Разгляд кадравых пытанняў

  • 23
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Церахава Аляксандра Аляксандравіча - Намеснікам Прэм'ер-міністра (пытанні будаўніцтва, ЖКГ і транспарту),

Маркава Марата Сяргеевіча - Міністрам культуры,

Жука Дзмітрыя Аляксандравіча - Міністрам інфармацыі,

Орду Міхаіла Сяргеевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Манголіі,

Мохара Андрэя Канстанцінавіча - генеральным дырэктарам Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Беларускае тэлеграфнае агенцтва".

Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне:

Гуйды Аляксея Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама (пытанні сацыяльнай сферы і ідэалогіі),

Белуся Пятра Казіміравіча - намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама (пытанні будаўніцтва і ЖКГ),

Бабінскай Алены Міхайлаўны - старшынёй Браслаўскага райвыканкама,

Бакурава Максіма Сяргеевіча - старшынёй Глыбоцкага райвыканкама,

Мойжыка Леаніда Ігаравіча - старшынёй Аршанскага райвыканкама,

Часнойця Аляксандра Леанідавіча - старшынёй Воранаўскага райвыканкама,

Дзікуна Андрэя Васільевіча - генеральным дырэктарам ЗАТ "Атлант" - дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў.

Новы Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Церахаў будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да гэтага часу ён займаў пасаду генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд". А да гэтага на працягу шэрагу гадоў узначальваў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

"Што датычыцца будоўлі, я думаю, праблем у цябе тут няма. Ты ўжо асвоіў гэта як мае быць. Жыллёва-камунальную гаспадарку таксама ведаеш. А там усё сканцэнтравана, пачынаючы ад скаргаў людзей нашых і заканчваючы тым жа будаўніцтвам. Можа, не ў такіх аб'ёмах з нуля - больш капітальным рамонтам давядзецца займацца і іншым. Лічыць грошы, упэўнены, што таксама навучыўся, паколькі нельга працаваць кіраўніком і не ўмець лічыць грошы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што на гэту пасаду віцэ-прэм'ера быў шэраг прапаноў. "Я пагадзіўся на тваю кандыдатуру толькі таму, што ты практычна многае паспрабаваў і ўвогуле нядрэннае прадпрыемства", - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы.

"Але хачу сказаць, што табе будзе несалодка", - заўважыў Прэзідэнт, гаворачы аб наяўнасці вялікай колькасці важных задач. Адна з іх - дарожнае будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду скарыстацца момантам і ўдзяліць больш увагі гэтаму напрамку. "У нас сёння і нафта крыху таннейшая, чым у іншых. Усплёск гэты быў у сувязі з падзеямі на Блізкім Усходзе. Але, я думаю, стабілізуемся. Прытым мы ж яшчэ з Расіяй гандлюем нафтай са скідкай пэўнай, а дарогі - гэта бітум перш за ўсё, бітум - гэта нафта. Усё астатняе дабро ў нас ёсць. І, калі нафта таннейшая, трэба скарыстацца гэтым момантам і паправіць нашы дарогі. Праграма вызначана. Трэба ад аграгарадка да раённага цэнтра мець моцную, устойлівую дарогу. І пажадана ў жалезабетоне. Дзе толькі магчыма, патрэбны бетонныя дарогі", - заявіў беларускі лідар.

"Дзе немагчыма (зрабіць дарогу з бетонным пакрыццём. - Заўвага), я гавару, што ў нас ёсць момант. Вось гэтыя год, можа, паўтара, калі ў нас цэны будуць ніжэйшыя, чым на сусветных рынках па нафце. Значыць, трэба выкарыстоўваць і бітум для будаўніцтва гэтых дарог", - дадаў Прэзідэнт.

"Вельмі важнае пытанне для нас - гэта дарогі. Мы транзітная краіна. І амаль у кожнага па адным, а тое па два аўтамабілі ў сям'і. Ды і не толькі асабісты транспарт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Церахаў заўважыў, што па першай адукацыі ён дарожнік - заканчваў тэхнікум дарожнага будаўніцтва.

"Выдатна! Тым больш", - сказаў на гэта Кіраўнік дзяржавы.

