Рабочая паездка ў Брэст

  • 21
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Брэст, дзе наведаў электралямпавы завод.

Адразу пасля прыбыцця ў Брэст Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці дастойна правесці ўборачную кампанію, нягледзячы на пераменлівае надвор'е і вялікую колькасць ападкаў. "Ліла ўсюды аднолькава. Цяпер трэба ўбраць збожжа. У цэлым па краіне (ураджай. - Заўвага) павінен быць не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Калі 12 млн тон дасце - гэта будзе вялікае дасягненне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але нават 11,5 млн тон - гэта добра".

Акрамя таго, падкрэсліў ён, ужо цяпер трэба рыхтаваць землі пад азімы палетак. Для гэтага неабходна забяспечыць аграрыяў неабходнай колькасцю сельскагаспадарчай тэхнікі. "Трэба рыхтаваць (зямлі. - Заўвага) пад азімы палетак, трэба араць. Паўтара трактара ў цябе ўсяго - трэба павялічваць, Пётр Аляксандравіч, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка. - Рапс трэба да 20 жніўня пасеяць, у цябе таксама".

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб неабходнасці выканнання дысцыпліны. Прэзідэнт упэўнены: беларусы могуць шмат чаго дасягнуць, калі на ўсіх узроўнях будзе наладжана працоўная і тэхналагічная дысцыпліна.

"Наша самая галоўная праблема - адсутнасць тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Усё можам, калі ёсць дысцыпліна. Дзе Прэзідэнт праехаў, там добра. Але я ж не ўсюды бываю, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба наш народ прывучаць да дысцыпліны. Будзе дысцыпліна - мы ўсё зможам".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт растлумачыў, з чым звязана рашэнне накіроўваць у армію нядобрасумленных работнікаў уборачнай. "Гэта не для таго, каб пужнуць кагосьці або папоўніць армейскія рады. Калі ты не хочаш працаваць на гэтай рабоце, мы цябе праверым на іншай. Нармальнай мужчынскай і жаночай рабоце - у арміі. Там камары, мошкі і іншае. Няхай там паслужаць. Гэта не нейкі здзек над людзьмі, мы проста даём магчымасць праявіць сябе на іншай рабоце - мужчынскай складанай рабоце", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на стане спраў у Брэсцкай вобласці, у прыватнасці ў сельскай гаспадарцы. Падлятаючы да Брэста, ён вывучыў з борта верталёта стан палёў рэгіёна. "Увогуле, нядрэнна, але захаплення ніякага няма. Я падумаў, не дай бог, у нас на зямлі і ў Гродзенскай вобласці так, як у Брэсцкай, - гэта будзе нядобра. Усё ж такі Гродзенская вобласць была ў нас лідарам у гэтых адносінах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я не гавару, што дрэнна (у Брэсцкай вобласці. - Заўвага), але захаплення не выклікае".

"Тое, што ты ўбярэш, я не сумняваюся, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка. - Мяне цікавіць іншае: ураджайнасць збожжа, збожжавых і гэтак далей".

Яшчэ адно патрабаванне Кіраўніка дзяржавы - навесці парадак і выкараніць безгаспадарчасць у рэгіёне. "Я хачу сказаць, што беспарадак у цябе ёсць на асобных месцах. На дахах нейкіх старых закінутых аб'ектаў выраслі дрэвы, іх трэба ліквідаваць. Недзе прыкапаць нейкі роў і засыпаць, але ў абароце каб былі землі, - падкрэсліў ён. - Трэба наводзіць парадак у Брэсцкай вобласці".

Прэзідэнт звярнуў увагу старшыні Брэсцкага аблвыканкама і на неабходнасць забяспечыць належныя ўмовы для захавання сена: "Сена ў рулоны згарнулі - і кінулі. Сена павінна ляжаць пад дахам. Або шапку нейкую для гэтых рулонаў прыдумай, каб не намокла. Сена спрасаванае, трапіць туды вада - усё згніе. Я гэта ведаю з вопыту".

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на ўборку саломы з палёў - у Брэсцкай вобласці гэта зроблена не ўсюды: "Мне здаецца, толькі трэцюю частку саломы ты сабраў і вывез".

