Рабочая паездка ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці
- 37
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 верасня зрабіў рабочую паездку ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці.
Работа Кіраўніка дзяржавы ў рэгіёне пачалася з жорсткай крытыкі ў адрас мясцовага кіраўніцтва і кіраўніка Мінсельгасхарча. Верталёт Прэзідэнта прызямліўся на полі сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра", дзе сёлета вырошчвалі лён. Аднак якасць уборкі гэтай культуры вымушае жадаць лепшага.
"Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму саджаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Што тут адбываецца? Я ведаю, што вы мяне тут не чакалі, што гэта мядзведжы кут, па-старому кажучы".
"Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе (старшыні Магілёўскага аблвыканкама. - Заўвага) такога не чакаў. А вам (кіраўніку Мінсельгасхарча і памочніку ў рэгіёне. - Заўвага) я параіў бы тэорыяй перастаць займацца, а (пачаць займацца. - Заўвага) канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён - вы яго ўбралі тут? Вы яго загубілі тут. Тут лёну няма. А тое, што засталося, - гэта гнілое", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да чыноўнікаў, Прэзідэнт зрабіў выснову: "Гэта сведчыць аб тым, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае Прэзідэнт і дзе каля дарогі бліжэй. А ў мядзведжыя куты вы не заязджаеце. Калі вы рызыкнулі Прэзідэнта пасадзіць на гэта поле, то астатнія ў вас наогул у жудасным стане".
Кіраўніку дзяржавы ў цэлым далажылі аб сітуацыі ў "Гавяды-агра", планах па развіцці. Нядаўна тут памянялі кіраўніка. Даложана, што работнікаў, спецыялістаў і тэхнікі ў цэлым хапае. Ёсць толькі запыт на некалькі дадатковых адзінак энерганасычаных трактароў і камбайнаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не праблема даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэта гаспадарка пры такой рабоце за яе разлічыцца. "Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён у сувязі з гэтым нагадаў, што такая дарагая тэхніка павінна быць замацавана за ўмелымі механізатарамі, належным чынам утрымлівацца і абслугоўвацца, каб праслужыць дзясятак гадоў і больш.
Прэзідэнт заявіў, што яшчэ пабывае ў такіх мядзведжых кутах. Ён жорстка папярэдзіў чыноўнікаў: "Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць. Інакш размова ў нас будзе апошняя".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на якасць узворвання, апрацоўкі зямлі, каб палі па некалькі гадоў не прастойвалі і не зарасталі травой. "Калі хоць адзін метр застанецца неўзараным (у вас цэлыя палі тут пустуюць), вы працаваць не будзеце. Гэта я вам гавару публічна. Ні адзін, ні другі, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка міністра і кіраўніка вобласці.
Ён таксама звярнуўся да кіраўніцтва гаспадаркі і раёна: "Культура земляробства павінна быць вельмі высокая. У вас - жах нейкі. Калі б у савецкія часы такое было, вам адразу наручнікі надзелі б і пасадзілі б у турму. Да "не магу" павінна быць усё ўзарана. І ўвесці ваеннае становішча ў "Гавядах".
Затым Кіраўнік дзяржавы прыехаў на малочнатаварны комплекс (МТК) "Гавяды" - гэты пункт на маршруце ён выбраў сам. Яму далажылі аб утрыманні і лячэнні буйной рагатай жывёлы (у гаспадарцы былі сур'ёзныя праблемы ў гэтым плане). Адзначаліся і недахопы з забяспечанасцю ўласнымі кармамі, у выніку чаго ўтварыўся недабор па надоях. Цяпер удалося нармалізаваць сітуацыю, мінімізаваць падзеж. Ёсць добрыя разлікі на ўраджай кукурузы, у выніку чаго і забяспечанасць кармамі будзе вышэйшая.
Аляксандр Лукашэнка дэталёва распытаў аб сітуацыі кіраўніка МТК №1 "Гавяды" Алену Марыуцэ і ў цэлым даў станоўчую ацэнку: "Гатовы заатэхнік. Трэба браць і адпраўляць у гаспадарку. Нам патрэбны спецыялісты талковыя".
