Інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Франс Прэс

  • 15
  • 53:02

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Франс Прэс (AFP, Agence France-Presse).

У якасці інтэрв'юера выступіў намеснік дырэктара і галоўны рэдактар бюро Франс Прэс у Маскве Антуан Ламбраскіні.

У час размовы Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні аб тым, калі завершыцца канфлікт ва Украіне, у якім выпадку яго можна было пазбегнуць і якая роля Беларусі ў расійскай спецаперацыі. Абмяркоўвалася таксама сітуацыя вакол самалета Ryanair і расследавання ICAO наконт гэтага.

Аляксандра Лукашэнку спыталі, колькі ён яшчэ будзе заставацца ва ўладзе, як рэагуе на спробы ўмяшання ў дзейнасць судоў, як ставіцца да таго, што яго называюць дыктатарам, і ў чым розніца паміж дыктатурай і той палітыкай, якая праводзіцца ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што глядзіць у будучыню з аптымізмам.

У час размовы Кіраўнік дзяржавы назваў прычыны, па якіх ён згадзіўся на гэту размову: "Я чаму з вамі згадзіўся на інтэрв'ю? Калі даведаўся, што вы чалавек незалежны і ваша кампанія незалежная. Што вы можаце, наколькі гэта магчыма ў гэтым свеце, выказаць незалежны пункт гледжання".

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка згадаў пра паведамленне Франс Прэс аб сітуацыі ў Лісічанску, за якое агенцтва было раскрытыкавана на Захадзе - нібыта інфармацыя была інтэрпрэтавана не на карысць украінскага боку. "Вы, не скажу, што зусім аб'ектыўныя, але вы блізка да праўды падышлі, - пракаменціраваў беларускі лідар. - Вы праўду паказалі і тое яшчэ не зусім у тым ключы, як гэта трэба было паказаць на Захадзе. Але вас прыціснулі вельмі моцна".

Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае такую незалежнасць і аб'ектыўнасць СМІ: "Вось я за такія сродкі масавай інфармацыі - каб гэтыя прынцыпы асноўныя не парушаліся. Але галоўны прынцып - ні ў якім разе не рабіць горш для сваёй краіны, не змагацца супраць сваёй краіны і ўласнага народа. Краіна раз і назаўсёды даецца, а народ не пераробіш. Ты павінен адпавядаць народу, яго духу і традыцыям. Я за гэта".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Франс Прэс не дазваляла сабе антыдзяржаўных выступленняў, у адрозненне ад некаторых беларускіх так званых свабодных СМІ. "Наколькі я інфармаваны, вы людзі свабодалюбівыя. Недзе і ўлада вас недалюблівае, але вы трымаеце сваю лінію. Пацікавіўшыся вашай работай, я не заўважыў там антыдзяржаўнай пазіцыі, каб вы выступалі супраць Францыі, нават супраць Еўрасаюза. Вы заўсёды займалі сваю нішу, сваімі вачамі глядзелі на свет, былі больш-менш аб'ектыўнымі, - сказаў беларускі лідар. - Нічога падобнага наша "апазіцыя" і сродкі масавай інфармацыі, якія фінансаваліся выключна з-за мяжы, не прадстаўлялі, у тым ліку і так званыя свабодныя СМІ".

"Але з той ацэнкай, якая даецца на Захадзе нашай унутрыпалітычнай сітуацыі, я катэгарычна не згодны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яна заведама накіравана ў патрэбнае рэчышча - так, як гэта трэба Захаду. Напрыклад: вам не падабаецца Лукашэнка, значыць, можна яго "мачыць" усяляк".

Адной з тэм, якую закрануў Кіраўнік дзяржавы ў час інтэрв'ю, была работа судовай сістэмы. Прэзідэнт расказаў, як ставіцца да спроб пабочнага ўмяшання ў работу судоў.

"Суддзяў і судоў незалежных не бывае. Суд заўсёды залежыць ад закона", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і ў сувязі з гэтым прыгадаў вядомы выраз аб вяршэнстве закона "Суровы закон, але гэта закон".

"У нас Прэзідэнт, маючы вялікія паўнамоцтвы, каардынуе дзейнасць усіх галін улады, - растлумачыў беларускі лідар. - Дык вось мая каардынацыя за ўсе дзесяцігоддзі на чале ўлады заключалася толькі ў адным - каб ні ў якім разе ніхто не прычыніўся да рашэння судоў. І калі мяне інфармуюць (я гэта кантралюю), што нехта ўмешваецца ў дзейнасць судоў, рэакцыя вельмі жорсткая".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бываюць сітуацыі, калі рашэнні судоў супадаюць з яго меркаваннем, і гэта абсалютна зразумела: "А чаму не могуць супадаць меркаванні Прэзідэнта і суддзяў? Чаму? Недзе яны могуць супадаць, недзе не супадаць... Усякае бывае. Гэта жыццё".

Прэзідэнт таксама зрабіў заяву аб тым, што гатовы нават са зброяй у руках змагацца, калі асобныя людзі або дзяржавы будуць прэтэндаваць на суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

"Мы ва ўсёй красе цяпер бачым, напрыклад, якую палітыку праводзіць Польшча. Вы хацелі, каб я спакойна глядзеў, што Польшча бачыць у сваіх уладаннях, у сваім складзе, цытую іх, усю Беларусь?" - адказаў журналісту сустрэчным рытарычным пытаннем Аляксандр Лукашэнка.

