Аляксандр Лукашэнка заслухаў справаздачу Урада і Нацыянальнага банка

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе дасканалай прапрацоўкі асноўных праграмных дакументаў па сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны на 2014 год для забеспячэння неабходнай дынамікі збалансаванага развіцця і павышэння росту якасці і ўзроўню жыцця грамадзян. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 29 лістапада, прымаючы справаздачу Урада і Нацыянальнага банка аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2013 года, ацэнцы вынікаў года і праектаў прагнозу, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год.

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў Урад аб неабходнасці няўхільнага выканання ўсіх раней дадзеных даручэнняў.

"Перш чым мы пачнём разгляд абазначаных у парадку дня нарады пытанняў, хачу папрасіць усіх расслабіцца, таму што па розных прычынах і ў сродках масавай інфармацыі, і ў нашым грамадстве абвастралася сітуацыя, і ў сувязі з гэтым хтосьці, напэўна, сюды прыйшоў як у апошні дзень на барыкады, хтосьці чакае ўзрушэнняў. Павінен сказаць, што рэвалюцыі не будзе. Усе пытанні - і арганізацыйныя, і кадравыя - будуць вырашаны максімум у межах першага квартала наступнага года эвалюцыйна", - сказаў Прэзідэнт.

"Тыя даручэнні, якія мной былі дадзены з вашай, членаў Урада, падачы, падлягаюць няўхільнаму выкананню. З тымі, хто не выконвае, усім зразумела, што будзе", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Урад і Нацбанк "без усялякіх рэляцый, вялікіх дакладаў, гвалту далажыць аб тым, што адбываецца, што будзе на пачатак наступнага года і як мы будзем жыць наступны год". Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што завяршаецца 2013 год і нельга зацягваць прыняцце асноватворных дакументаў развіцця краіны - прагнозу, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год.

"Але перш чым намячаць рубяжы на будучае, нам неабходна вельмі дакладна прааналізаваць рэальную сітуацыю з выкананнем планаў бягучага года. Што ўдалося і што не ўдалося зрабіць. З якой зыходнай базы мы пачнём новы год? За астатні месяц сітуацыя наўрад ці радыкальна зменіцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў невыкананне ў абсалютнай большасці прагнозных паказчыкаў у 2013 годзе.

"Прагнозныя паказчыкі ў абсалютнай большасці не выконваюцца. Але трэба глядзець глыбей. Трэба выкрыць прычыны недапрацовак і тых праблем, якія тармозяць развіццё краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Шчыра кажучы, мяне асабліва трывожыць стыль работы Урада, Нацыянальнага банка і мясцовых органаў улады. Магчыма, іх няўменне даводзіць пачатую справу да канца, пасіўнасць і нерашучасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў пачатку года адбылася прадметная размова на пашыраным пасяджэнні Савета Міністраў аб тым, як будуць вырашацца задачы няпростага бягучага года. "Я тады па-мужчынску папярэджваў, што паўтарэнне сітуацыі папярэдняга года будзе азначаць неадкладную адстаўку Урада. Па-добраму ўгаворваў не лунаць у воблаках, заняцца рэальнымі справамі, напружваючы і прымушаючы працаваць усіх і з поўнай аддачай, дабівацца, каб быў эфект ад гэтай работы", - сказаў Прэзідэнт.

"Быццам бы тады аб усім дамовіліся. Вы ўзялі на сябе абавязацельствы. Унеслі адпаведныя нарматыўна-прававыя акты Кіраўніка дзяржавы, з вашай падачы яны былі зацверджаны да літары, да коскі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што тады папярэджваў Урад аб тым, што тэмп росту ВУП у памеры 108,5% наўрад ці рэальна выканальны. Аднак Урад запэўніваў, што ўсё падлічана. "Фактычна можам сёння разлічваць на 1,5%, і тое яшчэ ці дацягнем да паўтара", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы мяне пераконвалі, што не трэба сёння гнаць аб'ёмы, узамен Урад забяспечыць высокую якасць і збалансаванасць развіцця эканомікі. Я вас пачуў тады і на працягу года нікога не тузаў і не напружваў у частцы аб'ёмных паказчыкаў. Што ў выніку? Як мне дакладваюць - ні таго ні другога", - адзначыў Прэзідэнт.

