Наведванне агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі

  • 35
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 верасня наведаў агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе азнаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб назначэнні, складзе, баявых магчымасцях, перспектывах і напрамках развіцця войскаў сувязі Беларусі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў, а таксама аб стане сістэмы кіравання Узброеных Сіл і ходзе аператыўна-спецыяльнага вучэння войскаў сувязі.

Пасля прылёту Кіраўніка дзяржавы на палігон Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што за апошні час сістэма кіравання войскамі цалкам зменена. Прычым размова ідзе не проста аб кіраванні арміяй, але і ўсёй ваеннай арганізацыяй дзяржавы, сілавымі структурамі. Надзейнай сувяззю будзе ахоплены і грамадзянскі сектар.

"Мы некалі дамаўляліся аб тым, што ў арміі будзе новая не проста сістэма, але і сродкі сувязі. Гэта значыць, калі вайна, мы спакойна можам кіраваць войскамі, пачынаючы ад цэнтра да падраздзялення?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Віктар Хрэнін запэўніў, што такія сродкі ёсць: "Устойлівасць, скрытнасць, надзейнасць сістэма сувязі забяспечыць. Тое, што ў нас ёсць, - пяць гадоў таму мы не маглі марыць аб гэтым".

У час наведвання агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з ваеннымі.

"Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і хуткасць прыняцця рашэнняў нэпасрэдна вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ва ўмовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення, адставанне ў гэтым пытанні падобна да смерці. Менавіта таму вялікую ўвагу ў развіцці нашых Узброеных Сіл і ў цэлым ваеннай арганізацыі дзяржавы мы ўдзяляем і будзем удзяляць мадэрнізацыі сістэмы сувязі". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адным з дзейсных элементаў з'яўляецца выкананне мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, у рамках якіх праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл. "Мы гэтыя вучэнні правядзём. У нас пад аператыўным кантролем знаходзіцца і Міністэрства ўнутраных спраў, і ва Узброеных Сілах разгортваюцца часці, прытым некаторыя па нормах ваеннага часу - дапусцім, артылерыйская брыгада. Мы будзем прадаўжаць гэты працэс (падрыхтоўкі войскаў і ўдасканалення ваеннай арганізацыі дзяржавы. - Заўвага)", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Раней Міністр абароны дакладваў Прэзідэнту, што да гэтага ў войсках і марыць не маглі аб той сістэме і сродках сувязі, якія ёсць цяпер. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму перад ваенна-прамысловым комплексам з улікам вопыту сучасных канфліктаў была пастаўлена задача аснасціць армію найноўшымі сродкамі сувязі. "Паглядзім, як выканана гэта задача. Усё павінна быць сумленна, аб'ектыўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб важнасці гэтай сферы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякай вайны - абароны, наступлення - не можа быць без надзейнай сувязі і кіравання войскамі. "Страляем і перамяшчаемся ўжо нядрэнна. Але для таго каб страляць і перамяшчацца, патрэбны пэўныя каманды, якія ў выпадку канфлікту будуць перадавацца праз сродкі сувязі. Таму мы хочам паглядзець, акрамя кулямётаў, аўтаматаў, пісталетаў, ракет, танкаў і іншых браніраваных машын, як будзем кіраваць гэтым комплексам. Для гэтага патрэбна сістэма сувязі, каб у цэлым дзяржава кіравалася ў выпадку канфлікту, і сродкі гэтай сувязі. Гэта каб было зразумела тым, хто нас пачуе, для чаго мы гэта ўсё задумалі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Знешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку ў адрас Беларусі вы бачыце, назіраеце. Разведка ў дачыненні да Беларусі вядзецца даволі адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем розныя правакацыі, парушэнні паветранай прасторы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што нашы суседзі сёння трацяць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Не толькі вучэнні ля граніцы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на граніцы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, ваенных людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я гаварыў некалі адкрыта і сумленна, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць гатовы заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу: некаторыя спрабуюць папракнуць Беларусь у тым, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на каго нападаць, мы прагматыкі. Мы разумеем, што калі на некага (дапусцім, з нашых суседзяў) учынім напад, гэта да смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі "монстрамі", размешчанымі па перыметры дзяржавамі, мы не можам. Навошта тады пачынаць вайну, калі абсалютна шчыра? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наша задача, чаго б нам ні каштавала. Нават калі гэта будзе каштаваць нашага жыцця. Мы павінны да гэтага рыхтавацца і рыхтуемся".