Словы Кіраўніка дзяржавы, відаць, расчулілі жанчыну, на што адразу звярнула ўвагу памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец: "Аляксандр Рыгоравіч, яна да слёз перажывае за свой комплекс. Ужо плача, што комплекс адбіраюць у яе".
"Я цябе нікуды не пасылаю", - адразу супакоіў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта ад шчасця, - растлумачыла Алена Марыуцэ. - У мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. Я пачынала працаваць у жывёлагадоўлі ў калгасе "Радзіма" з Аляксандрам Міхайлавічам Лапатэнтавым (вядомы кіраўнік, які ператварыў некалі стратную гаспадарку ў адну з самых перадавых і прыбытковых у Беларусі. - Заўвага)".
"Малайчына. Яна разумее, чалавек валодае поўнасцю становішчам", - ацаніў прафесійныя якасці Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік МТК расказала, што жыве побач і ўжо 15 гадоў працуе на комплексе. Муж Алены Марыуцэ працуе тут жа механізатарам, а старэйшая дачка - ветсанітарам.
Як высветлілася, цяпер у гаспадарцы часова няма заатэхніка. "Дык вось заатэхнік", - зноў сказаў Прэзідэнт пра Алену Марыуцэ.
"Я па адукацыі бібліятэкар-бібліёграф", - нечакана прызналася яна.
"Мне твая адукацыя няважная. Галоўнае, каб парадак быў. Яна ведае, як трэба рабіць. Трэба гэта маштабаваць на іншыя комплексы. Ёй толькі патрэбна будзе падтрымка. Яна памятае, як працаваў Лапатэнтаў - мужык быў сапраўдны. Малайчына, гаспадыня", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання МТК Алена Марыуцэ расказала, што вельмі спатрэбіўся б у гаспадарцы новы сучасны змяшальнік-кормараздатчык. Старому ўжо два дзясяткі гадоў, і яго даўно трэба мяняць.
"На працягу тыдня як падарунак ад мяне ў яе павінен быць новы кормазмяшальнік. А гэты вы ёй адрамантуйце, каб быў у рэзерве", - распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да нядаўна назначанага дырэктара ААТ "Гавяды-агра" Аляксея Ладнова, Кіраўнік дзяржавы даў некалькі практычных парад, як дзейнічаць і выбудоўваць работу ў гаспадарцы ў цэлым. "Ніякай "дармаплаты" тут быць не павінна. Калі не будзе дысцыпліны, то нічога тут не будзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я гэта ўсё бачыў. Калі нехта становіцца ўпоперак, разбірайся жалезабетонна. Калі ты гэта не зробіш цяпер, ты гэта не зробіш ніколі. Трэба рабіць усё своечасова. І калі ты прыйшоў, яны павінны зразумець, што гэта не жарты".
Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць сітуацыю ў гаспадарцы і на канкрэтным МТК на кантроль, прыцягнуць пры неабходнасці дапамогу збоку, прывесці ў парадак як абсталяванне, так і тэрыторыю. "Каб да 7 лістапада тут комплекс быў у ідэальным стане", - сказаў ён.
Падводзячы вынік наведванню "Гавяды-агра", Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму практычна незапланавана вырашыў прыехаць у гэту гаспадарку: "Не ездзіць жа (толькі. - Заўвага) там, дзе ўсё добра. Трэба паглядзець, і дзе дрэнна. Аказваецца, у вас тут можна працаваць. У вас людзі добрыя".
Напрыклад, на МТК абсталявалі самы просты цялятнік, выбудавалі работу. "Вось гэта я прасіў пабудаваць. Не нейкія прафілакторыі, а вось такі цялятнічак. Ён жа танны, наогул нічога не каштуе. Але ты пачаў будаваць "палацы". Добра, няхай будуць "палацы". Вось, што трэба, - вось ён. Больш нічога не трэба. І нуль падзяжу, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Але галоўнае - гэта людзі, дысцыпліна".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў і далей наводзіць парадак і падцягваць дысцыпліну. У астатнім, заўважыў ён, ёсць усё неабходнае, і нават даволі высокая, але пакуль не зусім заробленая зарплата. У "Гавяды-агра" сярэднямесячная зарплата складае 2840 рублёў.
