Перагаворы з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М'янма, Старшынёй Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру Мін Аун Хлайнам
- 40
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада правёў перагаворы з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М'янма, Старшынёй Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру Мін Аун Хлайнам у Прэзідэнцкім палацы ў Нейп'ідо.
Афіцыйным перагаворам Аляксандра Лукашэнкі і Мін Аун Хлайна папярэднічала ўрачыстая сустрэча з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем гімнаў Беларусі і М'янмы. Пасля сумеснага фатаграфавання Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Прэзідэнцкага палаца.
Перагаворы стартавалі спачатку ў вузкім складзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго першаму афіцыйнаму візіту ў М'янму ўдзяляецца вялікая ўвага ў гэтай краіне. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь абавязкова апраўдае гэты давер.
"У Беларусі ёсць усё неабходнае, каб тэхналагічна М'янма магла падняцца яшчэ на адну ступень вышэй. Ваш Урад, вашы міністры пазнаёміліся з Беларуссю. Ведаеце, што мы можам. Мы развітая машынабудаўнічая краіна, у нас развіты прамысловасць, сельская гаспадарка, высокія тэхналогіі, адукацыя, ахова здароўя", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Як падкрэсліў беларускі лідар, хоць краіны і раздзяляе значная геаграфічная адлегласць, гэта не з'яўляецца перашкодай для развіцця адносін. "Кажуць, што ў сучасным свеце адлегласць нічога не значыць для ўстанаўлення добрых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Затым адбыліся перагаворы ў пашыраным складзе. "Гэта мой першы візіт у М'янму, я шчыра гэтаму рады. І паколькі Ваш прыезд у Беларусь у сакавіку стаў першым афіцыйным візітам лідара М'янмы ў нашу краіну, то мы можам сказаць, што 2025 год з'яўляецца гістарычным у нашых адносінах", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустракаўся ў гэтым годзе з Мін Аун Хлайнам шэсць разоў: "Гэта сведчыць аб тым, што ніякай ізаляцыі няма і быць не можа для нашых краін".
"Беларусь адкрыта да пашырэння супрацоўніцтва з М'янмай, мы кіруемся выключна нацыянальнымі інтарэсамі, без аглядкі на знешніх ігракоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар таксама падзякаваў лідару М'янмы за тое, што м'янманскія прадстаўнікі на чале з Міністрам замежных спраў прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Мінску.
Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн зрабілі сумесную заяву для прадстаўнікоў СМІ.
"Мы сёння разгледзелі прыярытэтныя напрамкі нашага супрацоўніцтва. Гэта фармацэўтыка, прамысловасць, перш за ўсё, наша тэхніка і тэхналогіі, навука, адукацыя, ваенна-прамысловы комплекс, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым мы канстатавалі, што закрытых тэм у нашых адносінах няма. Нашы адносіны не накіраваны супраць каго б там ні было. Гэта адносіны ў інтарэсах нашых народаў".
Прэзідэнт адзначыў, што перагаворы на самым высокім узроўні сталі нейкім вынікам гэтага візіту, у той час як асноўныя перагаворы адбыліся ў рамках беларуска-м'янманскага бізнес-форуму, які адбыўся ў Янгоне 27 лістапада.
"Вынік нашай работы ў гэтыя дні можна выказаць адной формулай: у нас у Беларусі ёсць усё тое, што патрэбна сёння м'янманскаму народу, у вас ёсць усё тое, што патрэбна нам. Мы дамовіліся аб тым, што ў рамках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва мы будзем абменьвацца гэтымі таварамі. Яшчэ раз падкрэсліваю: няма закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што на перагаворах быў вызначаны план сумесных дзеянняў і зацверджана дарожная карта на 2026-2028 гады, якая прадугледжвае канкрэтныя мерапрыемствы ў адносінах Беларусі і М'янмы. "Важнейшай састаўной часткай гэтага плана з'яўляецца гуманітарнае супрацоўніцтва: адукацыя, ахова здароўя, культура. У гэтым плане вы таксама можаце разлічваць на нас. Прыязджайце ў Беларусь, глядзіце, выбірайце, вызначайцеся. Усё, што трэба і што мы можам зрабіць для М'янмы, мы абавязкова зробім", - адзначыў ён.
