Наведванне Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі

  • 30
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 25 лютага Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця навукова-практычнага цэнтра, ён таксама азнаёміўся з арганізацыяй яго работы, укаранёнымі ў інтэнсіўную тэрапію новымі медыцынскімі тэхналогіямі і навуковымі дасягненнямі цэнтра. 

Як было даложана Прэзідэнту, за апошнія гады асвоены многія новыя напрамкі, актыўна развіваецца і пазабюджэтная дзейнасць. У мінулым годзе не паўплывала нават пандэмія, і ён стаў самым паспяховым - цэнтр зарабіў больш за $10 млн - гэта 25% экспарту медыцынскіх паслуг краіны. Паслугамі беларускіх медыкаў карыстаюцца грамадзяне розных краін свету, у тым ліку з тэхналагічна развітых краін.

"Велізарная колькасць пацыентаў з розных куткоў свету, не толькі з постсавецкай прасторы, але нават з такіх высокатэхналагічных краін, як Ізраіль альбо Японія, прыязджаюць да нас на лячэнне. Нават кавідныя праблемы не адыгралі ніякай ролі. Мінулы год стаў самым паспяховым. Мы зарабілі больш за $10 млн. Гэта больш як 70% экспарту медыцынскіх паслуг горада Мінска і 25% экспарту медпаслуг краіны. Колькасць пацыентаў з году ў год расце і ў мінулым годзе наблізілася да 2 тыс., якія прыязджалі да нас на лячэнне, - расказаў дырэктар МНПЦ Алег Румо. - Дзякуючы менавіта гэтаму мы істотна павялічваем аб'ём пазабюджэтнай дзейнасці ў агульным аб'ёме фінансавання нашага цэнтра. У мінулым годзе гэта Br30 млн. Для медыцыны гэта немалыя грошы. І, самае галоўнае, асноўную масу гэтых грошай мы інвесціруем у нашых супрацоўнікаў і нашу клініку".

"Вось гэта галоўны паказчык вашай паспяховасці. Калі да вас паехалі людзі з такіх развітых у медыцынскіх адносінах краін, як Ізраіль і іншыя, значыць, вас прызналі, значыць, вы хлеб не дарэмна ясце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў свой час цэнтр быў створаны ў першую чаргу таму, што ў краіне былі кадры, здольныя развіваць гэты напрамак: "Ён быў створаны толькі дзякуючы таму, што вы гэта ўмелі рабіць. Калі б вы гэта не ўмелі рабіць, мы цэнтр не стваралі б. Але я тады ў гэту "бойку" ўвязаўся, адчуў". 

Алег Румо адзначыў, што для Беларусі гэта ўнікальны навуковы цэнтр. Адзіны ў краіне шматпрофільны навукова-медыцынскі цэнтр, у якім разам з высокімі тэхналогіямі развіваюцца абсалютна ўсе напрамкі сучаснай медыцыны, уключаючы гематалогію, анкагематалогію, трансплантацыю касцявога мозга і клетак. Акрамя таго, усе гэтыя тэхналогіі інсталіраваны ў звычайныя профілі - тэрапія, неўралогія і іншыя. "І з-за пандэміі COVID-19 нам давялося стаць і крыху інфекцыяністамі", - заўважыў дырэктар МНПЦ. 

Другая асаблівасць гэтага шматпрофільнага цэнтра ў тым, што ў ім праводзяцца навуковыя даследаванні па ўсіх напрамках сучаснай медыцыны, зыходзячы з напрацовак, звязаных з транспланталогіяй. Распрацаваны і ўкаранёны ў практыку 188 новых метадаў лячэння і дыягностыкі, рыхтуюцца кадры вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Адпаведна, заваяваны аўтарытэт у свеце і на постсавецкай прасторы. Напрыклад, вопыт беларускіх урачоў спатрэбіўся ў Казахстане, Арменіі, Грузіі. 