Сітуацыю канкрэтна на МТК Прэзідэнт ацаніў станоўча, адзначыўшы адсутнасць падзяжу, тэхналагічны падыход да працэсаў, нядрэнныя надоі. Але трэба навесці ва ўсім парадак і падцягнуць дысцыпліну.
Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец аб "жалезабетонным спагнанні", а наступны год для яе стане лакмусавай паперкай.
Гаворачы пра ўстараненне недахопаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за будучы год Магілёўская вобласць у цэлым павінна быць кардынальна зменена і па ўсіх напрамках павінен быць рэзультат.
У час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Прэзідэнт таксама наведаў сялянскую (фермерскую) гаспадарку "Дзіяна", асноўная спецыялізацыя якой - вырошчванне збожжавых і алейных культур і іх насення, бульбы і насеннага матэрыялу.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у перспектыве павялічваць у Беларусі плошчы пад бульбу. "Ураду пастаўлена задача знайсці рынкі збыту за зіму. І мы тут вызначыцца павінны, дзе мы будзем вырошчваць бульбу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны больш вырошчваць бульбы ў Беларусі".
У сувязі з гэтым яшчэ адно даручэнне - у дастатковым аб'ёме павінен быць у наяўнасці пасяўны матэрыял.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашнія плошчы пад бульбу ў краіне параўнальна невялікія. "Што за бульбашы, якія бульбу не вырошчваюць, - заўважыў ён. - Ну што такое 22 тыс. га? Гэта нішто для краіны".
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік у сувязі з гэтым выказаў пазіцыю, што ў выпадку з вырошчваннем бульбы не трэба павялічваць агульныя плошчы, дабаўляючы па 30-40 га ў цэлым шэрагу гаспадарак. Гэту работу, мяркуе ён, трэба канцэнтраваць там, дзе менавіта спецыялізуюцца на гэтай культуры. "Гэта доля высокаспецыялізаваных гаспадарак", - сказаў ён.
"Вось вы павінны цяпер ва Урадзе прыняць рашэнне. Калі будзе стабільны рынак збыту, - яшчэ раз абазначыў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Проста трэба працаваць. Рынак ёсць".
Прэзідэнт адзначыў, што трэба дамаўляцца на буйныя рэгулярныя пастаўкі з пакупнікамі ў буйных гарадах Расіі, ёсць сезонная патрэбнасць у бульбе і, напрыклад, ва Узбекістане.
"Проста трэба брацца і рабіць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Бульба - з перспектывай. Мы вырабляем мала бульбы. Трэба адраджаць. Мы ўмеем гэта рабіць".
Кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі "Дзіяна" Уладзімір Маліноўскі расказаў, як у яго выбудаваны працэсы, якая пры гэтым выкарыстоўваецца тэхніка, дзе ўдалося скараціць патрэбнасць у працоўных рэсурсах, што з вытворчасцю і забяспечанасцю насеннем.
Размова ішла і аб магчымасці дадатковых аб'ёмаў вытворчасці бульбы канкрэтна ў гэтай гаспадарцы, і дзяржава ў гэтым выпадку гатова ў тым ліку дапамагчы са сховішчамі. "Што датычыцца сховішча, я бяру на сябе. Як скажаш, мы пабудуем. 2 тыс. га - таксама не праблема. Але трэба знайсці. Але галоўнае - гэта спажывец", - сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў станоўчы вопыт фермера ў гэтай справе: "Калі па-сапраўднаму, дык і шмат людзей не трэба, і вопыт ёсць. Галоўнае - умець гэта рабіць. На самым высокім узроўні ён умее рабіць. І ён жа не хавае свае веды. Прыязджайце, глядзіце".
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў рамках краіны пад пашырэнне пасеваў не праблема купіць і з дзясятак добрых імпартных камбайнаў для ўборкі бульбы. "Але ёсць добрыя гомельскія. Гэта, можа, ужо вельмі добры (як імпартны ў фермерскай гаспадарцы "Дзіяна". - Заўвага). Але гомельскі - добра. Крыху падкруцім, за зіму нешта недзе дабавім. Мы зробім яшчэ крыху лепш".
