Сустрэча з губернатарам Чэлябінскай вобласці Расіі Аляксеем Тэкслерам
- 13
- 6:56
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня сустрэўся з губернатарам Чэлябінскай вобласці Расіі Аляксеем Тэкслерам.
Прывітаўшы кіраўніка расійскага рэгіёна, Кіраўнік дзяржавы як станоўчы факт двухбаковых адносін адзначыў даволі значны аб'ём тавараабароту - больш як паўмільярда долараў за год. Паводле слоў Прэзідэнта, дасягненню такіх нядрэнных вынікаў, магчыма, пасадзейнічала іх асабістая сустрэча з Аляксеем Тэкслерам (яна адбылася ў 2022 годзе). "Мы набралі нармальныя абароты і зразумелі, што мы можам працаваць адзін з адным і гандляваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта добра. Але ёсць недахопы".
Напрыклад, ёсць некаторае адставанне па аб'ёме закупак БЕЛАЗаў (у параўнанні з мінулымі перыядамі). Гэта агульная тэндэнцыя, заўважыў Прэзідэнт, паколькі грошы ў Расіі сталі дарагімі - стаўкі па крэдытах і ключавая стаўка Цэнтрабанка застаюцца даволі высокімі. "Гэта агульная тэндэнцыя, думаю, мы яе пераадолеем", - сказаў беларускі лідар, дадаўшы, што раней Беларусь паставіла ў Чэлябінскую вобласць даволі шмат гэтай тэхнікі, яна мае патрэбу ў рэгулярным абнаўленні.
"Ёсць над чым працаваць. Хачу запэўніць у тым, што наш Урад, усе мы будзем над гэтым працаваць і расшываць вузкія месцы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя росту тавараабароту, не менш важна наладжваць гуманітарнае супрацоўніцтва, міжасобаснае ўзаемадзеянне, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Каб людзі ўзаемадзейнічалі - вашы людзі прыязджалі да нас, нашы - да вас. Хоць вашы-нашы - тут граніц у нас няма. Мы не дзелім. Мы адзінае цэлае. Наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока так і застаецца, хоць узніклі (вы разумееце, не па нашай віне) дзве дзяржавы. Але мы знаходзім агульныя падыходы, мы супрацоўнічаем. Супрацоўнічаем нядрэнна, - сказаў Прэзідэнт. - І апошняя сустрэча з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным (вы, напэўна, у курсе) былі вельмі плённай і вельмі карыснай (лідары дзвюх краін сустракаліся на Валааме 1 жніўня бягучага года. - Заўвага). Абмяркоўваючы некаторыя праблемы, мы глядзелі перш за ўсё на перспектыву нашых адносін".
Такая перспектыва, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бачыцца перш за ўсё ў прамысловай кааперацыі. Цяпер Беларусь і расійскі рэгіён узаемна пастаўляюць камплектуючыя і шырокую лінейку прамысловых тавараў. Адзін з напрамкаў - экспарт беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. "Мы павінны падумаць і аб кааперацыі такой тэхнікі. Чэлябінская вобласць вельмі прагрэсіўная, мы можам лакалізаваць вельмі многія кампетэнцыі і ў частцы нашай тэхнікі. І з задавальненнем будзем працаваць не толькі на чэлябінцаў, але і на блізкія рэгіёны Расійскай Федэрацыі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна Прэзідэнт вылучыў супрацоўніцтва ў галіне станкабудавання. "Мы сёе-тое зрабілі разам з вамі для развіцця гэтай галіны. Мы, напэўна, зможам распрацаваць нейкі план нашых сумесных дзеянняў, так званую дарожную карту на перспектыву", - лічыць ён.
Размова ішла таксама аб узаемадзеянні ў сферы аграпрамысловага комплексу. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, як ні дзіўна, улічваючы кліматычныя ўмовы ў Чэлябінскай вобласці, але сельская гаспадарка там дастаткова добра развіта. "У нас таксама ёсць адпаведныя школы, спецыялісты, кампетэнцыі, якія мы можам перадаваць нашым чэлябінскім сябрам і ўзаемна атрымліваць тое, чаго няма ў нас", - прапанаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што абазначыў толькі агульныя напрамкі для актывізацыі супрацоўніцтва, не дэталізуючы. А ў кожным з іх можа быць мноства галіновых падпраграм і праектаў. "Гэта аснова асноў. Мы зможам гэтыя паўмільярда (долараў узаемнага тавараабароту. - Заўвага) пераадолець, і як мінімум у бліжэйшы час, за пяцігодку, калі такімі тэмпамі, то падыдзем мы да мільярда. Вельмі хацелася б. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены, паколькі з Чэлябінскай вобласці мы атрымліваем вялікую колькасць матэрыялу, асабліва металу, і іншыя карысныя для нас рэчы. Мы гатовы ў гэтым напрамку рухацца і супрацоўнічаць з вамі. Ведайце, што тут, у Беларусі, на крайнім захадзе Айчыны, у вас добрыя надзейныя сябры", - запэўніў Прэзідэнт.
Аляксей Тэкслер падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць асабістай сустрэчы і сардэчны прыём дэлегацыі Чэлябінскай вобласці. Губернатар адзначыў, што сустракаўся з беларускім лідарам у 2022 годзе, і гэта сустрэча надала імпульс супрацоўніцтву Беларусі і Чэлябінскай вобласці.
"Сёння наладжаны прамы дыялог як паміж органамі ўлады, так і паміж бізнесам. Дзякуй вам і вашым калегам за стварэнне беспрэцэдэнтных умоў і ўзроўню ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках, - падкрэсліў Аляксей Тэкслер. - Па вашым даручэнні ў 2023 годзе Чэлябінскую вобласць наведаў прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь з членамі Урада, губернатарамі абласцей. Мы пастаянна ў кантакце".
Губернатар звярнуў увагу, што ў рамках традыцыйных рабочых груп вядзецца актыўнае ўзаемадзеянне, у тым ліку ў міжрэгіянальным фармаце. "Наш дарагі партнёр - Гомельская вобласць. Дзякуй, што замацавалі (гэты рэгіён Беларусі. - Заўвага) за намі. У маі мы прынялі вялікую дэлегацыю ў сябе ў рэгіёне. А ў гэтыя суботу і нядзелю я са сваёй камандай пабываў на Гомельшчыне. Цудоўны край, цудоўныя людзі", - дадаў ён.
Паводле слоў Аляксея Тэкслера, Гомельская і Чэлябінская вобласці вызначылі шмат перспектыўных напрамкаў, у тым ліку абсалютна новых. Дзелавая дэлегацыя з расійскага рэгіёна толькі ў Гомельскай вобласці правяла 130 сустрэч з бізнесам. У сувязі з гэтым губернатар Чэлябінскай вобласці таксама выказаў удзячнасць старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко, які дапамагае развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.