"Абяцалі збалансаваць знешні гандаль таварамі і паслугамі. На практыцы маем адмоўнае сальда замест дадатнага, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Браліся ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні не больш як 12%. На справе па-ранейшаму трымаем насельніцтва ў напружанні з-за росту цэн. Інфляцыя за 10 месяцаў ужо мае той узровень, які мы планавалі на канец года".

Прэзідэнт нагадаў, што шмат гаварылася аб выкананні планаў мадэрнізацыі эканомікі. "Вы ўзялі абавязацельствы па году атрымаць аб'ём выручкі на занятага ў эканоміцы не менш як $48 тыс., а ў перспектыве да 2015 года - $60 тыс., - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ж, паводле самых аптымістычных ацэнак, аб'ём выручкі на занятага ў эканоміцы ў 2013 годзе можа скласці толькі $43 тыс. Гэта відавочнае невыкананне вашых установак".

"Паколькі аб мадэрнізацыі гавораць шмат, і асабліва так званае наша жуллё, палітычныя апаненты, хачу адзначыць наступнае: ніякіх $50 тыс., тым больш $60 тыс. на брата мы не атрымаем без мадэрнізацыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - На старым хламе, старым абсталяванні, у захламленых вытворчых памяшканнях, з хламам у галаве ў работнікаў не бывае рэалізацыі і даходаў. Патрэбны новыя прарыўныя тэхналогіі і патрэбна мадэрнізаваная эканоміка, каб атрымаць тавар і яго прадаць на патрабавальных сёння міжнародных рынках". "Мы да гэтага даўно прыйшлі, яшчэ тры пяцігодкі таму, але тады мы да гэтага былі не гатовы. Тады мы шмат звярталі ўвагі на вёску і правільна зрабілі. Той, хто тады не заняўся сельскай гаспадаркай на постсавецкай прасторы і краінах так званага сацыялістычнага лагера, сёння жывуць бедна і збіраюць крошкі з панскага стала багатых еўрасаюзаўскіх дзяржаў", - дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мадэрнізацыя, а прасцей кажучы, удасканаленне вытворчасці, і арганізацыйна, і кадрава, і асабліва тэхнічна і тэхналагічна - гэта пытанне выжывальнасці дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што не выконваюцца прагнозныя паказчыкі і па іншых напрамках. "Не выконваюцца як узятыя на сябе абавязацельствы, так і прамыя даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Прычым такая тэндэнцыя прасочваецца на працягу ўсяго тэрміну работы Урада ў цяперашнім складзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па пытаннях скарачэння запасаў была праведзена мэтавая нарада. Тады за вышэйшымі службовымі асобамі, членамі Урада замацавалі прадпрыемствы, дзе ёсць найбольшыя аб'ёмы астаткаў нерэалізаванай прадукцыі, каб практычна ў ручным рэжыме рашуча ўстараніць існуючыя перашкоды і дабіцца разгрузкі складоў, і, самае галоўнае, - атрымаць грошы на рахункі прадпрыемстваў.

"Вядома, некаторыя зрухі ёсць, але не такія, як абяцалі, у тым ліку і ў час майго наведвання ААТ "Мотавела". Ва ўмовах, калі не гналіся за аб'ёмамі вытворчасці, можна было разлічваць на значна большае зніжэнне ўзроўню запасаў", - лічыць Прэзідэнт.

