Нарада па новай сістэме рэгулявання цэн

  • 21
  • 29:38

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лютага сабраў нараду па новай сістэме рэгулявання цэн.

"У нас на парадку дня важнейшая тэма - новая сістэма рэгулявання цэн. Я яе часта называў "справядлівай формулай", якую вы павінны былі выпрацаваць і ўнесці на разгляд. Гэта значыць, дамашняе заданне. Паглядзім, як вы яго выканалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на першы погляд, гэта пытанне цяпер не так актуальна для Беларусі, як гэта было ў 2022 годзе. "Тады мы назіралі цэнавую вакханалію. Давялося ўмешвацца, у тым ліку і Прэзідэнту, каб спыніць гэта самавольства ультыматыўна. Імем рэвалюцыі спынілі. Больш таго, насуперак панікёрам-скептыкам, якія крычалі, што магазіны апусцеюць, збяднеюць і закрыюцца, усе засталіся працаваць і працуюць. Ды і таварны асартымент мы не толькі захавалі, але і пашырылі з цягам часу. І калі нешта недзе не так, значыць, мы вінаватыя. І не трэба тут наракаць на нейкія эканамічныя прычыны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Калі інфляцыя ў краіне пачала расці, Прэзідэнт запатрабаваў заняцца цэнамі. Без яго жорсткіх патрабаванняў і пастаяннага кантролю за выкананнем даручэнняў яе не ўдалося б спыніць. "Па сутнасці, быў створаны тады комплексны дакумент (як лічаць ва Урадзе) па рэгуляванні спажывецкага рынку, які закранаў не толькі пытанні цэнаўтварэння. Калі б гэта быў комплексны дакумент, то не было б вялікай колькасці скаргаў з боку вытворцаў, прадаўцоў і іншых", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не хачу сказаць, што тыя скаржнікі, якія звяртаюцца да мяне і ў адпаведныя органы, абсалютна маюць рацыю. Ды не, я зямны чалавек. Я разумею, хто ў асноўным скардзіцца, што гэта за людзі. Я глыбей пачынаю глядзець: калі ў цябе сёння няма грошай для таго, каб нешта купіць (а цэны ў нас самыя нізкія ў свеце, яны, можа, не задавальняюць усіх, але гэта самыя нізкія цэны ў свеце), дык ідзі працуй. Ідзі на другую, трэцюю работу. Калі цябе не бяруць, давай паглядзім, як ты ў школе вучыўся, што ў цябе ў галаве ёсць. Сёння абы-каго - гэта не савецкі час - на работу не возьмуць. Патрэбны чалавек, які будзе даваць вынік. З гэтага пункту гледжання стань перад люстэркам, паглядзі на сябе: ці зможаш ты даваць гэты вынік? Вось такая непапулярная пазіцыя, але яна жыццёвая", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як паказала практыка, выбраная дырэктыўна ў 2022 годзе мадэль дазволіла выканаць пастаўленую перад ёй у крытычны момант задачу. Паводле даных статыстыкі, у мінулым годзе інфляцыя склала 5,2% пры плане 6%. Бягучы 2025 год пачалі таксама спакойна.

"Пры гэтым трэба ўлічыць, што мы дырэктыўна ўздымаем некаторыя цэны. Вазьміце ЖКГ, іншыя напрамкі, паліва. Мы строга кантралюем, і без дазволу ўлад цэны не растуць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Дарэчы, у нас адзін з самых нізкіх паказчыкаў сярод краін - удзельніц Садружнасці. Але трэба разумець, што мы па ланцужку ад сыравіны да тавара не ўсё маем у краіне. Мы па імпарце больш за палову завозім для таго, каб вырабляць у нашай эканоміцы тавары і прадаваць. Гэта вялікая залежнасць. Мы там інфляцыю не рэгулюем. І калі нам танней не могуць прадаць, мы купляем па столькі, па колькі нам прапануюць".

Разам з тым па некаторых групах тавараў статыстыка не такая аптымістычная, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Размова перш за ўсё пра агародніну. Цэны на яе зімой штогод павышаюцца на 15-20%. А што вы мне абяцалі ва Урадзе?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў аб сваіх патрабаваннях: калі ў зімова-веснавы перыяд на паліцах у магазінах не хапае тых жа памідораў і агуркоў, значыць, трэба падумаць над тым, каб своечасова і ў патрэбнай колькасці вырасціць гэту прадукцыю.

