Нарада па актуальных пытаннях

  • 13
  • 22:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 9 кастрычніка нараду па актуальных пытаннях.

"Сённяшняя нарада - прадаўжэнне размовы, пачатай на сустрэчы з палітычным актывам краіны. Зусім невялікі прамежак часу, які прайшоў, пацвердзіў правільнасць агучаных тады ацэнак. Але не прайшло і месяца, як сітуацыя на знешнім контуры нашай краіны толькі пагоршылася", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў аб ваенных сутыкненнях у Нагорным Карабаху і чарговым унутрыпалітычным крызісе ў Кыргызстане. На думку Прэзідэнта, ва ўсіх гэтых падзеях, як і ў нерэалізаваным беларускім сцэнарыі, выразна відаць прыкметы знешняга кіравання. "Апошнім часам прынята параўноўваць падзеі ў Беларусі (пераварот, які не ўдаўся) з "паспяховым" пераваротам у Кыргызстане. Павінен заўважыць, што гэта абсалютна непрафесійнае параўнанне, і нам не трэба праводзіць тут паралелі. Адзінае, што да месца, гэта заява аб тым, што можа быць у нас на прыкладзе Каўказа і цэнтральна-азіяцкай краіны, па памеры прыкладна такой жа, як і Беларусь. Усё астатняе параўноўваць ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Што нас утрымала ад такіх падзей - гэта вертыкаль улады, якая так жорстка крытыкуецца з боку нашых апанентаў. Там гэтай вертыкалі няма. Гэта тое, да чаго імкнуцца некаторыя палітыкі ў Беларусі. Яны так хочуць падзяліць краіну па партыйнай прыкмеце. Вось, калі ласка, - Прэзідэнт там не мае практычна ніякіх паўнамоцтваў. Таму не трэба яго за гэта асуджаць. У іх сітуацыя прыкладна сярэдзіны 90-х гадоў у Беларусі. Гэта тое, да чаго нашы ўчарашнія палітычныя апаненты заклікаюць: давайце вернем Канстытуцыю 1994 года. Вось вынік - там ужо трэці пераварот", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Да слабой вертыкалі ўлады ў Кыргызстане дабавіліся іншыя праблемы: кланавая барацьба, алігархат, празмерная карупцыя. "Гэта ўсё спадарожнікі безуладдзя. Няма ўлады - заўтра з'явяцца кланы, алігархі, якія будуць дзярбаніць краіну і пастаянна яе дзяліць, - дадаў Прэзідэнт. - Што самае небяспечнае, такіх наступстваў не можа выключыць ні адна краіна, у тым ліку і мы. Захоп улады - гэта неадкладная дзяльба ўласнасці, не толькі дзяржаўнай, але і прыватнай. Ні адна дзяржава гэтага дапусціць не павінна".

Яшчэ адна прычына, чаму ў Беларусі немагчымы такія падзеі, якія адбыліся ў Кыргызстане, - гэта адсутнасць перадумоў для класічных рэвалюцыйных настрояў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адказнасць усяго грамадства ў эфектыўным процідзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі. "Свет накрывае другая хваля каранавіруса, якая толькі ўзмоцніць сацыяльную нездаволенасць. Большасць краін не могуць дазволіць сабе новы каранцін. Насельніцтва, медыцына і эканоміка ўсё роўна будуць у пройгрышы, што абумовіць крытыку любой улады. Дадайце сюды (мы гэта з вамі перажылі), што каранавірус прыўносіць у грамадства псіхоз, а затым паніку. Гэта страшней за каранавірус", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо выпрацаваны алгарытм дзеянняў на выпадак абвастрэння эпідэмічнай сітуацыі. "Губернатары павінны ўзначаліць работу па кантролі за рэалізацыяй мер прафілактыкі каранавіруса, арганізацыяй лячэбнага працэсу, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Прашу губернатараў неадкладна вярнуцца да выканання сваіх функцыянальных абавязкаў у частцы COVID-19 перыяду першай хвалі. Мы вельмі добра тады спрацавалі. Губернатары адыгралі сваю арганізацыйную і матэрыяльна-забеспячальную ролю. Гэтак жа як міністры сілавога блока - кожны займаўся сваёй справай. Вы ведаеце, што рабіць".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць на персанальным узроўні захоўваць меры прафілактыкі, выконваць рэкамендацыі ўрачоў, прытрымлівацца правіл гігіены і сацыяльнага дыстанцыравання.