"І няхай ні палякі, ні літоўцы, ні латышы, ні тым больш украінцы не думаюць, што мы заўтра на іх будзем нападаць і таму праводзім вучэнні. Не, мы рыхтуемся да любой вайны, каб яе пазбегнуць, - простая і зразумелая формула", - канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб вопыце сучасных узброеных канфліктаў, які паказвае, што важнейшая роля адводзіцца кіраванню войскамі. "Калі мы не можам кіраваць войскамі, такія войскі нам не патрэбны. Там, дзе сістэма вытрымлівае ўдары, дзе камандзіры, кіраўнікі ўсіх узроўняў улады і арміі, Узброеных Сіл кіруюць боем і сістэмай у цэлым, - ад гэтага залежыць вынік канфлікту", - адзначыў ён.

Прэзідэнт прывёў нядаўні прыклад на Блізкім Усходзе, у Іране. "Вытрымалі ўдар тысяч ракет і бомб. Мільярды ($100 млрд называецца лічба, думаю, значна больш) Злучаныя Штаты Амерыкі патрацілі на тое, каб вырашыць пытанне на сваю карысць. Але выніку не дабіліся. Сістэма кіравання прадэманстравала ўстойлівасць, наколькі гэта магчыма, не перастала працаваць. І кіраванне было забяспечана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік Міністра абароны Павел Муравейка, у перыяд з 7 па 11 верасня праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл. Мэта вучэння - адпрацоўка варыянтаў забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы з выкарыстаннем новых прыёмаў і спосабаў арганізацыі сувязі, зыходзячы з вопыту сучасных канфліктаў.

"Малайцы, што гэта спланавалі. Праверку не толькі непасрэдна баявых падраздзяленняў, а менавіта сістэм сувязі. Таму што гэта - галоўнае. Кіраванне ў любым канфлікце і нават у мірны час павінна быць забяспечана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з сучаснымі сродкамі і комплексамі сувязі, што стаяць на ўзбраенні войскаў, а таксама перспектыўнымі сродкамі сувязі, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама. Кіраўніку дзяржавы даложана, што Узброеныя Сілы маюць комплекс неабходных сродкаў сувязі, якія даюць магчымасць кіраваць войскамі ў сучасных умовах. Гэта ў тым ліку розныя станцыі спадарожнікавай, трапасфернай сувязі, радыёрэлейныя станцыі, мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы, камандна-штабныя машыны. Размова ішла аб далейшых планах па аснашчэнні войскаў сродкамі сувязі з улікам вопыту сучасных канфліктаў - за кошт як пастаўкі новых узораў, так і мадэрнізацыі ўжо існуючых.

У час наведвання палігона Абуз-Лясноўскі ў Баранавіцкім раёне Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі.

Гаворачы аб войсках сувязі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што тут якраз трэба ўмець ваяваць не колькасцю, а ўменнем. "Такія сродкі сувязі, якія ў нас сёння ёсць, дазваляюць нам мець меншую колькасць людзей, калі гаварыць аб колькасці. Але справа нават не ў колькасці. Справа ў навыках і сродках гэтай сувязі. Тое, што мы ўбачылі сёння, гэта самае перадавое - тое, што патрэбна", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму ён ставіў задачу, каб у Беларусі ў гэтай сферы мелі ўсё сваё, аж да касмічнай сувязі. "Сёння мы маем гэта. Але яшчэ ў недастатковай колькасці. Нам трэба больш. І па выніках нашай размовы (гаворка пра мерапрыемствы з ваеннымі на палігоне. - Заўвага) і практычных заняткаў мы прымем рашэнне, у якія тэрміны аснасцім не толькі армію, але ўсе Узброеныя Сілы - хто ў пагонах і зброю носіць - сучаснымі сродкамі сувязі. Мы гэта ўмеем рабіць", - заявіў беларускі лідар.