Як растлумачылі Кіраўніку дзяржавы, попыт на салому ёсць у тым ліку з боку вытворцаў шампіньёнаў. Але Прэзідэнт слушна заўважыў, што ў Брэсцкай вобласці няма такой колькасці грыбоў, якая патрабуе вялізных аб'ёмаў саломы. "Хлопцы, калі вы заваліце свет грыбамі, і на гэта пойдзе салома - дзякуй вам. Але я ведаю, колькі трэба саломы для грыбоў", - канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў навесці парадак у Белавежскай пушчы. "Не толькі па дарозе, дзе я пралятаў, а ў Белавежскай пушчы ў цэлым. Там вельмі-вельмі шмат паваленых дрэў. Я не задаволены тым, што робіцца ў Белавежскай пушчы, трэба парадак наводзіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык заўважыў, што вучоныя не рэкамендуюць прыбіраць паваленыя дрэвы. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы абазначыў наступны падыход: "У нас жа ёсць запаведная тэрыторыя, дзе нельга сячы, касіць або збіраць грыбы. А ў пушчы трэба наводзіць парадак".

"Нядрэнна ты працуеш тут, але трэба больш. Пачынай з будучага года тут наводзіць у Брэсце парадак. Я вельмі на цябе разлічваю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка Пятру Пархомчыку.

Пасля прыбыцця на Брэсцкі электралямпавы завод Прэзідэнту было дэталёва даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, стане сельскай гаспадаркі, прамысловасці, знешнеэканамічнай, інвестыцыйнай дзейнасці, турызму. У сувязі з гэтым ён выказаўся аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры.

Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба прытрымлівацца разумнага падыходу і будаваць такія аб'екты без празмернасцей. У першую чаргу яны павінны быць функцыянальнымі і зручнымі для людзей. Адзін з прыкладаў - Рэспубліканскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, які будуецца на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Цяпер завершаны два этапы будаўніцтва, а трэці будзе скончаны ў наступным годзе.

"Ніякіх палацаў быць не павінна", - заявіў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў будаўніцтве гэтага аб'екта трэба аказаць дапамогу кіраўніцтву мясцовых органаў улады. "Ідэя добрая. Тое, што мы абяцалі, мы абавязкова дапаможам", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адно патрабаванне: пры будаўніцтве ні ў якім разе не трэба закранаць сельскагаспадарчыя і лясныя землі. "На землі сельгаспрызначэння і лясныя ўгоддзі - ні кроку. Хапае зямель - там будуйце жыллё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"І старайцеся будаваць сваімі трэстамі. У нас, асабліва ў Брэсцкай вобласці, магутныя будаўнічыя трэсты. Няхай бяруць зямлю і будуюць жыллё. І прыватныя кампаніі, якія працуюць як трэсты", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт таксама прапанаваў шукаць добрыя інвестыцыйныя праекты для развіцця існуючых вытворчасцей, у якіх у беларусаў ёсць кампетэнцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ствараць новыя вытворчасці ў раёнах не заўсёды ёсць неабходнасць, калі там ужо дзейнічаюць прадпрыемствы, якія забяспечваюць людзей работай і зарплатай. Часам там дастаткова правесці мадэрнізацыю, каб павялічыць вытворчасць прадукцыі, тым самым павялічыўшы колькасць рабочых месцаў.
Адзін з нядаўніх прыкладаў такога падыходу - рэканструкцыя Нарачанскага вытворчага ўчастка Мінскага малочнага завода № 1 па праграме "Адзін раён - адзін праект". "У Мінскай вобласці па новых тэхналогіях павялічылі вытворчасць сыроў. Гэта таксама добры праект у развіццё старога, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Людзі будуць заняты, зарплата будзе. Але галоўнае, што мы гэта ўмеем рабіць".

"У нас узяты курс на прыдумванне нейкіх аб'ёмных праектаў па тэме, якая ў нас ніколі не культывавалася ў краіне. У той жа час у развіццё праектаў некаторых вытворчасцей нам патрэбны інвестыцыі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У ходзе рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб стане і перспектывах развіцця прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад холдынга "Гарызонт". Прэзідэнт падрабязна распытаў аб гэтым кіраўніцтва названых структур, а таксама адказных службовых асоб, у тым ліку кіраўнікоў Брэсцкага аблвыканкама, Камітэта дзяржкантролю.

