Цырымонія адкрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне

  • 11
  • 14:00

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб надвор'і, якое не перашкодзіла правядзенню свята. Справа ў тым, што ў дзень правядзення фестывалю перыядычна ішоў дождж.

"Калі вы каго-небудзь будзеце вінаваціць у гэтым, то мяне. Я губернатару расказаў. Думаю, прыеду ў Гродзенскую вобласць пасля Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай - што ім падарыць? Без падарункаў жа нельга. Бальніца - гэта добра. Але неяк пачуў я брэсцкага губернатара: ён скардзіўся, што дажджу ў вас доўга не было. Я яму ўчора пазваніў: дай дождж гродзенцам, каб я з падарункам прыехаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Пралятаючы над паўднёвай часткай Гродзенскай вобласці, магу вас парадаваць - там вакол возера. На палях возера - ліўні страшныя прайшлі. Вы прасілі - я зрабіў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што сёння адбываецца, - гэта, як сяляне гавораць, наша золата. Колькі ўпадзе дажджу - столькі збожжа вы атрымаеце ўраджаю".

Лівень, які пайшоў у самым пачатку прамовы Прэзідэнта, праз літаральна некалькі хвілін спыніўся, а неба праяснілася. "Гасподзь нас пачуў. Я, пад'язджаючы сюды, думаў аб тым, каб хаця б дажджу не было ў гэты перыяд. Крыху ён нас падмачыў, праверыў. І паглядзіце, якое цудоўнае неба. Значыць, мы не зусім грэшныя. Мы не награшылі столькі, каб Бог нас не любіў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, прызнаўся, што даўно хацеў пабываць на гэтым свяце ў Гродне. "Ёсць у нас "Славянскі базар", ёсць у нас "Александрыя", у Брэсце сустракаецца творчая інтэлігенцыя... Але такога ўнікальнага фестывалю няма нідзе, - адзначыў ён. - І вельмі добра (тут мы ўдачна ўгадалі), што гэты фестываль (праходзіць. - Заўвага) у цудоўным заходнім цэнтры Беларусі - у Гродне. Тут жывуць добрыя, прыстойныя людзі, якія з адкрытым сэрцам ідуць да ўсіх".

"Ідэя свята адлюстроўвае багатую гісторыю роднай зямлі. Гэта зямля размешчана на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе сустракаліся цэлыя цывілізацыі (і сутыкаліся), дзе сустракаліся народы, рэлігіі, дзе фарміраваўся наш нацыянальны менталітэт. Гэта адкрытасць, гэта гасціннасць, уменне працаваць разам, сябраваць, гатоўнасць прымаць у свой дом усіх, хто ідзе з мірам і дабром", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Людзі да нас пацягнуліся - мы іх не павінны адштурхнуць. Мы павінны паказаць сваю адкрытасць. Калі мы ганарымся сваім менталітэтам, гасціннасцю, мы павінны паказаць гэту гасціннасць. Усім ім павінна быць прыемна жыць у нашай Беларусі. Гэта наша будучыня", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што фестываль нацыянальных культур ствараўся як традыцыя суверэннай Беларусі. У сувязі з гэтым ён выказаўся аб важнасці традыцый для суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы: "Я часта гавару: калі вы хочаце быць суверэннымі і незалежнымі, трэба мець свае традыцыі. Вось гэта - адна з традыцый, якую мы стваралі". 

Цяперашняе свята з'яўляецца юбілейным і прысвечана 30-гадовай гісторыі і традыцыям форуму. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў самым першым фестывалі нацыянальных культур прымалі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, а цяпер іх больш за 40.

"За гэты час са сціплага рэгіянальнага мерапрыемства форум ператварыўся ў культурную падзею, слава аб якой выйшла за межы краіны. А яго сталіца Гродна стала сапраўднай Мекай для тысяч турыстаў, у тым ліку з еўрапейскіх дзяржаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І не перашкаджаюць гэтым людзям трохметровыя агароджы, што ўзводзяцца нашымі заходнімі суседзямі, чарговыя "жалезныя заслоны", якімі нас палохаюць. Мы не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў".

Звяртаючыся да прадстаўнікоў нацыянальных аб'яднанняў, Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць за дыпламатычныя ініцыятывы, падкрэсліўшы важнасць народнай дыпламатыі ў развіцці адносін з іншымі краінамі.

"Беларусь падтрымлівае дружбу са многімі краінамі, а вы дапамагаеце нам. Вы - сапраўдная народная дыпламатыя. Тое, што вы добра гаворыце пра Беларусь, нам выгадна. Мы разумеем, што гэта не дабрачыннасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - За кожным вашым словам стаяць дзеянні. Ваша слова дарагога варта. Гэта і ёсць народная дыпламатыя, дзякуй вам за гэта. Калі людзей звязала культурная, народная, сямейная дыпламатыя, мы, палітыкі, бяссільныя гэта разарваць".