Уладзімір Маліноўскі адзначыў, што і айчынныя бульбаўборачныя камбайны, якія выпускаюцца ў Гомелі, вельмі нядрэнныя. "Ён ідэнтычны гэтаму (імпартнаму. - Заўвага)", - сказаў ён.
Аналагічна і па збожжаўборачных камбайнах. Таксама ёсць добрыя айчынныя мадэлі, здольныя ўбіраць і самыя высокаўраджайныя палі. Але трэба ўвесь час працаваць над павышэннем якасці, арыентуе кіраўнік дзяржавы. Асаблівы акцэнт - на вытворчасці якаснай айчыннай гідраўлікі, над чым яшчэ трэба сур'ёзна папрацаваць.
Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, якія ў гаспадарцы "Дзіяна" вырошчваюцца сарты бульбы, у чым іх асаблівасць. Гэта як беларускія, так і замежныя сарты. Спецыялісты расказалі, што ўсе яны добрыя, але да кожнага патрэбны свой пэўны падыход. Зразумела, і прызначэнне бульбы рознае: нейкі сорт, напрыклад, больш падыходзіць для вытворчасці чыпсаў, а нейкі - бульбы фры. Дарэчы, сорт "Брыз" беларускай селекцыі цяпер вырошчваецца нават на Сахаліне.
У час наведвання гаспадаркі Прэзідэнт адзначыў, што прыехаў не для таго, каб паглядзець, як добра ідуць справы ў фермера. Было важна актуалізаваць тэму ўборачнай кампаніі, паколькі збожжавыя - гэта толькі паўсправы, а наперадзе ў аграрыяў яшчэ шмат працы.
"Галоўнае, каб міністру і памочніку сказаць, што ўборка (збожжавых. - Заўвага) у нас - сярэдзіна толькі. А далей - баршчовы набор - усе віды культур. Бульба - асобна. У нас яшчэ льнотраста ў полі, кукуруза на сілас, кукуруза на зерне і буракі. У нас яшчэ мора работ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
За размовай з фермерам на полі закранулі многія жыццёвыя тэмы.
Па суседстве з фермерскім бульбяным полем было відаць наступнае, якое належыць ужо сельгаспрадпрыемству "Газавік-Сіпакова". "Працуюць добра. Такое нармальнае прадпрыемства. Гэта наш канкурэнт па ўраджайнасці. Гэта добра", - даў сваю ацэнку кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі Уладзімір Маліноўскі.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такое стаўленне да канкурэнтаў і сказаў: "Мы тут цяпер будзем табе больш канкурэнтаў дабаўляць. Я хачу зрабіць Шклоўскі раён, які я добра ведаю, як узор. - А што хоча Прэзідэнт (пытаюцца людзі. - Заўвага)? Вось - ідзіце, глядзіце".
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што цяпер у раёне для гэтага шмат робіцца, наводзіцца парадак у гаспадарках. Праўда, адзначыў ён, у выпадку з аграхолдынгам "Купалаўскае", які нядаўна было вырашана расфарміраваць, не ўдалося паўтарыць вопыт агракамбіната "Дзяржынскі", дзе ёсць увесь шлейф - вытворчасць, перапрацоўка і гандаль: "Людзі не змаглі, кіраўнікі. Хацелі зрабіць - не атрымалася. Ну дык няхай працуюць (асобныя. - Заўвага) гаспадаркі".
Уладзімір Маліноўскі, у сваю чаргу, назваў вельмі правільным трэнд на ўзбуйненне гаспадарак і будаўніцтва вялікіх комплексаў, хоць некалі пры стварэнні калгасаў і не ўсім гэта падабалася. "Ёсць магчымасць прымяняць магутную тэхніку. І гэтыя ўзводзімыя комплексы - геніяльнае рашэнне. На гэтым комплексе можна і тэхналогіі прымяніць, гэта лягчэй зрабіць", - сказаў ён.
Фермер таксама звярнуў увагу, што ў сучасных умовах стала значна прасцей нават з гарадоў арганізаваць дастаўку работнікаў на буйныя вытворчасці: "Аграгарадок - гэта добра, гэта аснова, адкуль людзі будуць ездзіць на работу. Чалавек - галоўнае. І трэба паглядзець раённыя гарады. У нас шмат працуе механізатараў, якія выраслі ў вёсцы. Але ён пабудаваў сабе кватэру ў горадзе і працуе тут. А цяпер прывезці чалавека - гэта нічога не каштуе".