"Аднак дзесьці замест рэальнай справы заняліся адкрытым увядзеннем у зман - перавалкай прадукцыі са сваёй тэрыторыі на склады так званых дылераў, за межы Беларусі. Карысці ад гэтага ніякай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што Камітэт дзяржаўнага кантролю і Камітэт дзяржбяспекі правераць такія "поспехі". "І, паверце, за адкрытае жульніцтва людзі адкажуць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Падман прыносіць толькі шкоду і прадпрыемствам, і краіне!"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што практычна правалена работа па выкананню яго даручэнняў, якія датычацца развіцця цэлых сектараў беларускай эканомікі.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў ільняную галіну. Паводле яго слоў, з 2011 года цяперашняму складу Урада наконт гэтага дадзена 76 даручэнняў. Выкананымі можна лічыць, ды і тое з нацяжкай, менш як палавіну з іх. Асноўныя патрабаванні, што датычацца эфектыўнасці работы льняной галіны, не рэалізаваны. Тэмпы яе мадэрнізацыі недапушчальна нізкія. "Дайшло да таго, што я быў вымушаны адмяніць запланаванае наведванне Аршанскага льнокамбіната. Мяне пераконвалі, што там да 31 кастрычніка будзе ўведзена новае высокапрадукцыйнае тэхналагічнае абсталяванне. Але графікі былі сарваны, і паказаць абяцаныя вынікі мадэрнізацыі там не змаглі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да першага намесніка Прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі і Віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ва ўсіх на слыху сітуацыя са зрывам работ па мадэрнізацыі базавых арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці. "Што парадаксальна, пакуль сам не ўмяшаўся, ні Урад, ні губернатары не ўдзялялі неабходнай увагі пытанням развіцця гэтых прадпрыемстваў. Вынікі такога ўмяшання ў наяўнасці. І гэта яшчэ не канец", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць неапраўданая павольнасць і валакіта з боку Урада і Віцебскага аблвыканкама ў вырашэнні праблем гарбарнай і абутковай прамысловасці ў краіне.

"Спецыяльную нараду наконт гэтага правялі ў лістападзе 2012 года. Планы рысаваліся радасныя. Абяцалі стварыць у Віцебскай вобласці 2 холдынгі, нарасціць вытворчасць абутку да 12 млн. пар, - сказаў Прэзідэнт. - На справе толькі праз год змаглі сфармуляваць эканамічна прымальны варыянт, але пры больш сціплых параметрах выпуску абутку і рэнтабельнасці вытворчасці. Пры такой "паваротлівасці" не ўпэўнены, што нават гэтыя планы не застануцца толькі на паперы". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не вельмі адрозніваецца і сітуацыя з планамі Урада па мадэрнізацыі ААТ "Камволь".

Вялікія надзеі ўскладаюцца на сельскагаспадарчую галіну, якая ў апошнія гады становіцца важнай крыніцай валютных паступленняў і нарошчвання экспартнага патэнцыялу краіны. "Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым расце. У бягучым годзе знешнія пастаўкі дасягнуць $6 млрд. У 2015 годзе паступленні ад экспарту павінны скласці $7 млрд. Але мяне непакоіць, што змяншаюцца аб'ёмы вытворчасці малака і рэалізацыі малочнай прадукцыі. Патрабаванне за спад таварнасці малака будзе з губернатараў. Сельская гаспадарка - гэта іх сфера адказнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама папярэдзіў губернатараў і мэра Мінска аб недапушчальнасці ўзнікнення праблем з наяўнасцю малочнай прадукцыі на прылаўках беларускіх магазінаў. "Я ўсё больш чую аб тым, што ў Мінску або яшчэ дзесьці не то вечарам, не то ноччу малака не хапае", - заўважыў беларускі лідар.