"Грамадства таксама павінна ўсведамляць сваю адказнасць. Трэба дапамагчы Міністру аховы здароўя, урачам справіцца з гэтай заразай, - сказаў ён. - Трэба паберагчы сябе і родных. Гэта асабліва актуальна для тых, хто на піку захваральнасці ігнаруе пандэмійныя рызыкі і стварае іх, выходзячы на масавыя вулічныя акцыі. Яшчэ раз падкрэсліваю: я ні ў якім разе нават з-за пандэміі не заклікаю тых, хто ходзіць па вуліцах, не выходзіць на акцыі. У кожнага ёсць галава на плячах, кожны паводзіць сябе згодна са сваім мысленнем і ў адпаведнасці са сваімі мазгамі. Хоча хадзіць - няхай ходзіць, з усімі вынікаючымі наступствамі".

"На жаль, прадаўжаюцца спробы Захаду расхістаць нас. Почырк усё той жа: палітычны, эканамічны і асабліва інфармацыйны націск. Дадалі яшчэ санкцыйныя спісы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я бачу, што Міністэрства замежных спраў больш актыўна пачало працаваць. Але гэтага недастаткова. Трэба цвёрда адстойваць свае правы і ставіць пытанні перад нашымі контрагентамі, асабліва перад палітыкамі Польшчы, Літвы, Латвіі і часткова Украіны".

Прэзідэнт упэўнены, што сярод насельніцтва гэтых краін ёсць шмат прыхільнікаў супрацоўніцтва з Беларуссю і трэба прыкласці намаганні, каб растлумачыць жыхарам гэтых краін згубнасць таго канфрантацыйнага шляху, які выбіраюць іх палітыкі. "Трэба паказваць літоўцам, латышам, палякам, украінцам і іншым, што іх палітыкі праводзяць няправільны курс. Яны могуць прывесці да таго, што адбываецца на Каўказе. Напрыклад, Рыга стаіць перад няпростым выбарам паміж бягучай кан'юнктурай і выгадамі ад узаемадзеяння з Беларуссю. Трэба ім паказваць, што яны могуць страціць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"А тое, што там палякі хайпуюць сёння на Беларусі - пачакайце тыдзень і вы ўбачыце, што будзе ў Польшчы. Чаму літоўцы, палякі і ўкраінцы лезуць да нас? Таму што ў іх катастрафічная сітуацыя, трэба ўвагу насельніцтва адцягнуць, а яшчэ пальцам паказаць, што мы ў гэтым вінаватыя. Таму пацярпіце трошкі - з імі людзі там хутка пачнуць разбірацца, - заявіў Прэзідэнт. - А то ў нас, бачыце, "выбары несправядлівыя, 80%". А 50,5% - у Польшчы перамог Дуда. Цяпер ужо ўсе заяўляюць, што поўная фальсіфікацыя. Вось там трэба разабрацца".

"Сарваўшы сцэнарый каляровай рэвалюцыі, у цэлым мы трымаем сітуацыю пад кантролем, але ніякага самазаспакаення быць не павінна. Не трэба мець нейкіх ілюзій: ад новых спроб узарваць абстаноўку ў краіне ніхто не адмовіўся - занялі або чакальную пазіцыю, або гэта новы этап гэтай каляровай рэвалюцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён заўважыў, што дзяржаўныя структуры ўжо настолькі прывыклі да вулічных акцый, што перасталі ўжо да іх сур'ёзна ставіцца. "Але ж гэта таксама тэхналогіі, накіраваныя не толькі на ўсыпленне нашай пільнасці, але і на фарміраванне новых, радыкальных форм арганізацыі пратэстаў. Так, яны, як многія кажуць, здуліся. Гэта праўда. Але з'явіўся большы радыкалізм. Можа, таму што ўжо хавацца няма за каго - мы іх бачым. Гэтыя радыкалы (гэта датычыцца перш за ўсё Мінска) спрабуюць гэтых разявак, моладзь, дзяцей уцягнуць у нейкую правакацыю, - заявіў Прэзідэнт. - Адбываецца пастаянная змена тактыкі. Моладзь наўмысна накіроўваецца (або кідаюць іх) на правакацыі: ідзіце да дамоў АМАПа, паліце машыны, вызваляйце "палітзняволеных" на Акрэсціна, блакіруйце дарогі, кідайцеся пад службовы транспарт ДАІ і іншае. Зразумела, чаго яны дабіваюцца: камусьці не хапае крыві і сакральных ахвяр".