"Калі б заўтра Германія заявіла, што яны хочуць бачыць у складзе Германіі Францыю, якую вы пазіцыю занялі б? Вось я і жорстка на гэта рэагую, - прадоўжыў беларускі лідар. - Мае асноўныя паўнамоцтвы - абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы. Я гэта раблю. Калі супраць гэтага будзе змагацца апазіцыя, нейкія асобныя людзі або дзяржавы будуць прэтэндаваць на суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, я на ўвесь рост стану і буду супраць гэтага змагацца, трэба - са зброяй у руках".

Кіраўніка дзяржавы спыталі, у чым розніца паміж дыктатурай і той палітыкай, якая праводзіцца ў Беларусі. На што Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнт надзелены вялікімі паўнамоцтвамі. Прычым усе рэдакцыі Асноўнага Закона ў краіне прымаліся шляхам рэферэндуму, а многія артыкулы былі заснаваны на вопыце Францыі, Расіі, Казахстана. "Гэта значыць мы не стварылі нешта эфемернае і выключнае, мы бралі вопыт іншых краін", - адзначыў ён.

"Цяпер усе гавораць пра голад. І я згодны, што мы вельмі блізка ад гэтага бар'ера. Голад проста стукаецца. Многія галадаюць ужо. Можна было б сказаць: "Не крытычна". Але як "не крытычна", калі кожныя 10 секунд памірае дзіця ў свеце? Не голад? Голад. Будзе яшчэ горш. І я вельмі жорстка цяпер стаўлю пытанне (гэта датычыцца вяскоўцаў, ды і ўсёй краіны) па ўборцы ўраджаю. Трэба сабраць усё. Трэба мабілізавацца. Таму што, не дай бог, голад, вось тады будзе дыктатура. І ў Францыі ў тым ліку. Таму што трэба народ выратаваць. Не накарміць, а выратаваць, каб людзі не памерлі", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, такія жорсткія патрабаванні з боку кіраўніка дзяржавы могуць быць расцэнены як дыктатура, але ў такім выпадку гэта апраўдана важнай мэтай - палепшыць жыццё людзей, не дапусціць крытычных сітуацый. "Калі ласка, можаце мяне за гэта крытыкаваць. Але я гэта абгрунтоўваю тым, каб заўтра было людзям лепш. А не тое, што мне вось хочацца дыктаваць і я страціў розум, седзячы ў цэнтры Еўропы, у адносна невялікай краіне, з невялікім насельніцтвам, я пачынаю дыктаваць і яшчэ душыць уласны народ, які прагаласаваў за мяне даўным-даўно і падтрымлівае мяне да гэтага часу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Так, у нас сістэма ўлады больш жорсткая. Я нават не выключаў бы слова аўтарытарная. Але ні ў якім разе не дыктатура, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Для таго, каб дыктаваць, трэба мець пэўныя рычагі ўплыву і рэсурсы. Якія ў Беларусі ёсць рэсурсы, каб дыктаваць Францыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі?"

"Калі ты ведаеш сваё месца ў гэтым свеце і ведаеш, якому націску ты можаш быць падвергнуты, ты заўсёды будзеш глядзець па баках, на знешні фактар. І табе ніхто ўнутры краіны не дазволіць дыктаваць", - дадаў беларускі лідар.

На яго думку, дыктаваць у цяперашнім свеце, напэўна, могуць толькі ЗША: "У іх для гэтага ёсць усё: сіла, насельніцтва, тэрыторыя і друкарскі станок. Нават у Францыі не можа быць дыктатуры, нягледзячы на тое, што яна ядзерная дзяржава".

Адказваючы на пытанне, як доўга ён мае намер заставацца на пасадзе Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта рашэнне прымае не ён, а беларускі народ. "Я, можа, даўно адышоў бы ад улады, калі б пэўная сітуацыя была ў краіне і за яе межамі. А вось многія з 2020 года, якія, як вы гаворыце, выйшлі на вуліцы, сёння ачухаліся, зразумелі, што магло быць, і гавораць: "Дык мы ж няправільна зрабілі. А калі б яго (Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе Прэзідэнта. - Заўвага) не было, што б было?". Так людзі гавораць. Паверце, я ведаю настрой людзей", - сказаў беларускі лідар.

"Калі б я ў 2020 годзе ўсё кінуў і пайшоў? Сёння краіна была б іншая і інтэрв'ю вы бралі б у іншых людзей. І палітыка была б іншая. Сёння было б у Беларусі горш, чым ва Украіне. Прабачце за нясціпласць", - дадаў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў датычылася прысутнасці расійскіх ваеннаслужачых на тэрыторыі Беларусі - ці дазваляе яна праводзіць краіне суверэнную і незалежную палітыку.

"На тэрыторыі Еўропы столькі ваеннаслужачых іншых краін (у тым ліку і ў Францыі яны ёсць), што вам нават пытанне няма чаго мне задаваць, - парыраваў Аляксандр Лукашэнка. - У вас іх дзясяткі тысяч".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прысутнасць расійскіх ваеннаслужачых у Беларусі не з'яўляецца нечым экстраардынарным: "Заўсёды яны былі настолькі, наколькі гэта трэба было нам. У тым ліку і мне, паколькі я іх запрашаў. Ніводны расійскі ваеннаслужачы сюды не прыехаў без майго запрашэння або дазволу. Таму ўсе яны знаходзяцца з маёй згоды. Гэта функцыя Прэзідэнта. Ніводны ваеннаслужачы (разведчык, контрразведчык і іншыя) не могуць тут быць без майго ведама".

