Віншаванне з Днём інжынерных войскаў

    Асабоваму складу і ветэранам інжынерных войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

    Паважаныя таварышы!

    Віншую з прафесійным святам - Днём інжынерных войскаў.

    Баяздольнасць арміі, яе перамогі і паражэнні шмат у чым вызначаюцца вывучкай, тэхнічнай аснашчанасцю і стойкасцю інжынерных войскаў. Менавіта так было ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ваенныя інжынеры, набліжаючы Перамогу, пад абстрэламі і бамбёжкамі абсталёўвалі пазіцыі, устанаўлівалі мінныя палі, наводзілі пераправы.

    Гэтак жа самааддана воіны-інжынеры ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі, ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і Чарнобыльскай катастрофы.

    І сёння ваенныя інжынеры паспяхова выконваюць адказныя задачы па абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў, прадухіленні пагроз прыроднага характару, арганізоўваючы бяспечнае жыццё нашых грамадзян.

    Упэўнены, што інжынерныя войскі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, аснашчаныя сучасным узбраеннем і тэхнікай, і ў далейшым будуць надзейным звяном забеспячэння ваеннай бяспекі беларускай дзяржавы, міру і стабільнасці ў нашым грамадстве.

    Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам, якія ўнеслі істотны ўклад у станаўленне і развіццё інжынерных войскаў.

    Дзякую за службу.

    Жадаю моцнага здароўя, міру, дабра і новых поспехаў у працы па ўмацаванні абараназдольнасці Рэспублікі Беларусь.

    Аляксандр Лукашэнка