Было даложана, што ў 2026 годзе БЭЛЗ пачаў рэалізацыю комплекснай праграмы мадэрнізацыі і канцэнтрацыі вытворчых магутнасцей, што дасць магчымасць стварыць сучасную высокатэхналагічную вытворчасць, павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, а таксама знізіць яе сабекошт.

Прэзідэнт на Брэсцкім электралямпавым заводзе азнаёміўся з работай некалькіх вытворчых участкаў, дзе выпускаюць лямпы напальвання, электронныя блокі, LED-лямпы і іншыя віды прадукцыі.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы агледзеў выстаўку прадукцыі электралямпавага завода і прадпрыемстваў холдынга "Гарызонт". У Год беларускай жанчыны на "Гарызонце" вырабілі новы ноўтбук папулярнага аранжавага колеру. Ён вызначаецца невялікай вагой і ультратонкім корпусам.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму змяніў камп'ютар Apple на айчынны "Гарызонт". У сувязі з гэтым ён адзначыў неабходнасць шукаць шляхі падтрымкі айчынных вытворцаў і падкрэсліў, што гэта тэма будзе разгледжана на нарадзе з Урадам.

У рамках рабочай паездкі ў Брэст Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб перспектывах развіцця холдынга "Гарызонт", у тым ліку Брэсцкага электралямпавага завода.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму было прынята рашэнне аб яго візіце на вытворчасць.
"Здаецца, невялікае прадпрыемства, больш за дзве сотні чалавек (працуючых. - Заўвага). Можна было б Прэзідэнту ехаць кудысьці на больш сур'ёзнае прадпрыемства. Я наведваю гэта прадпрыемства, таму што яно дрэнна працаваць не можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Без асвятлення, без лямпачкі - нікуды. Ні ў доме, ні на вуліцы, ні ў аўтамабілі, ні ў касмічным апараце - нідзе. Таму гэта прадпрыемства павінна развівацца. Таму што гэты прадукт, як хлеб, вельмі неабходны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Цяпер, як гавораць спецыялісты, становішча на БЭЛЗ складанае. Аднак, мяркуючы па ўбачаным Прэзідэнтам непасрэдна ў цэхах і на тэрыторыі, не складанейшае, чым на некаторых малочнатаварных комплексах. Таму трэба не скардзіцца на складанасці, а брацца за работу і ўзмацняць патрабаванне, перш за ўсё з кіраўніка. "Рэзультат павінен быць, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - З кім вы будзеце гэта рабіць, ваша справа".

Сярод праблемных аспектаў, пра якія ішла размова, - значныя аб'ёмы складскіх запасаў, недастатковы ўзровень лакалізацыі. За апошнія пяць гадоў не праводзілася нейкіх маштабных работ, і мадэрнізацыю пачалі толькі нядаўна.

"Трэба цяпер паскарацца, калі страцілі час, - арыентаваў Прэзідэнт. - Акно магчымасцей ёсць".

Асабліва запатрабаваны святлодыёдныя лямпы, а вось "лямпачкі Ільіча", як называюць у народзе лямпы напальвання, практычна ўжо не выкарыстоўваюцца. "З улікам сусветных тэндэнцый развіцця зялёнай эканомікі ўсе краіны паступова адмаўляюцца ад лямп напальвання. І гэта не толькі таму, што нейкая там зялёная эканоміка, на якую ў Еўропе моляцца, як на ікону, а ў Амерыцы Трамп гаворыць, што ўсё гэта глупства. Не ў гэтым справа. Святлодыёдныя лямпы паказалі сябе больш эфектыўнымі і таннымі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі і Расіі ўжо амаль 15 гадоў забаронены выпуск лямп напальвання звыш 100 Вт. "А гэта ж была асноўная прадукцыя гэтага завода. І росту попыту там ужо не будзе", - заўважыў Прэзідэнт. Ён лічыць правільным, што БЭЛЗ не адмаўляецца поўнасцю ад выпуску лямп напальвання, пакуль на іх ёсць некаторы попыт, але паступова замяшчае іх больш сучаснай і запатрабаванай прадукцыяй. І для гэтага праводзіцца мадэрнізацыя, устанаўліваюцца новае абсталяванне, вытворчыя лініі. "Калі патрэбна нейкая невялікая капейка для гэтага, прымальныя крэдыты, мы вас пракрэдытуем. Гэта датычыцца ўсіх праектаў. Але пад умову: сёння вы грошы ўзялі - заўтра вы іх вярнулі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Лямпачка нам патрэбна святлодыёдная. У Беларусі на святлодыёд трэба мяняць усё - гэта эканамічна, выгадна. Чаму не ўкладвацца сюды, дзе ёсць школа і кампетэнцыі? - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт. - Трэба ва ўрадзе ўзяць крэн на развіццё таго, што мы ўмеем". Як было даложана кіраўніку дзяржавы, цяпер лямпы напальвання ў аб'ёме вытворчасці займаюць нязначнае месца, і ўпор зроблены на святлодыёдныя лямпы.