Адной з такіх сакральных ахвяр магла стаць экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Аднак жанчыну па яе ж просьбе паспелі своечасова вывезці ў Літву, нагадаў ён.

"Але мы бачым і іншае: сёння людзі ў Мінску зразумелі, што яны могуць страціць. У цэлым па краіне даўно ўсе зразумелі, нават у Гродне, Брэсце. А ў Мінску тыдзень таму, напэўна, працэнтаў 90 зразумелі, што можа быць. Яны адчулі на сабе ўсё "хараство" так званай вулічнай дэмакратыі, трапіўшы ў шматкіламетровыя пробкі. Бацькі не могуць пакласці дзіця спаць з-за натоўпу, які крычыць пад вокнамі. Дэструктыўнасць гэтага вулічнага руху ў наяўнасці. Сёння яны пра дыялог, а самі настойваюць на заведама невыканальных патрабаваннях", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пратэстуючыя называюць свае дэманстрацыі мірнымі, але адначасова займаюцца цкаваннем прыхільнікаў улады, пагражаюць дзяржслужачым, ваенным і іх сем'ям расправамі. "Многія людзі проста патрабуюць жорстка навесці парадак. Я хачу супакоіць іх: у гэтай жорсткасці сёння няма неабходнасці. Калі такая неабходнасць будзе, яна неадкладна будзе задзейнічана. Краіну трэба захаваць, калі мы не хочам таго, што адбываецца па перыметры, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму лішняй, неадэкватнай жорсткасці не трэба. Я прашу прабачэння, вядома, у часткі мінчан і прашу іх проста пацярпець".

Пратэстуючыя таксама заяўляюць, што хочуць дабрабыту ў краіне, але ў той жа час заклікаюць абваліць эканоміку Беларусі. Такім чынам, яны разлічваюць, што ў горшых эканамічных умовах іх прапановы будуць падтрыманы. І гэта неразумная тактыка, заўважыў Прэзідэнт. "Яны гавораць пра сумленнасць, а паглядзіце, колькі фэйкаў. І нават калі мы выкрываем гэтыя фэйкі, прасіць прабачэння не хочуць", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу сілавікоў, якія, паводле яго слоў, "пры ўсіх недахопах на правакацыі не паддаліся". "Праваахоўныя органы навучыліся працаваць (у нас жа такога ніколі не было), адаптаваліся да гэтай сітуацыі, захоўваюць вытрымку, спакой, а дзе трэба - і разумную гібкасць. Тым не менш, органам правапарадку перш за ўсё трэба абараніць законапаслухмяных грамадзян. Ні ў якім разе законапаслухмяныя людзі не павінны прад'явіць нам прэтэнзіі. І я ў гэтым плане чакаю ад сілавікоў выразнага, адэкватнага рэагавання: любое парушэнне трэба спыняць. Тым больш недапушчальна, калі радыкальная частка мітынгуючых пачынае закідваць камянямі, брусчаткай, палкамі нашых ваеннаслужачых", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас прававая дзяржава, нельга дапусціць разгулу злачыннасці, каб нехта падумаў, што ў гэтых умовах закон не працуе. Беларусы галасавалі за мір і парадак у краіне, і мы абавязаны выканаць гэты наказ народа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трымаючы ў полі зроку нашых непасрэдных апанентаў, мы ўпускаем нейтральную, але таксама актыўную частку нашага грамадства, якая знаходзіцца, калі можна так сказаць, паміж уладай і апазіцыяй. Гэтыя людзі хочуць стабілізацыі, асобныя з іх знаходзяцца ў стане нявызначанасці. Таму ім трэба даць выразны арыенцір далейшага развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі".

