Даклад Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова
- 4
- 3:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня прыняў з дакладам Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў у якасці асноўнай тэмы стан беларуска-амерыканскіх адносін, якімі даручана займацца Валянціну Рыбакову.
"Арганізацыя Аб'яднаных Нацый - магутная арганізацыя, і, вядома, наш інтарэс там прысутнічае. Але не буду ўтойваць, мяне больш цікавяць цяпер беларуска-амерыканскія адносіны, - сказаў Прэзідэнт. - Існуючая абстаноўка ў нашых адносінах і асабліва дынаміка і перспектывы - нядрэнныя".
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Валянціна Рыбакова, адзначыў: "На тваю галаву выпаў і гонар, і вялікая работа па наладжванні адносін паміж ЗША і Беларуссю. У цесным кантакце працуеш з Джонам Коўлам (спецпасланнікам ЗША, які з'яўляецца перагаворшчыкам з амерыканскага боку на беларускім трэку. - Заўвага). Я давяраю гэтаму чалавеку. Перадай яму самыя добрыя пажаданні і яго цудоўнай жонцы. Я часта думаю, як ён з ёю жыве? Яна такая жорсткая ў яго жанчына. Ну і ён, вядома, напэўна, не падарунак. Не так у яго ўсё бывае дома, як на перагаворах і размовах са мной".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што раней на перагаворах з прадстаўнікамі ЗША выразна і адназначна растлумачыў амерыканскаму боку пазіцыю Беларусі: што магчыма і на што краіна не пойдзе. "Я растлумачыў аб нашых адносінах перш за ўсё з нашай Расіяй, з КНР, ды і з Іранам. Шмат мы закраналі тэм, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ніколі не хітравалі і ў дыпламатычныя тэрміны не хавалі сваю пазіцыю. Ад гэтага сёння і выйграём. Яны выдатна разумеюць, у тым ліку спадар Коўл, што мы можам, а што не".
"Мы гэтага курсу будзем прытрымлівацца далей. Такой прыстойнасці, адкрытасці і нашай адкрытай пазіцыі", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы спытаў Валянціна Рыбакова аб яго ўражаннях ад кантактаў з прадстаўнікамі ЗША і магчымых прапановах аб тым, як дзейнічаць далей. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ўважліва, да коскі, чытае ўсе дакументы, якія паступаюць ад Валянціна Рыбакова, і ў яго склаліся пэўныя ўражанні і думкі адносна ЗША, іх пажаданняў.
"І справа тут не ў радках, у тым, што ты пішаш, а справа ў духу таго, як мысліць кіраўніцтва ЗША, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўмею чытаць паміж радкоў. Таму калі нават Джон спрабуе нешта прыхарашыць, гэтага рабіць не трэба. Я вопытны чалавек і ведаю, як гэта на самай справе".
У ходзе даклада закраналася таксама тэматыка ўзаемадзеяння Беларусі і ААН. "Можа, цяперашняму Генеральнаму сакратару, з якім у мяне дружалюбныя адносіны, наша дапамога і падтрымка патрэбна будзе. Мы абавязкова павінны яму гэту падтрымку аказаць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.