"Які суверэнітэт і незалежнасць яны парушаюць, калі я іх папрасіў у нечым дапамагчы?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фоне санкцый, уведзеных супраць Расіі, стала відавочнай залежнасць краін Еўрасаюза ад расійскіх энергарэсурсаў: "Вы, сталая дэмакратыя, сталая краіна, не раздзеленая, а якая ў гэтых межах доўга існавала... А як вы залежыце, мы гэта ўбачылі. Чаму ў вас такая бурная інфляцыя? Чаму вы ўвесь час крычыце, што вам не хапае прыроднага газу, нафты і гэтак далей?"

У такой сітуацыі недарэчы выглядаюць папрокі ў адрас Беларусі аб нейкай залежнасці ад расійскага фінансавання або паставак энергарэсурсаў, лічыць Прэзідэнт. "Мы - маладая дзяржава. Мы зусім нядаўна былі ў складзе адной краіны (Беларусь уваходзіла ў склад Савецкага Саюза. - Заўвага). І тады складваўся наш эканамічны ўклад. З распаду Савецкага Саюза эканоміка засталася, яна нікуды не дзелася. Мы яе развівалі, удасканалілі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што расійскі рынак заўсёды быў і застаецца ў ліку прыярытэтных для Беларусі: "Праўда, у нас ужо ў апошнія гады быў баланс Еўрасаюз - Расія (у знешнім гандлі. - Заўвага)".

Што датычыцца энергарэсурсаў, то іх пастаўка з Расіі эканамічна апраўдана. "Заўсёды мы ад іх атрымлівалі нафту і газ. Іншых крыніц не было. Мы спрабавалі іншыя крыніцы, але яны аказаліся дарагімі вельмі, у два разы даражэйшымі", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што для карэнных пераўтварэнняў у айчыннай эканоміцы спатрэбяцца значныя фінансавыя сродкі: "Для таго, каб пералапаціць усю эканоміку, трэба вельмі шмат мільярдаў еўра. У мяне гэтых грошай не было, няма і ніколі не будзе. Ды і ці трэба наогул? У нас добрая эканоміка". Паводле яго слоў, па структуры яна падобная да эканомікі Германіі, дзе развіты машынабудаўнічая і перапрацоўчая галіны.

Прэзідэнт назваў справаздачу ІКАО наконт інцыдэнту з рэйсам Ryanair фальсіфікаванай.

"Гэта фальсіфікацыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка наконт нядаўняй справаздачы ІКАО. Беларускі бок ужо даў сваю ацэнку гэтаму дакументу. "І чаму гэта заключэнне ІКАО менавіта сёння або ўчора з'явілася? Якое права ІКАО мае накладаць санкцыі? Або Францыя? Якое вы маеце права? Гэта права Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Дык нават рэкамендацыі такой не было", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што санкцыі ў адносінах да Беларусі па закрыцці паветранай прасторы былі ўведзены еўрапейскімі краінамі яшчэ да з'яўлення якіх-небудзь дакументаў або справаздач: "Вы ж санкцыі ўвялі супраць кампаніі "Белавія" яшчэ два гады таму, без падстаў для гэтага. Вы на другі дзень усе ў адзін голас, пачынаючы ад Макрона і заканчваючы канцлерам Германіі Меркель, па ўказцы Вашынгтона пачалі крычаць: "Злачынцы, такія-сякія!". Вы яшчэ фактаў на стале не мелі".

У той жа час значна больш сур'ёзны інцыдэнт з інданезійскім самалётам, збітым у небе над Украінай, расследуецца да гэтага часу, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Дзе рэзультат? Дык там колькі людзей загінула", - спытаў Прэзідэнт.

А што датычыцца Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта Ryanair, то ён, паводле слоў Прэзідэнта, спакойна жыве ў сваёй краіне і не хоча на Захад.

"Усе вы скачаце пад амерыканскую дудку", - сказаў беларускі лідар і ў якасці красамоўнага прыкладу прывёў сітуацыю вакол пастаўкі атамных падлодак для Аўстраліі. "Вы заключылі з Аўстраліяй дагавор на вытворчасць і пастаўку падводных субмарын, атамных лодак на $50 млрд. Прыйшоў дзядзька Сэм, сказаў Аўстраліі: "Мы вам паставім гэтыя падводныя лодкі на $50 млрд, а вы нам заплаціце". Ім гавораць: "А Францыя?" - "Пляваць!" І што? Што зрабіў Эмануэль Макрон і ядзерная французская дзяржава? Што вы зрабілі? - задаў шэраг рытарычных пытанняў Аляксандр Лукашэнка. - Вы топчацеся на задніх лапках да гэтага часу перад Прэзідэнтам ЗША, не ведаеце, куды яго лізнуць. Што ж гэта за суверэнітэт і незалежнасць? Растлумачце мне. Пяцьдзясят мільярдаў долараў кантракт быў! Вы нават у суд не звярнуліся. Што ж вы за дэмакратыя? Вы не абаранілі ні краіну, ні свой народ. А вы мяне ў нечым папракаеце - Расія нам нешта прадае, пастаўляе..."

