Адкрыццё XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

  • 14
  • 18:41

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ХХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Адкрываючы фестываль, Кіраўнік дзяржавы сказаў, што перш за ўсё хацеў бы звярнуцца да беларусаў, расіян і ўкраінцаў - да тых народаў, дзякуючы якім быў створаны і існуе "Славянскі базар у Віцебску".

"Дарагія госці, да вас мой зварот і асаблівая пашана: без вас "Славянскі базар" быў бы бедны", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зноў пад купалам віцебскага амфітэатра ўрачыста гучаць фанфары "Славянскага базару" - фестывалю, які заўсёды вельмі чакаюць беларусы, непасрэдна самі віцябчане, майстры мастацтваў і іх паклоннікі з розных краін.

"Наш "Славянскі базар" - гэта цэлы свет яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў. Тут кожны раз мы сустракаемся са знакамітымі артыстамі і сапраўднымі майстрамі мастацтваў. Тут з году ў год запальваюцца, як у нас прынята гаварыць, новыя зоркі. У самых розных жанрах: ад музыкі і танца да тэатральных пастановак і мастацкіх праектаў. У самых розных стылях: ад народнай творчасці і класікі да авангардных напрамкаў актуальнага мастацтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што "Славянскі базар у Віцебску" даўно выйшаў за рамкі славянскага братэрства, а культурная сталіца Беларусі стала творчай радзімай для многіх артыстаў.

"Мы гэтага і жадалі, адкрываючы некалі першы фестываль. Але самае галоўнае - вось ужо больш за трыццаць гадоў наш фестываль з'яўляецца астраўком душэўнага яднання, цеплыні і святла. Нягледзячы ні на якія катаклізмы. Пагадзіцеся, сёння гэта дарагога варта", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы жывём у век глабальных перамен. Магчыма, самых вялікіх за ўсю гісторыю чалавецтва. Якім будзе свет заўтра, мы сказаць не можам. І гэта самая вялікая праблема. Але дакладна ведаем, што ў гэтым віры абавязкова трэба захаваць свае самабытнасць, культуру, традыцыі. Захаваць усім краінам і народам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у гэтым сутнасць разрастайнасці і адсюль робіцца палітыка. "Гэта вы - таленавітыя людзі - знаходзіцеся ля вытокаў любой эканомікі і палітычных падзей. У гэтым сутнасць стварэння, шлях да справядлівай, бяспечнай будучыні для ўсіх нас. Я гавару гэта тут, таму што пад купалам Летняга амфітэатра штогод сустракаюцца таленавітыя выканаўцы з розных краін. І кожны год тут пануе атмасфера дружбы і павагі. У гэтым сутнасць усёй нашай палітыкі. Кажуць, "Славянскі базар" па-за палітыкай. Не. Гэта самая галоўная палітыка. Гэта вытокі той палітыкі, якую мы, кіраўнікі дзяржаў (не толькі славянскіх, як мы ўжо бачым, народаў), будзем рэалізоўваць. Адсюль усё пачынаецца. Таму гэта вялікая палітыка. Без ксенафобіі, без усялякіх забабонаў. Шчыра і адкрыта", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Мы ведаем, што пасля завяршэння свята тысячы ўдзельнікаў і яго гасцей вернуцца дадому, упэўнены, натхнёныя атмасферай нашага фестывалю. Яны будуць дзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі, роднымі, блізкімі. Гэта і ёсць голас фестывалю, голас за мір і дружбу паміж народамі. Ён павінен быць пачуты. І ён абавязкова будзе пачуты, нават тымі, хто аглух і слухаць не хоча", - перакананы беларускі лідар.

Звяртаючыся да гасцей фестывалю - хто прыехаў у Віцебск упершыню і тых, хто бывае тут кожны год, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы як ніхто ведаюць, наколькі няўстойлівы мір.

"У гэтым годзе мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі. Ужо сталі дарослымі праўнукі нашых герояў-пераможцаў, але Беларусь помніць. У гэты святочны вечар я не буду гаварыць пра страшную цану той Вялікай Перамогі. Упэўнены, 100% прысутных тут аб гэтым ведаюць. Я не буду гаварыць аб тым, колькі ў той вайне загінула вельмі таленавітых людзей і колькі не з'явілася на свет. Скажу толькі, які ўрон нанеслі акупанты нашай культурнай беларускай спадчыне. Гэта доўгі спіс з дзясяткаў тысяч рэліквій, сярод якіх сакральны крыж Ефрасінні Полацкай, калекцыя слуцкіх паясоў, старадаўнія абразы і кнігі. У іх - гісторыя беларускай зямлі і наша ідэнтычнасць. Мы дагэтуль іх не знайшлі. Хацелася б, каб яны былі страчаны не назаўсёды", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Толькі малая частка гэтых каштоўнасцей вярнулася ў Беларусь пасля вайны. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, быў сапраўдны культурны генацыд, імкненне знішчыць спадчыну народа, пазбавіць яго асновы.

