Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу
- 21
- 14:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўшаноўванне выпускнікоў ваенных ВНУ і афіцэраў, якім прысвоены генеральскія званні, традыцыйна праходзіць у пачатку ліпеня і арганічна спалучаецца са святкаваннем Дня Незалежнасці Беларусі. "Гэта сувязь вельмі сімвалічна", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Па-сапраўднаму суверэннай можа быць толькі тая краіна (асабліва цяпер), якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу і дзяржаве армію, што мае ў сваім складзе сапраўдных прафесіяналаў у пагонах", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь на працягу многіх гадоў будавала, развівала і ўмацоўвала Узброеныя Сілы - галоўны гарант незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.
"Сур'ёзным фактарам стратэгічнага стрымлівання, здольным астудзіць самыя гарачыя галовы, стала размяшчэнне ў Беларусі рухомага ракетнага комплексу "Арэшнік" і тактычнай ядзернай зброі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта зброя ў значнай меры павышае ўзровень нашай абароны".
"Мы не бравіруем гэтымі пытаннямі. Не ўзнімаем іх для таго, каб некага напалохаць. Але вы павінны разумець, што гэта зброя - не хлам, які звезлі ў Беларусь. Вы лепш за мяне разумееце, для чаго прызначана тая ці іншая зброя. І тыя, у каго гарачыя галовы, павінны астудзіць іх (свае галовы. - Заўвага)", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт не бачыць падстаў спачываць на лаўрах. Наадварот, наперадзе велізарны фронт работы, і гэта стала відавочным па выніках нядаўняй праверкі боегатоўнасці войскаў.
"Перакананы, вы разумееце гэта не горш за мяне. У кожнага з вас, асабліва ў тых, хто атрымаў званне генерала, за плячамі вялікі багаж ведаў і вопыт, якія сёння вельмі патрэбны нашай краіне. Усім выпускнікам ужо заўтра давядзецца ўзначаліць воінскія калектывы і заняцца ўдасканаленнем форм і спосабаў падтрымання, прымянення воінскіх падраздзяленняў па прызначэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам мерапрыемства.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што галоўным ачагом напружанасці ў рэгіёне застаецца канфлікт ва Украіне. "Партыя вайны" ўсімі сіламі імкнецца да зацягвання гэтага ўзброенага процістаяння, міжнародная "партыя вайны", - адзначыў беларускі лідар.
"Крывадушна дэкларуючы прыхільнасць да міру, Еўрапейскі саюз адкрыта ўзяў курс на мілітарызацыю (а гэта фактычна - НАТА). Мільярды трацяцца на закупку ўдарна-наступальных узбраенняў. Пры гэтым нагнятаецца абсурдная істэрыя вакол выдуманай "пагрозы з усходу", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на гібрыдную вайну супраць Беларусі, якая прадаўжаецца і ў якой выкарыстоўваюцца эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг, актыўны шпіянаж і правакацыі на паўднёвых межах краіны.
"Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасць і незалежнасць. Наш саюз з Расіяй і прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Яшчэ раз падкрэсліваю, паважаныя таварышы, ніхто вас у гэту бойню пасылаць не будзе. Вайна нам не патрэбна, гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне. Мы прыхільнікі мірнага вырашэння пытанняў. Але, як я сказаў, міжнародная "партыя вайны" гэтага не хоча", - дадаў ён.
"Зразумела, што нашчадкаў Трэцяга рэйха раздзіраюць фантомныя болі ад былых ваенных няўдач іх дзядоў і прадзедаў. Не дае спакою прага рэваншу", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што беларусы добра засвоілі ўрокі гісторыі: "Беларускі народ перажыў неймаверныя выпрабаванні ў гады фашысцкай акупацыі і на генетычным узроўні не прымае вайны".
"Мы мірныя людзі, ваяваць не хочам, але і перад ворагам галовы схіляць не маем намеру", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У ходзе цырымоніі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу.
Пагоны генерал-маёра ўручаны палкоўнікам Аляксандру Агейчыку і Дзмітрыю Собалю, генерал-маёра юстыцыі - палкоўніку юстыцыі Максіму Спрынцыну.
Пагоны дзяржаўнага саветніка мытнай службы ІІІ рангу ўручаны начальніку Віцебскай мытні Сяргею Лінкевічу, дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа - пракурору Гомельскай вобласці Алегу Аўдзею.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі выпускнікам, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе.
Звяртаючыся да генералаў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы тыя, каго ў народзе ўспрымаюць па-асабліваму. У нашай краіне высокае воінскае званне такога ўзроўню атрымаць няпроста. Гэта не толькі пашана і павага, але і найвышэйшая адказнасць і патрабаванне за справу. Памятайце, народ даверыў нам самае дарагое, што ў яго ёсць, - сваю мірную сучаснасць і будучыню. Людзі разлічваюць на нас. На нашы энергію і ініцыятыву, адказнасць, прафесіяналізм, стойкасць і мужнасць".
"Так, у нас не велізарная армія. Але ваююць (вы ведаеце лепш за мяне) не колькасцю, а ўменнем. І той, хто ўмее, той перамагае. Таму армія наша павінна ваяваць умеючы, пераадольваючы ўсялякія цяжкасці. Што трэба зрабіць (для гэтага. - Заўвага) - сказана, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І самае галоўнае: ёсць афіцэр - ёсць армія. Няма афіцэра - арміі не будзе".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самай магутнай і дзейснай становіцца тая армія, якая ваюе. Аднак для Беларусі такі спосаб удасканалення ўзброеных сіл непрымальны.
"У нас адна краіна ў свеце, якая пастаянна ваюе, - гэта ЗША. Нам гэта не трэба, нам гэта не падыходзіць. Таму давайце выкарыстоўваць той вопыт, які ёсць. Гэта датычыцца перш за ўсё вас - афіцэраў і генералаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Час няпросты. Мы - мужыкі. І мы павінны абараніць не толькі сваю краіну - сваю сям'ю, сваіх людзей, блізкіх. Яны на нас глядзяць, і мы павінны зрабіць усё, каб яны не памыліліся і каб народ нас не папракнуў, што ён дарма нас корміць", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ад усёй душы павіншаваў прысутных з паспяховым заканчэннем вучобы ў ваенных ВНУ і прысваеннем генеральскіх званняў, а таксама пажадаў ім поспехаў у жыцці, забеспячэння сапраўднага асабістага тылу.