"Дай бог, каб у Прэзідэнта Францыі былі такія адносіны з усімі дзяржавамі, як у мяне з Расіяй, на гэтых прынцыпах, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Ніколі мне Прэзідэнт Пуцін або расійскія ўлады не наступілі на хвост і не сказалі: рабі так. У нас сапраўды надзейныя чалавечыя, братэрскія, добрыя адносіны".

Бывалі, паводле слоў Прэзідэнта, ва ўзаемаадносінах з Расіяй складанасці па тэматыцы паставак энергарэсурсаў, і тады Беларусь шукала альтэрнатыўныя крыніцы. "Вы не думайце, што я тут проста лялька нейкая, якой маніпулююць з раніцы да вечара. Нічога падобнага! Гэта не ў маім характары, і ў гэтым няма ніякай неабходнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы плюнулі на нас, паспрабавалі ногі выцерці і аб мяне, і аб маю краіну, аб народ. Я вам гэтага не дазволіў і не дазволю, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - З санкцыямі мы справімся. Страцілі мы паўмільярда долараў тавараабароту з вамі (з Францыяй. - Заўвага), знойдзем у іншым месцы". Пры гэтым страты беларускага боку будуць меншыя за паўмільярда, паколькі ўзаемны гандаль з Францыяй так ці інакш прадаўжаецца і цяпер. "На 20% тавараабарот сёлета ўпаў, але мы ўсё роўна гандлюем з вамі і будзем больш гандляваць. Вось заўтра вам не будзе чым народ карміць, засуха і іншае… Можа, мы вам чагосьці паставім. Мы заўсёды вам пастаўлялі і ў Еўропу ў цэлым рапсавы алей замест сланечнікавага, аліўкавага, - сказаў Прэзідэнт. - Мы вельмі шмат вырабляем рапсу і пастаўляем вам, і будзем пастаўляць. Вам патрэбна драўніна, мэбля і іншае. Вы куплялі ў нас. Мы і будзем вам пастаўляць. Бізнес заўсёды знойдзе гэтыя шляхі. Проста вар'яцтва - уводзіць сёння санкцыі ў гэтым узаемазалежным свеце. Але вы гэта робіце".

Практычна палова інтэрв'ю была прысвечана падзеям, якія адбываюцца ва Украіне. "Вы яго стварылі, гэты крызіс. Гэта рукатворны, вамі створаны крызіс. Вы спарадзілі гэту вайну. Гэта маё не проста перакананне. Я сто працэнтаў на падставе фактаў гэта магу даказаць: вы спарадзілі і прадаўжаеце гэту вайну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ў тым ліку і на ўдзел Францыі ў падзеях ва Украіне: рэспубліка прадаўжае пастаўляць туды сваё ўзбраенне. Нядаўна Украіне былі перададзены артылерыйскія ўстаноўкі Caesar, плануюцца дадатковыя пастаўкі.

"Расія ведае, як вы павезяце гэтыя "Цэзары" туды. І як толькі яны ва Украіну прыбудуць - высокадакладнай зброяй іх накрыюць. Таму падумайце, ці варта гэта рабіць. А тое, што прыйдзе, яны (украінскі бок. - Заўвага) прададуць Расіі. Вы ж ведаеце, дзве ўстаноўкі "Цэзар" украінскія ўлады прадалі Расіі. У Расіі на танкабудаўнічым заводзе іх ужо разабралі і глядзяць, што там можна выкарыстаць. Гэта факт", - заявіў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне французскага журналіста аб ролі Беларусі ў падзеях, якія адбываюцца ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка назваў яе "найвялікшай".

"Першая міратворчая. Як толькі пачаўся гэты канфлікт, ведаючы ў цэлым, без дэталей, што адбываецца і што адбудзецца, я цэлы дзень тэлефанаваў Зяленскаму і прасіў яго: "Валодзя, сядзь, калі ласка, за стол перагавораў. Гэта ж табе не на шкоду. Размаўляйце. Любы мір заўсёды лепшы за самую добрую вайну", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што пасля гэтага ў Беларусі адбылося некалькі "вельмі паспяховых" раўндаў перагавораў паміж Расіяй і Украінай. Але Захад - перш за ўсё ЗША і Вялікабрытанія - забаранілі Украіне прадаўжаць іх, заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Расію ўскладаюць усю віну за тое, што здарылася ва Украіне, маўляў, гэта ж менавіта яна першай пачала ваенныя дзеянні. Але, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, гэтыя падзеі проста вырываюцца з кантэксту.

"Калі гаварыць аб паслядоўнасці, то павінен вам сказаць, што вы абсалютна непаслядоўныя. Вы вырвалі з кантэксту падзей гэта і далі ацэнку. Не з гэтага пачалося", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў 2015 годзе пасля доўгіх перагавораў "нармандскай чацвёркі" ў беларускай сталіцы былі падпісаны Мінскія пагадненні - своеасаблівы дагавор аб міры. "Амаль суткі вялі перагаворы, калі прыехалі прадстаўнікі вядучых краін Еўрасаюза, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Парашэнка на маіх вачах падпісаў дагавор - святое. І калі б гэты дагавор украінскімі ўладамі быў бы выкананы, сёння не было б вайны. І, можа, нават Данбас і Луганск ужо былі б у складзе Украіны. А я ўпэўнены, што былі б".