Асобныя нараканні датычацца рэалізацыі зацверджаных планаў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Так, аблвыканкамы прынялі на сябе абавязацельства да кастрычніка 2013 года завяршыць рэканструкцыю 1208 малочнатаварных ферм. Аднак нават па выніках года чакаецца завяршэнне рэканструкцыі толькі 940 з іх. "У рэгіянальным разрэзе сітуацыя неадназначная. Калі ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях заданне выконваецца, у Брэсцкай - амаль выканана, то ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях яно выканана не будзе. Прычым у Магілёўскай - напалавіну, а ў Віцебскай - амаль на 80%, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я ж помню палкія абяцанні магілёўскага і віцебскага губернатараў. А магілёўскі вынайшаў нейкую новую тэхналогію (і ніхто не перашкаджаў яе рэалізаваць) - не тое клееныя, не тое драўляныя канструкцыі".

"Вашы адгаворкі і апраўданні ўжо нагналі аскому. Маўляў, не хапае сродкаў. Дык шукайце рэсурсы, а не займайцеся балбатнёй! Гэта была ваша зона адказнасці. Я гаварыў, што гэта лакмусавая паперка праверкі здольнасцей губернатараў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, Прэзідэнт заўважыў, што многія памяшканні на фермах не ўкамплектаваны жывёламі. Калі б сітуацыя была іншай, то гэта дало б магчымасць значна нарасціць аб'ём вытворчасці малочнай прадукцыі, якая карыстаецца высокім попытам на знешніх рынках. "Попыт шалёны ў Расіі, Казахстане. Вельмі высокая цана, толькі прадавай. У наступным годзе, а магчыма, яшчэ і ў 2015-м будзе тое ж самае", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў час яго рабочых паездак па рэгіёнах часта даводзіцца назіраць невыкананне абавязацельстваў з боку рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады. "Паўсюднае галавацяпства, расхлябанасць, няўменне арганізаваць работу. Не хапае элементарнай стараннасці і дзелавітасці", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўны крытэрый дзелавітасці кадраў: паабяцаў - выканай! Гэты прынцып асабліва актуальны ў цяперашніх умовах, калі нам жыццёва неабходна не дапускаць правалаў, забяспечваць збалансаванае развіццё і дакладна выконваць намечанае, навучыцца выкарыстоўваць кожную магчымасць, якую нам прадастаўляюць і ўнутраны, і знешні рынак. Сёння не тая сітуацыя, калі разварушэнне і пралікі дапушчальныя", - заявіў Прэзідэнт.

"Раю вам менш за ўсё спасылацца на тое, што ёсць праблемы ў вашых традыцыйных пакупнікоў, напрыклад Расіі. Акрамя Расіі, у свеце ёсць яшчэ дзве сотні дзяржаў. Вы лепш раскажыце, як працавалі ў гэтых дзяржавах, якія сёння даюць добры прырост", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на той факт, што нягледзячы на крызісныя з'явы ў асобных рэгіёнах і краінах у цэлым сусветны ВУП стабільна расце, а таму ёсць магчымасці для развіцця экспарту.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, бягучы год быў няпростым з улікам пагаршэння знешнегандлёвай кан'юнктуры. "У наступным годзе сітуацыя наўрад ці зменіцца да лепшага. Гэта запатрабуе ад усіх нас працаваць з падвоенай энергіяй, ініцыятыўна і напорыста", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў дакладзе Урада перш за ўсё хацеў бы пачуць, ці зможа ён у цяперашнім складзе выконваць функцыі эканамічнага штаба краіны. "Калі так, то якія першачарговыя меры будуць прыняты для забеспячэння неабходнай дынамікі збалансаванага развіцця і выхаду на траекторыю максімальнага набліжэння да выканання заданняў пяцігадовай праграмы або хаця б выканання таго, што намецілі і разлічылі на 2014 год? Наколькі добра падлічаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на наступны год з пазіцый нашых рэсурсных і тэхналагічных магчымасцей, рэальнасці закладзеных механізмаў дасягнення намечанага? Як праект прагнозу ўвязаны з дзеючымі вытворчымі праграмамі галін, з перспектыўнымі планамі развіцця рэгіёнаў?" - паставіў пытанні Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, наколькі захавана сацыяльная арыентаванасць бюджэту і калі атрымаецца выйсці на дынаміку росту якасці і ўзроўню жыцця грамадзян, вызначаную рашэннямі IV Усебеларускага народнага сходу.