"Будзем лічыць (я з асцярогай гэта гавару), што задача, пастаўленая мною аб тым, каб мы выраблялі сваё, самае сучаснае і патрэбнае (выканана. - Заўвага), што мы гэта маем. Але трэба ў большай колькасці. Гэта, вядома, немалыя затраты. Нам трэба напружвацца, каб у гэтым і ў будучым годзе аснасціць ваенных самымі сучаснымі відамі сувязі. Мы іх  навучыліся рабіць. Гэта галоўны вынік", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту было зададзена пытанне, ці стаіць задача праверыць увесь сілавы блок з улікам праведзенай у пачатку года маштабнай праверкі Узброеных Сіл, а цяпер - унутраных войскаў МУС.

"Я ўжо гаварыў па-народнаму: армію трэба ўзварухнуць, настаў час. Усю армію. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што цяпер па яго даручэнні правяраюць артылерыйскую брыгаду, а да гэтага правяраліся танкавыя і мотастралковыя падраздзяленні. "Робім усё, як будзе ў вайне", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што пры правядзенні такіх праверак выкарыстоўваецца вопыт сучасных ваенных канфліктаў.

"Рыхтуемся да вайны, каб яе не было", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Таму ўсе Узброеныя Сілы будуць правераны. Мы сёння рэвізуем войскі сувязі, артылерыю, учора - мотастралковыя падраздзяленні. Праверылі ўнутраныя войскі МУС. Мы іх правяраем па прызначэнні. Асаблівасць у тым, што без усялякай паказухі. Я гэта не выношу. Паказуха - гэта хлусня. Гэта значыць, мы (калі будзем грунтавацца на паказусе. - Заўвага БЕЛТА) загубім людзей у баявой абстаноўцы. Як ёсць, так ёсць. Усё павінна быць, як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі. Таму ўзварухнём усе Узброеныя Сілы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адной тэмай размовы Прэзідэнта з журналістамі сталі пытанні ў кантактах з ЗША і ўмовы для сустрэчы з Прэзідэнтам Дональдам Трампам. "Мы адкрыты. Яны пазнімалі санкцыі з шэрага нашых прадпрыемстваў, гатовы і далей знімаць. Там мноства пытанняў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Пасольствы - давайце абмяркоўваць, як будзем аднаўляць (паўнацэнную работу пасольстваў. - Заўвага). Ядзерныя матэрыялы і іншае - там цэлая праграма ў нас - калі ласка. Хочаце ў нас калійныя ўгнаенні (калі хочаце) закупляць - калі ласка".

"Я гаварыў шчыра, што я трампіст, я падтрымліваў Трампа. Я бачу яго памылкі. Аб гэтым гавару адкрыта яго лепшаму сябру, які павінен прыехаць да нас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама згадаў пра Савет міру па Газе, пацвердзіўшы гатоўнасць працаваць і ў гэтым фармаце. "Добра, давайце разам. Толькі не падыгрываць там - у выглядзе дэкарацыі. Гэта не для мяне. Я адкрыта ім гавару, што для гэтага я не гатовы сустракацца з Дональдам Трампам".

"Каб з ім сустрэцца (гэта добра, вельмі для Беларусі было б карысна), трэба разумець: сустрэліся, а што (далей. - Заўвага)? Прывіталіся і раз'ехаліся?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца магчымасці "вялікай здзелкі" паміж Беларуссю і ЗША, пра якую гаварылася раней, Прэзідэнт пацвердзіў, што гэта актуальна і сёння. "Мы і да малой, і да вялікай здзелкі гатовы", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова ў кантактах з ЗША ўсё зацыклілася на, як іх называюць, палітзняволеных. І ў гэтым пытанні Беларусь таксама пайшла насустрач. "Ды гасподзь з вамі, бярыце. Вось перажывалі ўсе: "Ах, Ціханоўскага адпусцілі!" І дзе Сярожа? Знайсці не могуць. Ён нікому не патрэбны", - адзначыў Прэзідэнт.

