Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе

  • 8
  • 8:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пасля сумеснага ўдзелу ў міжнародным патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы "Вялікая спадчына - агульная будучыня" у Валгаградзе.

Кіраўнікі дзяржаў размаўлялі сам-насам на працягу 4 гадзін.

Прэзідэнт Расіі падзякаваў калегу за прыезд на свяшчэнную сталінградскую зямлю напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. "Вельмі разлічваем бачыць Вас у Маскве ў дзень асноўных урачыстасцей 9 Мая. Ведаю, што Вы прынялі рашэнне аб тым, каб ваш парадны разлік таксама прайшоў па Краснай плошчы. Дзякуй Вам вялікі", - заявіў Уладзімір Пуцін.

"Дзякую, што запрасілі на парад. Мы не маглі не прыехаць", - сказаў у адказ Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўжо традыцыйна наведае парад на Краснай плошчы, а потым пройдзе парад і ў Мінску. "Нічога, што мы, дзве дзяржавы, два прэзідэнты, адданыя гэтаму. Нам не цесна, нам не сумна. Мы робім сваю справу. Калі ласка, хто хоча - далучайцеся", - сказаў ён.

Гаворачы пра наведванне памятных мясцін у Валгаградзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бываў ужо ў гэтым горадзе і ў савецкія часы, і ўжо Прэзідэнтам. "Уражальнае месца. Без дрыжыкаў тут немагчыма, - падкрэсліў ён. - Калі стаіш ля гэтага манумента (на Мамаевым кургане. - Заўвага), яшчэ ўнутры з Вамі там мы былі, - гэта грандыёзная рэч. Не перадаць. Я ўдзячны, што дзякуючы Вашаму запрашэнню я зноў тут, на нашай свяшчэннай зямлі, дзе беларусы, рускія і ўсе народы Савецкага Саюза насмерць стаялі".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што, яшчэ калі быў гісторыкам, вельмі пранікся ў свой час гісторыяй Сталінградскай бітвы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не здзіўляцца, што прэзідэнты Беларусі і Расіі часта сустракаюцца: "Мы ж ні ад каго не адпіхваемся. Мы гатовы прымаць. Калі Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. - Заўвага) згадзіўся прыехаць да нас у вёску, калі мы ў сакавіку сустракаліся (гаворка пра нефармальную сустрэчу пасля мерапрыемстваў афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію. - Заўвага), - з задавальненнем пасядзелі, пагаварылі. Агульныя пытанні".

Беларускі лідар запрашае і іншых прыязджаць, разам размаўляць, абмяркоўваць, як будаваць адносіны.

"У нас ёсць магчымасць пагаварыць па бягучых справах, іх у нас вельмі шмат. Дастаткова сказаць, што толькі ў сферы гандлёва-эканамічных сувязей у нас вынікі проста выдатныя - звыш $50 млрд гандлёвы абарот. Па вашых статыстычных даных нават крыху большы", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін таксама заявіў аб неабходнасці абмеркаваць далейшае развіццё і пашырэнне прамысловай кааперацыі паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт сумеснай работы ў сферы авіябудавання, стварэння беспілотных лятальных апаратаў. "Хачу Вам расказаць, якія ёсць прапановы. Мы гатовы ўжо закласці завод разам з вашымі спецыялістамі і адпаведную лабараторыю па беспілотніках. Гэта вельмі важна перш за ўсё для эканомікі, лагістыкі. У нас ёсць дамоўленасці па авіябудаванні. Вам удалося захаваць частку авіяцыйнай прамысловасці. Тут ёсць таксама над чым працаваць. І невялікі самалёцік, і кааперацыя па сярэднемагістральных самалётах. Таксама па іншых напрамках пагаворым. Урады працуюць над гэтымі пытаннямі пастаянна, мы з вамі ў курсе, аб чым калегі дамаўляюцца", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што склалася добрая традыцыя абмяркоўваць адпаведныя пытанні, каб і падштурхнуць урады ў іх рабоце, і задаць нейкі трэнд у двухбаковых адносінах, а таксама пасадзейнічаць вырашэнню тых ці іншых пытанняў. "Дзякую Вам за тое, што мы часта сазвоньваемся, абмяркоўваючы тэрміновыя пытанні. У нас сапраўды агульнае разуменне ўсяго працэсу развіцця, парадак дня міжнародных адносін у нас абсалютна падобны. Мы гэта не ўтойваем, не круцім там, не верцім", - дадаў беларускі лідар.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на тэму выкарыстання ў Беларусі георгіеўскіх стужачак.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі акрамя шэсця "Бессмяротнага палка", якое праводзіцца па ініцыятыве Расіі, у рамках якога ў якасці сімволікі выкарыстоўваецца георгіеўская стужачка, моладзь раней ініцыявала штогадовую акцыю "Беларусь памятае". Абодва мерапрыемствы праводзяцца паралельна. "Калі вы адкрывалі шэсце "Бессмяротны полк", мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі. Але моладзь паралельна з георгіеўскімі стужачкамі і шэсцем палка (ініцыявала акцыю. - Заўвага) "Беларусь памятае". І ніхто не забараняе ні ў якім выпадку георгіеўскія стужачкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Хоць я пацікавіўся гісторыяй. Раю, вось вазьміце, няхай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю пра георгіеўскую стужачку. Мы гэта не адмаўляем. Хоць своеасаблівая ўсё ж такі гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі".

"Нічога дрэннага не бачу, калі нехта хоча георгіеўскую стужку. Нехта хоча "Беларусь памятае" - гэтыя знакі (сімволіку акцыі. - Заўвага). Разам ідуць. Ніхто там нічога не дзеліць. Ну некаму ж трэба пашумець", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт Беларусі параіў расійскаму калегу не звяртаць увагі на асобныя негатыўныя выказванні наконт гэтага.

"У нас ідэя абсалютна аднолькавая. Вы нашы ідэі ведаеце, мы ведаем расійскія. Гэта адна Айчына, як я гавару, ад Брэста да Уладзівастока, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Ну, так здарылася не па нашай волі, што тут дзве дзяржавы ўтварылася. І мы павінны зрабіць усё для таго, каб нашы адносіны ў гэтай Айчыне былі яшчэ больш цесныя, чым ва ўнітарнай дзяржаве. І мы з вамі нямала робім". 

"Упэўнены, што нашы дзеці і іншыя пакаленні яшчэ ацэняць тое, што мы тут мучымся, робім. І нам няпроста. І злева, і справа нас бамбяць. І нашы ўсе рашэнні накіраваны на адзінства нашых народаў. Гэта вельмі важна напярэдадні такой светлай даты (80-годдзя Перамогі. - Заўвага)", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін пагадзіўся, што сімвалы могуць быць крыху рознымі, але важна іншае - тое, што стаіць за гэтымі сімваламі. 

"Сутнасць", - падтрымаў калегу Аляксандр Лукашэнка.

"За гэтымі сімваламі стаіць наша агульная гісторыя, наша сучаснасць і наша будучыня. А яна ў нас агульная. Дзякуй Вам вялікі за такую пазіцыю", - сказаў Уладзімір Пуцін.