Перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам

  • 13
  • 2:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка ў Палацы Незалежнасці правёў перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам.

"Як быццам не было працяглага падарожжа ў вас. Усе бадзёрыя. Я вельмі рады, што ў вас настрой добры і выглядаеце вы бадзёра. Гэта, Джон, таму што вы, напэўна, да сяброў заляцелі спачатку, а не адразу ў Беларусь. Час прылятаць ужо адразу да нас", - сказаў у пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

"Так, гэта было б вельмі добра", - заўважыў у адказ Джон Коўл.

"Парадак дня ўвогуле (утойваць не будзем, загадзя мы яго агаворвалі) вызначаны. Таму я гатовы, як заўсёды, да абмеркавання любых пытанняў, адказваць на любыя праблемы. Але настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, мой пункт гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важны для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатовы адкрыта пагаварыць на гэту тэму".

Джон Коўл удакладніў, ці ідзе гаворка пра вайну з Іранам.

"Так, вельмі хацеў бы, каб мой пункт гледжання вы данеслі да Дональда Трампа. Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з'яўляюся прыхільнікам вашага Прэзідэнта", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама згадаў тэму так званых палітзняволеных, якая ўваходзіць у парадак дня беларуска-амерыканскіх перагавораў. 

"Куды ж мы дзенемся ад праблемы, якую Крыс (адзін з перагаворшчыкаў з амерыканскага боку - намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт. - Заўвага) вельмі кантралюе. Так званыя палітзняволеныя. Хоць я пастаянна схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітзняволеных у нас няма. Ёсць правапарушальнікі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. 

"Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэту праблему, у перапісках. Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнай думкі. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцей. Думаю, што асаблівых тут праблем не будзе. Як і па іншых пытаннях нашага парадку дня", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

У сваю чаргу Джон Коўл абазначыў амерыканскую пазіцыю па іранскай тэматыцы. Ён адзначыў, што на працягу дзесяцігоддзяў краіны, якія валодалі ядзернай зброяй, разумелі, што яе прымяненне будзе самагубствам. Пры гэтым такія краіны маглі разыходзіцца ў думках па многіх іншых пытаннях, але па гэтай тэме тым не менш былі адзіныя. 

Паводле слоў прадстаўніка ЗША, з Іранам справа выглядае інакш. "На Захадзе мы называем іх рэлігійнымі радыкаламі. Яны могуць самі сябе ўзарваць, уключаючы развязванне ядзернай вайны", - лічыць Джон Коўл.