А раней ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот - так званы еўрамайдан. "Вы яго падтрымлівалі, вы яго фінансавалі - перш за ўсё амерыканцы. Вы, як заўсёды, беглі следам за амерыканцамі. Гэта ўжо даказана. Вы зверглі тады дзеючага Прэзідэнта, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вы былі прыхільнікамі гэтага дзяржаўнага перавароту, прывялі да ўлады сваіх людзей. І пайшла чахарда. Разыгралі выбары. Адтуль усё пачалося".

Паводле яго слоў, усе гэтыя гады Захад штучна нагнятаў сітуацыю вакол расійска-ўкраінскага канфлікту. Мэта была пачаць вайну супраць Расіі з тэрыторыі Украіны. "У 2020 годзе вы хацелі яшчэ і Беларусь зламаць, каб выбудаваць гэты пояс ад Чорнага мора да Балтыкі і ўжо стаяць каля парога Масквы. Калі б Беларусь тады зламалі, натаўскія войскі былі б пад Смаленскам ужо, - заявіў Прэзідэнт. - Гэтыя "ўлады", прадстаўнікі, у вас сядзяць: Ціханоўская і іншыя. Ціханоўская - яна нічога не вырашае. Мы ведаем, хто за ёй стаіць і хто што вырашае. Вы за ёй стаіце і ёй кіруеце - амерыканцы і Еўрасаюз. Калі б тады, у 2020 годзе, мы не выстаялі, тут было б горш, чым ва Украіне. Мы выстаялі".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што да пачатку спецыяльнай аперацыі Расія неаднаразова звярталася да Захаду з просьбай прадаставіць гарантыі бяспекі. "Вы чаму не прадаставілі такія гарантыі? Значыць, вы хацелі вайны", - зрабіў выснову беларускі лідар.

Паралельна з гэтымі падзеямі ў Беларусі заканчваліся сумесныя з Расіяй вучэнні і расійскія войскі пакідалі ўжо тэрыторыю рэспублікі, расказаў Аляксандр Лукашэнка. Але ў гэты час Украіна разгарнула каля беларускіх граніц некалькі ваенных дывізіёнаў. "І нацэліліся для нанясення ўдару па расійскіх аб'ектах, якія былі на вучэннях. І па беларускіх. Першае, што было зроблена: расіяне сваімі сродкамі з тэрыторыі Беларусі падавілі гэтыя чатыры кропкі. Украінцы гэта не абвяргаюць. З гэтага аперацыя пачалася", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я сапраўды падтрымліваю Расію. І не толькі таму, што ў нас саюз з Расіяй. І не толькі таму, што мы юрыдычна гэта абавязаны рабіць: мы ж дагавор з Расіяй заключылі аб стварэнні адзінай групоўкі войскаў на заходнім напрамку, асновай якой з'яўляецца беларуская армія. Гэта даўно вядома, гэта наша дактрына. Не толькі таму. А таму што мы бачылі прычыну гэтай вайны. Прычына ў тым, што вы, калі б Расія не апярэдзіла вас, натаўцаў, арганізаваліся і нанеслі супраць яе ўдар. Я ў гэта веру, і Расія ў гэта верыць. І так было б", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Вы, натаўцы, амерыканцы, хацелі гэтай вайны. І калі б Пуцін не пачаў гэту аперацыю, вы яе пачалі б, але ўжо арганізаваўшыся. Ён проста вас крыху апярэдзіў. Такая пазіцыя Расіі і Беларусі", - заявіў Прэзідэнт.

"Вы мяне папракаеце ў тым, што я агрэсар. А вы хто? Вы ж туды зброю пастаўляеце. Вашых наёмнікаў там 20 тысяч перавярнулася, у тым ліку з Францыі. Вы самыя сапраўдныя агрэсары!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, Беларусь ні тэхнікай, ні жывой сілай не ваюе ва Украіне. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што з беларускай тэрыторыі былі нанесены ўдары па ваенных аб'ектах Украіны, але гэта было зроблена ў прэвентыўных мэтах. "Навошта развярнулі на граніцы чатыры дывізіёны? Навошта вы нацэліліся супраць нас? - спытаў ён. - Вы хочаце сказаць, што я павінен быў сядзець і чакаць, пакуль на галаву беларускаму народу ракеты пачнуць падаць? Не".

"Я падтрымліваю Расію ў тым, што яны вас апярэдзілі. Калі б ваенныя Расіі прамаргалі гэты момант, яны вымушаны былі б сустрэць масіраваны ўдар з боку войскаў НАТА - не Украіны. Цяпер не Украіна ваюе, цяпер вы там ваюеце: вашы наёмнікі і ваша зброя. Дык вы ж яшчэ большыя агрэсары, чым я", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь прымае ўдзел у расійскай аперацыі, але яе роля заключаецца толькі ў прыкрыцці тылу. "Мы да гэтага часу гаворым: так, мы ўдзельнічаем у аперацыі. Але якім чынам: мы закрылі захад, паўднёвы захад Беларусі, каб вы адтуль не ўдарылі ў спіну рускім. Вось наш удзел. Так, мы лячылі раненых, загінулых людзей прымалі на тэрыторыю Беларусі. Мы лякарствы перадавалі і перадаём і ўкраінцам, і расіянам. Гэта наш удзел у гэтай аперацыі. Мы людзей не забіваем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне журналіста, чаму Беларусь, нягледзячы на вельмі цесныя адносіны з Расіяй, да гэтага часу афіцыйна не прызнала ДНР і ЛНР, а таксама далучэнне Крыма, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў гэтым не было неабходнасці.

