Наведванне Цэнтральнага сховішча Нацыянальнага банка

  • 4
  • 1:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка наведаў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу: да 2011 года золатавалютныя рэзервы Беларусі павінны павялічыцца да $3 млрд., а залаты запас краіны - да 32 тон золата.

Золатавалютныя рэзервы - важнейшы элемент нацыянальнай бяспекі краіны. Яны забяспечваюць стабільнасць нацыянальнай валюты, цэн, а таксама ўпэўненасць усіх удзельнікаў рынку ў тым, што дзяржава забяспечвае свае абавязацельствы, у тым ліку і па знешнім дзяржаўным доўгу. Наяўнасць дастатковай колькасці рэзерваў дае магчымасць не дапусціць дэстабілізацыі ў эканоміцы краіны.

Нацыянальны банк Беларусі выканаў даручэнне Прэзідэнта па павелічэнні золатавалютнага рэзерву краіны. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, па стане на 1 студзеня 2006 года залаты запас краіны склаў 25,02 тоны, а ў валютным эквіваленце - $412,7 млн. Для параўнання - у 1999 годзе залаты запас складаў усяго 1,2 тоны. На пачатак гэтага года аб'ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў вызначэнні спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных МВФ склаў $1 296,5 млн. Міжнародныя рэзервовыя актывы ў нацыянальным вызначэнні дасягнулі $1 584,9 млн.

Валавыя актывы Нацбанка ў замежнай валюце, каштоўных металах і камянях складаюць $1 629,6 млн., толькі за 2005 год яны павялічыліся на $449,7 млн.

Золатавалютныя рэзервы і залаты запас створаны ў Беларусі на працягу апошніх 8 гадоў. Гэта з'яўляецца адчувальным вынікам мэтанакіраванай работы Нацыянальнага банка за перыяд, пачынаючы з 1998 года, і вынікам выканання даручэнняў Прэзідэнта краіны. Па аб'ёме золатавалютных рэзерваў Беларусь лідзіруе сярод краін СНД, уступаючы толькі Расіі і Казахстану.

Важнымі фактарамі павелічэння золатавалютных рэзерваў у 2005 годзе былі купля Нацбанкам замежнай валюты на ўнутраным рынку і даходы ад кіравання золатавалютнымі рэзервамі. У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі ў 2006 годзе чакаецца прырост міжнародных рэзервовых актываў на $475-525 млн.

Асноўная мэта дзейнасці Нацбанка па кіраванні рэзервамі - забеспячэнне аптымальнага спалучэння іх захаванасці, ліквіднасці і даходнасці. З мэтай мінімізацыі крэдытнай рызыкі золатавалютныя рэзервы размяшчаюцца ў замежных банках вышэйшай катэгорыі надзейнасці - краін Еўрасаюза, Швейцарыі, Расіі. Мінімізацыя валютнай рызыкі забяспечваецца за кошт дыверсіфікацыі валютных рэзерваў шляхам устанаўлення фіксаванай валютнай структуры, заснаванай на гістарычных даных аб ваганнях курсаў валют.

Валютная структура рэзерваў Нацбанка ў СКВ, размешчаных у замежных банках, прадстаўлена наступным чынам: 63% складаюць долары ЗША, 25% - еўра, 12% - іншыя валюты.

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч праінфармаваў Прэзідэнта аб тым, што за апошнія гады створаны рынак паслуг для насельніцтва. Беларусы маюць магчымасць купляць якасную прадукцыю ў выглядзе каштоўных зліткаў - залатых, сярэбраных, плацінавых, а таксама юбілейных залатых і сярэбраных манет, каштоўных камянёў. Паслугі такога высокага ўзроўню, якія прадастаўляе насельніцтву Нацбанк, далі магчымасць ліквідаваць падпольны рынак каштоўных металаў. Усё больш беларусаў карыстаюцца паслугамі Нацбанка, што пераканаўча сведчыць аб павышэнні ўзроўню жыцця і даходаў жыхароў нашай краіны. Прычым попыт часта перасягае прапанаванне.

Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка пабудавана па даручэнні Прэзідэнта беларускімі будаўнікамі і адпавядае самым сучасным сусветным патрабаванням. Аб'ект такога ўзроўню на тэрыторыі СНД, акрамя Беларусі, ёсць толькі ў Расіі. Як запэўніў Пётр Пракаповіч, сховішча будзе надзейна служыць і выконваць свае функцыі на працягу, як мінімум, 100 бліжэйшых гадоў.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй захоўвання золатавалютных рэзерваў, абсталяваннем і тэхналогіямі, якія даюць магчымасць аўтаматызаваць аперацыі захоўвання, пераліку і апрацоўкі каштоўнасцей. Прэзідэнт агледзеў памяшканні, дзе захоўваюцца каштоўнасці. Сховішча забяспечана найноўшымі тэхналогіямі, якія гарантуюць бесперабойную работу сістэмы і бяспеку захоўвання каштоўнасцей.

Прэзідэнту прадэманстраваны спецыяльны транспарт, што выкарыстоўваецца для перавозкі каштоўнасцей, які выпускаецца ў Беларусі.