Вяртаючыся да тэмы пастаўкі калійных угнаенняў, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што якраз цяпер ідзе працэс пагрузкі судна для адпраўкі ў ЗША. Аднак Беларусь не зможа адразу забяспечыць буйныя пастаўкі. "Мы ж закантрактавалі іх на гэты год (для пастаўкі ў іншыя краіны. - Заўвага). На наступны год разгледзім. Цяпер з'явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) - забірайце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але даўжок вярніце. $43-44 млн нашых у Сіцібанку заселі - кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыкі заселі. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы, - сказаў Прэзідэнт. - Урад мне далажыў пісьмова. Грошы вярніце! Гэта ж ганьба для ЗША. Потым мы з вамі будзем дамаўляцца пра больш сур'ёзныя рэчы".

Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся падрабязнасцямі нядаўняй сустрэчы з расійскім бізнесменам Уладзімірам Патаніным.

"Багацейшы чалавек у Расіі. Ён гатовы інвесціраваць. Адзінае, аб чым мы тэарэтычна разважалі, - сёння беларусы бачаць і іншыя: каму долар сёння патрэбны? Ужо нікому не патрэбны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў прыклад Расіі, ядзернай дзяржавы, у якой на Захадзе заблакіравалі некалькі соцень мільярдаў долараў ЗВР. "Можна ўявіць, што будзе з… Няхай даруюць мне Эміраты, сябры нашы, у якіх трыльён прыкладна. Што яны будуць з гэтымі доларамі рабіць? - заўважыў беларускі лідар. - Усе бачаць палітыку, якую праводзяць ЗША ў фінансавых адносінах. Трымаць у рэзерве долары небяспечна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я, кажа (Уладзімір Патанін. - Заўвага), гэта разумею, гатовы інвесціраваць", - падзяліўся падрабязнасцямі Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што кампаніям Уладзіміра Патаніна патрэбна кар'ерная, шахтавая тэхніка, у тым ліку беспілотныя апараты. І па гэтых напрамках Беларусь гатова супрацоўнічаць, роўна як і ў гуманітарнай сферы: "Ёсць стыпендыі Патаніна. Ды калі ласка - інвесціраваць, дапамагаць у адукацыі, культуры. Фонд Патаніна ёсць. Ён гатовы фінансаваць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым жа ключы ішла размова і ў час праведзенай раней сустрэчы з яшчэ адным буйным расійскім прадпрымальнікам Дзмітрыем Мазепіным.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў абодвух бізнесменаў - беларускія карані, а маці Дзмітрыя Мазепіна і цяпер жыве ў Беларусі.

"Гэта значыць, такія сяброўскія добрыя адносіны інвесціраваць у якія-небудзь праекты. Недзе - завод пабудаваць, недзе - яшчэ нешта. Мы з ім яшчэ падумаем, па якіх канкрэтных напрамках супрацоўнічаць. Але пытанне датычылася інвестыцый", - расказаў Аляксандр Лукашэнка пра сустрэчу з Уладзімірам Патаніным.

Прэзідэнт адзначыў, што ў размове яны пагадзіліся, што санкцыі - гэта перш за ўсё час магчымасцей, калі трэба напружвацца самім і займацца справай.

У час размовы з журналістамі Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што ў Беларусі не будзе шокавай тэрапіі або абвальнай прыватызацыі.

