Наведванне Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча
- 2
- 2:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 лютага наведаў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.
Сувораўскае вучылішча было створана ў 1953 годзе з мэтай выхавання дзяцей воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першы выпуск сувораўцаў адбыўся ў 1956 годзе.
За сваю 53-гадовую гісторыю вучылішча падрыхтавала амаль 12 тыс. выпускнікоў, з іх за час суверэнітэту рэспублікі - 2035. 34 выпускнікі сталі генераламі, больш за 100 былых сувораўцаў - кандыдатамі і дактарамі навук, дацэнтамі, прафесарамі. За перыяд баявых дзеянняў у Афганістане і іншых гарачых пунктах больш як 250 выпускнікоў Мінскага СВВ узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. А некаторыя з іх сёння займаюць высокія пасады. У гэтым годзе адбудзецца юбілейны, 50-ы па ліку, выпуск сувораўцаў.
Кіраўнік дзяржавы ўпершыню пабываў у гэтай прэстыжнай навучальнай установе. А ў 90-я гады менавіта дзякуючы рашэнню Аляксандра Лукашэнкі і насуперак заклікам асобных палітычных дзеячаў сувораўскае вучылішча было захавана і атрымала дзяржаўную падтрымку.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, час паказаў, што такая пазіцыя была адзіна правільная: калі б Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча было закрыта, то ў Беларусі ўжо ніколі не ўдалося б аднавіць страчаныя сувораўскія традыцыі, дух і унікальную школу выхавання юных абаронцаў Айчыны.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй музея гісторыі МСВВ, наведаў кабінеты матэматыкі, інфарматыкі, баявой падрыхтоўкі, мастацтваў, пакой для вольнага часу, спальныя памяшканні, спартыўны куток.
Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў значны час гутарцы з навучэнцамі і выкладчыкамі. Павіншаваўшы ўсіх з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сувораўскім вучылішчы выхоўваюць сапраўдных мужчын, якія будуць надзейнай апорай арміі і дзяржавы, якія з гонарам выканаюць свой воінскі і грамадзянскі абавязак.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь з'яўляецца міралюбівай дзяржавай, якая ніколі нікому не пагражала і не пагражае.
Прэзідэнт падкрэсліў, што наша краіна цвёрда стаіць на пазіцыі неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Ні адзін беларускі салдат не ваяваў і не будзе ваяваць на чужой зямлі. Разам з тым беларускі лідар адзначыў: "Міралюбнасць не значыць слабасць. Наша армія заўсёды трымае порах сухім. Сучасныя Узброеныя Сілы выступаюць гарантам суверэнітэту беларускай дзяржавы".
Беларускі лідар нагадаў, як няпроста складваўся лёс беларускай арміі пачатку 90-х гадоў: "Менавіта тады нашы "нацыяналісты", якія дарваліся да ўлады, сталі крычаць пра тое, што Беларусі не патрэбна ўласная армія. Маўляў, на яе ўтрыманне ідуць вялікія сродкі, ці не лепш папрасіць заступніцтва ў Еўропы і ЗША і пусціць да сябе войскі НАТА. Армію спрабавалі унізіць і знішчыць матэрыяльна і маральна". У той перыяд кадравыя афіцэры не атрымлівалі дастойнага ўзнагароджання за сваю нялёгкую службу. Многія з іх увогуле былі адлучаны ад справы. Прафесія ваеннага ператварылася ў непрэстыжную.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, такая кампанія была разгорнута не выпадкова. Яна мела далёка ідучыя мэты: зрабіць нашу краіну несамастойнай, слабай і безабароннай. Але мы не хочам такога лёсу для сваёй Айчыны, заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "сёння можна з гонарам сказаць, што ў Беларусі ёсць такая прафесія - абараняць Радзіму". За апошняе дзесяцігоддзе ў краіне ажыццёўлены фундаментальныя пераўтварэнні ў арміі і абаронна-прамысловым комплексе. У рэспубліцы запатрабаваны сапраўдныя спецыялісты ваеннай справы, якія спалучаюць выдатную тэарэтычную і фізічную падрыхтоўку, каб выкарыстоўваць складаную тэхніку і ўзбраенне.
