Трэці Усебеларускі народны сход
- 4
Удзельнікі трэцяга Усебеларускага народнага сходу, праведзенага ў Мінску 2-3 сакавіка, адобрылі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады і прынялі адпаведную рэзалюцыю.
У рэзалюцыі выказана падтрымка прапанаваным кіраўніцтвам краіны дзяржаўным прыярытэтам. У іх ліку - усебаковае гарманічнае развіццё чалавека на аснове павышэння рэальных грашовых даходаў, інавацыйны шлях развіцця эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне, нарошчванне экспартнага патэнцыялу на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, развіццё аграпрамысловага комплексу і сацыяльнае адраджэнне вёскі, жыллёвае будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё малых і сярэдніх гарадоў.
У рэзалюцыі канстатавана, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001-2005 гады выканана ў поўным аб'ёме.
Удзельнікі сходу ў сваіх выступленнях узнялі пытанні, што патрабуюць увагі кіраўніцтва краіны і грамадства, а таксама выказалі сваё бачанне іх вырашэння.
Таксама быў прыняты Зварот, у якім падкрэсліваецца, што выпрацаваная і апрабаваная за гады дзвюх пяцігодак беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця паказала сваю эфектыўнасць.
На ўсенародным веча выступілі замежныя госці, якія далі высокую ацэнку дасягненням краіны за апошнія пяць гадоў.
У час правядзення сходу 2 і 3 сакавіка працавала "гарачая лінія", на якую паступалі пытанні ад грамадзян. На найбольш актуальныя з іх Аляксандр Лукашэнка даў адказы, падводзячы вынікі двухдзённай нарады.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, дзяржаву і ўладу на ўсіх яе ўзроўнях мы сёння нацэльваем на патрэбы нашых грамадзян, перш за ўсё, простых людзей.
Паводле яго слоў, за макраэканамічнымі паказчыкамі нельга забывацца пра чалавека, яго жыццёва важныя праблемы. У гэтым заключаецца галоўная адказнасць дзяржавы і ўлады перад народам, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адзначыў, што размова ўлады напрамую з людзьмі - вышэйшая форма дэмакратыі. Прэзідэнт нагадаў, што гэты ўсенародны форум некалі спыніў развал краіны, прадухіліў "спаўзанне" рэспублікі да грамадзянскага процістаяння.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што беларускае кіраўніцтва гатова разглядаць выгадныя інвестыцыйныя праекты, у тым ліку замежных інвестараў.
У той жа час Прэзідэнт нагадаў, што "грошы проста так ніхто не дае". Аляксандр Лукашэнка засцярог ад празмернай залежнасці эканомікі ад замежных грашовых уліванняў. "Нават у самыя цяжкія часы мы не карысталіся чужымі грашамі і практычна не маем дзяржаўнага доўгу", - сказаў ён.
Беларускі лідар перакананы, што ў эканоміцы трэба больш актыўна асвойваць інвестыцыі за кошт унутрыдзяржаўных рэсурсаў. "Інвестыцый хапае, было б каму іх асвойваць. Гэта капітальныя ўкладанні, грошы, якія выдзяляюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі", - сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы крытыкаваў будаўнічую галіну, у якой, паводле яго слоў, не выкананы даручэнні па цэнаўтварэнню і ўздыму будаўнічых арганізацый, а таксама па павышэнню якасці паслуг, што прадастаўляюцца.
Адказваючы на пытанні, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кантрактная сістэма адменена не будзе, але яна павінна знаходзіцца ў цывілізаваным рэчышчы. Кантракт - узаемнае пагадненне бакоў, такая форма працоўнага дагавора прынята ва ўсім свеце, перш за ўсё ў Заходняй Еўропе, нагадаў беларускі лідар. "Сапраўдны працаўнік кантракта не баіцца - такі чалавек толькі выйграе ад гэтай сістэмы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А вось гультаю, п'яніцы сапраўды кантракт не патрэбны".
Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што праз кантракты не будзе дапушчана парушэнняў правоў рабочага класа, сялянства. Прэзідэнт паставіў перад Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі задачу пракантраляваць, каб кантракт меў цывілізаваны характар, у ім павінны быць прадугледжаны правы і абавязкі наймальніка і работніка.
Прэзідэнт адказаў таксама на шэраг пытанняў, якія датычыліся цяперашніх важных палітычных падзей у Беларусі і яго асабістага стаўлення да дзейнасці так званай апазіцыі.
Паводле слоў Прэзідэнта, удзельнікі форуму "зазірнулі" ў будучае, на рубеж 2010 года, выпрацавалі адзіны погляд на тое, якія прыярытэтныя задачы нам трэба будзе вырашыць, каб Беларусь і ў далейшым займала дастойнае месца ў сучасным свеце". "Усе кіраваліся адным імкненнем - зрабіць нашу радзіму моцнай і квітнеючай краінай", - падкрэсліў ён.
"Мы намецілі вельмі амбіцыйныя планы. Для іх выканання давядзецца мабілізаваць усё - волю, энергію, інтэлект, ініцыятыву, творчасць, існуючыя рэсурсы, - сказаў беларускі лідар. - Але іншага шляху акрамя як рэалізаваць гэтыя планы ў Беларусі няма".
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларусы здольныя нават перавыканаць намечанае - у процідзеянне тым сілам, якія і сёння ніяк не могуць супакоіцца.
Кожнае прадпрыемства, міністэрства, ведамства павінна вызначыць для сябе арыенціры работы на будучае ў рэчышчы задач, прынятых на Усебеларускім народным сходзе, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Кіраўнікам усіх узроўняў трэба мець на ўвазе, што кантроль за выкананнем рашэнняў сходу будзе пастаянным, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падзякаваў усім, хто прыняў удзел у рабоце форуму, пажадаў здароўя, добрага настрою, шчасця і дабрабыту.
"Няхай прымножыцца багацце нашай роднай краіны і здзейсняцца нашы намеры!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне работы трэцяга Усебеларускага народнага сходу.