У першую чаргу, паводле слоў Прэзідэнта, трэба вызначыцца, якія камплектуючыя для вытворчасці святлодыёдных лямп можна вырабіць у краіне. На думку спецыялістаў, наладжваць вытворчасць святлодыёдаў эканамічна немэтазгодна, іх прасцей закупіць па імпарце. "Першае, што павінны зрабіць, - трэба вызначыцца, што мы самі будзем рабіць у гэтай лямпачцы (святлодыёднай. - Заўвага), а што не будзем, не павінны і не зробім, таму што столькі грошай няма. Іх мільярды вырабляюць, давядзецца купляць. Хацелася б, каб было сваё, таму што імпарт - 60% ці больш у кошце святлодыёднай лямпачкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вызначыцеся. Калі патрэбна запчастку, камплектуючую рабіць - скажыце, будзем вызначаць гэты праект".

"Я не гавару, што мы ўсё павінны рабіць самі. Ды мы і не зможам - грошай столькі няма. Але людзі і кампетэнцыі ёсць, таму імкнуцца хоць на капеечку вырабляць тое, што мы можам вырабляць, не закупляючы па імпарце. Трэба імкнуцца да высокага працэнту лакалізацыі нашай прадукцыі", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Тым больш што рынак такіх лямп вялізны, але і канкурэнцыя тут высокая. Толькі на прасторы Саюзнай дзяржавы штогод патрабуецца каля 350 млн святлодыёдных лямп розных мадэлей і прызначэння. Цяпер каля 95% экспарту БЭЛЗ ідзе ў Расію. "Няважна куды. Трэба прадаваць тым, хто плаціць грошы", - сказаў наконт гэтага Прэзідэнт.

"Ці можам мы канкурыраваць? Можам. Кадры і кампетэнцыі ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Напрыклад, толькі ў Брэсцкім рэгіёне святлодыёднай прадукцыяй займаюцца 4 арганізацыі: БЭЛЗ, "Ріона Лайцінг", "Арлайт і К" і "ЭВіЯР".

У дзяржаўным сектары за развіццё гэтага сегмента адказваюць холдынг "Гарызонт" і Міністэрства прамысловасці. Узяць гэту вытворчасць на асабісты кантроль Прэзідэнт даручаў таксама старшыні Брэсцкага аблвыканкама. "Але асабліва тут не рванулі, мяркуючы па гэтым прадпрыемстве", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, для загрузкі магутнасцей завода тут арганізавалі адвёртачную зборку тэхнікі, якая выпускаецца холдынгам "Гарызонт". У якасці часовай меры гэта магчыма, лічыць Прэзідэнт, але нельга забываць пра асноўны профіль завода - электралямпы. "Па гэтых планах мы пачалі варушыцца толькі ў бягучым годзе. Трэба паскарацца. Акрамя таго, цяпер склалася выгадная эканамічная сітуацыя - пры належным падыходзе мы можам спакойна канкурыраваць з усімі".

Прэзідэнт заявіў, што сітуацыя ў хвалёным холдынгу не аптымальная. Паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў бягучым годзе знізіліся (па выніках паўгоддзя аб'ём вытворчасці - на 5,6%, прыбытак ад рэалізацыі - на 32%, рэнтабельнасць продажаў - з 4,6 да 3%). Захоўваецца нізкі ўзровень лакалізацыі.