Прэзідэнт лічыць важным той факт, што ў Беларусі створана незалежная дзяржава, забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека. Беларускі лідар адзначыў: "Усё што дасягнута, як і саму нашу Радзіму, неабходна абараняць, прычым не толькі на ваенных рубяжах, але і ў ідэалагічнай, інфармацыйнай сферы. Там, дзе цяпер ідзе вострая барацьба за розумы і сэрцы людзей". На думку беларускага лідара, у гэтай барацьбе нашай стратэгічнай зброяй з'яўляюцца патрыятызм, вернасць абавязку, сумленне і гонар.
"Мы з вамі ў адказе за сучаснае і будучае краіны. Любіць і берагчы нашу цудоўную Беларусь нам завяшчалі пакаленні, якія вынеслі нялёгкія ваенныя выпрабаванні. І вернасць гэтым традыцыям мы павінны выхоўваць у нашай моладзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча павінна знаходзіцца ў цэнтры ваенна-патрыятычнага выхавання ў Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у нашай краіне ствараецца цэлая сістэма такога выхавання, якая ахоплівае навучальныя ўстановы і воінскія падраздзяленні. У школах Беларусі адкрыты 93 ваенна-патрыятычныя класы, на базе воінскіх часцей арганізаваны летнія лагеры, дзе адпачываюць і спасцігаюць асновы ваеннай справы тысячы маладых людзей. На працягу 10 гадоў у рэспубліцы працуе адзіны ў свеце пошукавы батальён, дзякуючы якому ўвекавечана памяць дзясяткаў тысяч паўшых воінаў.
Патрыятызм - не мары аб подзвігах і не прыгожыя словы, а дзейная пазіцыя грамадзяніна, якая выяўляецца ў актыўным служэнні нашай Айчыне, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што "нашы заходнія праціўнікі цудоўна разумеюць: самае важнае - авалодаць розумам маладых людзей, каб потым маніпуляваць імі, уцягваць у проціпраўныя дзеянні".
Паводле яго слоў, "сёння многія падлеткі не такія, якімі б мы хацелі іх бачыць, растуць слабымі і лянівымі, баяцца фізічных нагрузак, адказнасці і дысцыпліны. Для часткі маладых людзей характэрна імкненне "адкасіць" ад ваеннай службы".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што фізічная лянота нярэдка перарастае ў духоўную, у няўменне і нежаданне думаць.
Прэзідэнт заявіў, што па ўзроўні адукацыі і паспяховасці Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча не павінна адставаць ад лепшых сталічных ліцэяў і гімназій. На думку беларускага лідара, асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць вывучэнню гераічнай гісторыі Айчыны, у першую чаргу барацьбы нашага народа з фашысцкімі захопнікамі.
Сёння прыкметна абвастраецца процістаянне па пытаннях гісторыі мінулай вайны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Мэта, паводле яго слоў, зразумелая: прынізіць значэнне нашай Вялікай Перамогі, сказіць ролю Савецкай Арміі і савецкага народа ў вызваленні Еўропы і выратаванні ўсяго свету ад фашызму.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў патрыятычным выхаванні моладзі неабходна актыўна выкарыстоўваць вопыт падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 60-й гадавіне вызвалення Беларусі і Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны суворавец, кожны школьнік за гады вучобы павінен наведаць святыя для беларусаў мясціны: Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Курган Славы. Яны павінны абавязкова пабываць на Лініі Сталіна, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, каб ведаць і помніць, якой цаной дастаўся мір беларускаму народу.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць прапагандзе гісторыі Узброеных Сіл, захаванню традыцый сувораўскіх вучылішчаў.
Адзначыўшы важнасць высокай фізічнай падрыхтоўкі сувораўцаў, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на базе Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча стварыць спецыялізаваныя спартыўныя класы па асобных відах спорту, у якіх будуць навучацца самыя таленавітыя хлопцы. Як падкрэсліў беларускі лідар, дзяржава не будзе шкадаваць грошай на гэтыя мэты.