"Калі глядзець па колькасці аперацый на мільён насельніцтва, то мы робім іх больш, чым у Германіі, Польшчы, чым у краінах Балтыі. Мы ў тры разы больш іх робім, чым нашы калегі з Расійскай Федэрацыі, у восем-дзесяць разоў больш, чым казахстанцы. Галоўнае не гэта колькасць. А галоўнае, што гэтыя аперацыі даюць шанц на нармальнае жыццё вялікай колькасці людзей", - падкрэсліў Алег Румо. 

Цяпер на базе МНПЦ вядзецца будаўніцтва блока трансплантацыі касцявога мозга і ствалавых клетак. Праект рэалізуецца за крэдытныя грошы, завяршыць яго плануецца ў маі 2023 года. А ў верасні мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю ультрасучасны корпус хірургіі і трансплантацыі, які ў тым ліку наведаў Аляксандр Лукашэнка. Алег Румо расказаў, што цэнтр узяў на сябе абавязацельства самастойна аплачваць працэнты па крэдыце, што з'яўляецца ўнікальнай практыкай для дзяржаўнай медустановы ў Беларусі. 

Плануецца і далей развіваць на базе цэнтра ўсе адпаведныя напрамкі. "Гэта высокатэхналагічная медыцынская дапамога. Мы плануем удасканальваць навуковыя даследаванні, развіваць амбулаторную медыцынскую дапамогу. З адной толькі мэтай - палепшыць якасць аказання дапамогі жыхарам Рэспублікі Беларусь. Ну а калі на гэтым яшчэ атрымаецца зарабіць, то і, вядома, гэта будзе дапамога і для краіны, і для нашай установы, і для ўсёй сістэмы аказання медыцынскай дапамогі", - расказаў Алег Румо. 

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што не трэба так нясмела гаварыць аб фінансавым аспекце. "Мы так нясмела, і ты таксама, Алег, гаворыш, што зарабіць... Ва ўсім свеце зарабляюць на гэтым. Але мы, вядома, людзі такія дабрадушныя, славяне, нам нібыта і няёмка на здароўі зарабляць. Але пытанне нават не ў заработках, а каб гэтыя грошы нашы людзі не вывозілі ў Германію, яшчэ куды-небудзь. Таму тут трэба рабіць гэтыя аперацыі, умяшанні і іншыя высокатэхналагічныя рэчы. У гэтым сэнс маёй падтрымкі і дзяржавы ў цэлым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Яшчэ адзін важны напрамак, дзе патрэбна падтрымка асабіста Алега Румо і сталічных спецыялістаў, - развіццё адпаведнай медыцынскай дапамогі ў абласных і міжраённых цэнтрах. "Каб у кожнай вобласці і ў міжраённых цэнтрах (розныя будуць там аперацыі) мы навучылі людзей працаваць. І каб не скнарнічалі нашы - тыя людзі, якія ходзяць пад богам (размова аб высакакласных спецыялістах. - Заўвага), і навучалі моладзь, каб у нас больш і больш было такіх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Тут успомнілі і пра школьніка Рому Кагадоўскага, які ў мінулым годзе на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата, але з-за вельмі моцных апёкаў трапіў у рэанімацыю. Хлопчык перанёс 22 аперацыі - лепшыя ўрачы сталіцы змагаліся за жыццё падлетка. 

Выратаваць яго ўдалося ў тым ліку дзякуючы распрацоўкам МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. "Зразумела, што гэта толькі кропелька ў гэтай вялікай справе. Але скура - гэта навуковыя распрацоўкі цэнтра", - адзначыў дырэктар установы Алег Румо. 

У навукова-практычным цэнтры Кіраўнік дзяржавы наведаў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі і гібрыдную аперацыйную, якая сумяшчае ў сабе функцыі камп'ютарнай тамаграфіі і ангіяграфіі. Гэты сімбіёз дае магчымасць эфектыўна працаваць і найбольш запатрабаваны ў кардыяхірургіі, анкалогіі, неўралогіі, транспланталогіі. 

