Адобраны праект пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Уругваем

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 верасня падпісаў Указ № 315, якім адобрыў у якасці асновы для правядзення перагавораў праект пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Усходняй Рэспублікай Уругвай.

    Міжнародны дагавор накіраваны на стварэнне асновы для паглыблення эканамічных сувязей дзвюх дзяржаў. Для гэтага пагадненнем вызначаюцца асноўныя мэты, сярод якіх садзейнічанне развіццю ўзаемадзеяння паміж суб'ектамі гаспадарання бакоў, абмену інфармацыяй аб гандлёвых магчымасцях і прымяняльным заканадаўстве, пашырэнню і дыверсіфікацыі гандлёвых патокаў.

    Прадугледжваецца таксама заснаванне міжурадавай беларуска-ўругвайскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, замацоўваюцца яе асноўныя функцыі і парадак правядзення пасяджэнняў.

    На правядзенне перагавораў па праекце пагаднення і яго падпісанне ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў.