Перагаворы з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам
- 29
- 15:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка правёў перагаворы з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам у Палацы Незалежнасці.
Афіцыйным перагаворам Кіраўніка беларускай дзяржавы і Султана Амана папярэднічала ўрачыстая сустрэча ў Палацы Незалежнасці з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў, а таксама цырымонія фатаграфавання.
Кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы звярнуў увагу, што дамоўленасць аб візіце Султана Амана была дасягнута ў снежні 2024 года, у час візіту беларускага лідара ў Аман. Такім чынам, прыбыўшы з візітам у Мінск, Хайсам бен Тарэк Аль Саід, можна сказаць, стрымаў абяцанне. "Хачу афіцыйна заявіць, што вы - чалавек слова: паабяцалі прыехаць - прыехалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў сродках масавай інфармацыі візіт Султана Амана ў Мінск называлі гістарычным. "Я гэты пункт гледжання падзяляю", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да высокага госця, падкрэсліў: "Хачу, каб вы разумелі: мы поўныя жадання зрабіць усё, каб паміж нашымі краінамі былі найлепшыя адносіны".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў добрую падрыхтоўку, якая папярэднічала візіту. Бакам, паводле яго слоў, удалося выйсці не проста на заявы аб намерах, а на канкрэтныя дамоўленасці. І лідарам дзвюх краін давядзецца абмеркаваць шляхі рэалізацыі гэтых дамоўленасцей. У прыватнасці, падрыхтавана і запланавана да падпісання дарожная карта па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Гэта значыць, дарожная карта ёсць. Для нас (кіраўнікоў дзяржаў. - Заўвага) работа адна - узгадніць гэты план сумесных дзеянняў і, вядома, пракантраляваць, каб ён быў рэалізаваны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запэўніў, што ў тым рэгіёне, дзе размешчаны Аман, для Беларусі няма больш блізкай краіны, чым гэта. "Таму мы гатовы з вамі па ўсіх напрамках мець адносіны. Хачу вас запэўніць, што калі мы дамовімся па якім-небудзь пытанні, мы абавязкова выканаем яго", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Хачу вас запэўніць, што вы не пашкадуеце аб тым, што прыехалі ў Беларусь", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. І з доляй гумару дадаў: "Ну, і буду чакаць вас (наступны раз з візітам у Беларусь. - Заўвага) зімой".
"У снежні мінулага года ў Маскаце мы дамовіліся разам адкрыць новую главу ў нашых адносінах і пачаць адлік іх новага этапу з вашага першага афіцыйнага візіту ў Мінск. Напярэдадні гэтай падзеі праведзена вялікая работа. Падрыхтавана паўнацэнная дарожная карта супрацоўніцтва, насычаная канкрэтнымі задачамі ў сферах харчовай бяспекі, прамысловасці, турызму, транспарту і лагістыкі, інвестыцый", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, стабільнасць узаемадзеянню і ўпэўненасць у дасягненні пастаўленых мэт надало заснаванне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях. Яго высокім куратарам з аманскага боку выступае Наследны прынц - Міністр культуры, моладзі і спорту Зеязін бен Хайсам Аль Саід. "Пры яго асабістым удзеле, прытрымліваючыся нашых з вамі ўстановак, урады і дзелавыя колы сур'ёзна рушылі наперад па шэрагу напрамкаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзякуючы сумесна прынятым рашэнням аб аблягчэнні візавых патрабаванняў і запуску прамых авіязносін з лютага 2025 года ўжо звыш тысячы сямісот беларусаў наведалі вашу цудоўную краіну. Разлічваем на сустрэчны паток аманскіх гасцей. Візіт міністра аховы здароўя Амана ў Беларусь паказаў, што ёсць перспектывы ў медыцынскага турызму, гэтак жа як у адукацыйных і культурных абменаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што падпісанае ў ходзе візіту пагадненне аб бязвізавым рэжыме паездак па звычайных пашпартах зробіць Беларусь і Аман яшчэ бліжэй адзін да аднаго і дапаможа рэалізацыі сумесных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка на перагаворах расказаў аб рэалізацыі сумесных праектаў і рабоце па стварэнні ў Амане хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі.
"У Маскаце (у час візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аман у снежні 2024 года. - Заўвага) мы з вамі гаварылі аб тым, што для пачатку трэба запусціць два-тры сумесныя праекты і рухацца наперад. Можна сказаць, гэта задача нашым бізнесам выконваецца. Сваімі праектамі ў Амане мы ўмацоўваем харчовую бяспеку не толькі Амана, але і ўсяго вашага рэгіёна, - сказаў ён. - Аманскія ж інвестыцыі ў сферы дрэваперапрацоўкі дапамогуць больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя багацці Беларусі. Больш таго, інтэнсіўныя кантакты далі магчымасць сфарміраваць сур'ёзны пул дадатковых праектаў".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за цікавасць да арганізацыі сумесных зборачных вытворчасцей і продажаў тэхнікі МАЗ і "АМКАДОР" і заявіў, што беларускія прадпрыемствы гатовы пераводзіць супрацоўніцтва з выбраным аманскім бокам партнёрам у практычную плоскасць.
"У выніку разлічваем выйсці на стварэнне ў Амане добрага і доўгатэрміновага апорнага пункта - хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі ў рэгіёне Персідскага заліва і Усходняй Афрыкі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ёсць таксама перспектывы ўзаемадзеяння ў галіне фармацэўтыкі: заключаны першыя кантракты на пастаўку ў Аман беларускіх лякарстваў, якія цяпер праходзяць сертыфікацыю.
"Мы адкрыты для любых ініцыятыў аманскага боку і былі б рады ўнесці свой уклад у рэалізацыю вашага амбіцыйнага стратэгічнага плана развіцця краіны - "Бачанне Амана 2040", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці агульнай задачы ён прапанаваў не зніжаць набранага тэмпу і дынамікі ўзаемадзеяння, умацоўваючы дасягнуты высокі ўзровень даверу паміж абедзвюма краінамі. Для гэтага акрамя эканомікі у распараджэнні бакоў ёсць і такія інструменты, як супрацоўніцтва ў сферы спорту, а таксама культуры.
"Цяпер, абапіраючыся на лепшы міжнародны вопыт, мы ўзводзім новы Нацыянальны музей гісторыі Беларусі. Былі б удзячныя за парады самага, можна сказаць, беларускага аманца - генеральнага сакратара Нацыянальнага музея Амана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Для таго каб нашы праекты рухаліся наперад, вельмі важны ўзаемныя сустрэчы і візіты. Так, як вы робіце гэта сёння. Калі мы падтрымаем такі высокі ўзровень нашых адносін, я перакананы, што ўсе праекты і кантракты, якія мы падпісалі і яшчэ падпішам, будуць рэалізаваны ў тэрмін. Дыялогу Беларусі і Амана наканавана стаць прыкладам сапраўды раўнапраўнага, давернага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх дружалюбных краін. Усе нашы дамоўленасці з беларускага боку будуць выконвацца няўхільна і ў тэрмін. Таму што Аман для нас вельмі цікавая краіна. Мы адкажам узаемнасцю", - упэўнены беларускі лідар.
Султан Амана падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за гасцінны прыём і адзначыў, што рады знаходзіцца ў Мінску. Хайсам бен Тарэк аль Саід адзначыў, што хацеў бы паглядзець, як рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў час візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аман у мінулым годзе.
"З моманту вашага візіту ў Аман у мінулым годзе мы змаглі многага дасягнуць. У той жа час застаецца нерэалізаваны патэнцыял, і з Вашай дапамогай, а таксама дзякуючы ўзаемадзеянню ўрадаў мы зможам яго рэалізаваць", - лічыць Хайсам бен Тарэк Аль Саід.
Султан Амана звярнуў увагу на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён выказаў думку, што адносіны ў гэтай сферы пакуль не дасягнулі таго ўзроўню, якога маглі б дасягнуць, і заявіў аб імкненні да іх развіцця. "Мы стараемся шмат працаваць, каб нашы адносіны ў гэтым напрамку былі на ўздыме", - запэўніў Хайсам бен Тарэк Аль Саід.
Праведзеныя перагаворы ў вузкім складзе з Прэзідэнтам Беларусі Султан Амана ахарактарызаваў як плённыя. Хайсам бен Тарэк Аль Саід таксама нагадаў, што пэўныя дамоўленасці і канкрэтныя планы супрацоўніцтва былі намечаны яшчэ пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аман у 2024 годзе. Свой візіт у Беларусь Султан Амана назваў своеасаблівым працягам дыялогу паміж краінамі.
"Мы пацвярджаем, што падтрымліваем развіццё гэтых адносін. У ходзе візіту мяне суправаджае шэраг міністраў, якія займаюцца гэтым пытаннем", - сказаў Хайсам бен Тарэк Аль Саід.