Прэзідэнт паразмаўляў і з пацыентамі навукова-практычнага цэнтра. Некаторыя з іх перанеслі сур'ёзныя аперацыі, а нехта цяжка перахварэў на каранавірус. Адна з іх, Юлія, захварэла на дэльта-штам яшчэ ў час цяжарнасці. Яна не адзін месяц правяла ў рэанімацыі, была абезрухоўлена. Цяпер урачы ўжо практычна аднавілі яе здароўе, але захоўваюцца праблемы з тазасцегнавым суставам на назе. 

"Здароўя вам, не хварэйце больш! - пажадаў ім Прэзідэнт. - Аднаўляйце нагу. Мы яшчэ з табой прабяжымся!" 

Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка наведаў чырвоную зону і сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву клінікі.

Прэзідэнт падзякаваў айчынным урачам за развіццё ў краіне сферы транспланталогіі. "Перш за ўсё, дзякуй вам. Не за тое, што лечыце. А за тое, што выканалі сваё абяцанне, дадзенае мне некалькі гадоў таму, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Грошы мы ўклалі немалыя, і, шчыра кажучы, я не шкадую. Найвышэйшыя тэхналогіі - ці то касмічныя апараты, атамная станцыя, а ў медыцыне гэта вы - гэта заўсёды перспектыва. На гэта мы арыентуемся".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не ўсе гэта ўсведамляюць, але ў кожнай галіне ў Беларусі ёсць высокія тэхналогіі, пачынаючы ад дрэваапрацоўкі і заканчваючы аховай здароўя. "Так павінна быць усюды. Калі мы спынімся і вось гэтых маячкоў у нас не будзе, да чаго трэба імкнуцца, краіна знікне", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь дастойна прайшла шлях у перыяд барацьбы з пандэміяй COVID-19. "Гэта была вельмі моцная спецаперацыя ў краіне ў галіне аховы здароўя, ратавання людзей. Прайшлі мы гэты шлях дастойна. Гэта я вам клянуся. Вы ж бачыце, цяпер наш вопыт бяруць усе на ўзбраенне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі б адна сістэма аховы здароўя змагалася з пандэміяй і шматлікімі штамамі каранавіруса, то паасобку мала што ўдалося б зрабіць. "Вось у чым каштоўнасць таго, што ёсць адзінства (яно і было) і ўлады, і грамадства, і аховы здароўя. Уся краіна была мабілізавана, - заявіў Прэзідэнт. - Калі я ўбачыў яшчэ да дэльта-штама, што нам лякарствы патрэбны і іншае, губернатары былі ўсе падключаны і Урад. Гэта была мабілізацыя ўсёй краіны".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў заслугі ўрачоў, многія з якіх у гэты напружаны перыяд займаліся лячэннем інфекцыі не па сваім асноўным медыцынскім профілі: "Я заўсёды вас хваліў не за тое, што вы лечыце, асабліва каранавірус, а за тое, што вы, сутыкнуўшыся з новай хваробай, у момант асвоілі спосабы лячэння. У нас жа няма вялікай колькасці вірусолагаў. Яны ездзілі па бальніцах і кансультавалі, вучылі вас - урачоў".

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб далейшых планах па мадэрнізацыі медустаноў. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, але і тут Кіраўнік дзяржавы патрабуе падыходзіць да пытання з розумам - лічыць грошы. "Міністру я пастаянна гавару: пачаў будаваць - паглядзі, каб там нічога не было лішняга", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што справа не ў сценах, а ў кадрах, аснашчэнні медыцынскім абсталяваннем. "Гэта галоўнае. Тут мы ўзялі адпаведны ўхіл, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну і, вядома, утрымацца на цяперашнім узроўні заработнай платы. Таму што кавід зарплату моцна сярэднюю падняў у ахове здароўя (размова аб надбаўках урачам і медперсаналу. - Заўвага). Вось наша задача - утрымацца".