"Павінен сказаць, што мяне вельмі непакоіць некаторая адарванасць цяперашняга праекта прагнозу ад рэальнага жыцця. Здаецца, што толькі сёння прысутныя тут губернатары, міністры, кіраўнікі вядучых валаўтваральных прадпрыемстваў пачынаюць высвятляць, якія задачы ім трэба будзе вырашаць у наступным годзе", - сказаў Прэзідэнт.

"Насцярожвае, што ніхто не напружваецца, не пацее і не спрачаецца вакол прагнозных паказчыкаў. І наогул, гэта нонсэнс. Звычайна да гэтага часу паступала шмат зваротаў з просьбамі і скаргамі. А цяпер - мёртвая цішыня! Няўжо так хутка дамовіліся і маеце адзінае меркаванне наконт гэтага?" - адзначыў беларускі лідар.

Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што на трох пасяджэннях Прэзідыума Савета Міністраў спрабавалі вырашыць, як будзе расці валавы ўнутраны прадукт - на 3,3% або на 5,7%. Прэзідэнт параўнаў сітуацыю і работу Урада з вершам Уладзіміра Маякоўскага "Прозаседавшиеся". "Здаецца, наш Урад якраз у гэтым рэчышчы працуе, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Варожыце на кафейнай гушчы? А з чаго валавы ўнутраны прадукт будзе складацца, хто-небудзь глядзеў? Які ўклад унясуць галіны, рэгіёны і прадпрыемствы? У нас крыху больш як сто валаўтваральных прадпрыемстваў у прамысловасці. Ці ведае Урад па кожным з іх, як яны будуць развівацца ў наступным годзе? Ці ёсць у губернатараў па гэтых прадпрыемствах вывераныя планы развіцця?"

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як будзе развівацца сельская гаспадарка і калі будзе атрымана адпаведная аддача ад укладзеных туды сродкаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў таксама ўвагу на планы Урада па павелічэнню экспарту, які вызначаны галоўным фактарам развіцця эканомікі. Прадугледжваецца, што тэмп росту экспарту складзе больш як 111%. У той жа час тэмп росту прамысловасці плануецца толькі на ўзроўні 103,8%. "Паўстае пытанне: у нас аб'ектыўна хопіць айчыннай таварнай масы, каб адначасова выканаць такі паказчык па экспарту і не агаліць унутраны рынак? Ці ў нас столькі на складах накапілася, што хопіць?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Акрамя таго, нам неабходна разумець, у якой меры інструменты грашова-крэдытнай палітыкі будуць накіраваны на вырашэнне задач, пастаўленых перад рэальным сектарам эканомікі", - прадоўжыў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць захавання стабільнасці на валютным рынку. "Сёння я адкрыта скажу, аб чым папярэджваў старшыню праўлення Нацбанка і Прэм'ер-міністра. За стабільнасць на валютным рынку адкажуць яны абодва і банкіры, якіх яны вызначылі (гэта дзясятак або паўтара), - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - А то ў нас банкі самі па сабе развіваюцца, бачыце, жывуць у рыначнай эканоміцы, а народ і дзяржава самі па сабе. Нібыта банкі грошы не зарабляюць ад эканомікі Беларусі".

"Яшчэ раз папярэджваю: зона адказнасці кожнаму вызначана галосна або негалосна. Лічу, банкіры мяне пачулі. І мне не важна, якія яны і з якім капіталам: заходнім, расійскім або беларускім. Вы прыйшлі сюды працаваць, вы абяцалі гэту стабільнасць - працуйце разам з Урадам", - дадаў Прэзідэнт.