Назначаючы новага віцэ-прэм'ера, Прэзідэнт таксама выказаўся на тэму жыллёвага будаўніцтва. "Шмат будзем будаваць жылля. Калі мы скарачаемся ў Мінску, гэта не значыць, што мы не будзем у спадарожніках (гарадах-спадарожніках. - Заўвага) будаваць жыллё, не будзем будаваць асабліва арэнднае жыллё, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы прамысловасцю, ды і ўсюды", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што асабіста назіраў некаторыя будаўнічыя аб'екты, за якія адказваў Аляксандр Церахаў, працуючы на пасадзе генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд". "Усё ты ўмееш рабіць. Таму трэба гэту практыку знізу ўзнімаць наверх і дзейнічаць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Назначаючы Дзмітрыя Жука, які да гэтага часу займаў пасаду дырэктара - галоўнага рэдактара выдавецкага дома "Беларусь сегодня", Міністрам інфармацыі, Прэзідэнт сказаў: "Дзмітрый Аляксандравіч, ну што мне табе раіць? Ты ўжо гатовы чалавек, ідэалагічна вопытны, які разумее, што трэба рабіць. Таму я абсалютна не супраць, што Вы паспрабуеце сябе на гэтай пасадзе. Хоць я з вялікім шкадаваннем успрымаю, калі такі практык, як Вы, ідзе на кіраўніцкую працу. Таму што, ну, прападзе, думаю, чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да назначаемага Міністра.

"Я ж не на іншую планету", - заўважыў на гэта Дзмітрый Жук.

"Ведаю, што ты не прападзеш", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы назапашаны ў новага Міністра вопыт.

Назначаючы Марата Маркава, які да гэтага часу ўзначальваў Міністэрства інфармацыі, Міністрам культуры Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў вядомую фразу аб тым, што найважнейшым з мастацтваў з'яўляецца кіно. "Не я гэта сказаў, але абсалютна падтрымліваю. Тое, што мы закінулі кіно, гэта нікуды не варта", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Калі мне далажылі аб тым, што Марат Сяргеевіч просіць, каб яго назначылі Міністрам культуры, я крыху здзівіўся, але вітаў гэта. Дай бог, каб уздым кіравання культурай у нас пачаўся з цябе. Я буду толькі рады. Чалавек, які вырас на маіх вачах. Я буду толькі рады", - сказаў Прэзідэнт наконт кандыдатуры на пасаду Міністра культур.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Марат Маркаў ужо мае вопыт міністэрскай працы. "З аднаго крэсла міністэрскага на больш сур'ёзнае і адказнае, скажам так, перасаджваецца. Адказнае і сур'ёзнае, таму што ў нас не атрымлівалася ў папярэдніх міністраў эфектыўна працаваць. Ёсць такое перакананне, што ты, Марат, з гэтым справішся. Ды і іншага выбару ў нас няма, мужыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца нашага ідэалагічнага складніка - ідзе вайна. Пакуль на ідэалагічным фронце. Можа, і дзякуй богу. Будзем пакуль ваяваць. Вы бачыце, што часам нядобрасумленна з намі абыходзяцца, як YouTube там каналы (выдаліў. - Заўвага). Вы людзі вопытныя і часта пра гэта самі гаворыце і не толькі. Вядомыя нашы перадачы ў Эйсманта (гаворка пра тэлепраграму "Клуб рэдактараў", вядучым якой з'яўляецца кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. - Заўвага), я назіраю за разважаннямі вашымі. Вы гэта добра ведаеце - ідзе вайна. І павінен сказаць, гэта тэма Адміністрацыі Прэзідэнта, у нас не ўсё добра тут", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У размове з Міхаілам Ордам, які быў назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Манголіі, Прэзідэнт сказаў: "Што датычыцца Манголіі, для мяне было дзіўна, што ты згадзіўся туды паехаць. Але мне сказалі, што ты ледзь ці не мангол - добра ведаеш Манголію і гатовы працаваць, даваць рэзультат. У нас бліскучыя адносіны з кіраўніцтвам Манголіі. Прэзідэнт там зямны, добры, талковы. Але з Манголіяй трэба пачынаць працаваць".

Звяртаючыся да новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апошнім часам дзяржавай удзялялася вялікая ўвага развіццю сельскагаспадарчай сферы, пачынаючы ад канкрэтных пытанняў жывёлагадоўлі, будаўніцтва прафілакторыяў для цялят, эканомікі асобных сельгаспрадпрыемстваў і заканчваючы больш агульнымі пытаннямі правядзення веснавых палявых работ.