"Мы гатовы не толькі прадаваць сваю прадукцыю ў М'янму - мы гатовы з вамі ствараць сумесныя прадпрыемствы па напрамках, якія вас цікавяць. І рыхтаваць спецыялістаў пад тыя тэхналогіі, якія мы перададзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок будзе няўхільна выконваць дасягнутыя дамоўленасці своечасова і ў поўным аб'ёме.
"У вашага народа, вашай краіны вялікая будучыня, паверце майму вопыту. Вам трэба толькі адну праблему вырашыць найважнейшую: забяспечыць стабільнасць у грамадстве, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Я мала бачыў такіх лідараў і кіраўнікоў дзяржаў, як Вы і Вашы калегі, якія імкнуцца кожны дзень нешта зрабіць для ўласнага народа. Мне вельмі імпануе такая пазіцыя, і я гатовы разам з вамі працаваць на карысць нашых народаў".
У сувязі з гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў канцы бягучага года ў М'янме адбудуцца парламенцкія выбары. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што крокі, якія робіць кіраўніцтва М'янмы напярэдадні гэтай падзеі, беспрэцэдэнтна дэмакратычныя. "Як дружалюбнаму да нас чалавеку хачу нагадаць, што выбары Вы праводзіце для ўласнага народа і яны павінны ўлічваць перш за ўсё інтарэсы народа М'янмы".
Мін Аун Хлайн у першую чаргу падзякаваў беларускаму лідару за візіт у М'янму, што пацвярджае высокі ўзровень даверу і дасягнутага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Словы ўдзячнасці ён таксама адрасаваў беларускаму боку за падтрымку М'янмы на міжнароднай арэне, у тым ліку на пляцоўцы Генасамблеі ААН.
Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве ў рамках розных міжнародных арганізацый, Мін Аун Хлайн вітаў атрыманне Беларуссю статусу партнёра ў БРІКС і адзначыў, што М'янма таксама імкнецца да развіцця супрацоўніцтва з БРІКС, а таксама з ШАС. Акрамя таго, краіна мае намер павысіць свой статус у ЕАЭС, стаўшы дзяржавай - наглядальнікам у гэтым саюзе. У сувязі з гэтым лідар М'янмы звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай аб падтрымцы гэтых ініцыятыў.
"Калі мы пашыраем адносіны з замежнымі краінамі, галоўную ролю адыгрывае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У ходзе Вашага візіту мы зможам абмеркаваць шляхі пашырэння нашага эканамічнага ўзаемадзеяння", - заявіў Мін Аун Хлайн па выніках перагавораў.
Сустрэча лідараў Беларусі і М'янмы прадоўжылася культурнай праграмай, першай часткай якой стала сімвалічная пасадка дрэва. Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн у Нацыянальным батанічным садзе высадзілі канко - кветкавае дрэва поспеху і дабрабыту - у гонар першага ў гісторыі візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў М'янму.
Наступнай кропкай маршруту культурнай праграмы стаў храмавы комплекс Буды Маравіджая. Цэнтральны аб'ект храмавага комплексу - статуя Буды, які сядзіць, вышынёй звыш 27 м і вагой больш за 5 тыс. т, выразаная з суцэльнага кавалка мармуру. Тут таксама знаходзяцца пагады, фантаны, парк і іншыя аб'екты.
Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у афіцыйным абедзе, арганізаваным выконваючым абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М'янма, Старшынёй Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру. Пасля гэтага адбыўся сумесны прагляд лідарамі Беларусі і М'янмы тэатральнага паказу традыцыйных танцаў і песень.