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч прывёў даныя работы эканомікі ў 2013 годзе і за тры гады бягучай пяцігодкі ў беларускіх рублях і ў доларах (у адпаведнасці з сярэднегадавым абменным курсам). Так, паводле яго слоў, тэмп росту ВУП у беларускіх рублях склаў 101,3%, у доларах - 110,6%, па выніках трох гадоў - 108,5% у беларускіх рублях і 126% у доларах. Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 103% у беларускіх рублях і 115% у доларах; тэмп росту прамысловай вытворчасці - 95,8% у беларускіх рублях, 102,7% доларах, па трох гадах - 110% і 134,8% адпаведна.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што важнейшыя макраэканамічныя паказчыкі Беларусі ў доларах у бягучым годзе дасягаюць гістарычнага максімуму: ВУП ацэньваецца ў памеры $70 млрд., аб'ём прамысловай вытворчасці - $75 млрд., інвестыцыі ў асноўны капітал - $21 млрд. "Такім чынам, доларавы, гэта значыць міжнародны, маштаб нашай эканомікі значна вырас", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Што датычыцца галоўнай мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця - росту ўзроўню жыцця і даходаў насельніцтва, то, паводле слоў Прэм'ер-міністра, сярэдняя зарплата ў 2013 годзе складзе $590.

Міхаіл Мясніковіч прызнаў справядлівай крытыку канкурэнтаздольнасці вытворчасці і работы як на знешніх, так і на ўнутраным рынках, і неабходнасць маштабнай мадэрнізацыі. Ён адзначыў, што Урад не спісвае свае пралікі толькі на знешнія фактары або новыя ўмовы работы з улікам уступлення ў СГА Расіі.

"Важнейшае пытанне сёння - гэта эфектыўнасць мадэрнізацыі, аддача ад укладзенага капіталу. Прыклады, якія былі выкрыты вамі па дрэваапрацоўцы, - сур'ёзны ўрок для нас усіх, і многія кадры як у цэнтры, так і на месцах сёння, трэба адкрыта сказаць, яшчэ не могуць вырашаць задачы такога ўзроўню складанасці, якога патрабуе час", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, маніторынг, праводзімы па 711 буйнейшых прадпрыемствах краіны, паказаў, што каля 20% з іх не спраўляюцца належным чынам з мадэрнізацыяй, яшчэ 37% вядуць яе з адставаннем. "Гэта колькасныя паказчыкі. Але больш важна эфектыўнасць, аддача ад укладзеных сродкаў. Галоўнае тут - не спаліць грошы", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Урада тлумачэння, чаму нават на мадэрнізаваных прадпрыемствах адзначаюцца вялікія запасы на складах. "Гэта як разумець? Мы ж мадэрнізавалі, каб атрымаць новую прадукцыю, якая будзе са свістам ісці з прадпрыемства! - сказаў Прэзідэнт. - Я магу вам дараваць нават невыкананне паказчыкаў мінулага года, але калі мы мадэрнізуем прадпрыемствы, укінем туды вялікія грошы, атрымаем прадукт і не прададзім яго... Мужыкі, гэта злачынства! Адразу запісвайце сабе - злачынства. І патрабаванне будзе за гэта бязлітаснае!"

Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што Урад працуе над гэтым, пачынаючы ад надзялення прадпрыемстваў уласнымі абаротнымі сродкамі і завяршаючы рынкамі продажаў. Паводле яго слоў, на мадэрнізаваных прадпрыемствах, у прыватнасці дрэваапрацоўчых, плануемыя аб'ёмы вытворчасці значна перасягаюць патрэбнасці ўнутранага рынку па ўсёй наменклатуры прадукцыі. У той жа час Урад бачыць рынкі збыту прадукцыі і мае намер узмоцнена працаваць у гэтым напрамку.

