Рабочая паездка ў Мінскую вобласць
- 21
- 11:00
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня наведаў вытворчасць поўнасцю айчыннай стралковай зброі ў Мінскай вобласці.
"На полі бою лёс вырашаюць людзі, салдаты. А для салдат трэба гэта. Я як былы салдат добра разумею, што такое стралковая зброя. Без гэтай зброі мы нічога не зробім, калі ў нас будуць беспілотнікі, балістычныя ракеты і гэтак далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Таму было прынята рашэнне стварыць у краіне ўласную вытворчасць.
"Мы зрабілі гэта самі. Малайцы, што гэта зрабілі. Без гэтага няма ніякай вайны, ніякай абароны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Для таго, каб ваяваць, патрэбна стралковая зброя. Таму гэта вельмі важна. Гэта аснова любой арміі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб галоўнай задачы: "Было даручана стварыць баявую зброю са 100-працэнтнай лакалізацыяй. Гэта значыць імпартнага нічога няма?"
"Наогул нічога", - запэўніў Старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.
Прэзідэнт асобна падкрэсліў той факт, што айчынная стралковая зброя прынята ўжо на ўзбраенне. Міністр абароны Віктар Хрэнін пацвердзіў якасць і запатрабаванасць гэтага ўзбраення.
"Так, трэба пастаянна ўдасканальваць, даводзіць да розуму. Але калі прымаюць на ўзбраенне ва Узброеных Сілах Беларусі, значыць, гэта чагосьці варта. І міністру я заўсёды гавару, калі ствараем першыя ўзоры: "Глядзі, крытыкуй, ламай, крышы… Дапрацоўваць трэба тут, а прымаць дасканалы прадукт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту пры наведванні ААТ "Кідма тэк" прадставілі ўласную поўнасцю лакалізаваную серыйную вытворчасць стралковай зброі і першы беларускі ўзор - аўтамат ВСК-100Б.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі баявой стралковай зброі і тэхналагічнымі працэсамі яе вытворчасці. Ён даў высокую ацэнку ўбачанаму: "Малайцы! Зрабілі здорава!"
Але Прэзідэнт настройвае збройнікаў не спыняцца на дасягнутым: "Нам трэба ісці далей, не баяцца, што мы нешта не можам. Мы ўсё можам. Так, трэба абсталяванне. Але на гэтым абсталяванні трэба ўмець працаваць. Вы навучыліся гэта рабіць. І для такіх рэчаў ніхто грошы шкадаваць не павінен. Гэта вялікая справа. Асабліва калі гэта акупіцца за кошт экспарту".
Кіраўніку дзяржавы падарылі першы айчынны аўтамат ВСК-100Б. "Не для вайны... Для ўпэўненасці ў міры!" - напісана на таблічцы да падарунка.
Прэзідэнт даручыў яшчэ адзін, але спакладаны аўтамат размясціць у экспазіцыі Палаца Незалежнасці. "Цяжка было, складана. Людзі стагоддзямі гэту (стралковую зброю. - Заўвага) рабілі - расіяне і іншыя. А мы пры дэмакратычнай дыктатуры змаглі вырабіць гэта на працягу кароткага прамежку часу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, які раней у тым ліку займаў пасаду Кіраўніка Дзяржкамваенпрама, асобна падкрэсліў, што гэта вытворчасць стралковай зброі ў Беларусі створана фактычна з нуля, а не абапіраецца на савецкую спадчыну і школу. "Тут няма ніякай савецкай спадчыны. Гэта ўсё, што вырасла ў незалежнай Беларусі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у свой час на заранку прэзідэнцтва асабістым рашэннем спыніў спробы разбазарыць ваенны патэнцыял краіны. Тады танкі і іншую тэхніку рэзалі на метал і адпраўлялі яго за мяжу. "Дыктатарам (у вачах палітыкаў на Захадзе. - Заўвага) я стаў не таму, што я дыктатар. А таму, што спыніў гэту разню", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Але не толькі аб зброі ішла размова ў час рабочай паездкі Прэзідэнта ў Мінскую вобласць. Карыстаючыся выпадкам, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў старшыні аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі ходам уборачнай і сяўбой азімых, даў неабходныя ўказанні.