Ён таксама высока ацаніў заснаванне сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях паміж урадамі Беларусі і Амана. На яго думку, гэта з'яўляецца добрым пачаткам для каардынацыі супрацоўніцтва паміж краінамі.
Па выніках перагавораў у Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід прынялі сумесную заяву.
У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў атмасферы даверу, дружбы і ўзаемаразумення. Бакі выказалі рашучасць сумесна працаваць над умацаваннем і развіццём беларуска-аманскага супрацоўніцтва, абмяняліся думкамі па шэрагу міжнародных і рэгіянальных пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Лідары абмеркавалі ход рэалізацыі дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў ходзе праведзеных у 2024-2025 гадах узаемных візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях у сферах харчовай бяспекі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, лагістыкі, аховы здароўя, турызму і культуры.
Кіраўнікі дзяржаў станоўча ацанілі работу па павелічэнні аб'ёмаў двухбаковага гандлю, пашырэнні паставак беларускіх прадуктаў харчавання, прамысловага абсталявання, фармацэўтычнай прадукцыі, ветэрынарных прэпаратаў і іншых тавараў у Султанат Аман, а таксама аманскай прадукцыі, што ўяўляе цікавасць для Беларусі.
"Лідары віталі ўзаемныя намаганні па рэалізацыі сумесных праектаў у галіне дзіцячага харчавання і малочнай прадукцыі, а таксама зборкі тэхнікі ў Амане. Кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што сумесныя праекты прамысловай кааперацыі, якія знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, паспяхова паўплываюць на развіццё двухбаковых эканамічных адносін з улікам лагістычнага патэнцыялу Амана і перавагі яго мадэрнізуемай інфраструктуры", - гаворыцца ў сумеснай заяве.
Аляксандр Лукашэнка і Хайсам бен Тарэк Аль Саід пацвердзілі гатоўнасць да пашырэння інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, IT-сектара, мэблевай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Кіраўнікі дзяржаў з задавальненнем адзначылі падпісанне ў маі 2025 года пагаднення аб стварэнні сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях, выказалі зацікаўленасць у запуску яго работы ў бліжэйшы час для каардынацыі сумесных дзеянняў беларускіх і аманскіх структур па рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцей.
У сумеснай заяве Прэзідэнт Беларусі і Султан Амана падкрэслілі важнасць праграмы прамых чартарных рэйсаў па маршруце Мінск - Салала - Мінск, якая была запушчана ў лютым бягучага года. Лідары выказалі рашучасць абедзвюх краін працаваць разам дзеля павелічэння ўзаемнага патоку турыстаў.
"Кіраўнікі дзяржаў акцэнтавалі ўвагу на развіцці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і культуры, накіраванага на паглыбленне двухбаковых сувязей і збліжэнне народаў дзвюх дзяржаў. Лідары падкрэслілі значнасць устанаўлення і развіцця прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі, узаемнага ўдзелу ў выстаўках і кірмашах, правядзення нацыянальных выставак у Рэспубліцы Беларусь і Султанаце Аман, чалавечага і культурнага абмену. У сувязі з гэтым яны віталі падпісанне пагаднення аб узаемнай адмене віз", - гаворыцца ў сумеснай заяве.
Аляксандр Лукашэнка і Хайсам бен Тарэк Аль Саід адзначылі важнасць стварэння трывалай дагаворна-прававой базы для далейшага развіцця беларуска-аманскіх адносін ва ўсіх сферах, а таксама віталі падпісанне двухбаковых дакументаў у рамках візіту. Лідары дамовіліся, што ўрады іх краін і ўпаўнаважаныя галіновыя міністэрствы і арганізацыі будуць распрацоўваць і рэалізоўваць неабходныя праграмы, планы практычных дзеянняў у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі сумеснай заявы.
Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі агульнасць падыходаў да ключавых глабальных і рэгіянальных праблем. Пры гэтым падкрэслена неабходнасць захавання Статута ААН і норм міжнароднага права, выказана гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый і сумесных намаганняў па фарміраванні шматпалярнага, справядлівага і раўнапраўнага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку. Бакі таксама асудзілі прымяненне аднабаковых прымусовых мер і санкцый.
Султан Амана выказаў удзячнасць за цёплы прыём, гасціннасць і запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць Аман з візітам.
Кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі абмяркоўваць перагаворны парадак дня і ў ходзе афіцыйнай вячэры ад імя Прэзідэнта Беларусі.


