Сустрэча са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам

  • 8
  • 2:47

Надышоў час рэвізаваць адносіны Беларусі і Венесуэлы і выбудаваць яшчэ больш моцнае супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 кастрычніка на сустрэчы са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам.

"У Беларусі не проста вельмі добра ведаюць, памятаюць нашага сябра - твайго брата (Адан Чавес - старэйшы брат былога Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. - Заўвага). Добра, што ты прыехаў у гэты час, ёсць аб чым пагаварыць, ёсць агульныя пытанні, якія мы павінны абмеркаваць. І адразу ж хачу сказаць, што справа не ў тых санкцыях, якія ўведзены супраць Венесуэлы і Беларусі. Абсалютна не. У нас ёсць вельмі сур'ёзная, магутная база і фундамент нашага супрацоўніцтва, закладзеныя яшчэ ў часы Чавеса, Мадуры (цяперашні Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. - Заўвага). Трэба шчыра сказаць, што і Венесуэла, і Беларусь слаба карыстаюцца тымі перавагамі, якія былі створаны шмат гадоў таму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, краінам ёсць на што абаперціся, каб у сучасных умовах процідзейнічаць любым атакам. "Мы поўныя рашучасці дзейнічаць у гэтым напрамку. Думаю, надышоў час рэвізаваць нашы адносіны і выбудаваць яшчэ больш моцныя адносіны. Гэта дзіўна, што мы маем у гандлёва-эканамічнай сферы адносіны такога ўзроўню. Пры гэтым усё, што ёсць у Венесуэле, патрэбна Беларусі. Тое, што ёсць у Беларусі, патрэбна ў Венесуэле, - адзначыў Прэзідэнт. - Нам трэба выбудаваць план аднаўлення нашых інтэнсіўных адносін і рэалізаваць яго ў бліжэйшыя два-тры гады".

Адан Чавес у сваю чаргу заявіў, што для яго заўсёды вялікі гонар сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі і падзякаваць за падтрымку венесуэльскай дзяржавы. "Будзьце ўпэўнены, што венесуэльскі народ у адносінах да беларускага народа адчувае такія ж эмоцыі. Спадар Мадура перадае Вам вялікае прывітанне. Нашы адносіны да беларускага народа не змяніліся, паколькі ў сваёй большасці венесуэльскі народ - гэта "чавіскі народ". Ён з такой жа любоўю адносіцца да вас", - сказаў спецпасланнік.