"Да канца года патрэбна абноўленая стратэгія развіцця ўсіх прадпрыемстваў холдынга з канкрэтнымі задачамі па экспарце і лакалізацыі", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

"Калі трэба, падцягвайце айчынных сумежнікаў з прамысловай галіны. Нельга загубіць гэты працэс сваёй непаваротлівасцю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што цяпер склалася выгадная эканамічная сітуацыя і пры належным падыходзе БЭЛЗ зможа канкурыраваць з іншымі ўдзельнікамі рынку. Трэба толькі выканаць пэўныя ўмовы.

Першае, на што ўказаў Прэзідэнт, - гэта завяршэнне мадэрнізацыі. Усе працэсы пры гэтым трэба максімальна аўтаматызаваць і рабатызаваць. "Добра, што ведаеце, як заканчваць і куды рухацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другое - стварэнне ўзаемавыгаднай прамысловай кааперацыі ў рэгіёне і краіне. "Шукаць эканоміку ў кожнай дэталі лямпачкі", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

Трэці момант, на які звярнуў увагу Прэзідэнт, - паступовае павелічэнне лакалізацыі. "Для гэтага тавару кошт транспарціроўкі камплектуючых часам вышэйшы за кошт самой дэталі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І гэта нас падштурхоўвае да таго, каб мы займаліся лакалізацыяй".

І чацвёртае важнае патрабаванне - не дапускаць на айчынны рынак няякасны тавар. "Як мне дакладваюць, ёсць факты, калі пад выглядам 9-ватавай лямпачкі спажыўцу прадаюць 6-7-ватавую. Калі гэта выявілі - інфармацыя адпаведным органам і назаўтра павінна быць рашэнне. Гэта павінна быць пад сур'ёзным кантролем. Таму што гэта выліваецца ў больш сур'ёзную праблему, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Рашэнні павінны быць імгненныя, адэкватныя ў адносінах да любога пастаўшчыка - не важна адкуль. У нас ёсць парадак. Прыходзьце, працуйце на нашым рынку, але не стварайце нам несумленную канкурэнцыю, мякка кажучы, парушаючы нашы законы".

Прэзідэнт даручыў Дзяржстандарту прынцыпова папрацаваць над гэтым пытаннем.

"Вось асноўныя контуры стратэгіі развіцця БЭЛЗ", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што існуюць розныя пункты гледжання аб эфектыўнасці дзейнасці БЭЛЗ, але рабіць канчатковыя высновы пакуль дачасна. Даваць ацэнку трэба будзе па выніках 2026 года. "Я пачакаю 4-5 месяцаў, а далей паглядзім. Каб не рабіць паспешлівых вывадаў. А кіраўнік холдынга будзе напружана працаваць разам з губернатарам", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі захавалі спадчыну, якая дасталася ад Савецкага Саюза, уключаючы прадпрыемствы, кампетэнцыі і вопыт кіравання. "Мы ўсё гэта захавалі. Дык давайце рухацца наперад, - сказаў Прэзідэнт. - Мы ведаем, што рабіць, - тэхналогія. Тэхналогія дыктуе нашу дысцыпліну. Нельга зрабіць інакш, чым належыць па тэхналогіі". Адсюль вынікае патрабаванне няўхільнага выканання працоўнай дысцыпліны.

"Таму дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна. І не слухайце тых, хто з-за мяжы вякае: "Вось, ён зноў пра гэтую дысцыпліну". Калі гэта важнейшае пытанне - і тысячу разоў буду аб гэтым гаварыць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба дзейнічаць. Патрэбны вынік".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у свой час яго называлі камуністам на постсавецкай прасторы, крытыкуючы за адмову поўнасцю пераходзіць да рыначнай эканомікі ў тым выглядзе, як яе прадстаўляюць на Захадзе. "Рынак, канкурэнцыя і іншае... Давай усіх у гэты рынак акунай, яны выпаўзуць", - прывёў Прэзідэнт заклікі, якія гучалі тады. - І нас у гэты рынак акуналі, разумеючы, што мы канкурэнцыі з імі (краінамі Захаду. - Заўвага) не вытрымаем і гэта ўсё будзе іх".

