяперашняга міністра, галоўным даручэннем было - прынцыпова новы падыход да кадравай работы", - нагадаў беларускі лідар.
Цяперашні Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў не навічок у гэтым. На ранейшай пасадзе Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ён выконваў такія задачы, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржаве патрэбны сумленныя і крыштальна чыстыя людзі, адданыя сваёй краіне: "Тут няма месца здрадзе і кумаўству, на што заўсёды пакутавала наша МЗС".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што раней перад МЗС стаялі вострыя пытанні ратацыі супрацоўнікаў: "Быў цэлы пул вопытных (у двукоссі) дыпламатаў. Яны ездзілі выключна па маршруце (любілі ездзіць, прынамсі) Нью-Ёрк - Лондан або ў Жэневу. Затое ў Нігерыю пасла, па-мойму, да гэтага часу не знайшлі".
Прэзідэнт канстатаваў, што часам выкрываюцца праблемы, ад якіх "за галаву хапаешся". Ён папярэдзіў аб недапушчальнасці розных незаконных схем у сістэме Міністэрства замежных спраў. "Не апускайцеся да крыміналу, прашу вас. Спакус усюды шмат, - дадаў ён. - Усё гэта ўсплывае і б'е потым так, што цяжка будзе падняцца".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на кадравы склад дыппрадстаўніцтваў. Паводле яго слоў, за год з невялікім корпус паслоў і генконсулаў абнавіўся больш як на 40%. "Рэалізуецца ўстаноўка аб умацаванні міністэрства вопытнымі спецыялістамі з іншых галін - тымі, хто "рукамі памацаў" вузлы і агрэгаты машын і механізмаў, што вырабляюцца ў Беларусі. Гэта ўжо цяпер вашы кадры, Максім Уладзіміравіч (Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. - Заўвага)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І не забывайце пра меры бяспекі ў пасольствах. Час няпросты. Саветнікі па бяспецы павінны працаваць па поўнай, як у часы СССР. Павінна быць забяспечана наяўнасць шыфравальнага абсталявання для хуткага і абароненага інфармавання", - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Міністэрству замежных спраў сумесна з Камітэтам дзяржбяспекі давесці гэту тэму да ладу.
Яшчэ адным значным пытаннем, якое ўзняў Прэзідэнт, стала работа з таленавітымі выпускнікамі-міжнароднікамі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ходзе сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ на верхніх радках у абітурыентаў былі спецыяльнасці "сусветная эканоміка", "міжнароднае права". "У гэтым годзе на іх у БДУ вельмі высокі прахадны бал на бюджэт - 400. Усе хочуць быць міжнароднікамі. Побач "міжнародная канфлікталогія", "міжнародная лагістыка". Усё тое, што нам патрэбна, тое, што тут мы абмяркоўваем", - сказаў Прэзідэнт.
Тым не менш, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, у беларускі МЗС часам размяркоўваюцца выпускнікі расійскага МДІМЗ, а не БДУ. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў растлумачыў, што ў МДІМЗ накіроўваюць беларускую моладзь па мэтавым наборы згодна з выдзеленай квотай. Паводле слоў Міністра замежных спраў, студэнты вывучаюць там рэдкія мовы.
"Улічыце гэта, калі гэта так, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі вы лічыце, што ў БДУ ў нас горш рыхтуюць, давайце не будзем увогуле ў БДУ рыхтаваць..."
"Але мы бяром адтуль з рэдкімі мовамі, якім у БДУ ў нас не вучаць", - заўважыў Міністр.
Аляксандр Лукашэнка даручыў знешнепалітычнаму ведамству і Міністэрству адукацыі прааналізаваць гэту сітуацыю. "Нельга, каб самая таленавітая беларуская моладзь ішла ў нашу флагманскую ВНУ, дзе пасля 2020 года навялі парадак, а потым апыналася перад зачыненымі дзвярыма профільнага міністэрства, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Хіба мы іх не можам на належным узроўні абкатаць у іншых міністэрствах або ў выканкамах, напрыклад, гэтых людзей? А потым Максім Уладзіміравіч (Максім Рыжанкоў. - Заўвага) іх забярэ. Гэта наш будучы "залаты фонд" і рэзерв. Гэта самая таленавітая моладзь".
Размова зайшла і пра працоўнае заканадаўства ў дачыненні да мужа або жонкі дыпламатаў, якое Прэзідэнт прапанаваў скарэкціраваць. "Мы патрабуем ад дыпламатаў быць узорам і ў рабоце, і ў побыце. Стараемся накіроўваць за мяжу толькі сямейных людзей. Але пры гэтым "вырываем" з эканомікі жонак і мужоў, якім у выніку і кар'еру не пабудаваць, і на нармальную пенсію зарабіць цяжка. А сярод іх большасць з вышэйшай адукацыяй і пэўным жыццёвым вопытам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўзняў на нарадзе пытанне, што трэба зрабіць, каб яны як мага хутчэй вярталіся да работы ў Беларусі, прыносілі карысць эканоміцы. "У нас не тая сітуацыя, каб адпраўляць кваліфікаваных людзей у хатнія гаспадыні. Разумееце, аб чым ідзе размова", - заўважыў ён.
