Сустрэча з Прэзідэнтам Балівіі Эва Маралесам

  • 14
  • 4:22

Беларусь надае вялікае значэнне пашырэнню адносін з Балівіяй і гатова да актыўных крокаў для таго, каб двухбаковае супрацоўніцтва ў самыя кароткія тэрміны магло выйсці на якасна новы ўзровень. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Шматнацыянальнай Дзяржавы Балівія Эва Маралесам.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі на цяперашнім этапе знаходзіцца далёка не на тым узроўні, на якім павінна знаходзіцца, і не адпавядае патэнцыялу дзяржаў. Беларускі лідар падкрэсліў, што ў Беларусі і Балівіі няма абсалютна ніякіх перашкод для пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у супрацоўніцтве з Балівіяй выкарыстоўваць вопыт узаемадзеяння з Венесуэлай. "Хачу, каб вы ведалі, што закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве з Балівіяй няма. У нас ёсць вопыт развіцця адносін на прыкладзе Венесуэлы, мы можам паўтарыць гэты вопыт, зрабіць тое ж самае, што робім у Венесуэле", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў развіццё адносін з Балівіяй пачаць з рэалізацыі некалькіх маштабных праектаў. "Трэба пачынаць з чагосьці значнага. Мы вызначымся па 3-4 фундаментальных праектах, вакол якіх будзе складвацца наша супрацоўніцтва. Нам у прамым сэнсе трэба вызначыцца з той дарогай, па якой мы павінны прыйсці ў вашу краіну", - адзначыў ён.

"Сёння пачатак новага этапу супрацоўніцтва Беларусі і Балівіі. Вы жаданы госць, вас добра ведаюць у нашай краіне", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Прэзідэнта Балівіі.

У сваю чаргу Эва Маралес прапанаваў узмацніць прысутнасць Беларусі ў Лацінскай Амерыцы за кошт актыўнага развіцця беларуска-балівійскага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што Беларусь і Балівія толькі пачынаюць развіццё двухбаковых адносін. "Хацеў бы ўспомніць пры гэтым і Кубу, і Венесуэлу, і нашага сябра Уга Чавеса, які дапамог нам пачаць гэтыя адносіны. Мы ўшануем памяць Уга Чавеса тым, што прадоўжым развіваць нашы адносіны", - лічыць прэзідэнт Балівіі.

"Наш таварыш Уга Чавес быў не проста правадыром нашых адносін, ён з'яўляўся пратакольным прадстаўніком вашай краіны перад усімі народамі Лацінскай Амерыкі. Мы хацелі б прадаўжаць тое, што ён пачаў. Тая мадэль, якая была пабудавана ў адносінах з Венесуэлай, будзе служыць прыкладам для развіцця адносін не толькі з Балівіяй, але і з усёй Лацінскай Амерыкай", - падкрэсліў Эва Маралес.

Ён звярнуў увагу на тое, што акрамя гандлёвых адносін для Балівіі не менш важны ўзровень кантактаў у сферы дыпламатыі. "Мяне вельмі радуе, калі вы гаворыце, што гэта сустрэча з адкрытым парадкам дня, і мы можам абмеркаваць усе пытанні прысутнасці Беларусі не толькі ў Балівіі, але і ва ўсёй Лацінскай Амерыцы па прыкладу супрацоўніцтва з Венесуэлай", - сказаў Эва Маралес.

Ён таксама адзначыў паспяховыя сацыяльныя пераўтварэнні і палітыку, праводзімую ў Беларусі на карысць народа.

У выніку перагавораў прэзідэнты прынялі рашэнне аб стварэнні беларуска-балівійскай сумеснай камісіі па супрацоўніцтву. З беларускага боку камісію ўзначаліць кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман, з балівійскага - кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. У склад камісіі будзе ўваходзіць таксама віцэ-прэзідэнт Балівіі.

У бліжэйшы час камісія збярэцца ў Мінску, каб бліжэй азнаёміцца з магчымасцямі Беларусі, а потым правядзе пасяджэнне ў сталіцы Балівіі. Пасля гэтага на разгляд прэзідэнтаў дзвюх краін будуць прадстаўлены канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва.

У рамках гэтай камісіі будуць абмяркоўвацца як тэмы ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы, горназдабыўной галіне, так і іншыя, якія будуць цікавіць абодва бакі.

"Мы надаём вялікае значэнне пашырэнню адносін з Балівіяй і хацелі б зрабіць так, каб наша супрацоўніцтва ў самыя кароткія тэрміны могло выйсці на належны ўзровень", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх краін ёсць аснова для ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. "Вы маеце тыя тавары, магчымасці, якія цікавяць нас, у той жа час мы вырабляем тое, што цікавіць вас. Нашы эканомікі не канкурыруючыя, яны дапаўняюць адна адну, і на гэтым шляху мы можам значна пашырыць наша супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнты дамовіліся развіваць супрацоўніцтва паміж краінамі ў галіне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, паставак беларускай сельгастэхнікі ў Балівію, а таксама ў сферы геолагаразведкі і здабычы карысных выкапняў у Балівіі. Беларускі бок гатовы вучыць балівійцаў, у тым ліку па спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю, паколькі, паводле слоў беларускага лідара, гэта сфера вельмі развіта ў Беларусі. Акрамя таго, бакі надаюць асаблівае значэнне супрацоўніцтву ў ваенна-тэхнічнай сферы, галіне культуры.

Кіраўнікі дзяржаў канстатавалі, што на цяперашнім этапе існуючы ўзровень гандлёва-эканамічных адносін не адпавядае патэнцыялу дзвюх краін. "Таму нас чакае вялікая сумесная работа па вызначэнню напрамкаў супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Эва Маралеса ў тым, што беларускі бок гатовы перанесці той вопыт, які мае, на балівійскую зямлю.

"У складаным неспакойным свеце, які зведвае фінансава-эканамічны крызіс, узрушэнні знешнімі пагрозамі і палітычнымі інтрыгамі, як ніколі важна, каб побач былі дружалюбныя краіны, зацікаўленыя ў канструктыўным супрацоўніцтве. Зыходзячы з гэтай формулы мы будзем выбудоўваць нашы адносіны", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі з вялікай сімпатыяй адносяцца да балівійскага народа і ўважліва сочаць за пераўтварэннямі, якія адбываюцца ў краіне, ростам яе аўтарытэту ў лацінаамерыканскім рэгіёне і на міжнароднай арэне ў цэлым.

"Мы расцэньваем гэты афіцыйны візіт Прэзідэнта Балівіі як імкненне да паглыблення адносін паміж дзвюма краінамі і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах", - сказаў беларускі лідар.

Эва Маралес заявіў, што адным з першых крокаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва стане акрэдытацыя ў Беларусі па сумяшчальніцтву пасла Балівіі ў Расіі.

"Я вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў вашу рашучасць і настроенасць на інтэнсіфікацыю нашага супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт Балівіі.

Ён адзначыў, што для Балівіі вельмі важна тэма сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання, і асобна падзякаваў беларускаму боку за прапанову арганізаваць у ВНУ Беларусі вучобу балівійскіх грамадзян па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях.

Эва Маралес таксама запрасіў Прэзідэнта Беларусі зрабіць візіт у адказ у Балівію.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных, службовых і афіцыйных пашпартоў. Подпісы пад абодвума дакументамі паставілі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Балівіі.