"Давайце пабудуем цяпліцы, мы гэта можам рабіць. Гэта імгненна робіцца. Давайце пабудуем, і будзем атрымліваць больш. Тады мне ва Урадзе заявілі: "Падсвецім - і агуркі, і памідоры вырастуць самі". Падсвяцілі? Так, падсвяцілі: з тысячы гектараў на пяцідзесяці падсвяцілі. Ды вы свяціце, не свяціце - гэта ваша справа. Але павінен быць вынік", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на сабекошт вырабляемай прадукцыі. На яго думку, ён застаецца высокім.

"Затраты ў нас празмерныя і вельмі дрэнна працуем. Дапусцім, агуркі і памідоры. Усе крычаць: "Мінусавая рэнтабельнасць. Не можам". А хто разабраўся з затратамі? Хоць адзін губернатар нос туды ўсунуў? Я ўжо не гавару пра Снапкова (Першы намеснік Прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў. - Заўвага), якому было даручана вырашыць гэту праблему. Хто з затратамі разабраўся? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ў гаспадарцы цяпліца і там мінус восем сабекошт атрымаўся. Дык вы паглядзіце, можа, там незразумелыя затраты. Калі так, тады няхай кіраўнік ездзіць на сівым кані, а не на мерседэсе. Ці не? Вы паглядзелі, з чаго складваецца гэты сабекошт? Можа, гэты кіраўнік усім нам не толькі да свят, але і да ранішняй ці вячэрняй трапезы прывозіць карзінамі прадукцыю? І вы што, думаеце, ён са сваёй зарплаты вам прывозіць? Не, гэта ўсё кладзецца на сабекошт і ўваходзіць у цану".

Прэзідэнт растлумачыў, што ён спецыяльна ўтрыруе гэтыя факты, каб прадэманстраваць, з чаго часам можа складвацца сабекошт прадукцыі.

"Давайце паглядзім, які сабекошт агурка, памідора, і вызначым (калі з практыкі ўжо зыходзіць) гаспадаркі, на якія павінны раўняцца. Яна будзе не самая лепшая па рэнтабельнасці таго ж агурка і памідора, але не самая горшая. Тады горшыя будуць вымушаны падцягнуцца да сярэдзіны, а тыя, хто вышэй за сярэдняе, будуць нармальна жыць. Хто сёння мне скажа, дзе які сабекошт гэтага агурка і памідора? Ніхто. Вось ваша работа", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць аб сітуацыі і прынятых мерах па забеспячэнні даступнасці гэтай вітаміннай прадукцыі для насельніцтва.

"І я не прашу вас рэгуляваць прывазную экзотыку, усялякія там артышокі або авакада. Няхай гэта авакада каштуе столькі, колькі каштуе. Я авакада не ем, не люблю. Нехта гэта любіць з моладзі. Калі ласка. Тады купляйце. Мая справа - забяспечыць насельніцтва той агароднінай і садавіной, якую мы здольны і вырошчваем у Беларусі. Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці выканана яго даручэнне па стварэнні стабілізацыйных фондаў і забеспячэнні насельніцтва ў зімова-веснавы перыяд айчыннай агароднінай і садавіной. "Не выканалі і за гэта адкажаце, - папярэдзіў ён. - Аказваецца, у нас бульбы няма. У нас бульба на колькі падаражэла? У міжсезонны перыяд рост цэн на бульбу які? Мы што, бульбы не можам вырасціць патрэбную колькасць, пакласці ў склеп і потым насельніцтву прадаць?"

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу КДК разабрацца ў гэтым пытанні і ўнесці свае прапановы. "Выгнаць трэба гэтых кіраўнікоў. Бульбу не можам вырасціць у дастатковай колькасці! Цэны за два месяцы на 10% падскочылі на бульбу", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён заўважыў, што беларуская бульба не горшая за імпартныя сарты, галоўнае - забяспечыць яе належнае захоўванне. Прэзідэнт расказаў пра асабісты вопыт: вырашчаная на падворку бульба захоўваецца ў звычайным агароднінасховішчы, проста выконваюцца тэхналогіі, таму яна ані не сапсавалася.

"Выбудавалі сістэму так, што імпарт, больш выгадна завозіць у гандаль, чым прадаваць сваё. Не так? Гэта ж бардак! Якое гэта рэгуляванне, гэта карупцыя. Якому імпарцёру, які з Егіпта ці Расіі, Казахстана завозіць тавар, вы хацелі падыграць? Дакажыце мне, што ён вам не заплаціў нешта, на лапу не даў. Я, вядома, не збіраюся вас папракаць у тым, што вам давалі хабар за гэта, але, выбачайце, гэта падазрэнне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што агародніна павінна восенню закладвацца ў сховішчы, так званыя стабілізацыйныя фонды, каб зімой яе можна было прадаваць насельніцтву па звычайных цэнах.