Гаворачы аб планах Урада па рабоце эканомікі на 2014 год, Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што галоўным з'яўляецца стабільны збалансаваны эканамічны рост. У наступным годзе будзе строгае патрабаванне за выкананне эканамічных паказчыкаў: па прыбытку, рэнтабельнасці, грашах на рахунках, экспарту і сальда. Міхаіл Мясніковіч растлумачыў, што плануецца ў большай ступені звяртаць увагу не на валавыя паказчыкі, а на эфектыўнасць работы, і патрабаваць гэтага на ўсіх узроўнях кіравання.

Што датычыцца прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2014 год, то ва Урадзе разглядаліся некалькі варыянтаў. "Чакаецца, што тэмп росту ВУП складзе 103%, тэмп росту экспарту - 111,6% з невялікім дадатным сальда, індэкс спажывецкіх цэн - 111%, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове чакаюцца ў памеры $4,5 млрд.", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Як адзначыў Прэм'ер-міністр, прапануемы прагноз дае магчымасць выканаць задачу па давядзенню выручкі на аднаго занятага ў эканоміцы да $60 тыс. у 2015 годзе, забяспечыць крыніцы для росту даходаў насельніцтва, стварэння новых вытворчасцей і аб'ёмаў інавацыйнай прадукцыі.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, гэтых мэт плануецца дасягнуць за кошт паэтапнай ліквідацыі перакрыжаванага субсідзіравання, росту бюджэтнай падтрымкі прамысловасці (у першую чаргу на мэты мадэрнізацыі і стымулявання экспарту), зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы, маштабнага выкарыстання на новых рынках схем падтрымкі экспарту, змянення прынцыпаў фінансавання дзяржаўных праграм.
Як было адзначана, бюджэт 2013 года можа быць выкананы з некаторым дэфіцытам, у тым ліку з-за неабходнасці выдзялення сродкаў для завяршэння работ на аб'ектах будаўніцтва. Сярод такіх і так званыя праблемныя жылыя дамы падманутых дольшчыкаў.

Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане запатрабаваў максімальна выкарыстоўваць не бюджэтныя сродкі, а прымушаць вінаватых у гэтым кампенсаваць расходы. "Прычым тут бюджэт? Яны дамовіліся з людзьмі, якія ўнеслі грошы. Не зрабілі. Вытрасайце іх са штаноў. А вы грошы з бюджэту будзеце траціць незразумела на што. Таму разбярыцеся, каб мы з прафіцыту не вылезлі ў дэфіцыт у 2013 годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў папрок за існуючую сітуацыю і ў адрас кіраўнікоў рэгіёнаў: "Як гэта яны не бачылі да Прэзідэнта, што ў іх дамы недабудаваныя, што людзей падманулі?"

"Мы робім усё і распісалі, каб гэтага дэфіцыту не было", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Аб праблемных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон. Сярод іншага ён звярнуў увагу на неабходнасць рацыянальнага расходавання сродкаў у рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, каб не амярцвляць капіталаўкладанні. "Мы маем сёння такую колькасць не завершаных, што калі б гэтыя грошы працавалі, то не было б пытанняў з дэфіцытам бюджэту", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з такім падыходам. "Трэба грошы ўкладаць у акупныя праекты. Мы ўжо набудавалі музеяў, спартыўных аб'ектаў. Трэба грошы ўкладаць у тое, што заўтра дасць эфект. Вось што ў вас павінна быць у дзяржпраграме", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прапановы вучоных па напаўненню праектаў праграмных дакументаў на наступны год агучыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

У выніку Аляксандр Лукашэнка даручыў выкананне планаў на наступны год разбіць на кварталы для кантролю. "Калі па выніках першага квартала гэта разбіўка будзе аб'ектыўнай і яна не будзе выканана, Прэм'ер і Віцэ-прэм'ер адразу пакідаюць пасады. Гэта будзе першая мера. Усю "галаву" Урада мы зносім адразу. Усё, далей я вам дараваць і трываць бяздзейнасць не буду. Я вам даю шанц яшчэ на квартал, хоць я павінен быў палавіну з вас адправіць сёння ў адстаўку", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.