"Нам, каб людзі працавалі, трэба імкнуцца трымаць высокі ўзровень заработнай платы. Але не ўраўнілаўку. Ні ў якім выпадку. Мне падабаецца ў вас дыферэнцыяцыя зарплаты (у МНПЦ. - Заўвага). Будзем рабіць усё, каб гэта было лепш і больш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што лічыць запатрабаваным вопыт сумеснай работы медыцынскіх універсітэтаў і клінік. Такі праект раней быў рэалізаваны ў Гродне на базе абласной клінічнай бальніцы і медуніверсітэта. У цэлым, як было адзначана адным з супрацоўнікаў, гэта адпавядае тэндэнцыям сусветнай медыцыны.

"Яны будуць развівацца - і клінікі, і ўніверсітэты. Пытанне ў іх звязанасці, - адзначыў беларускі лідар. - Я не вельмі цяпер у гэта ўнікаю, але паколькі ў свой час яны мяне акунулі ў гэта і прасілі згоды, я назіраю за гэтым працэсам. Гэтаму быць. Сёння, я разумею, не трэба было нічога эксперыментаваць, трэба было ісці гэтым шляхам".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што на цяперашнім этапе не трэба настолькі інтэграваць універсітэты і клінікі, каб яны страцілі самастойнасць. Але працаваць яны павінны ва ўзаемадзеянні ў рамках адпаведнай праграмы. "Вось праграма - працуйце заадно. З гэтага эксперыменту мы гэта пытанне павінны вырашыць. А тое, што студэнты, маладыя ўрачы будуць тут з першага курса ў вас у клініцы, будуць бачыць рэальна тое, што вы робіце, у гэтым няма нічога дрэннага, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба, каб універсітэт меў гэту базавую клініку. Іх не трэба цяпер зліваць у адно цэлае. Галоўнае, каб малады чалавек, будучы ўрач, гэта рамяство ўбачыў і паспрабаваў".

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным сачыць за тым, каб будучыя медыкі ва ўніверсітэтах не былі залішне перагружаны нейкімі няпрофільнымі прадметамі, не звязанымі з медыцынай.

На сустрэчы з калектывам МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб цэнах і інфляцыі ў Беларусі.

"Цэны, цэнаўтварэнне - самыя цяжкія праблемы не ў плане таго, каб стрымаць цэны. У нас, шчыра кажучы, дыктатура ў гэтым плане: сказаць - заўтра наогул не рванецца ніводная цана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што на цэны ў краіне ўплывае знешняя інфляцыя. "Інфляцыя ў асноўным з боку да нас прыходзіць, таму што там абясцэніліся грошы, там да гэтага часу вытворчасць не аднавілася. Рост на нафту, металы і іншае, у два-тры разы падаражэлі. І як я буду стрымліваць цану на трактар, напрыклад? Калі я яе пачынаю стрымліваць, вытворчасць разваліцца, таму што ў іх цана нізкая, а сабекошт расце. Яна перавысіць цану самога вырабу - вытворчасць спыніцца, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму гэта вельмі тонкая тэма. Я разумею, яна б'е па людзях, але мы не жывём у ізаляваным свеце. І вы ведаеце, нават Амерыка, якая нібыта самадастатковая, мае практычна тую ж інфляцыю, што і ў нас".

"Мы паказваем рэальную інфляцыю. Так, цяжка - больш за 9% за год. Але жыць жа можна. І ў гэтай сітуацыі нам трэба проста выжыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт рэзюмаваў: "Цэны, дзе трэба прытрымліваем, дзе трэба стрымліваем. Цэны, дапусцім, на айчынныя прадукты харчавання нам зразумелыя: там мы ўсё лічым. Імпартныя - купляем па сусветных цэнах, таму і ідзе гэта інфляцыя".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі хапае валюты, але з-за інфляцыі долара на сусветных рынках грамадзянам будзе больш выгадна захоўваць зберажэнні ў беларускіх рублях.