"Ніякай неабходнасці. Гэта нічога не дабавіла б ні Луганску, ні Данецку, ні Крыму. Але калі Крыму, Луганску, Данецку патрэбны будуць прадукты харчавання, цэгла, цэмент, аднаўляць і іншае, мы будзем ім дапамагаць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба будзе - прызнаем. Калі ў гэтым будзе сэнс нейкі. Але які сэнс сёння, прызнаю я публічна ці не прызнаю. Мы фактычна з імі супрацоўнічаем. Так, як вы фактычна супрацоўнічаеце з Украінай і падзялілі ўжо Украіну на часткі. Вы, французы, па-мойму, Кіеўскую вобласць хочаце аднаўляць? Гэта значыць вы падзялілі ўжо Украіну і будзеце аднаўляць. А я буду дапамагаць Луганску і Данецку. Крыму буду дапамагаць. Мы з імі супрацоўнічаем, мы гэтага не ўтойваем".

"Гэта значыць дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк. Таму што мы з імі супрацоўнічаем. А гэта ўсё балбатня: "Чаму там Лукашэнка прызнаў, не прызнаў?..." Трэба - прызнаю ўказам Прэзідэнта. Калі гэта патрэбна будзе. Але цяпер гэта нічога не дасць дадаткова. Гэтак жа, як гавораць: "Вось Лукашэнка будзе ваяваць ва Украіне ці не?" Слухайце, дапусцім, я падключыўся б да гэтай аперацыі Расіі ва Украіне. Я нешта дабавіў бы да гэтага? Не. Зброя ў нас такая, як у Расіі. Людзей ваенных у іх хапае для таго, каб ваяваць. Мы там проста не патрэбны цяпер. Гэтак жа Луганск, Данецк і Крым", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я тонкасці і нюансы разумею і згодны, што гэта (расійская спецыяльная аперацыя ва Украіне. - Заўвага) яшчэ не вайна, хоць мы яе называем вайной. Чаму? Таму што, як нядаўна сказаў Пуцін, па-сапраўднаму Расія там яшчэ не ваюе. Расія яшчэ да сярэдзіны не дайшла па якасці вядзення вайны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што Расія яшчэ не задзейнічала ва Украіне сваю самую магутную зброю, і размова нават не аб ядзерным патэнцыяле. "Я гэту зброю бачыў, ведаю, пагружаны ў гэта. Таму там яшчэ той вайны няма, якая магла б быць з боку Расіі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, дадаў ён, Расія прыцягнула да спецыяльнай аперацыі толькі рэгулярныя войскі і выключна ваеннаслужачых-кантрактнікаў, у той час як Украіна некалькі разоў аб'яўляла аб мабілізацыі насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што зыход узброенага процістаяння ва Украіне залежыць толькі ад яе: "Цяпер асаблівасць моманту ў тым, што гэту вайну можна закончыць на больш прымальных умовах для Украіны. Але Украіне ніхто не дасць закончыць вайну".

На думку Кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу Украіна павінна сесці за стол перагавораў. "І згадзіцца, што яны не будуць пагражаць ніколі Расіі і не будуць мець на тэрыторыі Украіны тую зброю, якая будзе пагражаць расійскай тэрыторыі. Гэта галоўнае. А дэнацыфікацыя і іншае - гэта філасофія. Галоўнае - бяспека Расіі. Ніколі расійская ўлада, маючы гэту моц і багацці Расіі, не адступіцца ад гэтага", - падкрэсліў ён.

"Дайце гарантыі. Дапамажыце Кіеву. Кіеў дасць гэтыя гарантыі, калі вы, натаўцы і амерыканцы, згодзіцеся, што з тэрыторыі Украіны ніколі не будзе пагрозы расійскай тэрыторыі. А тады Расія дасць гарантыі бяспекі Украіне", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Якая Украіна? Там яшчэ будзе Херсон, Данецк, Луганск", - удакладніў французскі журналіст.

"Слухайце, гэта ўжо не абмяркоўваецца. Можна было гаварыць у лютым-сакавіку аб гэтым. Разумееце, там жывуць рускія людзі, якіх украінцы даймалі. А навошта? Я ж палякаў цяпер не караю за тую палітыку, якую праводзіць Польшча ў адносінах да нас. Я заўсёды кажу: у нас ёсць палякі этнічныя, але гэта "мае" палякі. Яны маюць усе правы, як і беларусы. Мы іх любім, паважаем і цэнім. І яны сябе паводзяць прыстойна ў асноўным. Навошта тады было рускую мову забараняць, навошта было ўнутры Украіны праводзіць тую палітыку, якую праводзілі Парашэнка, Зяленскі? Яны ж увесь час знутры штурхалі Украіну гэтым самым да вайны", - заявіў Прэзідэнт.

На думку Прэзідэнта, на працягу апошніх гадоў ва Украіне складваліся ўнутраныя прычыны для абвастрэння адносін з Расіяй. Напрыклад, украінскія ўлады, заўважыў кіраўнік дзяржавы, наўмысна абмяжоўвалі выкарыстанне рускай мовы, зневажалі і дэманізавалі кіраўніцтва Расіі.