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта першачарговая задача цяперашняй улады, і не толькі ідэалагічнай вертыкалі. У прыватнасці, у Кіраўніка дзяржавы з'явіліся пытанні да Міністэрства адукацыі. "Паводзіны часткі студэнтаў паказваюць іх, мякка кажучы, нядбайнае стаўленне да вышэйшай адукацыі. Гэта можа прывесці да страты яе каштоўнасці як значнай сацыяльнай ступені, - падкрэсліў ён. - Недапрацоўваюць рэктары ВНУ. У бліжэйшы час, на працягу тыдня, мы павінны вырашыць кадравую праблему па такіх ВНУ".

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў дзейнасць прафсаюзаў. Ён падкрэсліў, што іх задача - абараняць правы працоўных. "У большай частцы старшыні прафсаюзных арганізацый не паддаліся палітычнаму ажыятажу. Яны вельмі добра спрацавалі на выбарах і гэту няпростую ношу нясуць і цяпер. Але ёсць лідары, асабліва пярвічак, якія на прадпрыемствах павінны былі быць на перадавой. Некаторыя адышлі ў цень, а асобныя схаваліся пад плінтус, - заўважыў Прэзідэнт. - Нам трэба неадкладна перагледзець падыходы ў рабоце прафсаюзнай вертыкалі, накіраваўшы намаганні на фарміраванне давернага ўзаемадзеяння кіраўніцтва прадпрыемстваў і працоўных. Прафсаюзам, як і любой іншай арганізацыі, у тым ліку і маладзёжнай, трэба знайсці канкрэтную работу і паказаць насельніцтву, што яны займаюцца справай".

Асобная задача прафсаюзаў - кантроль за арганізацыяй грамадскага харчавання, фарміраваннем цэн у гандлі і на камунальныя паслугі, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Нямала недахопаў Аляксандр Лукашэнка бачыць і ў рабоце сродкаў масавай інфармацыі. Прэзідэнт запатрабаваў завяршыць у бліжэйшы час фарміраванне калектываў у асноўных СМІ. "Кантроль у гэтым плане Адміністрацыяй Прэзідэнта. Павінна застацца магутнае ядро, гатовае адстойваць той самы інфармацыйны суверэнітэт дакладна, філігранна, прыцэльна, а галоўнае - наступальна, - падкрэсліў ён. - Трэба было, каб прайшло два месяцы, каб нашы асноўныя тэлевізійныя каналы і іншыя СМІ працавалі так, як цяпер. Гэта трэба рабіць пастаянна. Журналістыка павінна нарэшце перастаць быць памяркоўнай, як гэта было ў нас прынята да цяперашняга часу. І я таксама ў гэтым плане не знімаю з сябе віны".

Таксама, упэўнены Прэзідэнт, дзяржава павінна праводзіць больш настойлівую інфармацыйную палітыку ў інтэрнэце, весці яе наступальна, але без фэйкаў.

"Некаторыя кажуць, што краіна павінна вярнуцца ў рэчышча стварэння. Супакойцеся, ніякай разбалансаванасці ў краіне няма. Калі б гэта было, вы ўбачылі б маю самую жорсткую рэакцыю: гэта найважнейшае пытанне Прэзідэнта, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І ў вёсцы, і ў малых і сярэдніх гарадах, і ў абласных цэнтрах, і ў Мінску людзі працуюць. Ніхто з вас цяпер не ўстане і не скажа, што дзесьці не працуе прадпрыемства. Пры ўсіх  складанасцях, якія прыходзяць да нас звонку, тым не менш круцімся, верцімся, выкручваемся".

