Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Сівака і Міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча
- 9
- 4:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 4 студзеня з дакладам па актуальных пытаннях развіцця будаўнічай галіны Намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Сівака і Міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча.
"Няма будаўніцтва - няма развіцця краіны. Гэта аксіёма, і ўсім зразумела, тым больш вам, хто ўсё жыццё займаўся будаўніцтвам. У мінулым годзе, калі ўзяць будаўнічую галіну (у мяне даныя на канец лістапада, можа, нешта змянілася за снежань), шчыра, радасці не шмат", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле даных, якія прадставілі Кіраўніку дзяржавы, удзельная вага будаўнічай галіны за студзень - лістапад 2021 года ў ВУП складае менш як 5%, тэмп росту аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ - менш як 90%, экспарту паслуг - каля 97%, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў - крыху больш за 100%. "Гэта таксама не ваш паказчык. Гэта значыць праблемы ёсць. Я не гавару, што вы абваліліся (не хапала яшчэ), але ёсць праблемы. Мяне цікавіць, у чым прычыны?" - спытаў Прэзідэнт.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне жыллёвага будаўніцтва. "Мы спрабуем падтрымаць усіх. Што такое падтрымаць? Калі б гэта проста плячо падставіць - гэта адно. Але гэта ж фінансаванне, падтрымка рублём. А ў любой краіне заўсёды дэфіцыт грашовых сродкаў. Гэтак жа і ў нас, у гэтай сітуацыі тым больш. Таму як будзем дзейнічаць у будучым? Зразумела, што ёсць абсалютны прыярытэт - гэта шматдзетныя сем'і, людзі ў пагонах, таму што яны не могуць зарабіць больш, чым мы ім плацім. І яны не маюць права зарабляць на баку. Таму іх трэба ў нейкай ступені падтрымліваць", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія ёсць прапановы па пытаннях падтрымкі насельніцтва ў жыллёвым будаўніцтве. "Перш за ўсё якія катэгорыі трэба падтрымліваць? А недзе, можа, прапанаваць людзям папрацаваць на сваю кватэру", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ідзе работа па зніжэнні колькасці даўгабудаў: "Колькі ў нас даўгабудаў і калі мы наогул пазбавімся гэтых даўгабудаў?"
Асобна ён спыніўся на мерах, што прымаюцца па скарачэнні тэрмінаў і зніжэнні кошту будаўніцтва. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта тэма на асаблівым кантролі, хвалюе яна і саміх грамадзян. "Людзі адзначаюць у любых апытаннях, што будаўніцтва часам непад'ёмнае для насельніцтва. Што мы можам зрабіць для скарачэння не толькі тэрмінаў, але і кошту самога будаўніцтва?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы закрануў і экспарт будаўнічых паслуг. Ён адзначыў, што ў Расіі не хапае кваліфікаваных кадраў у гэтай сферы, і беларускі бок мог бы прапанаваць свае паслугі. "Ці вы саромеецеся туды паехаць, ці там сапраўды ёсць нейкія праблемы. Вы скажыце, мы з Прэзідэнтам Расіі абмяркуем гэтыя пытанні і, думаю, зрушым з мёртвай кропкі. Але, напэўна, ёсць праблемы і з нашага боку", - дадаў Прэзідэнт.
Як далажыў Кіраўніку дзяржавы Руслан Пархамовіч, жыллёвае будаўніцтва - асноўны прыярытэт галіны, як было і заўсёды.
Ён звярнуў увагу, што папярэднія вынікі работы будаўнічай галіны за 2021 год даюць падставу сцвярджаць, што ўсе паказчыкі па жыллёвым будаўніцтве будуць выкананы ў поўным аб'ёме. Чакаецца, што агульны ўвод жылля за мінулы год складзе 4,3 млн кв.м пры даведзеных паказчыках 4 млн кв.м. "Гэта 108% ад даведзенага задання і 104% да ўзроўню мінулага года", - адзначыў Руслан Пархамовіч.