Наведванне Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

  • 6

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь павінен актывізаваць работу па ўсіх напрамках сваёй дзейнасці, маючы высокі аўтарытэт і прэзідэнцкую падтрымку. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 чэрвеня, наведваючы ААЦ.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прынятае пяць гадоў таму рашэнне аб стварэнні ААЦ было прадыктавана жыццём: "Новыя пагрозы і выклікі часу, у першую чаргу звязаныя з барацьбой з карупцыяй у вышэйшых эшалонах улады і забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі дзяржавы, запатрабавалі стварэння інтэлектуальна моцнай, мабільнай і незалежнай ад карпаратыўных інтарэсаў і знешняга націску структуры".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перад ААЦ была пастаўлена задача пастаянна трымаць руку на пульсе жыцця краіны, прадстаўляць Прэзідэнту абсалютна аб'ектыўны аналіз і прагноз развіцця сітуацыі, аператыўна выяўляць праблемы, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці, і ўносіць канкрэтныя прапановы па іх вырашэнню. "Дзякуючы смеласці, прыстойнасці і прафесіяналізму супрацоўнікаў цэнтра шэраг кіраўнікоў, якія заблыталіся ў брудных справах, бюракратызме і падмане дзяржавы, на ўласным прыкладзе даведаліся - недатыкальных у краіне няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Многія нашы грамадзяне ўспрымаюць Аператыўна-аналітычны цэнтр як апошнюю інстанцыю ў пошуках праўды, звязваюць з ім надзеі на вырашэнне важнейшых для сябе пытанняў і праблем. Для мяне гэта з'ўляецца адным з галоўных і пераканаўчых сведчанняў эфектыўнасці вашай работы, - адзначыў Прэзідэнт. - Сёння цэнтр заняў сваё месца ў сістэме дзяржаўных органаў Беларусі. Ён паспяхова выконвае спецыфічныя задачы і функцыі, звязаныя з правядзеннем аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, дзяржаўным рэгуляваннем у сферы тэхнічнай абароны інфармацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій".

"У многім дзякуючы рабоце спецыялістаў ААЦ Беларусь апошнія гады ўзнялася ў сусветных рэйтынгах развіцця інфармацыйнага грамадства. Вамі паспяхова рэалізуецца буйны інвестыцыйны праект, адным з вынікаў якога стала будаўніцтва высакаскораснай транзітнай магістралі паміж Масквой і Франкфуртам", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Гэты праект і ўсе астатнія вы ініцыіравалі самі. Вы пакуль, дай бог, каб заўсёды, працуеце так, як я патрабую. У вас дзяржаўны падыход да справы. Але вы ні ў якім выпадку не павінны спыняцца на дасягнутым. Калі вы спыніцеся, вас абыдуць. Таму вам трэба заўсёды вельмі хутка бегчы, апярэджваючы гіганцкія дзяржавы, якія маюць больш магчамасцей для развіцця тых напрамкаў, якія знаходзяцца ў вашай адказнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Акрамя таго, вы павінны быць гатовы процістаяць пагрозам інфармацыйнай бяспецы. У нядаўнім мінулым Цэнтр сумесна з іншымі структурамі змог спыніць спробы разгойдвання палітычнай сітуацыі з дапамогай сеткі Інтэрнэт. Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце даваць дастойны адказ на такія правакацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Наша задача, і перш за ўсё ваша, сумесна з іншымі сілавымі структурамі абараніць нашу дзяржаву і наш народ", - дадаў беларускі лідар.

"Маючы высокі аўтарытэт і прэзідэнцкую падтрымку, Аператыўна-аналітычны цэнтр абавязаны актывізаваць работу па ўсіх напрамках сваёй дзейнасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, чакаю ад вас больш глыбокай, якаснай інфармацыі па лініі барацьбы з карупцыяй, аб сітуацыі ў эканоміцы, у асобных стратэгічных галінах, у канкрэтных арганізацыях. Усё, што важна для дзяржавы, - гэта ваша, і міма праходзіць ні ў якім выпадку нельга".

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Аператыўна-аналітычнаму цэнтру Сцяг як сімвал гонару, доблесці і славы, напамін кожнаму супрацоўніку аб свяшчэнным абавязку абароны Айчыны.

"Уручэнне Аператыўна-аналітычнаму цэнтру Сцяга з'яўляецца пацвярджэннем яго высокага стутусу як дзяржаўнага органа сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. За пяць гадоў свайго існавання цэнтр прайшоў вялікі шлях развіцця, нязменна дэманструючы высокі прафесійны ўзровень у вырашэнні пастаўленых задач. Яго супрацоўнікі - мужныя і сумленныя людзі, адданыя сваёй справе, якім можна давяраць заўсёды і ва ўсім", - гаворыцца ў запісе Прэзідэнта, зробленым у гістарычным фармуляры ААЦ.

"Вы не маеце права на памылку. Гэта павінен быць самы сумленны, чысты і справядлівы орган нашай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да супрацоўнікаў цэнтра.

У час наведвання ААЦ Прэзідэнту далажылі аб дзейнасці гэтай структуры, Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай падведамных прадпрыемстваў цэнтра. Гэта, у прыватнасці, нацыянальныя цэнтры электронных паслуг і абмену трафікам, Навукова-даследчы інстытут тэхнічнай абароны інфармацыі, СТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі".