"Там былі ўнутраныя прычыны для таго, каб Расія, груба кажучы, паставіла Украіну на месца. Навошта вы зневажалі ўладу ў Расіі? Навошта вы Прэзідэнта Пуціна зневажалі? Макрона яны ж так не крытыкавалі, хоць было за што. Калі Байдэн падымаўся па трапе і ўпаў, у нас у Беларусі ніхто над гэтым не смяяўся. Усяляк бывае. Я разумею: бег чалавек, упаў. Не трэба было бегчы. Але спатыкнуўся і спатыкнуўся. А вы што рабілі і робіце супраць Пуціна? Навошта вы яго дэманізуеце, навошта вы яго зневажаеце? Значыць гэта таксама нядобры фон. Можа, гэта не прычына для аперацыі, але фон нядобры", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Але галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, ніхто не дае Расіі гарантый бяспекі, таго, што ёй не пагражае агрэсія з тэрыторыі Украіны. "Вам, натаўцам і амерыканцам, патрэбна была вайна, і вы рабілі ўсё да дробязей, каб гэту сітуацыю стварыць, каб падштурхнуць да гэтага", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

Журналіст выказаў меркаванне, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, мяркуючы па яго выказваннях, марыць аб нейкай славянскай дзяржаве.

"Гэта я марыў аб славянскай дзяржаве. Яны развівалі ідэю ў свой час рускага свету. Гэта я заўсёды з 90-х гадоў гаварыў аб тым, што ёсць славянскія дзяржавы. Я бачыў там і палякаў, славакаў, балгараў і іншых. І мы не павінны страчваць вось гэту сувязь. Так, кожны жыве ў сваёй дзяржаве. Але мы славяне. Я аб гэтым гаварыў. Таму Пуцін ні пра якую панславянскую дзяржаву не гаварыў і не марыў. Гэта вы прыдумалі ўжо", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у інтэрв'ю расказаў аб сваіх адносінах да Расіі і рэгулярных візітах на перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Уладзімірам Пуціным.

"Выязджаў, выязджаю і буду выязджаць. У бліжэйшы час. Вось заўтра мы з Уладзімірам Уладзіміравічам перагаворым. Ён папрасіў, каб заўтра мы па тэлефоне перагаварылі. Потым я паеду, буду сустракацца з ім. Столькі, колькі нам трэба. У нас такі ўзровень адносін, што ніякага дазволу для таго, каб мне ў Расію паехаць, не трэба", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на рэмарку аб тым, што Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, рэдка прыязджае ў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Апошні раз я быў ініцыятарам таго, каб не ехаць у Гродна на Форум рэгіёнаў. Ён ужо сабраўся ехаць. Я абгрунтаваў сітуацыю і прывёў фактары пэўныя. Не таму, што мы там некага баімся. Не. Што мы ў Беларусі сустрэнемся ў іншы час".

Што датычыцца самой Расіі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта блізкая яму і родная краіна. "Родная. Я чалавек з таго свету. Я жыў у тым свеце, калі Масква была сталіцай маёй краіны. Таму я з задавальненнем туды прыязджаю. У Расіі столькі цікавага, такая прыгажосць, якую я не бачыў. Я хачу гэта паглядзець. Вось ён (Уладзімір Пуцін. - Заўвага) мне прапануе: едзь на Алтай, едзь на Байкал, на Камчатку, пабудзь там, паглядзі, - расказаў Прэзідэнт. - Для мяне Расія адкрыта, мне гэта вельмі цікава".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Уладзімір Пуцін, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, вельмі добра ведае Беларусь, яе прыроду. "Ленінградская вобласць - гэта копія Беларусі. Ён ведае ў Беларусі ўсё. Таму тут няма чагосьці, што я туды прыязджаю, а ён сюды не едзе чамусьці", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што апошнім часам пэўныя абмежаванні накладала і пандэмія, былі свае асаблівасці, што ўплывала на магчымасць арганізацыі паездак лідараў шэрага краін, у тым ліку і Расіі. "Два гады і да гэтага часу. Вы ведаеце нашу адкрытасць у гэтай сітуацыі. А Расія была больш закрытая тут", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне адносна заяўленых планаў паставіць у Беларусь ракетныя комплексы "Іскандэр" і абсталяваць самалёты, здольныя несці ядзерную зброю.

"У нас гэтыя самалёты ёсць. Трэба проста прыстасаваць гэтыя самалёты для таго, каб яны маглі несці ядзерную зброю. У адказ на тое, што робяць амерыканцы. Яны трэніруюць немцаў і іншыя краіны. Падрыхтавалі самалёты і трэніруюць", - заўважыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, ці хоча ён, каб на тэрыторыі Беларусі была расійская ядзерная зброя, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Нам дастаткова, што ядзерная зброя ёсць у Расіі. Калі трэба, Расія па дагаворы будзе абараняць Беларусь, як сваю тэрыторыю. У нас такі дагавор. Таму калі трэба прымяніць ядзерную зброю... Не дай бог, вядома, каб гэта было. Таму што гэта канец. Яна будзе прыменена як Францыяй, так і Расіяй (ядзернымі дзяржавамі, якія маюць у сваім арсенале адпаведныя ўзбраенні. - Заўвага)".