"Я не супраць прыватнай уласнасці. Толькі я акуратны з прыватызацыяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад з нядаўнім абмеркаваннем умоў перадачы ў кіраванне і выкупу прыватнай кампаніяй "Сервалюкс" гаспадарак у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. "Гатовы ўзяць калгасы. Але толькі за базавую велічыню. Ну, як за базавую? Хоць нешта заплаціце?" - абазначыў сваю пазіцыю Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што нават у дрэнных гаспадарках ёсць жывёлы (адпаведна, малако і мяса), памяшканні для ўтрымання гэтай жывёлы, сродкі вытворчасці - трактары, камбайны і іншая тэхніка. "Як за базавую велічыню? Давайце нешта заплаціце з улікам тых даўгоў, якія ў дрэнных гаспадарках ёсць", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыватным інвестарам перш за ўсё прапануюць тыя гаспадаркі, якія дрэнна працуюць. У цэлым па краіне іх няшмат, але яны ёсць у Віцебскай вобласці. "Там, аказваецца, тэхнікі мала. Дык гэта наша тэма. Тэхнікай дапамаглі. Таму своечасова рапс пасеялі - такога ніколі не было. Амаль мільён тон збожжа атрымалі. Але гэта толькі першыя крокі", - заявіў Прэзідэнт, гаворачы аб мерах па развіцці рэгіёна.

Што датычыцца перадачы тых ці іншых дзяржаўных актываў і ў цэлым даволі актыўнага прыходу прыватных інвестараў, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Справа тут не ў тым, прыватнае або не прыватнае. Палітыка гэта будзе прадаўжацца. Мы не будзем весці шокавую тэрапію нейкую, абвальную прыватызацыю. Яе не было і не будзе. І народ да гэтага прывык ужо".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне аб прыватызацыі тых ці іншых актываў у Беларусі магчыма толькі з яго згоды: "У нас прыватызацыя амаль забаронена. Таму што яна прымаецца на ўзроўні Прэзідэнта".

Больш таго, гэта заўсёды няпростае пытанне. "А як палічыць, па якой цане прадаць? Я прывёў прыклад па калгасе. А ёсць і больш складаныя прадпрыемствы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра рэгіянальнае развіццё і, у прыватнасці, Віцебскую вобласць, Прэзідэнт таксама згадаў аб дэмаграфічнай праблеме і працоўнай міграцыі, што вынікае з гэтага. Калі працоўных рэсурсаў няма ўнутры краіны, дык лагічна, што іх запрашаюць з-за мяжы. У дадзеным выпадку - з Узбекістана. І гэта, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, кантралюемы працэс. "Трымаю сам на кантролі. Як працуюць? - Добра", - расказаў ён аб водгуках аб працы ў Беларусі грамадзян Узбекістана.

Больш таго, ужо ва ўзбекскага боку ёсць цікавасць да аналагічнай працы ў Гомельскай вобласці. Узаемадзеянне выбудоўваецца на ўзаемавыгаднай аснове. "Мы дамовіліся, што яны тут вырабляюць (прадукцыю. - Заўвага), і мы прадаём ва Узбекістан разам з імі. Каб і яны грошы мелі, і дзяржава", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнта спыталі, чым была выклікана неабходнасць абнавіць Дырэктыву № 1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны" і ці звязана гэта з нарастаннем тых ці іншых пагроз. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што пагрозы заўсёды былі, ёсць і будуць. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб знешніх пагрозах бяспецы, але і аб унутраных фактарах.

"Аснова ўсяго і ўся - дысцыпліна. Акцэнт зроблены і на гэтым. Ёсць дысцыпліна - значыць, і да высокага ўзроўню мінулага года мы вырабім хлябоў больш, чым звычайна. Тэхналагічна мы ўжо ўсё ўмеем рабіць. Ваенныя ўмеюць ваяваць, сяляне - вырошчваць збожжа. А чаму часам не атрымліваецца або зусім дрэнна? Таму што не своечасова, дысцыпліны няма. Ёсць дысцыпліна - будзе толк", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на армію, дзе гэтым пытанням удзяляецца вялікая ўвага. "Вось цяпер Дзяржсакратарыят правярае ў баі армію як належыць (праверка боегатоўнасці ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнага боесутыкнення. - Заўвага). Няма ніякага абурэння з боку міністра Хрэніна (Міністра абароны Віктара Хрэніна. - Заўвага) або ваеннаслужачых. Яны аруць. Як сяляне здабываюць хлеб, яны працуюць тут. Але ведаюць, што запатрабуем", - дадаў ён.