Як далажыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) Андрэй Ільін, прадпрыемства выконвае функцыі аператара міжведамасных інфармацыйных сістэм, займаецца аказаннем на базе гэтых сістэм электронных паслуг арганізацыям і грамадзянам. Яшчэ адзін напрамак дзейнасці - забеспячэнне міжведамаснага ўзаемадзеяння на аснове тэхналогій электроннага дакументаабароту.

"Дзейнасць прадпрыемства накіравана на эфектыўнае фарміраванне і развіццё дзяржаўнай сістэмы аказання электронных паслуг. Рэалізацыя пастаўленых перад намі задач будзе садзейнічаць мінімізацыі хаджэння грамадзян па дзяржорганах. Мы імкнёмся ў бліжэйшыя два гады забяспечыць перавод большасці паслуг, што аказваюцца ў краіне, на ўзровень, калі трэба максімум адно наведванне дзяржоргана або такога не патрабуецца наогул", - адзначыў Андрэй Ільін.

У сваю чаргу Нацыянальны цэнтр абмену трафікам (НЦАТ) садзейнічае якаснаму прадастаўленню гэтых паслуг насельніцтву з дапамогай высокаразвітых скорасных сетак перадачы даных.

Паводле слоў дырэктара НЦАТ Мікалая Кочкіна, асноўнымі напрамкамі работы яго прадпрыемства з'яўляюцца стварэнне адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных, абарона ад несанкцыянаванага доступу, ажыццяўленне тэхнічнага кантролю за пропускам міжнароднага трафіка, стварэнне цэнтраў апрацоўкі даных і пунктаў далучэння да сетак міжнародных аператараў сувязі. "Дасягненне гэтых мэт дасць магчымасць стварыць у краіне сучасную інфраструктуру сеткі перадачы даных, укараніць найноўшыя тэхналогіі, прыцягнуць інвестыцыі ў галіну тэлекамунікацый, забяспечыць аказанне паслуг з высокай якасцю", - расказаў ён.

Мікалай Кочкін прывёў даныя аб тым, што працягласць усіх оптавалаконных ліній у рэспубліцы складае больш як 30 тыс.км. "Гэта добрая шырокая інфраструктура, створаная рознымі суб'ектамі гаспадарання. На жаль, не ўсюды яна выкарыстоўваецца эфектыўна, асабліва ў мясцовых сетках", - адзначыў дырэктар.

"Выкарыстоўваючы выгаднае геаграфічнае становішча рэспублікі на шляху руху інфармацыйных патокаў з Азіі ў Еўропу, мы імкнёмся стварыць новыя пункты злучэння з міжнароднымі аператарамі з мэтай прыцягнення транзітнага трафіка", - паведаміў Мікалай Кочкін.

Першы праект, рэалізаваны ў гэтым напрамку, - гэта будаўніцтва высакаскораснай транзітнай магістралі Масква-Мінск-Франкфурт-на-Майне. Перавагай праекта з'яўляецца тое, што гэта поўнасцю наземны маршрут і максімальны час на аднаўленне пры аварыі не перавышае чатырох гадзін. Пры гэтым час праходжання сігналу значна меншы ў параўнанні з існуючымі альтэрнатыўнымі лініямі на рынку тэлекамунікацый. Ёмістасць магістралі складае 1,2 Тбіт/сек з магчымасцю пашырэння да 8 Тбіт/сек.

"Цяпер завершаны тэставыя выпрабаванні, у бліжэйшы час лінія будзе запушчана ў камерцыйную эксплуатацыю. Атрымаўшы пункты прысутнасці ў Маскве і ў Франкфурце, мы арганізуем і іншыя праекты. Напрыклад, у Франкфурце ёсць магчымасць злучыцца з больш як 200 міжнароднымі аператарамі. Гэта дае магчымасць аказваць паслугі транзіту трафіка, доступу ў Інтэрнэт, тэлематычныя паслугі".

Як далажылі Прэзідэнту, для стварэння рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных і пабудовы адзінай сеткі перадачы даных прыцягнуты замежныя інвестыцыі. У прыватнасці, створана сумеснае прадпрыемства "Беларускія воблачныя тэхналогіі", якое цяпер рэалізуе гэты і шэраг іншых праектаў. Больш падрабязна аб іх расказаў генеральны дырэктар арганізацыі Сяргей Паблагуеў.

"Аб'ект нашай дзейнасці ўнікальны тым, што мы плануем стварыць першага інфраструктурнага аператара, чыё з'яўленне дасць магчымасць значна стымуляваць рынак воблачных і ІКТ-паслуг у прынцыпе, узмацніць базіс для развіцця лічбавай эканомікі", - адзначыў ён.

Паводле слоў Сяргея Паблагуева, чаканы вынік ад рэалізацыі праекта для дзяржавы - гэта значная эканомія бюджэтных сродкаў пры рэалізацыі ІКТ-праектаў, адсутнасць дублірававання закупак абсталявання, рост індэкса развіцця ІКТ у краіне за кошт павышэння асноўных паказчыкаў, такіх як даступнасць паслуг. Агульны бюджэт праекта складае амаль $400 млн.

Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку рабоце па гэтых напрамках, даручыўшы і ў далейшым рэалізоўваць гэтыя і іншыя праекты, якія садзейнічаюць развіццю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Беларусі.