Рабочая паездка ва ўсходнія рэгіёны Беларусі

  • 10
  • 9:28

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня праінспектаваў ход уборачнай кампаніі ва ўсходніх рэгіёнах краіны.

Кіраўнік дзяржавы наведаў сялянскую фермерскую гаспадарку "Старт ТС" у Аршанскім раёне, дзе на прыкладзе аднаго з палёў паглядзеў тэхналогію безадвальнай апрацоўкі глебы. Гэта пытанне Прэзідэнт абазначыў як стратэгічнае і даў даручэнне на практыцы вывучыць вопыт, каб у наступным годзе зрабіць канчатковыя вывады.

Апрацоўка глебы ажыццяўляецца спецыяльным агрэгатам. Адразу па ржышчы пасля ўборкі ўраджаю ажыццяўляецца сяўба на патрэбную глыбіню, унясенне ўгнаенняў.

"Звычайнае поле. Іржышча пасля ўборкі. І мы гэты агрэгат запускаем па ржышчы. І ты гарантуеш, што на гэтым полі будзе тое, што мы хочам. Нягледзячы на тое, што тут мора травы", - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік Прэм'ер-міністра Леанід Заяц растлумачыў, што будуць прыменены спецыяльныя сродкі, каб заглушыць рост непатрэбнай травы і пустазелля. Ён далажыў, што ў адной з гаспадарак з пасеваў па такой тэхналогіі ўжо атрымалі высокі ўраджай рапсу, пшаніцы, добра ўрадзіла і кукуруза.

"Нам не прамахнуцца б. Галоўнае, каб мы атрымалі ўраджай. Я думаю, што першы год трэба паспрабаваць. Палавіну так пасеяць, а палавіну пры звычайным ворыве, - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніцтва гаспадаркі. - Будзем спрабаваць тут. У добрых гаспадарках - там, дзе ўжо вопыт ёсць, безадвальная апрацоўка глебы і сяўба па ржышчы - гэта добры варыянт. Але трэба асабліва на поўначы, усходзе акуратна да гэтага падыходзіць".

"Я думаю, што гэта ланцуговая рэакцыя. Калі паспяхова працуючыя прадпрыемствы прымянілі ўжо гэту тэхналогію і ў іх ідзе эканомія і аб'ём вытворчасці прадукцыі, то пойдуць і ўсе", - выказаў меркаванне віцэ-прэм'ер.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі, што пры такой тэхналогіі не толькі эканоміцца тэхнічны і паліўны рэсурсы, але гэта і добра пры засухах. Пласт зямлі не пераварочваецца, а, адпаведна, лепш захоўвае вільгаць. Яшчэ адзін плюс - захаванне карысных бактэрый і дажджавых чарвякоў.

Але Прэзідэнт усё ж настойвае на тым, каб да такой навацыі падыходзілі ўзважана, папярэдне вывучыўшы ўсе магчымыя плюсы і мінусы. "Паглядзім, што ў цябе атрымаецца. Але я яшчэ раз гавару: ворыва ў адвал - мы пераварочваем пласт і гэта ўсё перагнівае. Гэта дае гумус глебе - угнаенне. Хутчэй, эфектыўней. Тут мы без пераварочвання пласта. Так, эканомім. За кошт унясення комплексу ўгнаенняў даём ураджайнасць. У нейкай ступені гэта ўсё не так будзе перагніваць. Добра, што ў нас яшчэ зіма і вясна вільготныя", - заўважыў ён.

"Думаю, што нейкую частку плошчаў тваіх пасяўных трэба пакінуць і араць з пераварочваннем пласта. І параўноўвай. Асабліва ў наступным годзе - што будзе тут, што будзе з пераварочваннем пласта. А потым, калі ўсё нармальна пойдзе, будзем паступова пераходзіць не толькі тут, але і па краіне на гэтыя тэхналогіі. Людзі пойдуць. Былі б агрэгаты гэтыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прадэманстраваная Кіраўніку дзяржавы тэхналогія безадвальнай апрацоўкі глебы хоць і больш эканомная ў параўнанні з традыцыйным узворваннем, але далейшы догляд поля патрабуе дакладнага выканання шэрага патрабаванняў. "Тут дысцыпліна павінна быць жалезная. Калі належыць за суткі ўнесці ўгнаенні - трэба ўнесці. Належыць апрацаваць, хімпраполку зрабіць за суткі - трэба ў гэты час зрабіць. І столькі разоў, колькі трэба. А на рапсавае поле трэба, можа, больш за дзесяць разоў заехаць за перыяд вегетацыі. Угнаенні, апрацоўка... Калі ты хочаш мець 60 цэнтнераў з гектара ўраджайнасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Землі тут добрыя. Але жалезная павінна быць дысцыпліна. Усюды павінна быць дысцыпліна. Без яе толку не будзе".

