Сустрэча з Міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы

  • 12
  • 3:59

Развіццё гандлёва-эканамічных адносін - прыярытэт у супрацоўніцтве Беларусі і Ірана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 снежня на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу падзякаваў Абасу Аракчы за візіт у Беларусь у гэты няпросты час, калі міжнародная абстаноўка застаецца напружанай. "Відаць, таму, што гэта адна з самых блізкіх, дружалюбных краін для вашай краіны", - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў час такіх візітаў бакі, як правіла, падводзяць пэўныя вынікі і намячаюць рабочыя планы на будучае, на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву. У гэтым сэнсе візіт Міністра замежных справаў Ірана ў Беларусь не выключэнне. Абедзве краіны ўжо рэалізуюць дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023-2026 гады, і неабходна сумеснымі намаганнямі планаваць далейшае развіццё ўзаемаадносін.

"Думаю, вы пагодзіцеся з тым, што ў нас у прынцыпе няма ніякіх праблем у палітыка-дыпламатычных адносінах паміж дзвюма краінамі. Але, думаю, вы таксама пагодзіцеся, асновай усяго з'яўляецца эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Іранам. У гэтым плане мы з вамі, мякка кажучы, можам зрабіць вельмі шмат", - упэўнены беларускі лідар.

"Для нас прыярытэт прыярытэтаў - гэта эканоміка. Таму я прапаную не толькі пагаварыць аб гандлёва-эканамічных адносінах з такой велізарнай краінай, якой з'яўляецца Іран, дзе мы можам многае зрабіць для Ірана, у нас ёсць пэўныя магчымасці і інтарэс, але таксама, можа, і вызначыць некаторыя напрамкі той дарожнай карты, таго плана, які будзе акрэслены на бліжэйшую перспектыву", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, успамінаючы аб сваіх візітах у Іран, праведзеных перагаворах і дасягнутых дамоўленасцях, звярнуў увагу на абавязковасць і надзейнасць Беларусі ў якасці дзелавога партнёра. "Я не ўбачыў, каб мы, з боку Беларусі, не выканалі хоць адзін з пунктаў дамоўленасцей. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, мы заўсёды яе прытрымліваемся ў дамоўленасцях з іншымі краінамі - свята выконваць тое, што мы паабяцалі", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама перадаў самыя добрыя віншаванні і пажаданні Вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хаменеі і Прэзідэнту гэтай краіны Масуду Пезешкіяну.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС перадаў цёплыя словы прывітання ад Алі Хаменеі і Масуда Пезешкіяна, павіншаваў Аляксандра Лукашэнку і ўвесь беларускі народ з надыходзячымі Калядамі і Новым годам.

"Як Вы правільна адзначылі, нашы адносіны цалкам дружалюбныя, няма ніякіх перашкод і праблем. Аснова нашага ўзаемадзеяння - гэта эканамічнае супрацоўніцтва, якое развіваецца штодзень. Ваш візіт у Тэгеран і візіт Прэзідэнта Ірана спадара Пезешкіяна ў Мінск былі сапраўды ключавымі вехамі ў развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння", - заявіў Абас Аракчы.

Ён таксама адзначыў, што нядаўна бакі правялі паспяховае чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі і Міністр прамысловасці Беларусі наведаў з візітам Тэгеран. "Гэта было вельмі паспяховае пасяджэнне камісіі. Мы вельмі задаволены. Дасягнуты прадметныя, добрыя дамоўленасці. Я сёння тут, каб больш прапрацаваць усе гэтыя пытанні", - сказаў кіраўнік МЗС Ірана.