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на кадравую палітыку. Тут, паводле яго слоў, трэба ўмець бачыць ініцыятыўных людзей з актыўнай дзяржаўнай пазіцыяй і здольнасцю весці дыялог з грамадзянамі. "Найважнейшае пытанне, якое цяпер перад намі стаіць, - надзейнасць. Мы вельмі ўжо вольна сябе адчувалі ў падборы і назначэнні кадраў. А потым некаторыя "пераабуліся". І "пераабуліся" ж тыя, якіх мы вырасцілі на сваіх руках. Таму надзейнасць, патрыятызм, адданасць ідэям народа вылучаюцца на першае месца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе сацыяльныя інстытуты працуюць спраўна, без збояў. І гэта, заўважыў ён, у першую чаргу вынік работы выбудаванай за гады незалежнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання. "Нягледзячы на глабальныя шокі, эканоміка захоўвае ўстойлівасць, выконвае абавязацельствы - як знешнія даўгавыя, так і сацыяльныя. І нават знаходзіць новыя магчымасці для нарошчвання інвестыцыйнага і прамысловага патэнцыялу. Галоўнае - забяспечыць дастойны ўзровень жыцця насельніцтва. Пры ўсіх праблемах, якія я пералічыў, галоўнае - эканоміка", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у рамках дзеючай Канстытуцыі адбываецца паступовая перадача часткі паўнамоцтваў Прэзідэнта на ўзровень Урада і губернатараў. Напрыклад, гэта датычыцца метадаў і форм кіравання, вырашэння зямельных пытанняў.

Што датычыцца падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю, то гэты працэс, на думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба максімальна наблізіць да радавых грамадзян. Для гэтага па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах ствараюцца дыялогавыя пляцоўкі. "Сёння парламент збірае прапановы па Канстытуцыі. Добра. Няхай дэпутаты збіраюць гэтыя прапановы ад народа. Але гэта работа не дасць такога выніку, як дыялог, які вы разгортваеце ў абласцях. Запрашайце туды розных людзей, - адзначыў беларускі лідар. - Вы павінны слухаць і чуць розныя пункты гледжання. І калі мы вывучым гэтыя пытанні - Канстытуцыі, кіравання, самакіравання, мясцовага кіравання, эканамічныя пытанні, - мы іх абмяркуем тут, у цэнтры, аж да Прэзідэнта, і вынесем на Усебеларускі народны сход. Вось такая формула павінна быць. У гэту работу будуць уключаны і ўжо ўключаюцца ўсе стваральныя сілы грамадства".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важную ролю Усебеларускага народнага сходу ў абмеркаванні канстытуцыйнай рэформы. "Першы этап, дзе мы павінны далажыць насельніцтву аб нашай рабоце ў гэтым напрамку, - Усебеларускі народны сход. Ужо сёння трэба падумаць, як мы яго будзем праводзіць: стварыць, перш за ўсё, аргкамітэт і правесці выбары на Усебеларускі народны сход, вызначыўшыся з колькасцю, зыходзячы з вопыту", - сказаў Прэзідэнт.

"Трэба разумець, што мы знаходзімся ва ўмовах беспрэцэдэнтнай знешняй турбулентнасці. Толькі ўнутраная стабільнасць з'яўляецца гарантыяй выжывання Беларусі. Захаваем стабільнасць унутры Беларусі - выжывем, не - нас падзеляць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што яшчэ на этапе перадвыбарнай кампаніі перасцерагаў пра многія небяспекі і выклікі, з якімі сутыкнецца краіна. "Памятаеце, я гаварыў, што выбары будуць вельмі цікавымі, а пасля выбараў будзе яшчэ цікавей? Вы паслухалі - Прэзідэнт прыгожа сказаў, і добра. А сёння ўсе кажуць: так... Я вам гаварыў: пандэмія пройдзе, каранавірус пройдзе, але дзе будзем мы? Памятаеце, я гаварыў, што Беларусь на разрыў? Усё гэта адбылося. І адбываецца. А мы павінны выстаяць. Калі мы хочам звацца народам, калі мы нацыя, мы павінны з'яднацца і выстаяць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.