Для Беларусі такі шлях быў непрымальны. "Мы не амерыканцы, якія навязвалі нам рынак. Мы, як яны, не друкуем грошы, долары, якія заўтра патрэбны будуць ва ўсім свеце. Іх перавагі вы ведаеце: на вайне, яшчэ на чымсьці яны атрымалі пэўны эфект", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Дзякуй Дональду Трампу. Ён больш адкрыты палітык, празмерна адкрыты. Мы цяпер зразумелі, што за палітыка (у ЗША ў адносінах да іншых краін. - Заўвага). Цяпер вы разумееце, што ад нас хацелі? Нафту, грошы... Бамбім, калі няма нафты. Ён адкрыта гаворыць, што Венесуэла яму сто гадоў не патрэбна - патрэбна нафта. Я гэта разумеў даўно. Публічна не мог гаварыць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У якасці прыкладу мудрай, разважлівай мадэлі развіцця дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прывёў Кітай, дзе, у адрозненне ад краін постсавецкай прасторы, не развалілі, а развівалі Кампартыю і сістэму кіравання краінай. Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў ролю Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў гэтым працэсе, таму што ён аб'яднаў вопыт мінулага з сучаснасцю і выдаў вынік. "Наколькі разумна кітайцы зрабілі. Нам трэба вывучаць гэты вопыт, ён жа вынік дае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі таксама зрабілі правільна, не адмаўляючыся ад савецкага мінулага. "Мінуў час, і мы бачым, што мелі рацыю. Дзякуй Прэзідэнту Расіі, які ўжо публічна пачынае гаварыць: "Малайцы беларусы, яны нічога не разбурылі, яны захавалі, у адрозненне ад нас, расіян, багатай краіны". Я гэта вельмі цаню, для мяне гэта добрая ацэнка", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт расставіў акцэнты ў пытанні прыярытэтнасці для яго сфер сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

"Заўважаю, што некаторыя ў нас "разумныя спецыялісты" пачалі гаварыць аб тым, што Прэзідэнт любіць сельскую гаспадарку, таму ён там бывае, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я сапраўды сельскую гаспадарку люблю, але прамысловасць - не менш. Асабліва той напрамак, дзе прысутнічаю (холдынг "Гарызонт" займаецца ў тым ліку вытворчасцю тэлевізараў. - Заўвага). Таму што, як і ў вас, маё жыццё пачынаецца кожны дзень з тэлевізара і заканчваецца (тэлевізарам. - Заўвага)".

"Будзе жыць прамысловасць - будзе жыць краіна. Ад прамысловасці мы маем асноўныя вынікі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час цяпер у полі зроку Кіраўніка дзяржавы ход уборачнай кампаніі, асабліва ў разрэзе рэгіёнаў краіны, паколькі тэмпы работ і ўмовы надвор'я адрозніваюцца. "Тэма ўборачнай кампаніі для мяне вельмі важная цяпер, - сказаў Прэзідэнт. - Першае пытанне - гэта ўборка збожжа. Малайцы брастаўчане - як заўсёды нядрэнна працуюць. Але не цудоўна. Ёсць куды рухацца. Шчыра кажучы, я чакаў большага. Хлебныя месцы і раёны ў вас, але толькі пятую частку ўбралі хлябоў. Таму ёсць над чым працаваць".

Калі гаварыць не толькі аб бягучай сітуацыі, а больш глабальна, то асаблівая ўвага да сельскагаспадарчай галіны звязана з задачай захаваць вёску.

"Мяне больш хвалюе вёска. Нам трэба захаваць вёску, таму што без вёскі няма краіны. Згодны нехта са мной ці не. Я так лічу, - заявіў беларускі лідар. - Вёска - гэта людзі. Для таго, каб захаваць вёску і людзей, патрэбна работа. А гэта перш за ўсё сельская гаспадарка".

Хоць нават у сельскагаспадарчых рэгіёнах нямала зроблена ў плане развіцця прамысловасці, у тым ліку ў рамках праграмы "Адзін раён - адзін праект", рэалізацыю якой плануецца завяршыць у 2030 годзе. "У кожным раёне, дзе толькі магчыма, створым новыя рабочыя месцы, - адзначыў Прэзідэнт. - Новыя перспектыўныя вытворчасці ў нас будуць".

На заканчэнне наведвання Брэсцкага электралямпавага завода Прэзідэнту зрабілі сімвалічны падарунак. Справа ў тым, што сёлета прадпрыемства адзначае 60-годдзе. З гэтай нагоды Аляксандру Лукашэнку падарылі першыя лямпачкі, якія былі выпушчаны ў 1966 годзе. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся размясціць іх у Музеі падарункаў у Палацы Незалежнасці.