Асобнае пытанне - будаўніцтва цяпліц, якія дадуць магчымасць вырошчваць агародніну нават не ў сезон. "Гавару гэта таму, што ў мяне кавалак гэтай цяпліцы ёсць. Я ў тыдзень тры разы бачу, як растуць памідоры і агуркі. Ужо месяц таму з'явіліся агуркі. Памідоры праз месяц-паўтара будуць. Але той, хто займаецца прафесійна гэтым, ужо сёння мае гэтыя памідоры. І мы можам такім чынам збіць цэны, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Кавалачак цяпліцы ўзяў, каб бачыць, магчыма гэта ці не. Аказваецца, магчыма. А чаму вы не робіце? Вы што, мужыкі, зажраліся?"

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перад нарадай яму прынеслі вялікі пакет дакументаў, аднак, што менавіта ўносіць на яго разгляд Урад, сваю прамежкавую або канчатковую прапанову, з іх не зразумела.

"Кожны дзень фактычна дапытваў Снапкова па гэтым пытанні. Галоўчанку нагадваў, што гэта ваш галоўны экзамен. Нас глядзяць людзі, нас падтрымліваюць. Мы ўсе разам радаваліся, што за нас прагаласавалі на апошніх выбарах. Народ паверыў. А мы што? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Яшчэ раз паўтараю: ідзе назначэнне ва Урад - момант, сыходзьце. Сядзяць, выдумляюць нейкую формулу, і ў кожнага сваё меркаванне ў галаве. Прэзідэнт паставіў задачу і вызначыў каляіну, з якой вы не можаце выскачыць: у нас дыктатура. І гэту дыктатуру народ падтрымлівае. Рабіце".

"Не павінна быць жорсткіх метадаў рэгулявання, каб не нашкодзіць эканоміцы. Мы не павінны празмерна стрымліваць цэны таваравытворцаў. Там павінна быць нармальная рэнтабельнасць. Скарачайце затраты", - абазначыў арыенціры Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што свае траты, як, напрыклад, набыццё новых аўтамабіляў, прадпрыемствы не павінны закладваць у сабекошт прадукцыі, іншымі словамі, перакладваць на пакупнікоў. "Дык калі б толькі аўтамабілі. І ўсе прыходзяць, плачуць. Не могуць працаваць - няхай не працуюць. Пастаўце ўсіх у роўныя ўмовы: краіна перш за ўсё", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, якія прапановы зыходзяць ад прыватнага бізнесу: "Давайце заціснем, прыціснем дзяржаўныя прадпрыемствы, а ад попыту і прапанавання будуць працаваць прыватныя. Учора крычалі: пастаўце нас у роўныя ўмовы, дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя. Сёння кажуць: не, тут вось давайце ў нас поўная свабода, ніякіх рэгуляванняў быць не павінна, а дзяржаўныя зацісніце. Дык чаго прыватнікі хочуць? Стаўленне да прыватнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў павінна быць аднолькавым - жорсткае, у інтарэсах людзей", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Роля дзяржавы з гэтага часу павінна заключацца не ў наглядніцтве, а ў стварэнні зразумелых умоў работы, агульных правіл паводзін для ўсіх удзельнікаў рынку. Ніхто да вас не павінен бегаць і прасіць адрэгуляваць цану. Бізнесмены, вытворцы павінны самі ўстанаўліваць цану на прадукцыю, але ў іх таксама павінна быць каляіна - каляіна справядлівасці, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Выпрацавалі вы яе? Паслухаем".

"Але калі вы думаеце, што вось да выбараў пацерпім, як гэта ў іншых краінах бывае, а пасля выбараў гэта пойдзе само сабой, як заўсёды было, барані вас бог ад гэтага. Расстрэльны артыкул як мінімум! Папярэджваю вас. Дурыць людзей нікому не будзе дазволена. Я за гэта - прынамсі першым - нясу персанальную адказнасць. Члены Урада, губернатары - у другую чаргу", - жорстка папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён пагадзіўся, што гэта работа патрабуе вялікіх намаганняў і праблема сапраўды складаная. А вось калі дзейнічаць згодна з простай схемай "попыт і прапанаванне", то ўсё будзе проста і нічога рабіць не трэба. "Гэта ж нагрузка. Каму хочацца працаваць. Дык я па-чалавечы вам гавару: хто не можа і не хоча, не сядзіце на гэтых пасадах. Не хочаце - сыходзьце. Я нікога не прывязаў. Сёння момант прыгожа пайсці. Але адступлення не будзе, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ж з вамі ўсе практычна выйшлі калі не з галечы... Я з галечы. Я ведаю, як жылося простым бедным людзям. І вы ж не міністэрскія дзеткі".