Размова зайшла аб рэспубліканскім сацыялагічным даследаванні па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Грамадскасці прэзентавалі першую частку вынікаў, аднак Прэзідэнт ужо атрымаў усе даныя сацдаследавання.

"Людзі нас падтрымліваюць, ні па адным пытанні настрою дрэннага няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я здзівіўся: Віцебская вобласць - самая шчаслівая! Хто б мог падумаць? Значыць, усё ж такі людзі ў нас моцныя, - прывёў прыклад беларускі лідар. - Мы ўсё будзем рабіць для таго, каб віцябчане не былі расчараваны і далей".

Гаворачы пра стан эканомікі, Прэзідэнт звярнуў увагу на сельскую гаспадарку і правядзенне палявых работ. "Збожжавыя каласавыя ўбралі, рапс убралі, грэчку заканчваем убіраць. Яравы рапс, які яшчэ даспявае, мы закончым на працягу тыдня. Застанецца кукуруза на зерне", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць невялікія праблемы ў прамысловасці, аднак у цэлым галіна паказвае добры рост. "Астатнія прадпрыемствы мы прывядзём да прытомнасці, будуць працаваць як мае быць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

У час размовы Кіраўніка дзяржавы з журналістамі размова зайшла аб планах латвійскага ўрада ўвесці 300-працэнтную пошліну на збожжа з Беларусі і Расіі. Акрамя таго, Латвія плануе спыніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю, аналагічная прапанова гучыць і ў Літве. У сувязі з гэтым Прэзідэнта спыталі, якім можа быць наш адказ на такія крокі. 

"Мы і раней не вельмі ўжо расстройваліся наконт прыбалтыйскіх дзяржаў... Будзем і далей жыць. Галоўнае, каб яны (кіраўніцтва краін Балтыі. - Заўвага) не шалелі. Шалець не трэба, як яны гэта робяць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дойдуць да таго, што камуністы прыйдуць да ўлады. Таму яны страляюць сабе ўжо не ў нагу - у вуха страляюць". 

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу, што Літва сумесна з Латвіяй і Эстоніяй будуе "ўсходнюю сцяну" на граніцах з Беларуссю і Расіяй, якая запатрабуе вялікіх грашовых сродкаў. "Зразумела, хочуць выбіць больш грошай. Але трэба выбіваць грошы для насельніцтва, каб для народа нешта зрабіць, а не выбудаваць "усходнюю сцяну". Ну выбудавалі - дзякуй ім. Ім жа давядзецца гэту сцяну пераадольваць, калі раптам да нас сунуцца. Мы ж туды не збіраемся, нам не трэба яе пераадольваць. Яны ніяк не могуць гэтага зразумець. Нейкую дурасць робяць! Няхай трацяць грошы, калі ім няма куды іх дзяваць", - сказаў беларускі лідар.

Каменціруючы планы латвійскага ўрада ўвесці пошліны на збожжа, Прэзідэнт заўважыў, што Беларусь і так не прадае яго Латвіі. "Ну, увядуць яны (пошліны. - Заўвага) 300% або 1000%... Нам пляваць на гэта, таму што мы наогул і не прадавалі ніколі Латвіі гэта збожжа, - канстатаваў ён. - Калі б нам трэба было пшаніцу прадаць, мы прадалі б яе праз Усць-Лугу, Мурманск, яшчэ б куды-небудзь адвезлі. Але пытанне ў тым, што мы не прадаём яе". 

Больш таго, як звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, прадаваць збожжа ў чыстым выглядзе няма сэнсу, таму што яго больш выгадна перапрацаваць унутры краіны. "Той, хто прадае збожжа, наогул безгаловы. Калі не лічыць харчовае. Вось Расія прадае харчовую пшаніцу. Злачынства, калі яе скарміць жывёле - харчовую пшаніцу трэба прадаваць, цяпер цэны добрыя. Мы гэтай харчовай пшаніцы атрымліваем усяго нічога для сябе, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё астатняе мы і перапрацоўваем у малако і мяса, і гэта мае на рынку вялікі попыт". 

