Рабочы візіт у Азербайджан. Перагаворы з Ільхамам Аліевым

  • 20
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 14 красавіка правялі сустрэчу ў палацы "Загульба".

Перагаворам кіраўнікоў дзяржаў папярэднічала цырымонія фатаграфавання. Пасля пратакольных мерапрыемстваў прэзідэнты спусціліся ў залу перагавораў. Дарэчы, Прэзідэнт Беларусі - першы замежны лідар, якога ў гэтым годзе прымае Азербайджан.

У час перагавораў у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Азербайджана не можа ні адна пандэмія.

"Напэўна, наша сустрэча ў нейкай ступені прагучыць рэфрэнам на фоне гэтых усіх падзей: пандэміі і іншага. Але сапраўдныя сябры не адкладваюць на доўгі час тыя мерапрыемствы, якія трэба правесці своечасова. Перашкодзіць гэтаму не можа ні адна пандэмія", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што краіны дыверсіфікавалі свае адносіны ў палітыцы і эканоміцы і "яны абсалютна нічым не абцяжараны". "Мы нікому не перашкаджаем і нам ніхто стараецца не перашкаджаць. Таму што калі ты хочаш нешта зрабіць, то цяжка гэтаму перашкодзіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта добры вынік з пункту гледжання дынамікі.

"Што датычыцца нашых палітычных адносін, цяжка сказаць, чаго нам не хапае. У нас бліскучыя адносіны. І я гэтым заўсёды ганаруся. Мы аднавілі самыя цёплыя адносіны з часоў Савецкага Саюза па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў падтрымку з боку Беларусі ў аднаўленні закранутых нядаўнім канфліктам тэрыторый. "Мы ўчора аб гэтым вельмі доўга гаварылі. Я вельмі рады, што вы як сапраўдны сябар беларускага народа разумееце, што наперадзе ой колькі яшчэ работы. Цяжкай работы, мірнай работы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І вы павінны ведаць, што ў Беларусі - вашы надзейныя сябры. Нашы магчымасці вы ведаеце. Мы сёння з міністрамі, спецыялістамі яшчэ раз абмяркуем. Калі мы дамовімся (у нас заўсёды так было), мы заўсёды рэалізуем нашы дамоўленасці".

У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць свайму азербайджанскаму калегу за падтрымку Беларусі ў сферы паставак вуглевадароднай сыравіны.

"Нам, можа, трэба недзе разгледзець пытанне паглыблення адносін менавіта ў гэтай сферы. Вельмі, зразумела, тонкае і далікатнае па прычыне таго, што Беларусь размешчана ў эпіцэнтры эканамічных і палітычных падзей. Але тым не менш няма невырашальных пытанняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Азербайджанскі лідар адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі паспяхова развіваецца як у палітычнай сферы, так і ў эканоміцы. Паводле яго слоў, беларуска-азербайджанскім сувязям была нададзена такая дынаміка, што развіццё ідзе па ўсіх напрамках.

"Нашы ўзаемныя візіты маюць рэгулярны характар. Гэта ўсё сведчыць аб цесным палітычным узаемадзеянні, высокім узроўні даверу паміж краінамі і нацэленасці на вынік, - заявіў Ільхам Аліеў. - У нас адносіны цалкам свабодныя ад усякіх праблем. Нашы рэгулярныя кантакты дазваляюць проста падводзіць вынікі зробленага, намячаць наступныя крокі і рухацца наперад як два сябры, партнёры".

Пасля сустрэчы ў вузкім складзе да прэзідэнтаў далучыліся астатнія члены дэлегацый, абмеркаванне комплексу пытанняў беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва прадоўжылася ў пашыраным фармаце.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні па развіцці супрацоўніцтва ў энергетычнай, турыстычнай сферах, у галіне ветэрынарыі і нафтавай галіны.

На сустрэчы з журналістамі Кіраўнік дзяржавы адзначыў што ў час перагавораў 13 і 14 красавіка бакі правялі грунтоўную рэвізію адносін. Быў пацверджаны стратэгічны характар адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам і канстатавана адсутнасць праблем або разыходжанняў у меркаваннях па міжнародным парадку дня.

"Нашы ацэнкі абстаноўкі ў свеце цалкам супадаюць. Ёсць яснасць адносна далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах крызісу сусветнай эканомікі, пандэміі і, самае галоўнае, неадназначных прагнозаў на перспектыву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што апошнім часам краіны значна рушылі наперад у адносінах.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь шчыра вітае дамоўленасці аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у зоне нагорнакарабахскага канфлікту. 

"Гэта важнае палітычнае рашэнне, якое павінна стаць асновай трывалага міру ў рэгіёне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - З чым я хачу павіншаваць народ Азербайджана і народ Арменіі - з заканчэннем гэтай страшнай трагедыі, якая доўжылася 30 гадоў".

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што яго пазіцыю ведаюць і ў Азербайджане, і ў Арменіі.

"Дай бог, каб выраўнялася гэта бяда, каб не было нейкіх асколкаў у душы і сэрцы ў армянскага і азербайджанскага народаў. У чым я ўпэўнены: з боку майго сябра і брата ніякага звядзення рахункаў, помсты не будзе", - заявіў беларускі лідар.

Ільхам Аліеў у сваю чаргу заявіў, што Азербайджан нацэлены на ўмацаванне мер даверу ў адносінах з Арменіяй. "Мы разлічваем, што Беларусь як наш сябар, правераны партнёр прыме актыўны ўдзел не толькі ў аднаўленні тэрыторый. Беларусь як партнёр Арменіі, краіна, якая разам з ёй з'яўляецца членам ЕАЭС і АДКБ, і як краіна, якая з'яўляецца блізкім сябрам Азербайджана, можа адыграць важную ролю і ў наладжванні кантактаў паміж Арменіяй і Азербайджанам", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў час перагавораў шмат увагі было ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і пераходу на новую стадыю кааперацыі. Размова ідзе аб трансферы тэхналогій і адкрыцці ў Азербайджане новых сумесных прадпрыемстваў: для стварэння неабходных вытворчасцей і новых рабочых месцаў. "Мы гатовы падставіць сваё плячо і зрабіць гэта адказна", - заявіў Прэзідэнт.

Вялікі патэнцыял для кааперацыйных сувязей беларускі бок бачыць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, інфармацыйных тэхналогіях, ахове здароўя, турызме, адукацыі. Добрыя перспектывы бачацца ў паглыбленні ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай і ваенна-прамысловай сферах.

Бакі таксама прааналізавалі, як развіваецца пандэмічная сітуацыя ў свеце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва, для гэтых мэт будуць выкарыстоўвацца створаныя ў краіне па расійскіх тэхналогіях прэпараты. Аднак увесь аб'ём вырабленых вакцын Беларусь спажыць не зможа, таму іх гатовы экспартаваць, у тым ліку і ў Азербайджан. "Гэта было ўспрынята не толькі станоўча, але і з пэўнай надзеяй", - паведаміў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Ільхама Аліева ў Беларусь, дадаўшы, што некаторыя пункты праграмы яго візіту ўжо былі намечаны. "Мы заўсёды былі і застанёмся надзейнымі сябрамі вашай краіны", - рэзюмаваў беларускі лідар.