"Да таго ж інтэрнацыянальныя сем'і (а я заўзяты прыхільнік гэтага) для Беларусі - з'ява звычайная. У іх нараджаюцца цудоўныя, прыгожыя, разумныя дзеці, якія размаўляюць на многіх мовах нашай планеты", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў беларускіх ВНУ атрымліваюць адукацыю 37 тыс. замежных студэнтаў. "Асабліва радуе, калі таленавітыя людзі застаюцца і дасягаюць прафесійных поспехаў - у самых розных сферах. Бываючы ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, я там бачу не толькі нашых азербайджанцаў, армян, украінцаў або рускіх. Там людзі з Блізкага і Далёкага Усходу, з Афрыкі. Людзі, якія, атрымаўшы тут адукацыю, засталіся ў нас. Прытым добрыя спецыялісты. Мы гэта вітаем", - сказаў ён.

"І галоўнае - усіх нас павінна аб'ядноўваць і аб'ядноўвае памяць аб вялікім подзвігу савецкага народа. Не было б яго, мы таксама тут не прысутнічалі б. Вялікая колькасць - тысячы і сотні тысяч - гродзенцаў загінулі на гэтай вайне. Часам загінулі ні за што. Вось чаму мы павінны берагчы мір, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы, беларусы, памятаем прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей (а такіх было больш за 70), хто змагаўся на фронце, у партызанскіх атрадах або падполлі, вызваляючы нашу Беларусь".

Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі будуць рабіць усё для міру, і назваў вайну катастрофай. "Вайна ніколі не дасць нам магчымасць сабрацца так, як сёння. Нам не патрэбна вайна. Перамагчы (а мы абавязкова пераможам) мы можам толькі ў міры, у мірнай працы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Галоўнае, што я хачу вам сказаць: калі вам нехта навязвае ідэю, што мы ваякі, не мірныя людзі, - не верце. Мы ні з кім не збіраемся ваяваць - толькі дружба, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не ставім сваёй мэтай ваяваць - мы хочам быць мірнымі людзьмі, мы хочам мірна жыць, Я хачу, каб на захадзе Беларусі, у Гродне, гэта цвёрда засвоілі: мы хочам міру, мы нясём народам мір. Ніякія мы не агрэсары і не суагрэсары".

Прэзідэнт на цырымоніі адкрыцця фестывалю заклікаў тых, хто жыве ў Беларусі, берагчы свой квітнеючы край.

"Неяк польскае кіраўніцтва трохгадовай-пяцігадовай даўнасці нам гаварыла пра палякаў. Я ім выразна сказаў: так, у нас жывуць палякі, але гэта мае палякі. Вы ўсе нашы, вы - беларусы. Беражыце свой край. Гэты край ужо не для нас, старэйшага пакалення. Ён для дзяцей і ўнукаў. Мы гэты квітнеючы край павінны зберагчы і прымножыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб ролі культуры, якая з'яўляецца інтэрнацыянальнай і не можа быць абмежавана рамкамі адной краіны. "Культура, навука інтэрнацыянальныя. Нельга нейкую культуру замкнуць у рамках адной або дзвюх дзяржаў. Культура ў нас адна, і ў гэтай культуры шмат розных галін і напрамкаў. Таму што яна, як я сказаў, інтэрнацыянальная, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яна не абмяжоўваецца рамкамі фестывалю. Фестываль - гэта душа культуры, норма нашага жыцця. Мне прыемна бачыць вас, захопленых гэтай ідэяй. Ідэя важная, але асабліва значная праца людзей, дзякуючы якой яна становіцца беражліва захаванай і абавязкова добрай традыцыяй".

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім тым, хто забяспечвае правядзенне гэтага свята і развівае ўнікальны фестываль. "Вялікі дзякуй нашым арганізатарам, губернатару, уладам Гродзенскай вобласці, удзельнікам, неабыякавым людзям, якія ствараюць атмасферу дружбы і павагі розных культур, якой мы ўсе ганарымся", - сказаў ён.

Прэзідэнт павіншаваў удзельнікаў і гасцей з правядзеннем фестывалю нацыянальных культур, пажадаўшы працвітання гэтаму святу і ўсяму гораду Гродна. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзевяностыя гады менавіта ў гэтым абласным цэнтры ён пачынаў сваю перадвыбарную кампанію. "Я памятаю (я абяцаў вам, што свята буду гэта памятаць), калі вы адракліся ад нібыта сваіх кандыдатаў і мяне, тады маладога чалавека, падтрымалі на гэтых выбарах, прагаласаваўшы за мяне. Усё, што мяне прасілі, я зрабіў. Буду рабіць яшчэ больш", - запэўніў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы падарылі святочны каравай і хрустальны сімвал фестывалю нацыянальных культур у знак удзячнасці за захаванне міру і дружбы на беларускай зямлі. "Бачыце, не дарэмна прыехаў. І свежы хлеб, і прыгожы падарунак для Палаца Незалежнасці. Дзякуй вам, гродзенцы!" - падзякаваў Прэзідэнт.