"Галоўнае - гэта тэхналогіі. Няма нічого дзіўнага ў Гродзенскай вобласці. Яны проста тэхналагічна ўсё робяць. Яны малайцы. Своечасова пасеялі, своечасова забяспечылі догляд і ўборку. І яны маюць вынік. Усё трэба рабіць своечасова і па тэхналогіі. А ў нас тут (ва ўсходніх раёнах. - Заўвага) гэтага не было. Так, крыху мы іх зрушылі, але на ўсюды", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба рухацца ў гэтым напрамку і пачынаць з кадраў: "Каб ірвануць, пачынай з людзей. Жалезная дысцыпліна. Ні ўлева, ні ўправа. Таму што калі ты атрымаеш тэхніку, грошы, новыя комплексы, але будуць людзі хадзіць, як гэта было стагоддзямі тут, ты нікуды не рушыш наперад. Таму дысцыпліна! Растлумач людзям. Нідзе яго (безадказнага і нядбайнага работніка. - Заўвага) на работу не возьмуць. Хопіць! Дурніца скончылася!"

"Гэта не дыктатура, не прыгоннае права. Проста трэба цяпер, сціснуўшы зубы, вытрымаць. Вытрымаем - будзем жыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я часта гавару: калі не хочаце ваяваць, давайце будзем на полі працаваць. Таму што прыйдзем да гэтай вайны. Ва Украіне з гэтага ўсё пачыналася на маіх вачах. Таму трэба рухацца, рухацца, рухацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што і сам у гады кіраўніцтва сельгаспрадпрыемствам вывучаў такі вопыт і спрабаваў гэту тэхналогію апрацоўкі глебы, але тут вельмі важна ўдзяліць увагу барацьбе з пустазеллем: "Безадвальна пачаў працаваць. Але параіць, падказаць не было каму. Тэхналогіі не ведалі. Ну безадвальная і безадвальная... Добра безадвальная там, дзе пустазелля няма. А ў нас тут мора пустазелля і надвор'е такое. І я слаба апрацаваў палі супраць пустазелля. Таму вам трэба мець на ўвазе тут, што пустазелле трэба знішчаць. Ну і два-тры разы трэба падкарміць".

Але і тут спецыялісты настойваюць, што праз пару-тройку гадоў праблема знікне практычна сама сабой. Калі не пераварочваць пласт зямлі, то закапанае глыбока насенне пустазелля не трапляе наверх і не мае магчымасці прарасці. А пры належнай рэгулярнай апрацоўцы хімсродкамі верхняга пласта маштабы "пустазельнай праблемы" паступова будуць змяншацца і поле будзе чыстым. 

"Увогуле, гэтай тэхналогіі быць. У наступным годзе мы зробім канчатковыя вывады. Менавіта тут", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што якраз і прыязджае туды, дзе можна вывучыць і пачарпнуць штосьці новае, на перспектыву. "Гэта адна з перспектыў. Калі ласка, прапануйце новыя тэхналогіі - прыедзем, будзем глядзець. Таму гэта наша перспектыва і стратэгія", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі гэты вопыт сябе апраўдае, то трэба ісці шляхам такой аптымізацыі. Паколькі гэта тэхналогія дае магчымасць у разы сэканоміць паліва і тэхнічныя рэсурсы. А, адпаведна, пад тыя ж аб'ёмы работ патрабуецца менш работнікаў. "Людзей (у гаспадарках. - Заўвага) больш не будзе. І не трэба. Нам трэба гэтых пакінуць і заплаціць добра. Таму вось гэта стратэгія наша. Трэба паглядзець па вобласці, дзе як пойдзе. Усюды трэба паспрабаваць, і нават на самай крайняй поўначы (у Віцебскай вобласці. - Заўвага). Трэба паспрабаваць, што ў нас атрымаецца. Але акуратна", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што аналагічным чынам выбудоўваюць стратэгію і па іншых напрамках у развіцці сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у жывёлагадоўлі, дзе прынята рашэнне аб пераводзе ў бліжэйшыя гады ўсяго статка БРЖ у сучасныя комплексы. "Даіць трэба ў комплексах, а не на гэтых дзікіх фермах. Не гаворачы пра цялят ужо. Гэта стратэгія ў жывёлагадоўлі. Тое ж самае па адкорме. Птушкагадоўля, свінагадоўля - тут зразумела. Мы даўно разумеем, што гэта комплексы. Але гэта стратэгічныя пытанні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нядаўна Прэзідэнт у Гродзенскай вобласці наведваў буйны комплекс па адкорме і ўтрыманні БРЖ. Падзяжу жывёлы ў гэтай арганізацыі практычна няма, і менавіта ў такія месцы кіраўнік дзяржавы арыентуе перадаваць цялят з адстаючых гаспадарак. "Калі ў гаспадарцы з'явіліся цяляты і яны не могуць іх захаваць, забяры імем рэвалюцыі і аддай на комплекс. Але ён заплаціць. Гэта для беднай гаспадаркі грошы і выхад са становішча. Таму жалезная павінна быць дысцыпліна. Пра падзеж размовы быць не можа. Выкарыстоўвайце любыя драконаўскія метады", - арыентуе кіраўнік дзяржавы кіраўніцтва абласцей і раёнаў.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі даў і шэраг тактычных даручэнняў, якія датычацца цяперашняй уборачнай кампаніі. Адно з іх датычыцца кукурузы. Трэба ўжо цяпер падрыхтавацца да ўборкі гэтай культуры, дакладна вызначыўшы, што нарыхтоўваць на сілас, а што на зерне, падрыхтаваць тэхніку: "Стаіць цудоўная кукуруза. Тое, што мы недабралі па збожжавых каласавых, трэба ўзяць зернем кукурузы. Але цяпер трэба рыхтавацца да ўборкі".