"Вельмі спадзяюся, што армейскі спорт адродзіцца як вялікі спорт, а не проста на ўзроўні масавасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на ўсе пытанні, што цікавілі будучых абаронцаў Радзімы.
Паводле слоў Прэзідэнта, у краіне праведзена эфектыўнае рэфармаванне Узброеных Сіл. Беларусі патрэбна мабільная армія, наша рэспубліка плануе прадоўжыць мадэрнізацыю і перааснашчэнне сістэмы ППА новымі тыпамі ўзбраення і тэхнікі.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, Беларусь праводзіць не проста дружалюбную, а сапраўдную брацкую палітыку ў адносінах да расіян.
Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Гэта нашы людзі, яны тут даўно жывуць, любяць Беларусь. Рускія, азербайджанцы, узбекі, украінцы, палякі, яўрэі, прыбалты, якія жывуць у нас, высока цэняць такую палітыку. У Беларусь цяпер у тры разы больш прыязджаюць, чым выязджаюць з нашай краіны".
"Мы ж ніколі не дзялілі - гэта беларусы, гэта рускія, украінцы, палякі, яўрэі", - сказаў Прэзідэнт. Правядзенне інтэрнацыянальнай палітыкі ён назваў вялікай заслугай беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт пацвердзіў, што Саюз Беларусі і Расіі будзе будавацца толькі на раўнапраўнай аснове. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Так, Саюзу быць, але на раўнапраўнай аснове, таму што інакш ён разваліцца. Сёй-той у Расіі хацеў бы зрабіць Беларусь правінцыяй або адной з частак Расійскай Федэрацыі. Я на гэта пайсці не магу. У нас свая суверэнная, незалежная краіна".
У якасці аднаго з паспяховых напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва беларускі лідар назваў ваенны. Беларусы і расіяне сумесна нясуць баявае дзяжурства: войскі ППА, ВПС, пагранічнікі, мытнікі. "У нас створана рэгіянальная групоўка войскаў. І не таму, што мы так гэтага хацелі, а таму што ў Расіі на гэтым напрамку, акрамя нашай арміі, нічога больш няма", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час у Беларусі на баявое дзяжурства заступяць 4 дывізіёны зенітна-ракетных сістэм С-300. Узмацненне ППА Беларусі адбываецца, перш за ўсё, у інтарэсах РФ, праўда, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нашай краіне за гэтыя сістэмы давялося заплаціць Расіі.
У тармажэнні некаторых працэсаў саюзнага будаўніцтва не наша віна, падкрэсліў Прэзідэнт. Апошнім часам нямала зроблена на шляху беларуска-расійскай інтэграцыі. Асабліва важныя пытанні, у прыватнасці па прадастаўленні роўных правоў беларусам і расіянам у розных сферах, былі вырашаны на нядаўнім пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні, заявіў, што кіраўніцтва краіны зацікаўлена ў прысутнасці міжнародных наглядальнікаў на выбарах. "Нам выгадна паказаць сумленным і нават несумленным людзям, як пройдзе выбарчая кампанія ў Беларусі. Мы ні ў якім выпадку не збіраемся нічога фальсіфікаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я не пераацэньваю сябе і свае магчымасці, але я ведаю настрой людзей. Нам вядома, колькі працэнтаў гатовы прагаласаваць за дзеючага Прэзідэнта. Калі мы гэта ведаем і ўпэўнены, што пераможам, чаго баяцца міжнародных наглядальнікаў: няхай едуць і глядзяць, нават нашы праціўнікі. Мы ведаем кожнага, ведаем, што яны будуць аплёўваць нашы выбары. Але ў душы яны разумеюць, што рэальна адбываецца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Каменціруючы па просьбе сувораўцаў той факт, што ЗША на мінулых прэзідэнцкіх выбарах не далі акрэдытацыю наглядальнікам з многіх краін, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі няма неабходнасці пераймаць такую практыку. "Амерыканцы - "вялікія дэмакраты" - падносяць сябе як самую дэмакратычную краіну. Чаго тады закрываецеся?" - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў размове з сувораўцамі паведаміў, што падзяляе пазіцыю Прэзідэнта Расіі адносна палітыкі, праводзімай Грузіяй. "Я згодны з Прэзідэнтам Расіі ў тым, што не трэба кіраўніцтву Грузіі адцягваць уласнае насельніцтва ад праблем шляхам правакацыі і шантажу, - падкрэсліў ён. - А то робіцца так: не атрымліваецца ў палітыцы, эканоміцы, тады давайце пачнём нейкую вайну з Расіяй, іншымі рэспублікамі, каб адцягнуць народ ад сваіх унутраных праблем. Вось сутнасць таго, што адбываецца ў Грузіі". Гэта, паводле яго слоў, "прыклад таго, як не трэба дзейнічаць у палітыцы і краіне".