"Я наогул праціўнік ядзернай зброі. Катэгарычны праціўнік. Яе трэба поўнасцю ў свеце знішчыць. І свет будзе спакайней. Але цяпер ёсць, акрамя ядзернай зброі, біялагічная (вы бачыце, што робіцца), кіберзброя. Разумееце, гэта яшчэ страшней, чым ядзерная зброя. Таму нам (Беларусі. - Заўвага) ядзерная зброя не трэба", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што натаўцы ў Еўропе трэніруюцца на самалётах, здольных несці ядзерныя бомбы і зарады. "Ну а чаму мы не павінны да гэтага рыхтавацца? Вось мы і дамовіліся, што мы даабсталюем нашы самалёты, каб яны маглі несці ядзерную зброю. Але мы гэта і самі можам зрабіць. У нас ёсць авіяцыйныя заводы, якія здольны па расійскіх тэхналогіях пераабсталяваць. Там цяжкасцей ніякіх няма. І, як мне ваенныя сказалі, гэта пытанне некалькіх месяцаў. Але Пуцін, вы чулі, сказаў, што яны могуць нам дапамагчы. І будзем трэніравацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы перастанеце (натаўцы, амерыканцы) гэта рабіць - мы гэтага не будзем рабіць. Нам гэта не трэба".

"Мы не хочам быць тэатрам ваенных дзеянняў, каб вы з Расіяй на нашай тэрыторыі сутыкнуліся і ваявалі. А так было заўсёды. Першая сусветная, Другая сусветная войны. Так заўсёды было. Мы гэтага не хочам", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Адно з пытанняў датычылася таго, як Прэзідэнт бачыць будучыню. "Так, я гляджу з аптымізмам, таму што ў мяне, як і ў вас, ёсць дзеці. Я не магу не быць аптымістам. Я хачу, каб нашы дзеці жылі не так, як мы нават. А жылі лепш. Вось аснова майго аптымізму", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё закончыцца добра?" - удакладніў журналіст.

"Калі вы гэтага захочаце, закончыцца добра. І для вас нават нечакана хутка. Скарыстайцеся гэтым момантам. Натаўцы, амерыканцы. Асабліва еўрапейцы. Слухайце, ну навошта вы ў Еўропе паставілі ў такое становішча сваіх людзей - французаў, немцаў і іншых. Ну навошта?! Ну давайце жыць мірна!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Аднойчы выказаў шалёную думку. Вось калі б вы, еўрапейцы, былі ў дружбе з намі, беларусамі, расіянамі, альянс быў эканамічна, фінансава, тэхналагічна, у ваенных адносінах непераможным. Мы не ваявалі б супраць каго б там ні было. Вялізныя рэсурсы, тэрыторыя на ўсходзе і самыя высокія тэхналогіі на захадзе ў вас, у немцаў і гэтак далей. Вось, дзе ваша шчасце. Але вы не можаце гэту палітыку праводзіць. Вам не даюць. Вось цяпер еўра ўпаў да ўзроўню долара. Амерыканцам ужо добра. Няўжо вы гэтага не бачыце? Вы ўсе бачыце, усе разумееце", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў краінах Заходняй Еўропы ўжо няма палітыкаў ранейшага фармату і маштабу, такіх як Шарль дэ Голь або Жак Шырак, Гельмут Коль або нават Ангела Меркель. "Паглядзіце, што робіцца ў Вялікабрытаніі, у Італіі нейкую валтузню задумалі. Вы бачыце, што адбываецца ва ўсходнееўрапейскіх краінах - Польшчы, Літве, Латвіі. Там жа ўладам давярае 15-20%. І калі сумленна пройдуць выбары, проста цяперашнія Дуды-Маравецкія будуць змецены. І так і будзе", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў не ўскладняць гэта жыццё і жыць дружна. "Мы да гэтага гатовы. Тым больш Расія. Расіі нічога не трэба. У яе ўсё ёсць. Ёй патрэбны мір, спакой, гандляваць. Ёй трэба прадаць газ, а вам трэба купіць. Навошта вы блакіруеце? Купляйце гэты газ, плаціце. Навошта вы санкцыі ўводзіце. Ну немагчыма мільярду чалавек (размова аб насельніцтве краін Захаду ў сукупнасці, якія займаюцца санкцыйным націскам. - Заўвага) супраць 6-7 мільярдаў увесці санкцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што ўсе гэтыя дзеянні ў выніку пойдуць на шкоду іх жа ініцыятарам: "Вы ж падштурхнулі свет да таго, што ён будзе іншым не на вашу карысць. Вы што думаеце, у Іране проста так сабраліся Іран, Расія і Турцыя (натаўская краіна)? Не. А Індыя, Кітай. Яны ж не падтрымліваюць вас. Ім вайнушка не патрэбна. Нават Паўднёвай, не гаворачы аб Паўночнай Карэі. Нават японцам, ім гэта не трэба. Яны наеліся гэтых войнаў. Яны хочуць у міры жыць. Навошта вы ўзбударажылі ўвесь свет? Не трэба гэтага рабіць".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў спыніцца, дамовіцца, закончыць "гэту катавасію, аперацыю і вайну ва Украіне". "Давайце спынімся, а далей разбяромся, як жыць. Можа, настане час на нашым з вамі вяку, што людзі не будуць лічыцца нават з граніцамі. Да гэтага ўсё ішло. Свабодна перамяшчаліся. Граніцы ўмоўнасцю былі. Таму давайце спынімся. Не трэба ісці далей. Далей бездань з ядзернай вайной. Не трэба да гэтага ісці", - адзначыў Прэзідэнт.