Наведванне Нацыянальнага музея Чынгісхана ва Улан-Батары
- 19
- 3:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва Улан-Батары 2 чэрвеня наведаў Нацыянальны музей Чынгісхана.
Прэзідэнта Беларусі ў музеі сустрэлі Міністр культуры Манголіі Чынбатын Намін, Міністр замежных спраў Батмунхійн Батцэцэг і генеральны дырэктар музея Сампілдандавын Чулуун.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў экспазіцыю, прысвечаную праўленню Чынгісхана. Яму таксама прадэманстравалі сярэбранае дрэва работы італьянскіх майстроў, якое сімвалізуе гістарычную сувязь Манголіі з Еўропай.
Акрамя таго, Прэзідэнт агледзеў экспазіцыі, прысвечаныя развіццю Мангольскай Імперыі і наследнікам Чынгісхана ў апошнія стагоддзі.
Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "Экспазіцыя музея, прысвечаная шматвяковай гісторыі Манголіі, выклікае захапленне. Глыбокай павагі заслугоўвае тое, з якой любоўю і натхненнем мангольскі народ ставіцца да захавання гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй Радзімы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Нацыянальны музей Чынгісхана размешчаны побач з Дзяржаўным Палацам. Музей быў адкрыты ў 2022 годзе. Ён уяўляе сабой 9-павярховы будынак у сучасным стылі агульнай плошчай 22,5 тыс. кв.м. З іх выставачная плошча займае 10,2 тыс. кв.м.
Экспазіцыя прадстаўлена больш як 10 тыс. арыгінальных экспанатаў, уключаючы творы жывапісу, рукапісы, скульптуры, шыццё і вышыўку, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі мангольскай гісторыі - ад заснавальніка імперыі хунаў (першай качавой дзяржавы) да пачатку ХХ стагоддзя.
Музей мае наступныя тэматычныя залы: "Старажытныя дзяржавы", "Вялікая Манголія", "Мангольская імперыя", "Цары і падданыя Чынгісхана", "Свет і манголы".
У Музеі размешчаны выставачна-рэстаўрацыйная лабараторыя, дзве вучэбныя залы, бібліятэка, міні-кінатэатр, зала "Сярэбранае дрэва", сувенірны магазін і кавярні.