Аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2021 год.

Указ № 490 ад 24 снежня 2020 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 снежня падпісаў Указ № 490 "Аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2021 год".

У выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг павысяцца ў межах $5.

Павышэнне тарыфаў адбудзецца ў два этапы. З 1 студзеня на $4,2 падаражэюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні і капітальным рамонце жылых дамоў, газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, тэхнічным абслугоўванні ліфта, запорна-перагаворных устройстваў, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома, памеры пакрыцця расходаў на электраэнергію. З 1 чэрвеня на $0,8 вырастуць тарыфы на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе прадоўжана работа па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Такія субсідыі прадастаўляюцца грамадзянам і сем'ям пры ўмове, калі штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% - у сельскай мясцовасці. Напрыклад, за студзень-кастрычнік гэтага года безнаяўныя жыллёвыя субсідыі атрымалі амаль 20,5 тыс. сем'яў на суму Br1,36 млн. Сярэдняя сума субсідыі на адну сям'ю склала Br5,54 у месяц.