Прэзідэнт, размаўляючы з сувораўцамі, паведаміў таксама аб тым, што канчатковы варыянт архітэктурнага вырашэння новай мінскай тэлевежы ўжо гатовы і прадстаўлены яму на разгляд.
"Мы вядзём распрацоўку праекта, прапрацоўваем гэта пытанне, хочам выкарыстоўваць тэлевежу не толькі для тэлебачання і сувязі, але і стварыць там іншую інфраструктуру для людзей, каб яна прыносіла даход. Вельмі хацелася б мець такое збудаванне ў нас, і не толькі з практычнага пункту гледжання, але і для велічы нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Ад такой ідэі мы не адмаўляемся, але пакуль гэта не першачарговая задача. Цяпер сродкі хацелася б накіраваць на больш важныя для людзей напрамкі: культуру, спорт, мастацтва", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць у паспяховай рэалізацыі ў Беларусі праекта па стварэнні Парка высокіх тэхналогій.
"Усе адпаведныя рашэнні мною прыняты, парк будуецца. 45 прадпрыемстваў выказалі жаданне ўдзельнічаць у рэалізацыі гэтага праекта. У цэлым вельмі шмат жадаючых працаваць там. Думаю, для нашай краіны гэта будзе дастойны праект, нацыянальная гордасць нашай дзяржавы", - заявіў Прэзідэнт.
Юныя сувораўцы цікавіліся і тым, як можна трапіць у склад прэзідэнцкай хакейнай дружыны. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, каманда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - гэта каманда палітычная. "У ёй і студэнты, і мае дзеці, і ветэраны хакея, і спартсмены. Мы правільна зрабілі, што стварылі такую каманду. Аб ёй ведаюць усе, і не толькі ў хакейных дзяржавах. Гэта не толькі захапленне, але і вялікая палітыка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што абмежаванняў па ўзросце для ўключэння ігракоў у прэзідэнцкую спартыўную дружыну няма. "Калі нехта здольны гуляць на адпаведным узроўні, то можам узяць. Буду рады бачыць сувораўца ў нашай камандзе", - дадаў ён.
У ходзе наведвання Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых наведвальнікаў.
"Сувораўцы заўсёды былі прыкладам выдатнай вучобы, цудоўнай фізічнай падрыхтоўкі, высокай культуры, высакароднасці, абавязку і гонару. Вы закліканы прадоўжыць гэтыя слаўныя традыцыі і атрымаць глыбокія веды, вырасці моцнымі і смелымі, каб заняць дастойнае месца ў шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь", - падкрэсліў у сваім запісе Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што беларускаму народу неабходны высокапрафесійныя афіцэры, адданыя інтарэсам дзяржавы, якія валодаюць дасягненнямі сучаснай ваеннай навукі.
"Вам трэба будзе прыняць самы актыўны ўдзел ва ўмацаванні абараназдольнасці краіны, пабудове моцнай і квітнеючай Беларусі. З гордасцю нясіце высокае і ганаровае званне сувораўца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў навучэнцам і педагогам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча поспехаў, невычэрпнай энергіі, ажыццяўлення ўсіх планаў і пачынанняў.