"Вы ж не забылі, як жывуць звычайныя людзі. Давайце ім дапаможам. Лайдакоў, якія ходзяць бразгаюць языкамі, прымусім працаваць. Я таксама такое ўказанне даў. На сябе ўзяў, распарадзіўся. Уся ўлада ў нашых руках. А гаварыць аб тым, што "вось такі Еўрасаюз, амерыканцы такія, у Расіі…" Нам няма чаго на іх раўняцца. Расія, калі захоча, самай багатай краінай будзе. Амерыканцы захочуць - надрукуюць колькі трэба долараў. Еўрапейцы - тэхналагічныя краіны, адбудаваныя. Прыйдуць нармальныя кіраўнікі, будзе Еўрапейскі саюз працаваць. А нам што рабіць у гэтым акружэнні? Ваяваць, як ва Украіне? Усё пачынаецца з эканомікі, 25-ы раз пра гэта гавару", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт даўно даручыў Ураду выпрацаваць новую форму справядлівага цэнаўтварэння. Аднак што маецца на ўвазе пад гэтай справядлівасцю?

"Па-першае, для спажыўца, простага чалавека, справядлівасць заключаецца ў адсутнасці спекуляцый і ў разумнай цане на канечны прадукт. Я не гавару, што "Гучы", "Версачэ" і іншае. Хочаш - купляй імпартнае. Але мы ж можам вырабіць аналагічны прадукт, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Другое. Для прадпрыемстваў - тых, хто вырабляе - справядлівасць павінна ўлічваць адэкватны прыбытак. Але прыбытак - гэта цана мінус затраты. Хочаце больш прыбытку, з мерседэса перасаджвайцеся на сівага каня. Я па-народнаму гавару".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цана на прадукт - гэта ў выніку заработная плата работнікаў вытворчасці. Гэта значыць, атрыманы прыбытак павінен дазваляць прадпрыемствам перш за ўсё забяспечваць дастойныя зарплаты і ўласныя інвестыцыі ў вытворчасць, а не асядаць у кішэнях кіраўнікоў. Акрамя таго, ад памеру атрыманага прадпрыемствамі прыбытку залежаць і даходы дзяржаўнага бюджэту. А гэта - зарплаты вялікай катэгорыі работнікаў і гарантаванне нацыянальнай бяспекі.

"Трэцяе. Справядлівасць - гэта максімальнае садзейнічанне продажам айчынных тавараў. Гэта адзін з напрамкаў работы гандлю, - удакладніў Прэзідэнт. - Мы ўзялі курс на буйныя сеткі. Там таксама цана бандыцкая была, ніхто не кантраляваў. Усім было добра ў гандлі, і ўсім, хто быў звязаны з ім. Таму там таксама фарміруецца канчатковая цана для спажыўца. Але я ўжо гаварыў: не павінна быць так, што імпартнае сёння больш выгадна прадаваць, чым айчыннае. І мы шукаем прычыну. Камітэт дзяржкантролю, Урад - усе шукаюць прычыну. Але яна на паверхні - вы самі стварылі такія ўмовы. І мы страчваем айчынны рынак".

"Інакш кажучы, у новай, справядлівай сістэме цэнаўтварэння павінен захоўвацца баланс усіх інтарэсаў. Зрабіце формулу такой, каб гэты баланс захоўваўся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Урад прапанаваў пакуль толькі агульнае бачанне формулы справядлівай цаны. У яе ёсць як прыхільнікі, так і скептыкі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ацэнкі гучаць розныя, але ў цэлым эксперты сыходзяцца на думцы, што падыходы існуючай сістэмы трэба ў той ці іншай ступені карэкціраваць.

"Разумны кантроль за цэнамі павінен быць захаваны. І ўвогуле, можаце не кантраляваць, ваша справа. Але за вынік адкажуць галавой", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён прывёў у якасці прыкладу цэны, якія растуць, на лякарствы і адзенне: "На сённяшні дзень па выніках розных даследаванняў бачна, што насельніцтва хвалюе рост цэн на лякарствы і адзенне. Гэта для людзей самыя адчувальныя пазіцыі. Што, ва ўрадзе гэта не ведаюць? Дык вазьміце гэтыя дзве пазіцыі і адрэгулюйце. Чаго мы чакаем?"

"Прапановы Урада разгледзім дэталёва, пакрокава, каб выпрацаваць аптымальнае рашэнне як па формуле справядлівай цаны, так і па сістэме кантролю і кіравання цэнамі. Майце на ўвазе, пытанне вельмі вострае, яно пастаянна ў цэнтры ўвагі нашага насельніцтва. Адступлення ад гэтай праблемы з майго боку не будзе ніколі, таму што гэта жыццё людзей і наша ў тым ліку жыццё", - рэзюмаваў беларускі лідар.