Спачуванне Прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму ў сувязі са смерцю былога Прэм'ер-міністра Індыі Манмахана Сінгха. 

    "У Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку аб смерці выдатнага індыйскага дзяржаўнага дзеяча і эканаміста, былога Прэм'ер-міністра Рэспублікі Індыя доктара Манмахана Сінгха. Ён назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Індыі як мудры і поўнасцю адданы сваёй краіне кіраўнік. Яго нястомнай працай былі забяспечаны рост дабрабыту і міжнароднага аўтарытэту дзяржавы", - гаворыцца ў спачуванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 2007 годзе ў перыяд знаходжання Манмахана Сінгха на прэм'ерскай пасадзе адбылася яго асабістая цёплая сустрэча з ім, былі падпісаны галоўныя дакументы беларуска-індыйскіх адносін у галінах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і міжнароднай бяспекі.

    "Ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказваю шчырыя спачуванні і словы падтрымкі родным і блізкім доктара Манмахана Сінгха, а таксама ўсім грамадзянам Індыі ў сувязі з гэтай цяжкай стратай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.