Ды і ў цэлым цяпер у многіх ёсць уласны аўтамабіль, канстатаваў Уладзімір Маліноўскі. "Глядзіце, колькі легкавых машын - "бедна" жывём. Я рабіў стаянку, думаў: хто тут будзе ставіць? А цяпер ужо стаянкі не хапае".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой заўважыў, што цяпер у тым жа Шклоўскім раёне менавіта сельскіх жыхароў стала значна менш, чым было некалькі дзясяткаў гадоў таму.
"Бачыш, ён сказаў вам пра раён. Мы на раён звярнулі ўвагу. Ты (Уладзімір Маліноўскі. - Заўвага) абсалютна маеш рацыю: падвезці людзей - аўтобус туды-назад - ніякай праблемы няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Маліноўскі расказаў, што сярэдняя зарплата за мінулы год у яго ў гаспадарцы склала 3600 рублёў. А ў перыяд самай гарачай пары і таго больш.
"Адпрацавалі жнівень. Ну так, працавалі па 12 гадзін і больш. Але сярэдняя зарплата штатнага работніка 6668 рублёў. Па грамадзянска-прававых дагаворах, хто прыходзіць на сховішчы, - у тых ужо зарплата 3400 рублёў. Працуем шмат. А інакш як? Вось пакуль ідзе ўборка, іншага выйсця няма. Інакш праблемы могуць быць", - шчыра расказаў фермер.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што ў гэтым плане важна не пакрыўдзіць работнікаў: "Вось сам не атрымай - аддай ім зарплату. Сяляне за грошы працуюць. Ды кожнаму патрэбны грошы".
"Але трэба арганізаваць работу, каб яны зараблялі", - прадоўжыў Уладзімір Маліноўскі.
"Цалкам правільна, - пацвердзіў Прэзідэнт. - Але ў нас нават там, дзе чалавек адпрацуе, іншым разам не плацілі зарплату. Ну калі ты не плаціш зарплату, хто будзе працаваць?"
"Ну так, матывацыі няма", - пагадзіўся фермер.
Прэзідэнт падкрэсліў, што такія факты ўжо ў цэлым у краіне зжыты: "Нібыта вось гэта мы перасягнулі ўжо, адыходзім ад гэтага. Плацяць. Але яшчэ ёсць пытанні".
Аляксандр Лукашэнка пазітыўна выказаўся аб фермерах, але падкрэсліў, што важна ўважліва глядзець, у чые рукі аддаваць зямлю.
"Прыватнікі, фермеры - добра. Але дзе іх узяць? - адзначыў Прэзідэнт. - Не можам знайсці на (буйную. - Заўвага) гаспадарку такога моцнага кіраўніка, а фермераў жа многа трэба".
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як нядаўна ў Жыткавіцкім раёне пабываў у фермерскай гаспадарцы Міхаіла Шруба: "Вядома, багаты, моцны фермер". Тады абмеркавалі і пашырэнне гаспадаркі. "Ужо бярэ жывёлагадоўлю. Дзесьці за 120 км пагадзіўся ўзяць поўнасцю калгас", - расказаў беларускі лідар.
"Вось такіх людзей няшмат, на жаль. Калі б нам 5 тысяч Маліноўскіх, дык і праблем не было б у сельскай гаспадарцы. Калі ласка, бяры гаспадарку, будзем дапамагаць", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
Сам Уладзімір Маліноўскі з аптымізмам глядзіць у будучыню: "Лепшае, вядома, наперадзе. Народзяцца людзі. І гэтыя навучацца працаваць. Жыццё будзе прымушаць".
"Трэба ісці гэтым шляхам. Нікуды не дзенешся", - пацвердзіў Прэзідэнт.
На завяршэнне Кіраўніка дзяржавы пачаставалі фермерскай бульбай. Ён паабяцаў абавязкова пакаштаваць, адзначыўшы, што і сам вырошчвае ў сябе бульбу, а потым частуе ў тым ліку кіраўнікоў дзяржаў.