"Таму, паважаныя нашы сябры, сябры Беларусі, я да вас перш за ўсё хачу звярнуцца: беражыце сваю гістарычную памяць, беражыце традыцыі. У іх - ваша і наша будучыня. Будучыня вашых краін, усяго свету, цудоўнага ў сваёй культурнай разнастайнасці", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

"Славянскі базар" даўно перасягнуў рамкі звычайнага фестывалю. Сёння гэта ўжо цэлы сусвет з вялікай цікавай гісторыяй, сваімі героямі і антуражам. І нават з уласнай валютай - васількамі", - адзначыў Прэзідэнт. 

На віцебскай сцэне выступала нямала знакамітасцей і сапраўдныя легенды: Людміла Зыкіна, Аляксандра Пахмутава, Іосіф Кабзон, Мішэль Легран, Мірэй Мацье і многія-многія іншыя.

"З году ў год нашы зорныя госці дораць віцебскай публіцы радасць і прыгажосць. Служаць музе і паклоннікам, застаючыся вернымі дэвізу фестывалю "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Упэўнены: так будзе заўсёды. Кожны год віцебскі музычны конкурс будзе перакідваць мосцік у будучыню, адкрываць свету новыя імёны", - сказаў Прэзідэнт.

Адно з іх прагучала ў час цырымоніі адкрыцця фестывалю: Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў галоўную ўзнагароду XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Гран-пры заваявала беларуска Амалія Сухан. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, місія павіншаваць першым першага пераможцу гэтага года адна з самых прыемных для яго.

"Вельмі сімвалічна, што разам з самымі юнымі выканаўцамі мы будзем ушаноўваць уладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі. Прэміі, якая ўручаецца за вернае служэнне любімай справе, гледачу і яго вялікасці мастацтву", - заявіў беларускі лідар.

Спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" Кіраўнік дзяржавы ўручыў народнаму артысту Расіі, кампазітару і музыканту Юрыю Антонаву.

 "Жадаю ўсім вам, дарагія сябры, мірнага неба. Галоўнае - мірнае неба, мір. Усё астатняе мы набудзем. Дабрабыту вам. Дазвольце мне трыццаць чацвёрты міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" аб'явіць адкрытым! У добры шлях!" - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання Кіраўнік дзяржавы вырашыў звярнуцца да ўдзельнікаў і гасцей "Славянскага базару", як кажуць, ужо за рамкамі пратакола. Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім перш за ўсё быць аптымістамі. Паводле яго слоў, сёння гэта самае галоўнае.

"Каб у вас наперадзе ўсё было самае лепшае. А самае галоўнае - здароўя вам. І вы не перажывайце, не хвалюйцеся, калі вы гледзіце тэлевізар, посціцеся ў гэтых цік-токах, "клокаеце", "квокаеце" ў гэтых сетках", - заклікаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней вельмі шмат гаварылася пра развіццё IT-тэхналогій, а цяпер - пра штучны інтэлект.

"Я часта на самых высокіх форумах слухаю і думаю: вось усе тыя, хто пра гэта гаворыць, хоць разумеюць, што такое гэты штучны інтэлект і да чаго ён можа прывесці? Не хачу паказацца вялікім знаўцам у гэтым плане, але я, як толькі гэта з'явілася, вывучаў. Вывучаў у Эміратах. Кітайцы, амерыканцы ў вузкім коле расказвалі. Я ім задаваў адно пытанне: што гэта такое і да чаго прывядзе? Размова была шчырая, і гэта было зусім нядаўна, калі зарадзілася гэта ідэя штучнага інтэлекту. Прагрэсіўныя разумныя людзі мне сказалі: спадар Прэзідэнт, мы не ведаем, куды і да чаго прывядзе", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я гэта навошта гавару: трымайце сваю галаву ва ўласных руках. Цяпер ідзе барацьба за розумы і галовы нашых людзей. Як толькі нехта захопіць вашу галаву, з намі будзе ўсё вырашана. Ніякія беспілотнікі, ніякія ракеты, ніякія ваенныя дзеянні не могуць быць паспяховымі, калі ў нашай галаве, як у тых людзей 80 гадоў таму, будзе перамога. Калі мы будзем адданымі, калі мы будзем дружыць са сваёй галавой, як у народзе кажуць, калі мы будзем цаніць тое, што ў нас ёсць, нам нічога не страшна. Таму беражыце галовы! Асабліва сваіх дзяцей. І здароўя вам! Усё астатняе купім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.