Дзяржаўны візіт у Азербайджан
- 8
- 1:24
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Азербайджан. Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Гейдар Аліеў.
Ля трапа Аляксандра Лукашэнку сустракалі першы намеснік Прэм'ер-міністра Азербайджана Ягуб Эюбаў, намеснік Міністра замежных спраў Эльнур Мамедаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Магерам Аліеў, а таксама члены беларускай дэлегацыі - віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік і кіраўнік беларускай дыпмісіі Андрэй Раўкоў.
У Баку Кіраўнік дзяржавы правядзе афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Сустрэча двух лідараў пройдзе ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Прэзідэнты разгледзяць актуальныя пытанні двухбаковых адносін з акцэнтам на пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязей у розных галінах і развіцці кааперацыйнага ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Яшчэ адной тэмай перагавораў стане супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана на міжнародных пляцоўках і ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Па выніках перагавораў будзе падпісаны пакет двухбаковых дакументаў.
Чакаецца, што ў Баку Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў таксама наведаюць азербайджанскую міжнародную сельскагаспадарчую выстаўку Caspian Agro, дзе азнаёмяцца з экспазіцыямі Беларусі і Азербайджана, рэалізацыяй сумесных праектаў у сферы АПК.