"Вы ведаеце, што рабіць. Час няпросты. Трэба дзейнічаць, - сказаў Прэзідэнт. - Не забывайце, што вы кіраўнікі. Вы прэзідэнты на гэтым кавалачку зямлі - раёне. Дзейнічайце. Не чакайце, што вам нехта прыйдзе і нешта зробіць. Прыйдуць, дапамогуць - дзякуй. Але ўсё будзе залежаць ад вас. Таму - толькі наперад".

Гаворачы пра новага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксея Гуйду, Прэзідэнт заўважыў, што той у сувязі са зменай працы пераедзе з Мінска ў Віцебск. На працягу многіх гадоў ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта, і цяпер, як растлумачыў ён сам, надышоў час "пахадзіць па зямлі", атрымаць новы вопыт работы. Да таго ж ён родам з Шаркаўшчынскага раёна, і рэгіён яму блізкі.

"Малайчына, правільна ты разважаеш. Пакуль малады, трэба прайсці тое, што трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пазітыўна ацаніў наяўнасць у Аляксея Гуйды вялікага вопыту адміністрацыйнай, кіраўніцкай працы.

У прадаўжэнне тэмы Прэзідэнт згадаў пра цяперашняга Прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і вопыт, атрыманы ім у час работы старшынёй Мінскага аблвыканкама. "Губернатарам быў, вярнуўся - іншы чалавек. Ён разумее людзей, яму не трэба расказваць, пераконваць у нечым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У размове з Пятром Белусем, які кіраваў Глыбоцкім раёнам, а цяпер будзе працаваць намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, Прэзідэнт спытаў аб існуючых праблемах. Размова зайшла пра Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, які стаў адчуваць цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі на знешніх рынках, у тым ліку расійскім, з-за нядобрасумленнай працы пасрэднікаў. Каб выйсці з сітуацыі, якая склалася, неабходна наладзіць прамыя пастаўкі, работу ўласнай тавараправоднай сеткі.

Новы кіраўнік Глыбоцкага раёна Максім Бакураў да нядаўняга часу ўзначальваў Аршанскі мясакансервавы камбінат і на гэту пасаду быў назначаны пры незвычайных абставінах - рашэнне было прынята Аляксандрам Лукашэнкам у час візіту на камбінат у чэрвені 2021 года. Да гэтага моманту Максім Бакураў працаваў на розных пасадах на гэтым прадпрыемстве, у тым ліку ў статусе выконваючага абавязкі кіраўніка.

Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся цяперашнім станам спраў на Аршанскім мясакамбінаце. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што там пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новыя цэхі, асобныя - яшчэ ў стадыі будаўніцтва, старыя будынкі і памяшканні рэканструяваны, прыведзены ў парадак або, пры неабходнасці, знесены. Ёсць планы па выпуску новай прадукцыі. І цяпер ідзе рэарганізацыя прадпрыемства, падрыхтаваны дакументы па яго далучэнні да агракамбіната "Дзяржынскі".

Вопыт работы Максіма Бакурава дырэктарам Аршанскага мясакансервавага камбіната будзе карысны для яго новай пасады кіраўніка Глыбоцкага райвыканкама, растлумачыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Паколькі там таксама ёсць буйное прадпрыемства аналагічнага профілю, якое патрабуе пераўтварэнняў для павышэння яго эфектыўнасці.

"Ты ведаеш раён. Добра ведаеш, што трэба рабіць", - даў наказ новага кіраўніку Глыбоцкага раёна Прэзідэнт, заўважыўшы, што там дастаткова праблемных пытанняў, якія трэба вырашаць, і паабяцаўшы асабіста наведаць рэгіён, каб ацаніць, што там будзе зроблена.

Прэзідэнт перад тым, як прыняць рашэнне наконт новага кіраўніка Аршанскага раёна Леаніда Мойжыка, у першую чаргу спытаў, як праявіў сябе на гэтым месцы былы кіраўнік раёна Ігар Мароз і якія прычыны прапанаванай змены кіраўніцтва.