Яшчэ адна задача - аператыўна вызваліць палі, убраць салому, правесці сяўбу азімых культур. "Калі зацягнеш у кастрычнік месяц сяўбу, як у нас у Віцебскай вобласці бывала, тое і атрымаем у наступным годзе", - заўважыў Прэзідэнт.

Нагадаў ён і пра перакідку камбайнаў, дзе неабходна дапамагчы з уборкай: "Абавязкова трэба рухацца на поўнач. Калі трэба дзесьці, неабходна перакідваць".

Адначасова стаіць задача па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Пасля дажджоў травы пайшлі ў рост, і ўсе работы ў сельскай гаспадарцы сышліся па часе. "Я вас папярэджваў, што ўсё сабралася ў кучу. І цяпер травы пайшлі добрыя. Я паглядзеў на люцэрну. Ну гэта дзіва. Яшчэ два ўраджаі люцэрны будзе. Трэба больш люцэрны. Яна 3-4 ураджаі дае. Добрая кармавая культура", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы агучыў формулу для падтрымкі ў сельскай гаспадарцы: укладзеныя ў яе развіццё грошы павінны даваць аддачу, і дзяржава гатова падтрымліваць і дапамагаць тым, хто працуе эфектыўна.

Размова ішла аб тым, каб далей развіваць у рэгіёне сыравінную базу. Прэзідэнт гатовы прыняць у гэтым плане неабходныя дадатковыя рашэнні, але важна выбудоўваць перспектыву развіцця - уласная перапрацоўка, продажы прадукцыі, сетка магазінаў. "Мы сыравінную зону вам забяспечым. Каб вы сваё перапрацоўвалі самі і ад гэтага грошы атрымлівалі. Тут трэба магазіны свае ствараць. Тут жа Расія побач", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

І такі падыход не толькі ў развіцці канкрэтнай гаспадаркі, але і ў цэлым па краіне. Пазычыць, дапамагчы з тэхналогіямі, арганізаваць працэс - калі ласка, паліва, угнаенні - купляй, колькі хочаш, усё ёсць. "Мы вёсцы дапамагаем дай бог. І датацыі, і крэдыты, і авансаванне. Ні адна краіна так не дапамагае. Але павінна быць аддача", - падкрэсліў беларускі лідар.

Галоўнае - нават не вырабіць аб'ёмы прадукцыі, як гэта было раней, куды важней - выгадна гэта ўсё прадаць. "Мы будзем дапамагаць стратэгічна", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звяртае ўвагу на яшчэ адзін немалаважны аспект - пажадана вырабляць эксклюзіўны тавар: "Проста малако ў масла ператварыць і высушыць, сыроватку або яшчэ штосьці - гэта мы прайшлі ўжо. Гэта трэба дзесьці рабіць, але мы прайшлі. Вы павінны на гэтым малым прадпрыемстве стварыць штосьці такое, што людзі ў чэргі будуць стаяць за гэтым. А ніш свабодных дастаткова. Проста трэба варушыцца".

"Таму калі мы будзем бачыць у вас вынік, то будзем прыязджаць да вас, дапамагаць. І фінансава, і тэхніка, і ўсё астатняе. Таму, хто аддачу дае, чаму не дапамагчы. Вось адзіная формула", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.