"Трэба, каб Мінпрацы і сацабароны ўважліва паглядзела на гэта пытанне і, дзе трэба, унесла прапановы па карэкціроўцы працоўнага заканадаўства", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у сваім дакладзе праінфармаваў аб мерах па развіцці знешнегандлёвых адносін з замежнымі краінамі, існуючых праблемах і перспектывах дзейнасці ведамства. Ён адзначыў, што ўсе даручэнні Прэзідэнта, дадзеныя па выніках нарады ў ліпені 2021 года, выкананы. "Забяспечаны рост знешняга гандлю таварамі і паслугамі, прыцягненне замежных інвестыцый у зададзеных параметрах. Актывізаваны перагаворы па заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі ЕАЭС з трэцімі краінамі, - сказаў Міністр. - Распрацаваны і зацверджаны комплексныя стратэгіі развіцця і падтрымкі экспарту, усебаковага супрацоўніцтва з краінамі "далёкай дугі".
Ён таксама звярнуў увагу, што прыняты меры ў адказ да краін і кампаній, якія праводзяць санкцыйную палітыку адносна Беларусі, меры па зняцці гандлёвых бар'ераў і абмежаванняў, абароне ўнутранага рынку і інтарэсаў суб'ектаў гаспадарання, удасканаленні механізмаў фінансавай і нефінансавай падтрымкі экспарту. Міністр сказаў, што ў рамках рэалізацыі даручэння па пераарыентацыі экспартных патокаў забяспечаны рост экспарту на альтэрнатыўныя рынкі. "За чатыры гады забяспечаны прырост экспарту тавараў і паслуг да практычна ўстаноўленага Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года - $50 млрд", - адзначыў ён.
Максім Рыжанкоў таксама падрабязна закрануў сістэмныя задачы і праблемы, у прыватнасці, нарошчванне фізічнай прысутнасці на знешніх рынках, пра геаграфічную дыверсіфікацыю экспарту.
Кіраўнік МЗС таксама расказаў аб намаганнях, якія прыкладаюцца беларускімі дыпламатамі, па прасоўванні беларускіх тавараў на далёкія рынкі.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што трэба больш актыўна працаваць у кожнай асобна ўзятай краіне.
Максім Рыжанкоў таксама выказаўся на прадмет распрацоўкі сістэмы доўгатэрміновага планавання экспартных паставак, прадаўжэння адпрацоўкі комплексных рашэнняў па пашырэнні геаграфіі лагістыкі экспарту, больш шырокага выкарыстання патэнцыялу створанай за мяжой беларускай тавараправоднай сеткі, а таксама ўкаранення новых механізмаў фінансавання экспарту і прыцягнення замежных інвестыцый.
Асобную ўвагу Міністр удзяліў тэмам кадравай палітыкі і персанальнай адказнасці кіраўнікоў за дасягненне канкрэтных вынікаў у экспартнай дзейнасці, а таксама падрыхтоўцы кадраў для знешнепалітычнага ведамства.
На мерапрыемстве выступіў з дакладам Міністр эканомікі Юрый Чабатар, які расказаў аб тым, як вырашаюцца задачы па росце эканомікі за кошт інвестыцый у новыя вытворчасці і тэхналогіі. "Крыніцы выкарыстоўваем розныя - як унутраныя, так і замежныя. У бягучых умовах робім стаўку на нашага айчыннага інвестара. Гэта задача паступальна вырашаецца. Рэалізавалі за пяцігодку каля 650 інвестпраектаў", - сказаў Міністр.
Ён адзначыў, што ва ўзаемадзеянні з замежнымі інвестарамі неабходна зыходзіць з кропкавай работы па іх суправаджэнні з канкрэтнымі праектамі. Замежныя інвестыцыі ў Беларусь прыбаўляюць. У мінулым годзе прыцягнулі $1,7 млрд прамых замежных інвестыцый з ростам 4%, дадатная тэндэнцыя назіраецца і ў бягучым годзе. Каля 90% інвестыцый накіроўваюцца ў рэальны сектар эканомікі.
Юрый Чабатар звярнуў увагу, што цяпер акрамя традыцыйных краін-інвестараў у свеце ёсць і вялікія дзяржавы ў гэтых адносінах. У іх ліку Індыя, Саудаўская Аравія. "Задача нашым паслам у гэтых краінах - актыўны пошук і прыцягненне інвестараў", - сказаў ён.
Для паспяховай рэалізацыі гэтай задачы ў Беларусі сфарміравана ў цэлым прывабнае асяроддзе для рэалізацыі інвестпраектаў, укаранёны шэраг заканадаўчых навацый, нарошчваецца праектная дзейнасць у шэрагу ключавых сфер, такіх як апрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетыка.
"Кропкавая работа з інвестарамі - важнейшая задача для паслоў. Шэраг задач можна вырашыць толькі разам з інвестарамі, якія маюць вопыт і тэхналогіі. Прыцягненне замежных інвестыцый садзейнічае ўстойліваму росту экспарту. Інвестары часта зацікаўлены ў інтэграцыі вытворчасцей у міжнародныя вытворчыя ланцужкі", - агучыў Міністр шэраг пераваг па развіцці працы ў гэтым напрамку.
Больш таго, у Беларусі сфарміравана база з інвестпрапановамі з пералікам канкрэтных праектаў і пляцовак. Пасольствы могуць знайсці ў ёй падыходзячы варыянт.
"Па прыцягненні інвестыцый мы гатовы разглядаць любыя інвестыцыйныя праекты і ствараць любыя ўмовы", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.


