Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Казахстана Серыкам Ахметавым

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе пашырыць удзел Беларусі ў індустрыялізацыі эканомікі Казахстана. Аб гэтым ён заявіў 25 красавіка на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Казахстана Серыкам Ахметавым.

"Што датычыцца Казахстана, мы з вамі і з Расіяй ужо стварылі, я спадзяюся, вельмі перспектыўную арганізацыю, якая дапаможа і дзяржавам, і людзям, што жывуць у гэтых краінах. Я абсалютна згодны з Нурсултанам Назарбаевым, што ні ў якім выпадку нельга палітызаваць працэсы ў гэтай арганізацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ды мы і не спяшаемся, спакойна вырашаем тыя праблемы, якія сёння ёсць. Калі мы іх вырашым, тады, сапраўды, не выстаўляючы нейкія агароджы, можам рухацца далей, асвойваючы новыя працэсы і вырашаючы новыя праблемы, якія будуць узнікаць".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што АЭП у яе цяперашнім выглядзе ўжо дае вынікі, у тым ліку ў плане павелічэння аб'ёмаў двухбаковага супрацоўніцтва. Так, па выніках 2012 года тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў амаль $1 млрд. "Мы калісьці марылі аб гэтым, а сёння ён ужо ёсць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Лічу, што беларусам трэба больш актыўна працаваць у сферы індустрыялізацыі казахстанскай эканомікі. Гэта для нас выгадна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Казахстан таксама зацікаўлены ў такім супрацоўніцтве і заўсёды гэтаму садзейнічаў. Акрамя таго, беларускія тавары маюць добрыя суадносіны цаны і якасці. "Калі вам штосьці патрэбна, мы імгненна вырашым гэта пытанне. Для нас Казахстан не чужая краіна, гэта вельмі перспектыўная і багатая краіна, як цяпер, так і ў будучым. Супрацоўніцтва з Казахстанам нашай дзяржаве і народу на карысць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь шукае новыя рынкі збыту тавараў далёка за сваімі межамі, але часам забывае аб тым, што для Беларусі дастаткова рынкаў тут, побач. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на той факт, што эканомікі Беларусі і Казахстана ўзаемадапаўняльныя.

У сваю чаргу Серык Ахметаў сказаў, што на 29 мая ў Казахстане запланавана сустрэча на вышэйшым узроўні ў рамках АЭП, на якой будуць абмеркаваны працэсы інтэграцыі, што інтэнсіўна развіваюцца. Ён згадзіўся з меркаваннем, што спачатку неабходна "пабудаваць першы паверх" у гэтай інтэграцыі, а потым паслядоўна і паступальна рухацца далей.

Што датычыцца двухбаковых адносін, то, паводле слоў Прэм'ер-міністра, існуючы аб'ём тавараабароту ў памеры $1 млрд. далёка не мяжа. "У нас вялікі патэнцыял, і мы павінны ў бліжэйшыя гады павялічыць яго як мінімум у два разы", - лічыць Серык Ахметаў. Пры гэтым ён заўважыў, што тавараабарот у асноўным складаецца з прадукцыі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, апрацоўчых галін. "Таму нам трэба ствараць практычна ва ўсіх галінах эканомікі сумесныя прадпрыемствы і пастаўляць прадукцыю, у тым ліку на рынкі іншых краін", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр Казахстана.