"Асноўная прычына: Аршанскі раён - прамысловы, 60% эканомікі (раёна. - Заўвага) - прамысловыя прадпрыемствы. У раён укладзены 3 млрд рублёў па адпаведнай праграме, якая рэалізоўвалася з 2018 па 2023 год. Цяперашняя прамысловая дынаміка прадпрыемстваў не зусім тая, якая закладзена ў бізнес-планах і якая павінна быць. Таму прынята рашэнне ўзмацніць кіраўніцтва раёна чалавекам, які даказаў сваю эфектыўнасць на прамысловым аб'екце", - растлумачыў Дзмітрый Крутой. Гэтым крытэрыям, паводле яго слоў, якраз адпавядае Леанід Мойжык, які да гэтага часу працаваў дырэктарам Аршанскага інструментальнага завода.

"Тое, што прадпрыемствы прамысловасці там не вельмі працуюць, - гэта пытанні і да Урада, і да міністэрстваў, і да аблвыканкама", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Патрэбны прамысловец у гэты раён", - сказаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка даручыў яму ўважліва паставіцца да далейшага працаўладкавання Ігара Мароза. "Трэба прынцыпова разабрацца, паглядзець, можа чалавек працаваць ці не можа. Калі ён можа працаваць, перспектыўны, трэба забраць яго з Оршы і перавесці. Калі ён талковы чалавек, страціць яго ні ў якім разе нельга, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны страчваць людзей, якія могуць працаваць... Трэба ва Урадзе гэта пытанне сур'ёзна разгледзець, каб не пакрыўдзіць чалавека".

"Каб ён разумеў, што мы шукаем туды прамыслоўца, а не здымаем яго з працы. Каб не было ніякай чахарды. І трэба больш глыбока вывучаць гэтыя пытанні", - прадоўжыў Прэзідэнт.

"Ніякага негатыву (з боку Ігара Мароза адносна прынятых кадравых рашэнняў не было. - Заўвага)", - запэўніў Дзмітрый Крутой.

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да новага старшыні Аршанскага райвыканкама, падкрэсліў, што цяпер у сферы яго адказнасці ўвесь сацыяльна-эканамічны блок рэгіёна і асаблівай увагі і асабістай уключанасці будуць патрабаваць не толькі прамысловасць, але і сфера АПК. "Вам цяпер давядзецца адказваць за ўсё, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Давядзецца цяпер займацца і прафілакторыямі для цялят, і гноем, і ўдоямі, і іншым. Гэта ты павінен добра разумець". Тым больш што Аршанскі раён заўсёды знаходзіцца ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы, ён часта тут бывае, выдатна ведае характарыстыкі і асаблівасці рэгіёна.

У ліку актуальных патрабаванняў Прэзідэнта - зрабіць Аршанскі раён узорным па ўкараненні тэхналогій земляробства, арганізацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў бліжэйшы час пільная ўвага да яго з боку кіраўніка дзяржавы будзе захоўвацца.

"Я ўдзяляю вялікую ўвагу Шклоўскаму раёну, таму што там ведаю кожны метр. І я ведаю Аршанскі раён нядрэнна. Адзін і другі раёны - яны розныя. Недзе сельскагаспадарчы, як Шклоўскі. Недзе прамысловы, як Аршанскі. Гэта тое, што ў нас у краіне (у мініяцюры. - Заўвага), - сказаў Прэзідэнт. - Вось узоры. Капіруйце і дзейнічайце.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на правядзенне веснавых палявых работ і падрыхтоўку глебы. Дзякуючы наяўнасці магутных айчынных энерганасычаных трактароў некаторыя гаспадаркі правялі ўзворванне так, што палі ператварыліся літаральна ў акопы, заўважыў Прэзідэнт. "Перавярнулі, з таго свету дасталі зямлю, - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы. - Грэйдар трэба пасылаць, каб выраўнаваць поле. Перад сяўбой яно павінна быць (роўнае. - Заўвага), як стол. А там - жах".

