Даклад аб задуме сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі

  • 11
  • 4:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня заслухаў даклад аб задуме сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паводле апошніх даных, у Польшчы і Прыбалтыцы ля беларускіх граніц сканцэнтравана больш за 30 тыс. ваеннаслужачых, тэхніка і ўзбраенне. "Больш таго, Варшава звярнулася да кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага блока (які цяпер у перагаворах целяпаецца з Расіяй, хочуць, сапраўды, Расія мае рацыю, - завалакіціць, замяць усе гэтыя перагаворы, ідэі і паднесці як быццам нічога не адбываецца, а мы бачым, што адбываецца) з просьбай разгарнуць у гэтым рэгіёне шматэшаланіраваную сістэму тылавога і тэхнічнага забеспячэння. Як людзі ваенныя мы адразу задаём пытанне: навошта?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, вывад можа быць толькі адзін - рыхтуюцца да нечага сур'ёзнага, прынамсі, працяглага.

"На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі на ратацыйнай аснове знаходзіцца ад 8 да 10 тысяч ваеннаслужачых Злучаных Штатаў Амерыкі. Амерыканцам жа тут што рабіць? Чаго нас, Расію папракаць, што мы нейкія там манеўры праводзім, вучэнні і гэтак далей, калі вы за край свету сюды прыперліся? Што вы тут рабіць будзеце? Асобныя "гарачыя галовы" ўжо адкрыта заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што насцярожвае абстаноўка і на паўднёвых рубяжах: з боку Украіны ідзе нарошчванне ваеннага кантынгенту. "Украіна прадаўжае нарошчваць сілы, канцэнтруючы падраздзяленні нацыянальнай гвардыі з "нацыяналістаў-радыкалаў". Гэта яшчэ мацней, чым натаўскія ваеннаслужачыя. І гэта ўсё ў непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай граніцы нашай краіны. Зноў жа, пад выглядам таго, што будуць змагацца з мігрантамі. Ды мігранты туды нават у страшным сне не трапяць. Яны туды не ідуць і не збіраюцца ва Украіну ісці, мы гэта добра разумеем. З Украіны свае людзі бягуць, а яны будуць "абараняцца ад мігрантаў з Беларусі", - сыранізаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ва Украіне каля беларускіх граніц праводзіцца спецаперацыя "Палессе", у прыгранічча выведзена да 10 тыс. ваеннаслужачых. "Гэта значыць дынаміка такая, што ідзе нарошчванне ваеннага кантынгенту на паўднёвых граніцах нашай краіны", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Як вы ведаеце, у гэтай няпростай абстаноўцы мы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі яшчэ ў снежні мінулага года дамовіліся сумесна правесці пазапланавыя канкрэтныя мерапрыемствы на заходніх рубяжах Саюзнай дзяржавы і на паўднёвым флангу Беларусі - гэта таксама граніца Саюзнай дзяржавы. Сёння мы бачым, што нам трэба ў гэтым заходнім і паўднёвым рэгіёне, "беларускім балконе", правесці салідныя вучэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вучэнні не павінны стаць выключна беларускімі: "Гэта павінны быць нармальныя вучэнні па адпрацоўцы пэўнай задумы ў процістаянні з гэтымі сіламі: захаду (Прыбалтыка і Польшча) і поўдня (Украіна)".

Міністры абароны Беларусі і Расіі прапрацавалі задуму сумеснага вучэння ўзброеных сіл. Пачнуцца манеўры ў лютым.

Як далажыў кіраўнік беларускага абароннага ведамства Віктар Хрэнін, усе пытанні з расійскім бокам абгавораны, дакладная дата яшчэ вызначаецца.

"Мы вучэнні планавалі пачаць у лютым. Дакладную дату вызначайце, паведамляйце, каб нас не папракалі, што мы тут з бухты-барахты нейкія войскі сцягнулі, ледзь не ваяваць збіраемся", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках праведзенага ў Палацы Незалежнасці даклада Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў задуму сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.