Кіраўнік дзяржавы асобна пракаменціраваў намер Латвіі спыніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю: "Няхай не пускаюць аўтобусы. Хто туды ездзіць? Яны ўжо амаль усё насельніцтва Беларусі паставілі пад санкцыі. Мы і так туды не ездзім. Калі нехта едзе туды... Гасподзь з імі, няхай уводзяць супраць іх санкцыі". 

Ён лічыць, што такія крокі з'яўляюцца спробай адарваць Беларусь ад Расіі. Разам з тым гэта прыводзіць да процілеглага выніку. Напрыклад, для паездак беларусы ўсё часцей выбіраюць усходні напрамак, у тым ліку Маскву. "Я Пуціну часта пра гэта гавару: не трэба беларусаў нахіляць куды-небудзь, агітаваць, прасіць... Мы на справе ўбачым, што нам трэба. Нашы людзі рынуліся ў Маскву: ім там цікава, цудоўны горад. Такім чынам нас "адрываюць" ад Расіі..." - з іроніяй заўважыў беларускі лідар. 

Вяртаючыся да пытання магчымых наступстваў такой палітыкі для заходніх краін, Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Германіі, дзе партыя "Альтэрнатыва для Германіі" (АдГ) упэўнена перамагла на выбарах у ландтаг (парламент) зямлі Саксонія-Анхальт, набраўшы 43,8% галасоў. Гэты паказчык стаў лепшым вынікам у гісторыі АдГ на нямецкіх рэгіянальных выбарах - партыі ўдалося падвоіць сваю падтрымку ў параўнанні з папярэднімі выбарамі пяцігадовай даўнасці. 

"У Германіі пачаўся працэс зносу Урада. Хацелі дэмакратычна - вось яно дэмакратычна і атрымліваецца. Дойдуць да таго, што народ павыкідае іх з крэслаў і адновіць нармальнае жыццё ў Еўропе, - упэўнены ён. - Германія - высокатэхналагічная краіна. Што для яе трэба? Сыравіна! У той бок трэба больш глядзець, на ўсход. Але не так, як фашысты ў свой час глядзелі, а супрацоўнічаць, як гэта было заўсёды. І як прапануе АдГ. Менавіта ў гэтым напрамку трэба дзейнічаць".

Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб чутках наконт яго асабістых камерцыйных інтарэсаў або членаў яго сям'і.

"Некаторыя ўжо папісваюць, што мае інтарэсы (у тых ці іншых сферах. - Заўвага), у рэкламе мая сям'я. Вы нават не думайце аб гэтым. Ні ў кога я нічога не забраў", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў яго сям'і ўсе займаюцца канкрэтнай справай. Напрыклад, малодшы сын Мікалай цяпер служыць у арміі ў званні лейтэнанта ў адным з самых складаных падраздзяленняў.

"Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто і не ведаў нават. Віктар (Міністр абароны Віктар Хрэнін. - Заўвага) прызваў. Служыць у арміі, як належыць, як усе. Лейтэнант. Не буду гаварыць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адначасова Мікалай у вольны час удзяляе ўвагу далейшаму вывучэнню біятэхналогій - асноўнаму профілю, па якім атрымліваў адукацыю ў ВНУ.

"Усе займаюцца канкрэтнай справай. Ніхто нічога не ўкраў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў тых ці іншых дзелавых пытаннях члены яго сям'і перш за ўсё клапоцяцца пра дзяржаўныя інтарэсы. "Я гавару: "Ну, вы дзеці Прэзідэнта, нікуды не дзенешся. Калі я не буду Прэзідэнтам, тады ўжо будзеце больш свабодна працаваць, як камерсанты. Цяпер - не", - расказаў Прэзідэнт аб сваёй цвёрдай пазіцыі ў гэтых адносінах.

"Таму не перажывайце за гэта. Вы за мяне не перажывайце. Трыццаць гадоў не краў, а на 31-м або 32-м годзе (на пасадзе Прэзідэнта. - Заўвага) дакладна не збіраюся гэта рабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.