Цяпер, каб зрабіць такое поле прыдатным для правядзення пасяўных работ, давядзецца затраціць дадатковыя сілы, тэхніку, час і рэсурсы, у тым ліку паліва. А гэта ў сваю чаргу прывядзе да росту сабекошту сельгаспрадукцыі. Таму так важна, каб на кожным этапе выконвалася тэхналагічная дысцыпліна, каб прымаліся прадуманыя кіраўніцкія рашэнні.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на ўважлівае стаўленне да кадраў, асабліва да работнікаў з вялікім прафесійным вопытам. "Трэба паглядзець на кадры. Хто можа - няхай працуе. Хто не можа - той няхай ідзе. Губернатар гэта добра разумее. Майце на ўвазе, што вельмі сур'ёзная ўвага ў гэтым плане будзе і да вас", - папярэдзіў Прэзідэнт Леаніда Мойжыка.

Новым кіраўніком Воранаўскага раёна стаў Аляксандр Часнойць, які да гэтага часу працаваў намеснікам старшыні - начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не так даўно ў Лідскім раёне змяніўся кіраўнік, а цяпер адтуль забіраюць аднаго з намеснікаў. "Ліда для Гродзенскай вобласці - гэта вялізны горад. Мы там не аголім кадры?" - спытаў Прэзідэнт у новага старшыні райвыканкама. Той выказаў упэўненасць, што негатыўных наступстваў не будзе, ужо ёсць дастойныя кандыдатуры на пасаду, якая вызвалілася.

Дзмітрый Крутой растлумачыў, што пры падборы кандыдатуры кіраўніка Воранаўскага раёна быў асабліва важны вопыт работы Аляксандра Часнойця, які змог дабіцца значных вынікаў у сельскай гаспадарцы Лідскага раёна. "Адзін з буйнейшых, значных раёнаў у краіне. Але па сельскай гаспадарцы яны былі ў падвале турнірнай табліцы Гродзенскай вобласці. Ён падняў наверх", - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся асобнымі паказчыкамі работы па АПК Лідскага раёна, у тым ліку ходам пасяўной кампаніі, будаўніцтвам прафілакторыяў для маладняку буйной рагатай жывёлы, і меркаваннем новага кіраўніка наконт праблемных аспектаў сельскай гаспадаркі Воранаўскага раёна, якім трэба ўдзяліць першарадную ўвагу.

Прэзідэнт папярэдзіў, што многія сферы запатрабуюць асабістай уключанасці кіраўніка раёна - і такога ж падыходу трэба патрабаваць ад усіх на месцах. "Калі кіраўнік не пабываў на ферме, на комплексе, работы там не будзе. Людзі хочуць бачыць свайго кіраўніка, пажадана кожны дзень. Такія яны, сяляне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Закраналася таксама тэма магчымага ўзбуйнення гаспадарак у АПК. І тут Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на ўзважаны, прадуманы падыход, зыходзячы з кожнай асобнай сітуацыі і магчымасцей саміх прадпрыемстваў. "Будзьце акуратныя пры аб'яднанні, каб слабога да слабога не далучылі, а потым яны абодва разваліліся. Тут трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі", - сказаў ён. Дзейнічаць, паводле яго слоў, трэба паэтапна, а не па агульным лякале: "Тут нам спяшацца ні ў якім разе нельга. Па-кніжнаму рабіць нічога нельга".

Узгадняючы назначэнне Андрэя Дзікуна генеральным дырэктарам ЗАТ "Атлант" - дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў, Аляксандр Лукашэнка спытаў: "Андрэй Васільевіч, Вы ўяўляеце, куды Вы ідзяце?"

"Уяўляю. Прадукт ёсць, рынак ёсць. Буду працаваць", - адказаў Андрэй Дзікун. Да гэтага часу ён займаў пасаду дырэктара ААТ "Мінскі завод "Тэрмапласт".

Прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу рабоце завода халадзільнікаў на знешніх рынках. Задачы тут ляжаць як у галіне выбудоўвання тавараправоднай сеткі, так і зніжэння затрат на вытворчасці, зніжэння сабекошту прадукцыі і павышэння яе канкурэнтных пераваг.

"Працэс ідзе. Зрухі пэўныя ёсць. Раскручваем уласны гандлёвы дом, і (выбудоўваем перспектывы прадпрыемства. - Заўвага) з улікам работы ўнутранай з сабекоштам і цаной. На што і будзе ў асноўным нацэлены Андрэй Васільевіч з яго вопытам на "Тэрмапласце". Спадзяёмся, сітуацыю да канца года выправім, - далажыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які прысутнічаў пры разглядзе кадравых пытанняў. - У адпаведнасці з вашым рашэннем, старшынёй наглядальнага савета там у нас вызначаны профільны віцэ-прэм'ер - Віктар Міхайлавіч Каранкевіч, які асабіста кантралюе ўсе гэтыя пытанні і працэсы".