"Валюта, курсы і іншае - гэта ад нашай безразважнасці. Я вам дакладна кажу: ад нашай проста безразважнасці. Калі мы пачалі бегаць па абменніках і залішне перажываць, адсюль будзе і курс. Я на гэта ўжо так рамантычна гляджу, асабліва не ўмешваюся, як гэта было 15 або 10 гадоў таму. Таму глядзіце самі. У нас валюты хапае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што долар "ахоплены вялікай інфляцыяй", таму што ў разгар пандэміі ЗША ўключылі друкарскі станок. У той жа час людзі ў перыяд лакдаўнаў не хадзілі на работу. Гэта прывяло да інфляцыі. "Хочаце долар - калі ласка, пераходзьце. Але майце на ўвазе: страціце больш, чым на беларускім рублі. Але гэта справа кожнага, чаго ж мы будзем пераконваць людзей праз столькі гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаўся і аб сітуацыі ва Украіне. "Што датычыцца дзеянняў, якія ў нашай роднай Украіне... Ну што ж, народ выбраў такое кіраўніцтва. Прычына ўсяго таго, што там адбываецца, - гэта кіраўніцтва Украіны", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яшчэ ў часы СССР ва Украіне прытрымліваліся курсу, які адрозніваўся ад іншых савецкіх краін. Назіраць гэта яму даводзілася ў час службы ў пагранічных войсках. "Мне давялося праехаць ад Прыбалтыкі ўсю Заходнюю Украіну, Кіеўскі цэнтр быў. І я тады ўжо бачыў той нацыяналізм, які быў несупастаўны з беларусамі. Калі я зайшоў у львоўскі КДБ, у начальніка камітэта пытаюся: "Вялікі будынак, вас тут больш за тысячу чалавек працуюць. Ва ўрадзе некаторых краін менш". Ён гаворыць: "Гэта таму, што тут, у Львоўскай вобласці, на Заходняй Украіне, такі нацыяналізм, што вы, беларусы, проста гэтага не разумееце". Гэта была тая дрэнная аснова, якая дала свае парасткі. А ўсё астатняе - палітыкі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму давялося супрацоўнічаць з некалькімі ўкраінскімі прэзідэнтамі і яны ніяк не спрабавалі працаваць дзеля людзей. "У нас жа гэта было ў 1990-я. Памятаеце гэтыя часы шушкевічаў у Беларусі: адукацыю скрэмзалі, рускіх пасадзілі на чамаданы. Хоць я часта задаваў пытанне, з'яўляючыся дэпутатам: а як вызначыць? - нагадаў Кіраўнік дзяржавы пра той час. - Я чаму аб гэтым гавару: адна з прычын канфлікту ва Украіне ў тым, што людзям пачалі забараняць размаўляць на той мове, на якой яны хацелі. Мы выбралі іншы шлях: калі ласка, размаўляйце на любой мове. Беларускую не забывайце - гэта тое, што нас адрознівае ад іншых краін".

У час сустрэчы з калектывам клінікі Кіраўнік дзяржавы адзначыў высокую яўку на рэферэндум па змяненнях і дапаўненннях у Асноўны Закон краіны.

"Такой яўкі я не чакаў. Думаў, будзе менш", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што, як правіла, грамадзяне ў Беларусі больш актыўныя на прэзідэнцкіх выбарах. Аляксандр Лукашэнка гэта звязвае ў тым ліку з вялікай работай, якая была праведзена да рэферэндуму па ўзаемадзеянні з людзьмі ў рэгіёнах, на прадпрыемствах: "Малайцы і журналісты, і эксперты, і спецыялісты. Я гляджу, праехалі па ўсёй краіне ўжо. Тэлебачанне, СМІ ў гэтым плане працавалі. Усе-ўсе".

"Гэта дало свой эфект. І я не чакаў такой яўкі. Часам нават чэргі бачыў на датэрміновым галасаванні", - падкрэсліў беларускі лідар.