Кіраўнік Адміністрацыі таксама расказаў, што пэўную дапамогу прадпрыемству плануецца аказаць на ўзроўні горада Мінска. "У першую чаргу гэта датычыцца недзе падатковых прэферэнцый, падтрымкі інвестпраектаў, якія сфарміраваны і рэалізуюцца", - расказаў ён.

Важны пазітыўны момант - нягледзячы на некаторую складанасць цяперашняй сітуацыі і рост запасаў прадукцыі, прадпрыемства не дапускае пратэрміновак па плацяжах. Перад "Атлантам" з улікам яго знаходжання ў Мінску, дзе даволі вялікі рынак працы, таксама заўсёды актуальна задача ў галіне кадраў, адзначыў Дзмітрый Крутой, - зарплаты павінны быць канкурэнтаздольнымі з сярэднімі па сталіцы, каб захаваць запатрабаваных спецыялістаў.

Заслухаўшы адпаведную інфармацыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Атлант" у яго заўсёды ў прамым сэнсе слова перад вачамі, паколькі знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці, дзе рэгулярна працуе Кіраўнік дзяржавы: "Я, калі выязджаю або пад'язджаю сюды, увесь час гляджу на "Атлант" і думаю, як увогуле яны там. Тое, што пратэрміновак не дапусцілі, гэта ўжо добра".

Звяртаючыся да новага кіраўніка прадпрыемства, Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што рынак для прадукцыі "Атланта" сапраўды ёсць, але трэба грунтоўна займацца продажамі. "Выйшаўшы за плот, вы прадукцыю не прадасце. Трэба працаваць на рынках. У Расіі прадукцыя "Атланта" карыстаецца і будзе карыстацца значным попытам, - сказаў ён. - Наогул расіяне да нашай прадукцыі добра ставяцца. Нават калі даражэйшая, яны купляюць. Яны ведаюць, што гэта як сваё".

Што датычыцца высокай канкурэнцыі на расійскім рынку, напрыклад, з боку вытворцаў аналагічнай прадукцыі з Кітая, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мае месца спроба захопу рынку і цэнавы дэмпінг, і расіяне ў тым ліку гэта разумеюць. "Будуць дэмпінгаваць на гэтым этапе. А потым цэны ўзляцяць неймаверна, калі манапалістамі застануцца. Класіка", - заўважыў ён.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць работы ў напрамку зніжэння сабекошту прадукцыі "Атланта". "Сабекошт і яшчэ раз сабекошт. Што мне цябе вучыць, Андрэй, ты ведаеш не горш за мяне. Ведаеш, як працаваць, - даў наказ Кіраўнік дзяржавы. - Буйное прадпрыемства. І ўвесь час "на вачах" у Прэзідэнта. Таму, з аднаго боку, я ўдзячны, што ты рызыкнуў пайсці на гэта прадпрыемства і стабілізаваць яго. А з іншага боку, павінен разумець, што запатрабаванне будзе самае сур'ёзнае".

Кіраўнік дзяржавы пажадаў новаму кіраўніку "Атланта" поспехаў і паабяцаў падтрымку. Разам з тым, ён папярэдзіў, каб прадпрыемства ў доўгатэрміновай перспектыве разлічвала перш за ўсё на ўласныя сілы. "Разлічваць на тое, што сабекошт, затраты вы паправіце за кошт падатковых нейкіх ільгот гарвыканкама, ну, можа, на першым этапе. А далей давядзецца, наадварот, гарвыканкаму дапамагаць з бюджэтам, каб мы маглі і ўрачам, і настаўнікам, і пенсіі дастойныя людзям плаціць. Гэта вельмі важна для нас", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на агульны фон у свеце, у рамках якога даводзіцца прымаць тыя ці іншыя рашэнні па развіцці прадпрыемстваў: "Мы ў такім перыядзе знаходзімся, дзе ёсць і пераваг нямала, калі ў свеце паглядзець, але і праблем, якія ад нас не залежаць, таксама нямала".